«Summerhill – выхаванне свабодай»

19.06.2012

На настаўніцкім блогу працягваецца абмеркаванне тэмы пакаранняў школьнікаў. Разважае Janka_x.

Існуе іншая, неказармавая педагогіка. Неяк прачытаў, з пэўным спазненнем, кнігу, назва якой у загалоўку допіса. Жыццё, філасофія і школа брытанскага педагога Аляксандра Ніла адкрываюць зусім іншае, неэўклідава вымярэнне ў нашых уяўленнях пра выхаванне і адукацыю. На А.Ніла я выйшаў, прачытаўшы артыкул А.Гольдзіна пра канцэпцыю «Адукацыя 2.0». Напрошваецца абагульненне – «Педагогіка 2.0». У будучыні чалавецтва прыйдзе да яе. Пакуль, у нашых умовах у Беларусі, падобныя эксперыменты немагчымыя. Але прынамсі памарыць... Для зачыну прывяду шэраг цытатаў з А.Ніла.

«Мы ўзяліся стварыць школу, у якой дзецям надавалася б свабода быць самімі сабой. Для гэтага мы мусілі адмовіцца ад усялякай дысцыпліны, усялякага кіравання, усялякага намаўлення, усялякіх маральных павучанняў, усялякага рэлігійнага настаўлення. Нас называлі смельчакамі, але гэта зусім не вымагала адвагі. Усё, што патрабавалася – гэта вера: у дзіця, у тое, што яно з прыроды сваёй істота добрая, а не злая.

...Я мяркую, што дзіця ўнутрана мудрае і рэалістычнае. Калі яго пакінуць у спакоі, без усялякіх намаўленняў з боку дарослых, яно сам разаўецца настолькі, наколькі здольнае развіцца. Таму Самэрхіл – гэта месца, дзе тыя, хто мае здольнасці і жаданне займацца навукай, стануць навукоўцамі, а ахвотныя месці вуліцы будуць іх месці. Мы, што праўда, дагэтуль не выгадавалі ніводнаго дворніка. Я пішу гэта без усялякага снабізму, бо мне больш прыемная школа, якая выпускае шчаслівых дворнікаў, чым тая, з якой выходзяць навукоўцы-неўротыкі.

... Дык што ж гэта за школа, Самэрхіл? Па-першае, урокі неабавязковыя. Дзеці вольныя наведваць іх, калі хочуць, але могуць і ігнараваць – гадамі, калі пажадаюць. Расклад існуе, але толькі для настаўнікаў.

... Дзеці звычайна ходзяць на тыя заняткі, якія адпавядаюць іх узросту, а часам – інтарэсам. У нас няма новых метадаў выкладання, бо мы не лічым выкладанне самім па сабе вельмі важным. Ёсць у школы адметныя спосабы навучання дзяленню ў слупок ці іх няма – не мае ніякага значэння, бо сам навык дзялення ў слупок важны толькі для тых, хто хоча яго засвоіць. А дзіця, якое сапраўды хоча навучыцца дзяліць ў слупок, абавязкова будзе ўмець гэта рабіць незалежна ад таго, якім спосабам яго навучаюць.

... Можна сцвярджаць – і не без падставы, – што заганы цывілізацыі абавязаны сваім існаваннем таму факту, што ніводнаму дзіцяці ніколі яшчэ не атрымалася ўдосталь нагуляцца.

... Задача дзіцяці палягае ў тым, каб пражыць сваё ўласнае жыццё, а не тое, якое выбралі яму неспакойныя бацькі. Вядома, і не тое, якое адпавядала бы мэтам педагога, які лічыць, што ўжо ён дык ведае, як найлепш. Умяшанне і кіраўніцтва з боку дарослых ператвараюць дзяцей у робатаў.

... Вы не можаце прымушаць дзіця вучыцца музыцы ці чаму-небудзь яшчэ, не душачы яго свабоду і тым самым, хай сабе ў пэўнай ступені, не ператвараючы яго ў бязвольнага дарослага. Вы робіце з іх людзей, што пакорліва прымаюць status quo; зручных для грамадства, якому патрэбныя людзі, што паслухмяна сядзяць за сумнымі сталамі, тлумяцца ў крамах, аўтаматычна ўскокваюць у прыгарадную электрычку ў 8.30, – карацей кажучы, для грамадства, якое сядзіць на кволых плячах маленькага дрыготкага чалавека – да смерці напалоханага канфарміста.

... Самэрхіл, напэўна, самая шчаслівая школа ў свеце. У нас няма прагульшчыкаў і рэдка здараецца, каб дзеці смуткавалі па хаце. У нас амаль ніколі не бывае боек – сваркі, вядома, непазбежныя, але мне рэдка даводзілася бачыць кулачныя бойкі накшталт тых, у якіх я ўдзельнічаў хлопчыкам. Таксама рэдка я чую, каб дзеці крычалі, бо ў свабодных дзяцей, у адрозненне ад прыгнечаных, няма нянавісці, якая патрабуе выяўлення. Нянавісць выкормліваюць нянавісцю, а любоў – любоўю. Любоў значыць прыняццё дзяцей, і гэта істотна для любой школы. Вы не можаце быць на баку дзяцей, калі караеце ці бэсціце іх.

Самэрхіл – гэта школа, дзе дзіця ведае, што яго прымаюць.»

Хочацца цытаваць бясконца. Між іншым, блізкія да таго эксперыменты рабілі ў Расіі. Гэтая кніга павінна быць ва ўніверсітэцкай праграме падрыхтоўкі будучых настаўнікаў.

Калі хто зацікавіцца, можа спампаваць кнігу Аляксандра Ніла тут.

Сайт школы.

Іван Храпавіцкі, Блог настаўнікаў Беларусі