Наталля Ільініч была ў складзе беларускай дэлегацыі падчас адукацыйнага візіту ў Талін і Тарту. Гэта другі артыкул аўтаркі з цыклу. «Эстонская адукацыя. Сакрэты поспеху». З першым – «Эстонская адукацыя вачыма беларускага настаўніка» можна пазнаёміцца тут.
Даведка: у Эстоніі 560 школаў, працуюць 14, 5 тыс. настаўнікаў, вучацца 138 тыс. вучняў.
Эстонія – марская дзяржава.
Чаму трэба выкарыстоўваць ІКТ для актыўнага навучання?
На гэта пытанне нам адказала Ане Вілемс, супрацоўніца Тартускага ўніверсітэта:
Тартускі ўніверсітэт. Ане Вілемс і Эна Тынісан прэзентуюць эстонскі фонд інфармацыйных тэхналогій
• «Кошты на ўсе тавары растуць, а кошты электроннага абсталявання – наадварот, зніжаюцца.
• Існуе шмат бясплатных інструментаў.
• ІКТ – прылады для ўсіх, прычым становяцца ўсё больш простымі ў выкарыстанні.
• Пры гэтым трэба памятаць, што ІКТ самі па сабе не з’яўляюцца мэтай навучання, гэта толькі сродак для падтрымкі эфектыўнага навучання, а таксама тое, што тэхналогіі толькі тады добрыя, калі добра падрыхтаваныя настаўнікі».
«Скок тыгра» дзейнічае
Пра арганізацыю «Скок тыгра» было напісана ў папярэднім артыкуле, таму я толькі дадам, што менавіта гэта грамадская арганізацыя ажыццявіла інфарматызацыю школы ў Эстоніі.
Камп’ютарызацыя эстонскай школы пачалася з 1997 г., калі ўсе школы атрымалі ад арганізацыі «Скок тыгра» як мінімум камп’ютарны клас з сучаснымі камп’ютарамі, пастаяннае падключэнне да інтэрнэту, а настаўнікі ў лізінг набылі камп’ютары і прайшлі курсы навучання (каля 90% настаўнікаў прайшлі праз трэнінгі пра ІКТ) – усё гэта было зроблена за 3 гады, да 2000 г. З дзяржаўнага бюджэту на гэту справу выдаткавалі каля $ 14 млн.
Наступным крокам стала стварэнне злектронных рэсурсаў навучання: праграм, віртуальных асяроддзяў, парталаў; напаўненне іх кантэнтам. Асяроддзямі і інструментамі навучання сталі як арыгінальныя эстонскія распрацоўкі, так і сусветна вядомыя:
VIKO (http://viko.opetaja.ee/) – створана эстонцамі: самае простае асяроддзе для тых, хто пачынае;
IVA (www.htk.tlu.ee/iva) – э-курсы;
Krihvel (http://krihvel.opetaja.ee/) – для пачатковых класаў;
Moodle (http://moodle.ut.ee) – асноўнае асяроддзе ў Тартускім універсітэце;
Wiki (http://courses.cs.ut.ee) – для размяшчэння матэрыялаў у Тартускім універсітэце: адкрытыя, даступныя кожнаму;
Clickers – прылады для атрымання зваротнай сувязі ў час лекцыі, мы мелі магчымасць самі быць удзельнікамі такой лекцыі ў Тарту;
Так выглядаюць клікеры, прылады для стварэння зваротнай сувязі ў час лекцыі
Google.docs – для падрыхтоўкі матэрыялаў сумесна;
Skype, Polycom – канферэнцыі, рабочыя групы;
Hot Potatoes – тэсты.
У канцы 90-х – пачатку 2000 гг. матэрыялы э-навучання распаўсюджваліся праз кампакт-дыскі, з сярэдзіны 2000-х гг. размяшчаюцца пераважна на WEB-сайтах. Сёння эстонцы ставяць перад сабой задачу адаптаваць гэтыя э-матэрыялы для I-PAD і смартфонаў.
Раней для стварэння вучэбных матэрыялаў выкарыстоўваліся пераважна такія праграмы, як: MS Office (Word, PowerPoint), Hot Potatoes. Цяпер: eXe (exelearning.org), MyUdutu, blogger.com, LeMill.net, merlot.org, Connexions.
Першае пакаленне э-навучання ўжывала пераважна іерархічныя асяроддзі навучання, такія як: Moodle, WebCT.
Цяпер электроннае навучанне становіцца больш дэмакратычным, ставіцца задача, каб вучань сам быў гаспадаром свайго навучальнага асяроддзя. Дасягаецца яна дзякуючы Вэб 2.0: Flickr.com, YouTube.com, Del.icio.us, Netvibes.com, Last.fm…
Супрацоўнік міністэрства асветы і навукі Яак Антон кажа: «Тут палітыка была прынятая такая – купіць усё перадавое, што ўжо створана ў свеце, а ствараць самім пра сваё – пра эстонскую культуру, мову, гісторыю, прыроду». Так, напрыклад, былі перакладзены на эстонскую мову інтэрактыўныя мадэлі і сімуляцыі па фізіцы з сайта ўніверсітэта Каларада: http://phet.colorado.edu/et/, а самі стварылі э-матэрыял пра класіка эстонскай нацыянальнай літаратуры Фрыдрыха Рэйнхальда Крэйцвальда: http://kirjanduslugu.edu.ee. Створаны сайт навучальных эстонскіх гульняў – http://veereta.edu.ee.
Заўсёды галоўнай задачай было і ёсць навучанне настаўнікаў. З 2006 г. «Скок тыгра» ператварыўся ў «Тыгра, які вучыцца». Штогод толькі гэтай арганізацыяй праводзіцца каля 300 вочных курсаў для настаўнікаў і дырэктараў у 43 базавых «тыгровых» школах. У працэсе навучання настаўнікаў выявіліся найбольш творчыя, актыўныя і мэтанакіраваныя на ІКТ асобы. Яны і сталі трэнерамі – сёння іх 58 па ўсёй краіне, ёсць таксама 4 праграмныя і праектныя менеджары і 4 эксперты, якія праводзяць кансультацыі. Гэта толькі ІКТ-навучанне, якое праводзіць «Тыгр», а ў Эстоніі ёсць яшчэ і ўніверсітэты, каледжы, Акадэмія злектроннага кіравання, Фонд інфармацыйных тэхналогій – усе гэтыя ўстановы таксама не цураюцца навучання настаўнікаў. «Скок тыгра» прапануе і дыстанцыйныя курсы, у тым ліку ёсць некаторыя і на рускай мове. Вось прыклады такіх курсаў:
«Прэзентацыі і іх размяшчэнне ў інтэрнеце» http://yuuluw.havike.eenet.ee/esitlusedvene/,
«Стварэнне тэстаў самакантролю ў праграме Hot Potatoes» http://erut3m.havike.eenet.ee/hotpotvene/,
«Стварэнне вучэбных матэрыялаў і іх публікацыя ў інтэрнеце» http://3fahug.havike.eenet.ee/oppevene/,
«Інтэрактыўная дошка для настаўнікаў» http://tiiger1.havike.eenet.ee/tahvelvene/,
«Сродкі сумеснай размеркаванай працы ў вучэбнай дзейнасці» http://tiiger2.havike.eenet.ee/yhistoovahendidvene/,
«KooliMill – складанне вучэбных матэрыялаў з дапамогай інтэрнета» http://3fahug.havike.eenet.ee/lemillvene/,
«Мадэль ацэньвання як сродак фарміруючага ацэньвання» http://tiiger3.havike.eenet.ee/kujundavhindaminevene/,
«Даследчая праца на камп’ютары» http://tiiger3.havike.eenet.ee/uurimusvene/,
«Лічбавы тыгр» (Дыгі Тыгр) http://tiiger1.havike.eenet.ee/digitiiger/course/view.php?id=51,
Заўсёды праводзяцца конкурсы для настаўнікаў – каб даць магчымасць ім праявіць сябе, і падтрымаць таленавітых і актыўных. Праз публічныя конкурсы «Скок тыгра» падтрымаў тады 172 праекты. Эксперт арганізацыі Март Лаанперэ расказвае нам: «Я сам у тыя гады працаваў настаўнікам матэматыкі, дырэктарам вясковай школы і ведаю, што даволі проста было атрымаць грошы на навучанне ІКТ. Мой праект таксама быў падтрыманы, я арганізаваў і правёў э-навучанне сваіх калег».
Март Лаанперэ: настаўнік, які вызначае развіццё ІКТ у эстонскай школе
Дарэчы, лёс і дзейнасць Марта падаліся мне надзвычай цікавымі і характэрнымі для эстонскага грамадства. Марту давялося служыць тэрміновую службу яшчэ ў Савецкай Арміі напрыканцы СССР (добра валодае рускай мовай), потым настаўнік матэматыкі, дырэктар адной з маленькіх вясковых школаў. Менавіта дзякуючы арганізацыі «Скок тыгра», яе праграме «Камп’ютар у школу» сельскі настаўнік стаў трэнерам на камп’ютарных курсах для сваіх калег, вучыўся ў Галандыі (выдатная англійская мова), а сёння Март – эксперт арганізацыі «Скок тыгра» і дырэктар цэнтра адукацыйных тэхналогій Талінскага ўніверсітэта. Наш суразмоўца добра ведае праблемы эстонскага настаўніка: настаўніцамі матэматыкі ў сельскіх школах працуюць і сёння яго жонка ды маці. Жыве вялікая сям’я Лаанперэ (чацвёра дзяцей!) на хутары, на месцы, дзе некалі жыў дзед Марта.
Наша суразмоўца, настаўніца Талінскай рускай гімназіі Людміла Раждзественская так ацаніла працу свайго калегі: «Не ведаю, ці паспелі вы за невялікі час знаёмства зразумець і ацаніць маштаб асобы Марта. Гэты чалавек вызначыў сваімі справамі развіццё эстонскай школы, не толькі ІКТ у школе, а цалкам развіццё эстонскай школы! Моцна паўплываў ён і на распаўсюджанне ІКТ у школах Грузіі і Малдовы, бо Эстонія дапамагае гэтым постсавецкім краінам у камп’ютарызацыі школы».
Праца і кар’ера Марта Лаанперэ – ад простага школьнага настаўніка да дырэктара цэнтра адукацыйных тэхналогій, эксперта адукацыі – сведчанне таго, што ў Эстоніі кіруюць краінай сапраўдныя прафесіяналы. Відаць, што чалавек трапіў на сваю пасаду не «па блату» ці «па знаёмству», а таму, што выдатна робіць сваю працу. Дэмакратыя, спаборніцкасць дае магчымасць чалавеку праявіць, рэалізаваць сябе, а грамадства атрымлівае сапраўдную кіраўнічую эліту і таму паспяхова развіваецца.
У школах уведзена спецыяльная аплатная пасада – адукацыйны тэхнолаг – настаўнік, які дапамагае сваім калегам асвоіць ІКТ і прымяняць іх у сваёй працы.
У Талінскай гімназіі
Мэры Сілд – адукацыйны тэхнолаг адной з гімназій у Таліне – расказвае нам пра сваю працу і навучальную ўстанову. У гімназіі (так тут называюцца сярэднія школы) вучацца 12 год. Маюць 860 вучняў, 56 настаўнікаў, 35 класаў-камплектаў. Мэры – настаўніца англійскай мовы, мае паўстаўкі ўрокаў англійскай і на паўстаўкі – адукацыйны тэхнолаг у сваёй гімназіі. Установа мае 3 прыярытэты. Па-першае, вывучэнне замежных моваў. Англійскую вывучаюць з першага класа, з шостага на выбар рускую ці нямецкую, а ў дзясятым дадаецца яшчэ і фінская. Другі прыярытэтны кірунак – фізічная культура. А трэці – інфатэхналогіі. У пятым і дзясятым класах ёсць вучэбныя курсы па ІКТ, але асноўныя веды па інфатэхналогіях вучні атрымліваюць у прадметах. У дзясятых класах вывучаюць мультымедыя, у 11 – самі робяць відэа. Дапамагаюць навучанню праекты: школьнае тэлебачанне, фотагалерэя…
Мэры Сілд, адукацыйны тэхнолаг Талінскай гімназіі расказвае пра э-навучанне ў сваёй школе
Гэта гімназія з’яўляецца вучэбным цэнтрам для «Скока тыгра», тут праходзяць трэнінгі па ІКТ для настаўнікаў іншых школ.
Сёння ў школе 2 сучасныя камп’ютарныя класы, але іх не хапае. Таму ёсць 2 ноўтбукавыя вазкі па 25 ноўтбукаў, якія настаўнік можна заказаць на свой ўрок. У кожным класе (!) маецца інтэрактыўная дошка і ў 8 класах – дакумент-камера (прылада, з дапамогай якой можна праектаваць на дошку карціны, малюнкі, чарцяжы з кнігі, нешта накшталт вядомага нам кадаскопа, толькі электроннага). Можна зарэзерваваць на ўрок, акрамя ноўтбукаў, кінакамеры, дыктафоны, фотаапараты. Усе гэтыя прылады вучні могуць браць і дадому, каб зрабіць свой праект.
Ноўтбукавы вазок дапамагае, калі на ўсіх не хапае камп’ютарных класаў
Кожны настаўнік у іх школе атрымлівае бясплатна ад школы ноўтбук і можа ім карыстацца як захоча – у школе ці браць дамоў.
Электронныя інструменты для аналізу і кіравання
Эстонская сістэма адукацыі мае 4 інфармацыйныя сістэмы, якія дапамагаюць аналізаваць і кіраваць.
1. Эстонская адукацыйная інфармацыйная сістэма (EHIS), дзейнічае з 2005 г., абавязковая, бясплатная, ахоплівае ўсе школы і іншыя навучальныя ўстановы краіны.
Змяшчае 54 паказчыкі пра ўсе школы, настаўнікаў і вучняў – ад назвы, плошчы, наяўнасці спортзалаў і басейнаў да колькасці вучняў і настаўнікаў. На аснове гэтай інфармацыі ажыццяўляецца фінансаванне школ, бо ў Эстоніі дзяржава выдзяляе грошы на школу ў залежнасці ад колькасці вучняў, якія ў ёй вучацца. Калі інфармацыя не паступае са школы, дзяржава перастае выдзяляць грошы. Звесткі пра вучняў абнаўляюцца кожны месяц з 5 дня па 10, а пра настаўнікаў – 4 разы на год. Дырэктар прызначае аднаго ці двух настаўнікаў, якія абнаўляюць інфармацыю. У гэтай сістэме кожны дырэктар можа бачыць паказчыкі сваёй школы і іншых школ, можа параўноўваць. Дарэчы, дырэктар кожныя 5 год дае «Рапарт дырэктара», гэта як бы атэстацыя яго як кіраўніка, інструмент кіравання якасцю школ. Пытаемся ў эксперта Міністэрства адукацыі і навукі Яака Антона, ці бываюць у Эстоніі міністэрскія праверкі школаў? Адказ такі: «Калі пажару няма, то ніякіх праверак не бывае».
Яшчэ адно пытанне хвалюе беларусаў: «Хто прызначае ці выбірае дырэктара школы?» Той жа Яак Антон тлумачыць: дзе моцнае самакіраванне, там выбіраюць людзі – бацькі, настаўнікі, грамадскасць; дзе слабое – прызначае міністэрства.
Кожны чалавек можа знайсці інфармацыю пра сваю адукацыю ў EHIS, карыстаючыся сваёю ID-карткаю.
2. Школьны журнал (E-kool), не з’яўляецца абавязковым, ахоплівае 72% школаў і 91% вучняў.
Гэта інфармацыйная сістэма створана і абслугоўваецца прыватнай фірмай, платная (кошт для школы каля 70 еўра ў месяц). Уся інфармацыя належыць толькі школе, а гэта наведванне заняткаў вучнямі, хатнія заданні, адзнакі, могуць быць каментарыі настаўніка да работ, заўвагі настаўніка вучню. На партал можа зайсці настаўнік, вучань, бацькі. Пры гэтым вучань і бацькі могуць бачыць толькі свае адзнакі. Настаўнік выстаўляе і бачыць адзнакі толькі па сваім прадмеце. Класны кіраўнік – па ўсіх прадметах вучняў свайго класа. Дырэктар і завуч могуць бачыць ўсё. Мэры Сілд расказвае: «Калі ўводзілі электронны журнал, настаўнікі былі супраць, стагналі, што вельмі цяжка. Цяпер навучыліся, задаволеныя, бо вельмі зручна ўсё зроблена». Але больш за ўсіх задаволены электронным журналам бацькі, цяпер яны больш могуць ведаць пра вучобу сваіх дзяцей. Дарэчы, яны таксама могуць пакінуць свой каментарый настаўніку ці адміністрацыі. Большасць карыстальнікаў E-kool – бацькі. У гэтым вялікі плюс злектроннага журнала – павялічыўся ўдзел бацькоў у жыцці школы. Настаўнікі ж апынуліся пад больш пільным кантролем: трэба ў тэрмін зрабіць усе запісы, праверыць работы і выставіць адзнакі. Настаўнік можа загружаць тэксты сваіх урокаў у э-журнале, а можа і не рабіць гэтага.
Завуч складае фінансавы дакумент на атрыманне заробка настаўнікам на аснове менавіта гэтага э-журнала.
Дарэчы, настаўнік зарабляе ў Эстоніі 750–800 еўра, што лічыцца невысокім заробкам. Пытаем пра кантрактную сістэму для настаўнікаў. Мэры тлумачыць: «Кантракт падпісваецца толькі на першы год працы, потым – бестэрміновы працоўны дагавор». Карацей, татальнай кантрактнай сістэмы ў Эстоніі няма, а вось працуюць нашы эстонскія калегі чамусьці лепш за нас, ва ўсякім разе вынікі лепшыя.
3. Кіраванне школай (KIS) – інструмент ІКТ для адміністрацыі школы, карыстаюцца каля 60% школ. Кіраванне дакументамі, персаналам, бібліятэкай, інвентарызацыя памяшканняў, заявы ў школу, фінансы, прызнанні школы акумулюе гэта ІС, гэта сапраўдны памочнік дырэктара.
4. Паступленне ў ВНУ (SAIS) – інструмент для абітурыентаў пры паступленні ва ўніверсітэты і каледжы, ахоплівае каля 85% паступленняў.
Навучальныя рэсурсы
Для навучання ў эстонскай школе выкарыстоўваюцца розныя парталы:
miksike (http://miksike.ee/) – рабочыя планы, канспекты, вылічэнні,
koolielu (http://koolielu.ee/) – самы папулярны партал «Школьнае жыццё»,
http://bio.edu.ee/loomad/, http://bio.edu.ee/taimed – энцыклапедыі,
http://opetaja.edu.ee – вэб-старонкі,
http://havike.eenet.ee – дае бясплатны сервер школам.
Самы вялікі навучальны партал «Школьнае жыццё» http://koolielu.ee/ мае каля 7 тыс. файлаў і спасылак, створаны ў 2001 г.. Пры яго стварэнні ставілася задача зрабіць віртуальнае месца сустрэч настаўнікаў, дзе б яны абменьваліся сваім вопытам. Цяпер за суткі яго наведваюць каля 3 тыс. наведнікаў, у наяўнасці каля 5 тыс. зарэгістраваных карыстальнікаў. Ёсць старонка «Маё школьнае жыццё», дзе настаўнікі могуць ставіць свой профіль, размяшчаць свае матэрыялы.
Каманда сайта складаецца з рэдактараў навінаў, рэдактара навучальных рэсурсаў, адукацыйнага тэхнолага і 29 прадметных мадэратараў-настаўнікаў, якія жывуць у розных месцах краіны і маюць аплатныя паўстаўкі за гэту працу. Фінансуецца партал Міністэрствам адукацыі і навукі.
Што можна знайсці на гэтым сайце?
1) Адукацыйныя навіны.
2) Найлепшыя практыкі.
3) Навучальныя рэсурсы па розных прадметах.
4) Конкурсы для настаўнікаў і вучняў.
5) Дыстанцыйныя курсы для настаўнікаў. У 2011 годзе такіх было 34 – бясплатныя, для ўсіх жадаючых. Каб прайсці курс, трэба толькі зарэгістравацца. У 2010 – 2011 гг. праз гэтыя курсы прайшлі і атрымалі сертыфікаты 325 настаўнікаў, а ў 2011 – 2012 гг. – 613. Курсы становяцца ўсё больш папулярныя, бо іх праходжанне дапамагае атэстацыі.
6) Настаўніцкія супольнасці.
7) Апісанне і інструкцыі па выкарыстанні розных методык.
8) Форум.
9) Аб’явы пра пошук працы, настаўніцкія вакансіі. Гэта, дарэчы, самая часта наведваемая старонка партала.
Ёсць у зстонскіх настаўнкаў віртуальная супольнасць практыкаў http://klassiopetaja.blogspot.com/.
Карыстаюцца эстонскія настаўнікі і міжнароднымі электроннымі рэсурсамі для навучання, найперш еўрапейскімі. Вось некалькі спасылак на іх.
http://itec.eun.org: сайт прапануе настаўнікам інавацыйныя метады навучання, практычныя парады, як выкарыстоўваць ІКТ для павышэння якасці навучання.
http://linked.eun.org: праект узначальвае еўрапейскі Schoolnet, мае на мэце ўстанаўленне сувязяў паміж даследаваннямі, палітыкай і практыкай ў вобласці інавацыйнага навучання з выкарыстаннем ІКТ.
http://www.ingenious-science.eu: сайт для настаўнікаў прыродазнаўчых навук, матэматыкі.
http://www.etwinning.net/en/pub/index.htm: свабодная і бяспечная платформа для настаўнікаў Еўропы, каб разам развіваць свае ідэі і праекты.
www.saferinternet.org: сайт вучыць бяспечна выкарыстоўваць інтэрнет і мабільныя прыстасаванні дзяцей, бацькоў і настаўнікаў.
http://www.elearningguild.org: гільдыя электроннага навучання.
http://www.espnet.eu/: еўрапейскі школьны праект: штогоднія канферэнцыі, сумесныя праекты. 27-я канферэнцыя адбудзецца 6 сакавіка 2013 г. у Галандыі, г. Гаўда.
Новы будынак Талінскага ўніверсітэта пабудаваны на грошы Еўрасаюза
http://c4lpt.co.uk/: цэнтр навучання і павышэння прадукцыйнасці, бясплатны сайт рэсурсаў па выкарыстанні новых тэхналогій навучання. Змяшчае таксама пералік больш чым 2000 інструментаў і іх характарыстык: http://c4lpt.co.uk/directory-of-learning-performance-tools/.
Цікавы вопыт развіцця ІКТ у школе нам прадэманстравала адукацыйны тэхнолаг Талінскай рускай гімназіі Людміла Раждзественская. З 2006 г. тут вядзецца э-журнал (E-kool), за гэта школа плаціць прыватнаму правайдэру каля 700 еўра ў год, усё астатняе размешчана ў асяроддзі Google, бясплатна. У прыватнасці, школьны сайт http://www.tkvg.ee/ , у кожнага класа свой блог https://sites.google.com/site/avotimysite/ (іх 25). Спн. Людміла – актыўная блогерка і ўпэўнена, што блогі – найлепшая платформа для э-навучання. Яна прадэманстравала нам сваю прэзентацыю «10 спосабаў для настаўніка выкарыстоўваць блог» http://ljudmillar.blogspot.com/2007/09/10.html, а таксама расказала, як у іх гімназіі праводзяцца дні дыстанцыйнага навучання https://sites.google.com/site/distanttkvg1011/ – адзін раз у чвэрць у школе праходзіць дзень поўнага дыстанса.
Людміла Раждзественская – адукацыйны тэхнолаг Талінскай рускай гімназіі
Школа ўдзельнічае у сумесных праектах са школамі Расіі «Геній месца» https://sites.google.com/site/pushkinogorje, а таксама ў еўрапейскіх праектах, напрыклад, у мінулыя гады ў адукацыйнай выставе ў Хельсінкі, у Лондане, збіраюцца ў гэтым годзе на гэта мерапрыемства ў Галандыю.
«А чаму б і не? Білет на самалёт туды і назад каштуе ўсяго 50 еўра, а колькі новага, цікавага пабачылі! На шчасце, у эстонскіх настаўнікаў ёсць такая магчымасць,» – кажа настаўніца рускай гімназіі ў Таліне.
Калектыўны канспект лекцыі Людмілы Раждзественскай https://docs.google.com/document/d/1uyn4u6T0jRFqQy2nz-lynucA25Gx6o6OfN1qS5asj1s/edit дапаможа беларускім настаўнікам знайсці шмат карысных спасылак пра э-навучанне ў школе.
Наколькі выкарыстанне ІКТ у школе спрыяе паляпшэнню якасці навучання?
Мэры Сілд, настаўніца і адукацыйны тэхнолаг Талінскай гімназіі кажа: «Спецыяльных даследаванняў у нас не праводзілася, але па сваім асабістым вопыце ў нашай школе я бачу, што якасць ведаў вучняў у апошнія гады паляпшаецца. Пра гэта ж гавораць і вынікі даследаванняў PISA ў эстонскай школе».
У Талінскім парку
Працяг будзе.