Настаўнікі Даніі выйшлі на страйк, таму што апасаюцца, што ўзровень адукацыі можа быць зніжаны. Пры гэтым заробак настаўніка ў Даніі складае каля 5 тысяч еўра пры сярэдняй нагрузцы 16 гадзін у тыдзень.
А чаму трэба здарыцца, каб на вуліцу выйшлі беларускія педагогі?
На страйк у Даніі выйшлі 52 тысячы настаўнікаў. 875 тысяч дзяцей не могуць наведваць школы з-за канфлікту паміж прафсаюзам настаўнікаў і мясцовымі ўладамі.
Прафсаюз настаўнікаў і мясцовыя ўлады не змаглі дамовіцца аб новай калектыўнай дамове да вызначанага тэрміну 1 красавіка. Канфлікт палягае на тым, што бакі не могуць прыйсці да адзінага рашэння колькі гадзін настаўнік павінен працаваць у тыдзень. Муніцыпальныя ўлады хочуць пакінуць за сабой права вызначаць, колькі часу настаўнік павінен праводзіць у класе, і адмаўляюць патрабаванне прафсаюза ўвесці ліміт 25 гадзін у тыдзень.
Настаўнікі ў цяперашні час маюць у сярэднім 16-гадзіную нагрузку.
«Мы гатовыя выдаткоўваць больш часу на выкладанне ў класе, але мы лічым, што павінна быць мяжа», сказаў член выканаўчага савета прафсаюза Гордан Мадэсэн. «Мы таксама павінны мець дастаткова часу для падрыхтоўкі, каб забяспечыць якасць кожнаму ўроку».
Настаўнікі асцерагаюцца, што якасць адукацыі будзе зніжана, калі яны атрымаюць менш часу на падрыхтоўку да ўрокаў, а больш на выкладанне.
Канфлікт больш за ўсё закрануў выпускнікоў, якіх чакаюць выпускныя экзамены ў маі і чэрвені. Пісьмовыя экзамены ў маі, і вусныя ў чэрвені, будуць адкладзены, калі страйк будзе працягвацца.
У прынцыпе, няма ніякіх абмежаванняў адносна таго, як доўга можа доўжыцца пратэст. Ён не скончыцца да таго, пакуль абодва бакі не вярнуцца за стол перамоваў і прыдуць да пагаднення. Прафсаюз настаўнікаў заявіў, што іх сродкаў хопіць, каб трымаць страйк на працягу двух месяцаў.
Страйк афіцыйна пачаўся 2 красавіка .
Паводле сайтаў pressofAtlanticCity.com, demotix.com