Пётр АХРЭМЧЫК, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Доўскай гімназіі (Рагачоўскі раён)
Новы навучальны год зноў не абышоўся без сюрпрызаў: нягледзячы на зусім яшчэ «свежанькі» Кодэкс аб адукацыі, на неаднаразовыя заявы, што ніякіх рэформаў у школе больш не павінна быць, міністр адукацыі за некалькі дзён да 1 верасня аб’явіў пра чарговыя змяненні, якія чакаюць школьную сістэму. Праўда, дзякуй Богу, не сёлета.
Што ж падштурхнула Міністэрства адукацыі на чарговыя пературбацыі? На працягу ўжо некалькіх гадоў вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы з’яўляюцца найгоршымі – вось гэты сумны факт і стаў штуршком да чарговых новаўвядзенняў для школы.
На думку Міністэрства адукацыі, прычына сумных вынікаў ЦТ па фізіцы – недастатковая колькасць гадзін на вывучэнне гэтага прадмета і занадта доўгія канікулы беларускіх шкаляроў. Чаму трохмесячныя летнія канікулы такім негатыўным чынам адбіліся толькі на фізічных ведах вучняў, разважаць не будзем. Што ж тычыцца дастатковай ці недастатковай колькасці гадзін на вывучэнне фізікі ў школе, давайце паразважаем.
У шостым класе на вывучэнне фізікі прадугледжана 1 гадзіна на тыдзень, у кожным наступным класе (з 7-га па 11-ы) – па 2 гадзіны. Такім чынам, на адну паралель з 5-га па 11-ы клас на вывучэнне фізікі адводзіцца 11 вучэбных гадзін на тыдзень, столькі ж часу маюць і настаўнікі біялогіі. На вывучэнне хіміі выдаткоўваецца толькі 10 гадзін, а геаграфіі – і ўвогуле 8 гадзін на паралель. Такім чынам, фізіка – не самая «пакрыўджаная» сярод асноўных прадметаў вучэбнага плана сярэдняй школы. Дарэчы, на вывучэнне рускай і беларускай моў прадугледжана ненашмат больш гадзін – па 15. А вось матэматыкі на выкладанне свайго прадмета, вынікі тэсціравання па якім не лепшыя за фізіку, маюць 30 гадзін на тыдзень. Відавочна, што колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне таго ці іншага прадмета не з’яўляецца вызначальным фактарам для якасці ведаў вучняў па прадмеце.
Відавочна таксама, што праблема – не ў нізкай якасці ведаў вучняў школ па фізіцы, а ўвогуле ў нізкай якасці ведаў вялікай колькасці выпускнікоў. Занепакоенасць чыноўнікаў якасцю выкладання адной толькі фізікі была б зразумелая, калі б вучні, якія маюць нізкі бал па выніках ЦТ па фізіцы, па іншых прадметах мелі б дастаткова высокі бал. Але гэта не так. Давайце паразважаем над адной лічбай – 64. Менавіта такі прахадны бал быў у адным з універсітэтаў пры паступленні на спецыяльнасць «фізіка». Дапусцім, што па ўсіх трох прадметах на тэсціраванні гэты абітурыент набраў мінімальна магчымыя 7 балаў, тады сярэдні бал атэстата гэтага абітурыента складае 4,3 бала. А калі дапусціць, што, напрыклад, па мове гэты выпускнік атрымаў хоць бы 20 балаў, атрымліваецца, што сярэдні бал атэстата быў увогуле 3 балы...
Проста фізіка стала аўтсайдарам сярод вучэбных прадметаў, бо амаль усе спецыяльнасці, для паступлення на якія неабходна здаваць фізіку, аказаліся для моладзі непрэстыжнымі. Няма сумнення, што калі б тым абітурыентам, якія атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні па 90 і больш балаў па іншых прадметах, трэба было б здаваць тэст па фізіцы, то вынікі і па гэтым прадмеце былі б у іх не горшыя.
У чым жа прычына, што больш за 80% абітурыентаў паказалі нізкі і здавальняючы ўзровень ведаў на тэсціраванні?
Як ні дзіўна, адна з прычын – перагружанасць вучняў школы. У той час, як міністэрскія чыноўнікі плануюць павялічваць колькасць гадзін вучэбнага плана і падоўжваць навучальны год, дзеці стогнуць ад перагружанасці вучэбных праграм! Адукацыя ў сярэдняй школе даўно перастала быць агульнай! Аб’ём матэрыялу па кожным прадмеце сёння такі, што амаль на кожным уроку штодзень настаўнікі мусяць разбіраць новую тэму, не паспеўшы як след замацаваць папярэднюю. Вучэбныя праграмы сёння разлічаны выключна на здольных вучняў, якія штодня добрасумленна рыхтуюцца да заняткаў і выконваюць усе рэкамендацыі настаўнікаў. Менавіта такія вучні і з’яўляюцца паспяховымі, праўда, іх, як і ва ўсе часы, вельмі мала, і яны аддаюць вучобе ўвесь свой вольны час.
Не менш загружаны і настаўнікі. Гэта другая прычына. На жаль, вельмі часта настаўнік вымушаны шукаць час для падрыхтоўкі да ўрокаў недзе паміж бясконцымі нарадамі, наведваннем сем’яў, рамонтам калодзежаў, настаўніцка-бацькоўскім патрулём, афармленнем дакументацыі, напісаннем доследных работ, падрыхтоўкай да конкурсаў, канферэнцый і г.д. «Притчей во языцех» сталі патрабаванні да вядзення сшыткаў, журналаў ды іншай дакументацыі. Барані Божа, запісаць у класны журнал замест «Ст. 25, пр. 87», напрыклад, «Стар. 25, практыкаванне 87» ці не прасачыць, каб вучні ў сваіх сшытках пакінулі пасля папярэдняй работы не два, а, напрыклад, тры радкі! З пункту гледжання правяральшчыкаў – а ўслед і адміністрацыі школы – большага парушэння настаўнікам сваіх працоўных абавязкаў быць не можа. Відаць, якраз гэта і з’яўляецца вызначальным у фарміраванні ведаў вучняў.
Пры гэтым адказныя работнікі з міністэрства неаднаразова выказваліся аб тым, што, маўляў, наадварот, вызваляюць настаўнікаў ад папяровай валакіты і нават дазваляюць ім карыстацца тэматычным планаваннем і канспектамі ўрокаў, якія можна набыць у кнігарнях. Іх перапісваць нават не трэба! Якім чынам могуць усе настаўнікі краіны працаваць па адных планах? Як можна навучыць усіх дзяцей па адных канспектах? Тэматычнае планаванне і напісанне рабочых планаў і ёсць найгалоўнейшы складнік творчасці настаўніка, а штодзённы аналіз, мэтавызначэнне і планаванне – адзіна магчымы алгарытм паспяховай дзейнасці настаўніка.
Не трэба вызваляць настаўніка ад творчасці. Трэба вызваліць яго ад бясконцага марнавання свайго часу праз неўласцівыя яму функцыі: арганізацыі «занятасці» ў вячэрні час і на канікулах, кантролю сем’яў і выпускнікоў, добраўпарадкавання вуліц і фермаў, аховы правапарадку... Усё гэта павінна рабіцца, але не высілкамі настаўнікаў, а ўстановамі культуры, мясцовымі органамі ўлады, камунальнымі гаспадаркамі, органамі аховы правапарадку.
Гаворачы пра занятасць настаўнікаў, а значыць, і ўсёй школы, немагчыма не сказаць пра ўдзел дзяцей (чытай – настаўнікаў) у так званых «выхаваўчых і адукацыйных мерапрыемствах». Конкурсы, выставы, злёты, канферэнцыі, прэзентацыі, спаборніцтвы – процьма ўсіх гэтых мерапрыемстваў адцягваюць настаўнікаў і вучняў ад асноўнай іх працы – вучыць і вучыцца. Немагчыма сказаць, што арганізацыя разнастайных творчых конкурсаў зусім бескарысная, што гэта работа шкодзіць адукацыйнаму працэсу, але іх колькасць у апошнія гады перасягнула ўсе разумныя межы.
Не дадаюць лёгкасці ў рабоце школы і разнастайныя праверкі і справаздачы. Здавалася б, усё ў гэтай галіне дакладна вызначана: ёсць адпаведныя Указы Прэзідэнта краіны аб арганізацыі праверак, аб статыстычнай і ведамаснай справаздачнасці. Але «на змену» праверкам прыйшлі маніторынгі ды метадычныя выезды. Кожны дзень дырэктар школы і яго намеснікі маюць галоўны клопат – скласці чарговую даведку, зрабіць чарговую справаздачу, арганізаваць выкананне чарговага «пратакола даручэнняў», які не мае ніякага дачынення да адукацыйнага працэсу.
Адсюль трэцяя прычына – адсутнасць дакладна спланаванай і навукова абгрунтаванай метадычнай работы настаўнікаў. На гэта ў адміністрацыі школы проста не застаецца часу. Як няма на гэта часу і ў метадычнай службы аддзела адукацыі, бо і там займаюцца тымі ж самымі даведкамі, пратаколамі, конкурсамі і г.д. Сёння ўвогуле можна канстатаваць, што метадычны кабінет не выконвае сваёй ролі ў павышэнні прафесійнага майстэрства настаўнікаў. Па-першае, у метадыстаў на гэта не хапае часу, а па-другое, і гэта больш важна, у іх не хапае вопыту. Метадыст (як, дарэчы, і спецыяліст аддзела адукацыі), які не мае некалькі гадоў стажу работы ў школе і другую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка, сёння звычайная з’ява. Не хочацца агулам ганьбіць гэтых людзей, сярод іх дастаткова і тых, хто імкнецца добрасумленна выконваць свае абавязкі, але немагчыма быць «настаўнікам настаўнікаў», не маючы пэўнага досведу ў педагагічнай дзейнасці.
Ёсць і іншыя прычыны, якія перашкаджаюць школе якасна выконваць свае функцыі. Але вырашэнне хоць бы некаторых з пералічаных вышэй магло б значна палепшыць сітуацыю з якасцю падрыхтоўкі вучняў, у тым ліку і па фізіцы. Дзеля гэтага Міністэрству адукацыі трэба выдаць толькі адзін загад і давесці яго да ведама ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У гэтым дакуменце дастаткова пазначыць толькі некалькі пазіцый: усе указанні па афармленні сшыткаў і дакументацыі з’яўляюцца рэкамендацыйнымі і не могуць уплываць на ацэнку работы педагога; дакладнае пералічэнне справаздач, якія павінна падаваць школа, з забаронай патрабаваць якую-небудзь іншую інфармацыю аб рабоце ўстановы; вызначэнне максімальнай колькасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам навучэнцаў школ, і забарона прымусу да ўдзелу ў мерапрыемствах, не ўключаных у гадавы план работы; строгае патрабаванне выконваць палажэнні Працоўнага кодэкса і Кодэкса аб адукацыі, якімі забараняецца прыцягваць работнікаў да выканання абавязкаў па-за межамі іх службовай інструкцыі, а вучняў – да выканання работ па-за межамі адукацыйнага працэсу.
І, нарэшце, найгалоўнейшая прычына школьных праблем. Як фізіка аказалася аўтсайдарам сярод прадметаў вучэбнага плана, так і прафесія настаўніка, лічу, стала аўтсайдарам сярод іншых прафесій у вачах не толькі абітурыентаў, але і ўсяго грамадства. І гэта не выправіш проста змяненнем вучэбнага плана ці працягласці навучальнага года. Для пачатку Міністэрству адукацыі трэба, мяркую, прызнаць наяўнасць усіх гэтых і іншых праблем у сістэме адукацыі, а потым наладзіць сапраўдны дыялог паміж органамі кіравання адукацыяй і настаўнікамі, арганізаваць адкрытае абмеркаванне школьных праблем хоць бы на жнівеньскіх нарадах замест чарговых пераможных справаздач аб поспехах у навучанні і выхаванні.
Звязда
Ці вырашыць падаўжэнне навучальнага года шматлікія праблемы школы?
25.09.2012