Галіна Дрокіна: Я вучу падарожнічаць у глыбіню думкі

12.01.2013

Радыё Рацыя запісала перадсвяточную перадачу «Шчыра за гарбатай» – размову з Галінай Дрокінай. Выдатная настаўніца і цудоўны чалавек разважае пра вучняў, пра прафесію, пра сямейныя трацыцыі, пра мову, пра падарожжы, пра падабенствы і адрозненні беларусаў ад іншых, распавядае пра тое, чаму яна выкладае па-беларуску нават у рускамоўных класах, як яны з вучнямі перажылі канец свету...

Прапануем некалькі вытрымак з перадачы:

Аб працы настаўніка:

- Я вучуся. Калі я перастану вучыцца, я не буду настаўнікам...

Чаму я пачала працаваць і выкладаць па-беларуску:

- Для мяне вялікім штуршком да беларускасці з'явілася праца ў бюро падарожжаў экскурсаводам. Я – твар краіны. У мяне пыталіся: а чаму вы  – беларусы – не гаворыце па-беларуску? Я не магла адказаць і пачала весці спачатку кавалачкі, а потым і экскурсіі цалкам па-беларуску. Але асноўныя падзеі, якія прымусіла мяне задумацца, хто я – гэта падзеі 90-х гадоў. І вось гэта адраджэнне беларускае, калі я пачала адчуваць гонар, што я – беларуска, што ў нас ёсць свая краіна, суверэнітэт, незалежнасць – для мяне гэта была вялікая падзея ў жыцці. І ўжо свядома я перайшла на выкладанне на беларускай мове свайго прадмету на пачатку 90-х гадоў, і з таго часу я выкладаю толькі па-беларуску.

- Мы ведаем, якое зараз становішча з беларускай мовай: яна не займае таго пачэснага месца, якоя яна павінна мець у нашай дзяржаве. І вядома, на мяне зараз глядзяць: і навошта табе гэта трэба. Бо і рускамоўныя класы я пераводжу на выкладанне геаграфіі па-беларуску: падыходжу да бацькоў і гавару: не перашкодзіць вам геаграфія на беларускай мове, хай дзеці маюць навыкі размоўнай мовы.

- Гэта ўжо прынцыповая мая пазіцыя. Я ужо не магу выкладаць па-руску – гэта будзе здрада маім прынцыпам.

-  Для мяне гэта жудаснае меркаванне, але многія думаюць, што беларуская мова перашкаджае добра ведаць прадмет. Я сваім досведам гэта абвяргаю, мае вучні маюць вельмі добрыя веды па геаграфіі, заўсёды з'яўляюцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскай алімпіядаў, ніхто яшчэ не сказаў, што беларуская мова перашкодзіла ім выказаць думку.

- У мяне няма пачуцця, што адзін у полі не воін, але бывае, што адчуваю сябе «апошнім з магікан». Але ў мяне вялікая адказнасць – вялікая адказная праца. Мае вучні калі-небудзь успомняць, што была ў іх такая настаўніца, што гаварыла па-беларуску, і я думаю, што ўсё роўна прыдуць тыя часы. Я веру. Ужо колькі стагоддзяў забаранялася мова, і вынішчалася нашая нацыя, вынішчалася эліта, але ж ўсё роўна жыве яна. Толькі за гэта можна паважаць і наш народ і нашую мову. Усё роўна мы ёсць, мы існуем насуперак усім рэаліям жыцця.

- Бываюць смешныя выпадкі. Вучні, бывае, падрыхтуюць рэферат, прэзентацыю і кажуць: можна я па-руску? – Калі ласка, я ніколі не забараняю, адказвайце па-руску, я ж разумею, што большасць першакрыніц па-руску. Але сказ-два, і вучні не могуць – адвольна пераходзяць да беларускай. Будзем у гэтай справе аптымістамі! Нас многа, проста мы – талерантныя беларусы – баімся быць белымі варонамі, у нас ёсць патэнцыял, беларуская мова жыве і я веру, што яна будзе жыць...



Цалкам перадачу можна праслухаць тут.