Прафесар Гія Нодзія пра рэформу адукацыі ў Грузіі

23.08.2012

*Прафесар Гія Нодзія – былы міністр адукацыі Грузіі (2008 г.), цяпер дырэктар Каўказскага інстытута міру, дэмакратыі і развіцця, выкладчык універсітэта.

Рэформа адукацыі ў Грузіі пачалася ў 2003 годзе, адразу пасля Рэвалюцыі ружаў, калі кіраўніка краіны савецкага тыпу Шаварднадзэ замяніў малады, адукаваны і зарыентаваны на захад, палітык Міхаіл Саакашвілі. Пасля гэтага Грузія абвясціла курс на лібералізацыю эканомікі, правяла рэформу праваахоўных органаў, у выніку якой была знішчана карупцыя, прыцягнуты ў краіну заходні капітал. Тэрмін кіравання прэзідэнта Грузіі сканчаецца, у 2013 годзе прыйдзе іншы кіраўнік краіны, і грамадства шырока абмяркоўвае змены, якія адбыліся ў краіне за гэты час.

Былы міністр адукацыі і навукі Грузіі Гія Нодзія адмыcлова для Настаўніка.info пагадзіўся распавесці пра змены, што адбыліся ў адукацыі.

- Шаноўны прафесар, Вы былі міністрам адукацыі і навукі ў той час, калі Грузія якраз пераходзіла са старых савецкіх рэек на больш сучасныя. Што Вы можаце распавесці беларускім калегам, у якіх гэты шлях наперадзе?

- Пасля таго, як Грузія стала на шлях дэмакратыі, у 2004 годзе міністрам адукацыі і навукі быў прызначаны дырэктар фонду Сораса. Дарэчы, у кіраўніцтва ў той час прыйшло шмат людзей з недзяржаўнага сектару. Яна прынеслі ва ўрад ідэю. Найбольшую ўвагу надалі рэформе вышэйшай адукацыі – і Балонскі працэс стаў своеасаблівым шчытом для гэтага.

У пераходны перыяд рэктараў ВНУ прызначала Міністэрства, на працягу 2 гадоў увесь прафесарска-выкладчыцкі склад прайшоў праз конкурс, змянілася структура ВНУ. І ў школах, і ў ВНУ ўведзена ваўчарная сістэма (грошы з бюджэта на навучанне ідуць у тую ўстанову, якую выбірае вучань ці студэнт – Настаўнік.info). Уся вышэйшая адукацыя платная, але дзяржава дае гранты на навучанне. Гэта дазваляе атрымаць адукацыю найлепшым, хай сабе і бедным. Максімальны памер гранта – 1100 еўра ў год. Дзяржаўныя ўніверсітэты не маюць права прызначаць большы кошт за навучанне, аднак прыватныя – маюць. Быў час, калі ў маленькай Грузіі дзейнічала каля 200 ВНУ, аднак пасля атэстацыі засталося 16 дзяржаўных і каля 50 прыватных. Кожны ўніверсітэт мае аўтаномію і можа сам вырашаць, якім яму быць – дзяржаўным ці прыватным (non-profit organization). Мінстэрства адукацыі і навукі прызначае борд, каб сачыць за тым, як трацяцца фінансы. Грошы на даследчую і навуковую работу ўніверсітэты атрымліваюць праз конкурс.

Пасля такіх рэформаў заробак прафесароў і выкладчыкаў значна падвысіўся, карупцыя ў сферы адукацыі знікла. Аднак узровень адукацыі – розны.

- Што трэба, каб паступіць ва ўніверсітэт?

Паступленне ва ўніверсітэты адбываецца на падставе агульнанацыянальнага экзамену. Раней гэта былі 3 абавязковыя экзамены і 1 на выбар універсітэта. Але такая сістэма справакавала стан, калі дзеці не вучыліся ў школах, а рыхтаваліся да гэтых экзаменаў. Потым у школах увялі 8 выпускных экзаменаў, якія праводзіць не школа, а той жа інстытут, што рыхтуе агульнанацыянальныя экзамены. Нейкі час дзеці вымушаныя былі здаваць 8 экзаменаў у чэрвені і яшчэ 4 ў ліпені. Гэта было перагрузкай. Сёлета замест 4 агульнанацыянальных экзаменаў распрацаваны адзін, які зроблены па ўзору амерыканскіх GRE ці GMAT. Гэты адзін кваліфікацыйны экзамен будзе правяраць базавыя кампетэнцыі, уменні, логіку. Пры паступленні будуць ўлічвацца і вынікі 8 школьных экзаменаў (аналаг матуры) і агульнага нацыянальнага экзамена.

- Як выглядае ў Грузіі сярэдняя адукацыя?

У школах Грузіі 12-гадовае навучанне. Як і у большасці еўрапейскіх краінаў, яно мае 3 ступені (6+3+3). Школы ўпраўляюцца праз Школьныя рады. Рада складаецца з настаўнікаў, бацькоў, аднаго вучня і аднаго прадстаўніка мясцовых саветаў (органа мясцовага самакіравання). Школьная рада выбірае дырэктара, які пасля абрання мае ўсе правы мэнэджэра: толькі ён мае права набіраць і звальняць настаўнікаў. Для таго, каб стаць дырэктарам, трэба прайсці кваліфікацыйны экзамен Міністэрства адукацыі. Тыя, хто прайшоў такі экзамен, і канкуруюць у Школьных радах, каб быць выбранымі на пасаду дырэктара школы. Школа сама выбірае падручнікі і праграмы навучання. Падручнікі павінны быць сертыфікаваныя, выбар падручнікаў у Грузіі даволі багаты. Міністэрства не ўмешваецца ў гэты працэс, яно толькі прапануе нацыянальны план, які апісвае, што вучні павінны ведаць і якімі кампетэнцыямі валодаць.

- Якія складанасці ўзнікалі пры такой дэцэнтралізацыі школы?

- Часам Школьныя рады не працавалі дастаткова адказна. Часам яны былі фармальнымі, а дзе-нідзе была барацьба. І тады ў іх дадалі па адным прадстаўніку рэсурсных цэнтраў. Гэтыя структуры былі створаны для дапамогі настаўнікам замест колішніх РАНА. Рэсурсныя цэнтры – гэта найперш праваднікі інфармацыі, яны ж робяць трэнінгі для настаўнікаў, арганізуюць мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі, займаюцца арганізацыяй публічнага права пры Міністэрстве адукацыі і навукі. Такім чынам, Грузія зрабіла зваротны ўхіл у бок цэнтралізацыі.

- Хто адсочвае якасць адукацыі?

- У Грузіі створаны механізм акрэдытацыі паводле брытанскай мадэлі. Кожны настаўнік ці выкладчык абавязаны прайсці сертыфікацыю да 2014 года. Настаўнікі ў Грузіі маюць невялікі заробак, якасць настаўнікаў нізкая, і такое рашэнне настаўнікі ўспрынялі ў штыкі. Шмат хто з іх не зможа прайсці сертыфікацыю. Міністэрства імкнецца зрабіць, каб экзамены на сертыфікат былі не надта складанымі. Настаўнікі – шматлікая, арганізаваная і магутная палітычная сіла. Дзяржава баіцца пратэстаў і хоча зрабіць, каб яны маўчалі. Незалежны прафсаюз настаўнікаў быў найбольш моцным і дзейсным прафсаюзам, які эфектыўна бараніў іх правы .

- А ці перайшла Грузія на кампетэнтнасны падыход да ацэнкі якасці адукацыі? І як гэта ўспрынялі настаўнікі?

- Зразумела, перайшла. Настаўнікі таксама гэта ўспрынялі ў штыкі. Большасць педагагічнага складу – гэта жанчыны ва ўзросце каля 50 год, яны прызвычаіліся да традыцыйнага навучання і не вельмі хочуць вучыцца. Новых настаўнікаў рыхтуюць па-новаму. У Грузіі няма педагагічных ВНУ. Яны ператварыліся ва ўніверсітэты. Каб стаць настаўнікам, трэба атрымаць ступень бакалаўра, потым прайсці магістратуру па педагогіцы і мець практыку ў школе. Аднак у апошнія часы мы крыху адыходзім ад такой жорскай сістэмы. Настаўнікам мажа стаць і чалавек без адмысловай педагагічнай адукацыі, які здаў сертыфікацыйны экзамен. (Такая практыка прынятая ў многіх краінах і дазваляе прыцягнуць у школаў педагогоў паводле паклікання – Настаўнік.info). Дарэчы, зараз у школах Грузіі працуюць настаўнікамі англійскай мовы больш за тысячу валанцёраў з англамоўных краінаў: ЗША, Вялікабрытаніі ды інш. Яны не заўсёды маюць педагагічную адукацыю, але праходзяць кароткатэрміновыя курсы. Гэта была ініцыятыва прэзідэнта Грузіі, каб кожны школьнік ведаў англійскую мову і ўмеў карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Таму Міністэрства адукацыі робіць намаганні, каб у кожную школу (а такіх каля 2 тысяч) прыцягнуць валанцёра-замежніка, бо часам настаўнікі самі не валодаюць замежнай мовай і камп’ютарам настолькі, каб навучыць дзяцей.

- А як адбілася ваўчарная cістэма фінансавання на сярэдняй адукацыі?

- У вялікіх гарадах павысілася канкурэнцыя паміж школамі, так як школа імкнецца прыцягнуць вучня якасцю адукацыі. У маленькіх горных сяленнях, дзе дзейнічаюць каэфіцыенты, выбару школаў няма. У Грузіі ёсць такія школы, дзе навучаюца 3 чалавекі, 10 чалавек.

- А ці ўдзельнічала Грузія ў даследаваннях РISA?

- Так, удзельнічала, і збіраецца ўдельнічаць далей. Мы паказалі нізкія вынікі. Пасля былі зроблены захады, пра якія я распавёў.

- А як у вашых школах з ідэалогіяй?

- Ідэалогія прысутнічае. Настаўнікі Грузіі лічаць, што дзецям трэба прышчапляць нацыянальныя і рэлігійныя каштоўнасці. Апошнім часам павялічылася жаданне прышчапіць яшчэ і антысавецкае мысленне, каб школьнікі ведалі, што жыццё ў СССР і Расійскай імперыі – гэта было кепска. Аднак Цэнтр падручнікаў сочыць, каб падручнікі мелі гістарычныя спасылкі на першакрыніцы, каб былі напісаныя так, што вучні маглі весці дыскусіі, спрачацца, абмяркоўваць усе пытанні. Метадычна, якасна падручнікі вельмі змяніліся ў лепшы бок.

- Ці дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні ў школах? Чым яны займаюцца?

- Актыўныя школьнікі маюць магчымасць далучыцца да розных грамадскіх ініцыятываў. Прыкладам, можна ўдзельнічаць у скаўцкім руху, арганізуюцца “летнікі патрыётаў”. Вось нядаўна Міністэрства моладзі і спорту праводзіла ў школах конкурс эсэ “Я і выбары”.

Гутарыла Тамара Мацкевіч