Вадзім Жылко
Лунінец – райцэнтр на самым усходзе Брэсцкай вобласці, найперш вядомы як чыгуначны вузел і «сталіца» клубнічнага краю. Што датычыцца сферы адукацыі, то ў райцэнтры чатыры агульнаадукацыйныя школы, адзін ліцэй, два прафесійна-тэхнічныя каледжы (політэхнічны і сельгасвытворчасці). А яшчэ – некалькі дзіцячых садоў, Цэнтр дзіцячай творчасці, дзве дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, цэнтр карэкцыйнага развіцця. Не забудземся таксама пра не адзін дзясятак сельскіх школ і пра горад Мікашэвічы, які належыць да Лунінецкага раёна і ў якім маюцца тры школы і гімназія. Так ці інакш, а ў сферы адукацыі Лунінеччыны працуе не адна сотня людзей.
Вырашылі правесці сярод жыхароў Лунінца невялікае апытанне на тэму: «Як вы ставіцеся да прафесіі настаўніка?» Пры гэтым не патрабавалі ад «рэспандэнтаў» абавязкова называць сябе, што, мабыць, толькі дадало іх выказванням непасрэднасці і шчырасці. Вось некаторыя меркаванні.
- У гады маёй маладосці для нас, школьнікаў, настаўнік быў нейкай «незямною істотай», якая заўсёды павінна паступаць правільна, якая ведае адказы на ўсе пытанні... А ўжо дырэктар школы – гэта наогул быў аўтарытэт. Яго і баяліся, і паважалі адначасова. Вядома, гэта было ўжо даўно, у шасцідзесятыя гады. Цяпер, па-мойму, прафесія гэтая прыкметна змянілася не ў лепшы бок. Часам я бачу, як паводзяць сябе некаторыя настаўнікі, – і можна толькі дзівіцца, чаму яны здольныя навучыць дзяцей.
- Я сама атрымала не так даўно педагагічную адукацыю – не вышэйшую, а сярэднюю спецыяльную, скончыла педкаледж. Але, калі шчыра, амаль адразу зразумела, што школа – гэта не маё. І ў матэрыяльным плане, і ў плане нагрузак, і ў сэнсе павагі людзей да гэтай прафесіі. Таму паступіла сумленна – не стала «пудрыць мазгі» ні сабе, ні дзецям. Цяпер працую ў іншай сферы. І зарабляю пабольш, чым было б у школе.
- Вельмі многае залежыць ад канкрэтнай асобы педагога. Для мяне ў свой час вялікім аўтарытэтам была наша настаўніца хіміі з СШ №1 Таццяна Васільеўна Казлова. Яна не толькі падрыхтавала шмат прызёраў алімпіяд рознага ўзроўню, але і была нам старэйшым сябрам. Цяпер, як і раней, таксама ёсць такія настаўнікі, якія могуць зацікавіць дзіця, захапіць яго працэсам вучобы, якія з’яўляюцца прыкладам для дзяцей. А яшчэ хачу сказаць, што цяперашнія дзеткі – далёка не падарунак. Хтосьці кажа, што яны больш разняволеныя, больш «прасунутыя». Гэта добра, вось толькі каб не пераходзіла ва ўсёдазволенасць, а такое, на жаль, часта бывае.
- Мае дзеці вучацца ў СШ № 2 г.Лунінца. Я лічу, што там добрых настаўнікаў хапае, асабліва сярод тых, хто старэйшы. Мая дачка казала, што ёй падабаецца, як вядзе ўрокі настаўнік геаграфіі Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў. Ён заўсёды разам са сваімі вучнямі заняты ў пазакласных мерапрыемствах, напрыклад, у КВЗ. А маладыя педагогі не заўсёды яшчэ могуць знайсці сваё месца ў школе. Некаторыя сыходзяць, а некаторыя паступова «прыціраюцца» да калектыву і атмасферы – у горшым сэнсе слова.
- Настаўнікаў нашы чыноўнікі-начальнікі пастараліся ператварыць у выканаўцаў указанняў зверху. І ў іх гэта, увогуле кажучы, атрымалася. На выбарах, як паглядзіш, так камісіі складаюцца больш чым напалову з педагогаў. Хіба яны не разумеюць, у чым удзельнічаюць? Робяць выгляд, што іх гэта не тычыцца. А як яны потым могуць нешта казаць дзецям аб маральнасці і справядлівасці? Для мяне гэта вялікая загадка.
Настаўнік – погляд збоку
11.07.2013



