Учора, 21 лютага, быў міжнародны Дзень роднай мовы, які быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА на прапанову Бангладэш (1999). Адзначаецца ён дзеля заахвочвання лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага — быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 г. загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Cвяткаванне Дня роднай мовы ў Беларусі заўсёды нагадвае сюррэлістычную карціну, калі змешваюцца сон і рэальнасць: ажываюць падсвядомыя фантазіі, вылазяць навонкі комплексы, у выглядзе пачвараў матэрыялізуюцца страхі. Адны ў гэты дзень пачынаюць хваліцца, як у нас усё добра: ёсць школы, канстытуцыя, раўнапраўе моваў, права выбару – жыві-нехачу – ну чым не фэнтазі! Другія, стаміўшыся чакаць перамог, падстройваюць свае погляды пад іншую ідэалогію: маўляў, засядзеліся мы па нацыянальных кватэрах, трэба мацаваць славянскае (паўночнае, манархічнае, мультыкультурнае, ліцьвінскае, еўразійскае... – спіс можна доўжыць) адзінства і будаваць новы свет з новымі перспектывамі... Ну а каб будаваць, трэба спачатку «до основанья, а затем». Лузеры, пераробленыя ў патэнцыйных пераможцаў выглядаюць яшчэ больш страшна. Яны падобныя на зомбі з выдзеўбанымі вачыма. Чорт іх бяры – гэта ж толькі закон жанру.
Але ў любой карціне, нават самай сюррэалістычнай, заўсёды ёсць праўдзівы мазок пэндзля.
21 лютага ў Дзень роднай мовы быў суд над вядомым скульптарам Гэнікам Лойкам. Напярэданні Гэнік даведаўся, што нядаўна ў статут гімназіі, дзе вучыцца ягоны сын, былі ўнесеныя змены, якія фактычна ліквідуюць яе статус як беларускамоўнай. Судзілі яго за тое, што зрабіў плакат «Віншую з міжнародным днём абароны роднай мовы!» і ўласна віншаваў настаўнікаў і дзяцей, якія ішлі ў школу. У школе ў гэты час адбывалася святкаванне з нагоды Дня роднай мовы:). Суддзя Людміла Лаппо прызнала віншаванні і заклікі гаварыць па-беларуску «лозунгамі, подрывающими доверие к государственной власти», а самаго Гэніка – незаконным пікетоўцам і прысудзіла яму 5 сутак.
Уласна, самы гуманны суд ў свеце мала чым можа здзівіць. Але здзівіў. Суддзя не магла стрымацца і парушала ўсе нормы закону і маралі. Адхіліла просьбу Гэніка пачуць дзяржаўную мову ў судзе хаця б на свята роднай мовы, не дазволіла запрасіць перакладчыка, забараніла адвакатцы апытаць сведку толькі таму, што тая збіралася яго апытаць па-беларуску... Такія паводзіны суддзі і пагарду ў вачах немаладой жанчыны цяжка ўявіць у самым страшным фільме жахаў. Але гэта не сюррэалізм, гэта і ёсць тая рэчаіснасць, у якой мы жывем.
А дзе ж самі носьбіты мовы? Дзе мы – настаўнікі, дзе дзеці? Дзе беларусы? Як заўсёды, ў партызанах, у падполлі. Здаецца, ужо не для таго, каб выжыць, але па звычцы хаваемся, каб сваёй прысутнасцю не раздражняць дурняў, зомбі і цётак з фільмаў жахаў, якія распладзіліся і пануюць на нашай зямлі. Можа нам пакуль не да святаў, але настаў час не баяцца, што мы папсуем іх «святочную» карціну.
Тамара Мацкевіч
Дзень роднай мовы: як святкуем, так жывем
22.02.2013