Часам цяжка сабе ўявіць, як проходзіць урок фізікі ці матэматыкі на беларускай мове. А як выкладаюць кітайскую на беларускай? Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы TUT.BY наведаўся ў госці да навучэнцаў беларускамоўнай гімназіі №23.
Ціхія калідоры, няшматлікія кабінеты, у якіх не знойдзеш больш за 20 вучняў, строгі дрэс-код і, канешне, размовы на беларускай мове – менавіта такая абстаноўка пануе ў гімназіі. TUT.BY пашанцавала апынуцца на ўроку фізікі ў 10-м класе. Разам з вучнямі ўзгадалі «Паслядоўнае і паралельнае злучэнне праваднікоў».
Валерый Міхайлавіч Шынкароў працуе ў гімназіі больш за восем гадоў. Выкладае фізіку ў 6–11-х класах. Раней працаваў у рускамоўнай школе. Але калі прыйшоў у гімназію №23, зразумеў, што трэба ўсё выкладаць па-беларуску:
- У мяне было ўласнае жаданне тут працаваць. Я бачыў дзяцей, якія прыйшлі сюды вучыцца на беларускай мове. Мне гэта падабаецца. Я беларус і таму адношуся да беларускай мовы і беларускасці вельмі спрыяльна. Вырашыў, што як усякі настаўнік я павінен размаўляць і ведаць мову не горш за вучняў.
- Якія складанасці ўзнікаюць пры выкладанні фізікі па-беларуску? Што вы робіце, калі вучні вас не разумеюць?
- Канешне, ёсць складанасці з выкладаннем фізікі на беларускай мове. Гэта перш за ўсе звязана з адсутнасцю дыдактычных матэрыялаў на беларускай мове, але гэта не перашкаджае навучанню і засваенню ведаў па фізіцы, таму што я за гады майго выкладання назапасіў дастаткова матэрыялаў. Амаль усе тэрміны, якія мы ўжываем на вучэбным занятку, маюць або лацінскія, або грэчаскія карані, паходжанне якіх я тлумачу. І часцей гэтае тлумачэнне дапамагае вучням.
Вучні гімназіі №23 прыйшлі вучыцца менавіта сюды з розных прычын: кагосьці ў дзяцінстве прывялі бацькі, другія – па ўласным жаданні. На перапынку можна было заўважыць, што амаль усе вучні размаўляюць па-беларуску. Па словах вучняў, дома з бацькамі яны размаўляюць таксама па-беларуску.
Гімназія №23 існуе з 2002 года. Тут вучацца дзеці з першага па адзінаццаты клас. Прадметы тыя ж самыя, як і ў іншых школах. Вось толькі з замежных моў вывучаюць не англійскую ды нямецкую ці французкую, як традыцыйна бывае, а англійскую ды кітайскую мовы.
- У нашай установе існуе выкладанне на беларускай мове такіх замежных моў, як англійская і кітайская. Практыка выкладання кітайскай мовы пачалася яшчэ ў 2006 годзе. Гэту мову вывучаюць з першага па адзінаццаты клас. Выкладанне вядзецца на кітайскай мове, але калі патрэбны якія-небудзь заўвагі, яны робяцца па-беларуску. Кітайскую мову выкладаюць як беларускія выкладчыкі, так і настаўнік з КНР, – гаворыць намеснік па навукова-метадычнай рабоце Ірына Піскун.
Cтаршыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сцвярджае, што сёння ў Мінску шэсць беларускамоўных школ, але ёсць яшчэ і беларускамоўныя класы ў рускамоўных школах. Што датычыцца ўсёй Беларусі, то беларускамоўных школ больш у вёсках. Але так як вучняў там вельмі мала, іх з кожным годам становіцца ўсе менш – закрываюць. Паводле Белстата, сёння ў краіне на беларускай мове навучаюцца 151 тысяча школьнікаў, альбо 16,4% ад агульнай колькасці.
Надзея Наймушына, / Фота: Аляксандр Корсакаў, TUT.BY