Сістэма адукацыі Эстоніі: некаторыя высновы

05.12.2012

Чацверты артыкул эстонскага цыклу Наталлі Ільініч, якая была ў складзе беларускай дэлегацыі падчас адукацыйнага візіту ў Талін і Тарту.

Знешне, па структуры, яна вельмі падобная да нашай, але, калі пачынаеш вывучаць яе глыбей, заўважаеш, што адрозненні ёсць.

Большаць школ Эстоніі належаць не дзяржаве, а муніцыпалітэтам – мясцоваму самакіраванню. Так, з 560 эстонскіх школ толькі 31 дзяржаўная – гэта ў асноўным установы для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; прыватных школ – 37; астатнія 489 – муніцыпальныя.


Скульптура на цэнтральнай плошчы г. Тарту, перад будынкам муніцыпалітэта.

Агульнаадукацыйная школа ў Эстоніі 12-гадовая і завецца гімназіяй. На апошняй ступені (10–12 класы) абавязковая дыферэнцыяцыя: вучні могуць выбраць навучанне па профілі, які ім падабаецца. Ставіцца задача, каб у кожнай гімназіі было не менш, чым тры профілі. Лічу гэту асаблівасць вельмі станоўчай:вучні больш засяродзяцца на тых прадметах, якія ім патрэбныя ў жыцці і для паступлення ва ўніверсітэт.

Як і ў Беларусі, у Эстоніі ёсць усенавуч – усе дзеці з 7 год павінны вучыцца і скончыць асноўную школу (9 класаў). Але і тут ёсць адрозненне: для тых, каму нават 9 класаў даюцца цяжка, ёсць магчымасць працягнуць вучобу ў такіх школах, якія сумешчаны з атрыманнем прафесіі. У мінулым навучальным годзе такіх падлеткаў было 366.

Агульная тэндэнцыя, што аб’ядноўвае нашыя школьныя сістэмы, – памяншэнне колькасці вучняў: калі ў 1996 г. у пачатковых класах Эстоніі было каля 65 тыс. вучняў, то цяпер іх няма і 40 тыс. «Гэта патрабуе ад нас зменаў у арганізацыі школьнай сеткі, бо якасць адукацыі ў гімназіі (выбар профілю, кваліфікаваныя выкладчыкі) можна гарантаваць толькі пры наяўнасці пэўнай колькасці вучняў у ёй. Мы вымушаны зачыняць маленькія школы, хоць гэта балюча, Міністэрства прымае такое рашэнне толькі разам з мясцовым самакіраваннем, апошняе слова заўсёды за мясцовай уладай,» – тлумачыць галоўны эксперт Міністэрства Эйнар Вара. 


Эйнар Вара, саветнік Міністэрства адукацыі і навукі расказвае пра рэформу адукацыі ў Эстоніі

«У развіцці адукацыі мы кіруемся думкай, што ўсё ў нашым жыцці вельмі хутка Змяняецца і школа павінна Змяняцца таксама,» – гаворыць Эйнар Рул, эксперт Экзаменацыйнага цэнтра. 

Цяпер у адукацыйнай сістэме Эстоніі ажыццяўляецца рэформа. Відаць, што робіцца гэта не спехам, а прадумана і грунтоўна. У 2010–11 гг. былі распрацаваныя новыя школьныя праграмы, адштурхоўваліся пры гэтым ад зыходных заданняў PISA. Цікава, што ўводзяцца праграмы паступова, на працягу трох гадоў:

з 1.09.2011 – 1-я, 4-я, 7-я класы;
з 1.09.2012 – 2-я, 5-я, 8-я класы;
з 1.09.2013 – 3-я, 6-я, 9-я класы і гімназія.

Рэформа прадугледжвае з 2011 г. пераход гімназій (рускіх) на абавязковае 60-працэнтнае навучанне на эстонскай мове. Трэба сказаць, што рускія ўспрынялі гэты пункт закону без асаблівага энтузіязму.


Помнік Фрыдрыху Рэйнгальду Крэйцвальду, класіку эстонскай літаратуры

З 2012 г. уводзіцца бясплатная адукацыя ў ВНУ для ўсіх на эстонскай мове.

З гэтага ж навучальнага года ва ўсіх школах стала абавязковай методыка Formative Assessment, якую мы ў Беларусі называем Актыўная Ацэнка.

З 2013 г. гімназіі абавязаны будуць прапаноўваць вучням навучанне не менш чым па трох профілях.

Новая сістэма дзяржэкзаменаў будзе ўведзена вясной 2014 г. (якія экзамены здаюць эстонскія вучні цяпер, было напісана ў папярэднім артыкуле). Змены даволі значныя. Матэматыка будзе абавязковым экзаменам, але можна выбраць з двух узроўняў. У абавязковы экзамен па эстонскай мове дадаецца новы элемент – функцыянальнае чытанне. Замежная мова таксама можа быць на двух узроўнях. Грамадскія і прыродазнаўчыя навукі становяцца неабавязковыя – наш суразмоўца Эйна Рул з ЭЦ лічыць гэта рашэнне аўтараў рэформы няслушным. Дадаюцца абавязковы ўнутраны комплексны экзамен па профілі школы і даследчы праект ці праца для кожнага выпускніка.

Прафесійнае навучанне ў Эстоніі ажыццяўляецца ў ПТВ, прыкладных ВНУ, а таксама ў асноўных школах і гімназіях, сумешчаных з прафесійна-тэхнічным навучаннем (ёсць і такія). Эстонцы ганарацца сваёй сістэмай прафесійна-тэхнічнага навучання – у апошнія гады яны здолелі яе паспяхова мадэрнізаваць, галоўным чынам, на еўрапейскія грошы. Вучыцца ў ПТВ перастала быць непрэстыжным, а інфраструктура, інтэрнаты ў іх не горшыя за ўніверсітэцкія, а то і лепшыя. Распрацаваны стандарты прафесійнай адукацыі, на аснове якіх навучальныя ўстановы складаюць свае праграмы па спецыяльнасцях (у Эстоніі іх 49) – яны поўнасцю заснаваны на кампетэнцыях. Устаноўлена, што 50% ад аб’ёму навучання павінны займаць практычныя заняткі ў школах і практыка на прадпрыемствах.

Развіццё вышэйшай адукацыі вызначаецца тым, што з 2002 г. Эстонія далучылася да Балонскага працэсу. Сёння эстонскі студэнт можа паехаць вучыцца ў любую краіну Еўропы, а да іх могуць ехаць з іншых краін, заахвочваецца прыезд здольных і таленавітых студэнтаў з усяго свету, ім эстонская дзяржава дае стыпедыю.

Першая ступень навучання ва ўніверсітэце – бакалаўр (3–4 гады), другая – магістр (1–2 гады), можа быць і трэцяя – доктар (3–4 гады). Гэтым шляхам ідуць тыя, хто рашыў стаць вучоным, даследчыкам. Ёсць і іншая вышэйшая адукацыя – прыкладная (3 – 4,5 гады) – для тых, хто не збіраецца займацца навуковай дзейнасцю, а хоча ісці працаваць непасрэдна «ў цэх ці на ферму». Але калі такі «прыкладны» студэнт перадумае і захоча атрымаць ступені бакалаўра і магістра – такое магчыма, толькі трэба выканаць патрэбныя заданні і даздаць экзамены. Ва ўсіх ВНУ існуюць самакіраванне і свабоды для студэнтаў і выкладчыкаў.

Даведка: усяго ў Эстоніі 30 ВНУ, у якіх вучацца каля 67,5 тыс. студэнтаў. З іх 6 публічна-прававыя ўніверсітэты (48 408 студэнтаў), 1 – прыватны ўніверсітэт (2 411 студэнтаў), 10 дзяржаўных прыкладных ВНУ (10 247), 11 прыватных прыкладных ВНУ (5 020) і 2 дзяржаўныя прафесійныя ўстановы (1 521).


Памятны знак у гонар нараджэння 100-тысячнага жыхара г. Тарту.

Добрая сістэма адукацыі павінна служыць таму народу, які яе стварыў. Калі ж маладыя людзі, атрымаўшы бліскучую адукацыю ў сваёй не вельмі багатай краіне, з’едуць ў больш багатыя і развітыя краіны, дык які тады сэнс ствараць добрую адукацыю?

Наколькі актуальна для Эстоніі праблема «уцечкі мазгоў»? Пра гэта зайшла гаворка на экскурсіі па горадзе Тарту. Праводзіла яе для беларусаў Марына, маладая жанчына, гісторык па прафесіі. Па ўсім было відаць, што яна вельмі любіць свой горад і нестандартна, арыгінальна можа паказаць яго. Цікавым падаўся і яе асабісты лёс: удмуртка па нацыянальнасці, вырасла ў Расіі, а вучыцца прыехала ў Эстонію. Скончыла Тартускі ўніверсітэт, выдатна валодае эстонскай мовай (напэўна, ёй дапамагло яшчэ і тое, што удмурцкая мова роднасная з эстонскай, абедзве ўваходзяць у фінскую моўную групу). Мы сталі пытаць пра тое, ці шмат з’язджаюць маладыя людзі з Эстоніі на Захад? Марына адказала наступнае: «З’язджаюць, вядома, але гэта часцей людзі не з вышэйшай адукацыяй. Вобразна кажучы, сантэхнікі і прадавачкі. Канечне, знаходзяць вышэйшы заробак на Захадзе па сваёй спецыяльнасці. А вось з вышэйшай адукацыяй, калі і едуць, дык каб вучыцца, стажыравацца, а потым вяртаюцца на радзіму. У Эстоніі ім ёсць дзе праявіць сябе. Тарту, напрыклад, горад высокай навукі, тут выдатныя магчымасці для працы, творчасці, жыцця. Эстонцы маюць магчымасць рэалізаваць сябе і добра зарабіць дома». Такія словы былі дзіўныя асабіста для мяне, бо я мела стэрэатып: калі краіны Балтыі далучыліся да ЕС, адтуль, маўляў, сталі з’язджаць усе, хто мог. Стэрэатып аказаўся памылковым, прынамсі ў дачыненні да Эстоніі.

Некаторыя высновы: дык у чым жа сакрэты поспеху эстонскай адукацыі?

Па-першае, эстонцы стварылі сваю сапраўдную нацыянальную дзяржаву, якая ажыццяўляе палітыку ў інтарэсах эстонскага народа. Робяцца паслядоўныя, не на словах, а на справе, спецыяльныя захады для развіцця і распаўсюджання эстонскай мовы і культуры. Дзякуючы гэтаму, эстонская стала мовай сучаснай навукі і мастацтва. Гэта было няпроста: пасля распаду СССР у Эстоніі засталося шмат рускамоўных з усёй імперыі, якія, канечне ж, не хацелі вучыцца эстонскай і не ўспрымалі Эстонію як суверэнную дзяржаву. Акрамя таго, эстонская мова вельмі складаная, нязвыклая для рускамоўных, бо належыць да іншай моўнай сям’і і групы – фінскай. Але эстонцы перамаглі: сёння па-эстонску ёсць усё! Эстонцы ганарацца сваім, а дзяржава ўсяляк падтрымлівае іх у гэтым.

Другі сакрэт поспеху эстонскай адукацыі, на мой погляд, коратка можна назваць словам «дэмакратыя». Я не кажу цяпер пра палітыку, там у іх таксама ўсё ў парадку. Гутарка пра сістэму адукацыі. На кіруючыя пасады ў адукацыі абіраюцца ці назначаюцца (конкурсы адкрытыя, празрыстыя) найбольш кампетэнтныя, прафесійныя, энергічныя, таленавітыя (памятаеце аповед пра Марта Лаанперэ з другой часткі?), а не назначаюцца зверху па прынцыпе асабістай адданасці вышэйстаячай асобе, палітычнай лаяльнасці, «па блаце», «па знаёмстве», па тым, як арганізаваў выбары ці падпіску на дзяржаўныя газеты. Дэмакратыя дае каласальныя эфекты: выйграе ўсё грамадства, бо атрымлівае выдатную працу прафесіяналаў, выйграюць асобныя людзі – яны рэалізуюць сябе ў любімай працы. Такое грамадства больш шчаслівае, гарманічнае, у ім менш сацыяльнай напружанасці. Ці не таму на тварах эстонцаў мы часцей бачылі ўсмешкі, зычлівасць, спакой? Самае балючае ўражанне пры вяртанні на Радзіму – твары маіх суайчыннікаў на вуліцах і ў прыгарадным цягніку: напружаныя, змрочныя, заклапочаныя…

Па-трэцяе, дакладна былі выбраны прыярытэты ў развіцці грамадства. Грошай заўсёды мала, таму прыходзіцца выбіраць, на што іх патраціць. Эстонцы выбралі развіццё інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій – і сталі лідэрам у гэтай вобласці, стварылі выдатную сістэму адукацыі на аснове ІКТ. Іншыя краіны выбралі іншыя прыярытэты – будаўніцтва лядовых палацаў, развіццё спорту, стварэнне амонаў-спецназаў – то і вынікі ў іх сёння іншыя…

Па-чацвёртае, сяброўства Эстоніі ў Еўрасаюзе. Не было ніводнага месца, дзе б нам з гонарам не паказалі плён дапамогі ЕС, не расказалі пра сумесныя вытворчыя, адукацыйныя, навуковыя праекты, ад якіх эстонцы атрымалі станоўчы вынік. І галоўнае тут нават не будынкі Талінскага ўніверсітэта, мадэрнізаваная сістэма прафесійнага навучання ці інтэрактыўныя дошкі ў школьных класах. Яшчэ важней тое, што Эстонія не страціла сваю нацыянальную культуру, мову – наадварот, развіццё гэтай самабытнасці ў ЕС усяляк заахвочваецца.

«Калі Эстонія стала незалежнай краінай, мы гатовыя былі есці бульбяное лушпінне і запіваць сырой вадой – так мы хацелі мець свабоду, будаваць сваю дзяржаву, стаць на еўрапейскі шлях,» – кажа Івар Тало, супрацоўнік Акадэміі электроннага кіравання. Напэўна, не ўсе эстонцы гатовыя былі на такія ахвяры. Так думала эліта эстонскага народа. Гэтая эліта перамагла – і ад той перамогі выйгралі ўсе, нават рускамоўныя, якія тады не хацелі незалежнасці Эстоніі.


Прэзідэнцкі палац у Таліне