Вадзім Жылко
Геаграфія, хоць фармальна да гуманітарных дысцыплін не належыць, але ж істотна ўплывае на фарміраванне паўнавартаснай асобы чалавека і грамадзяніна. Ды і пра агульную адукаванасць забываць не трэба. З другога боку, ці ўсе гэта разумеюць? Яшчэ класічны Мітрафанушка чуў парады не вучыць геаграфію, бо рамізнікі адвязуць, куды трэба. У XXI стагоддзі, пэўна, ролю рамізнікаў выконваюць навігатары. Як з той жыхаркай Бельгіі, што паехала ў суседні горад, а ў выніку апынулася ў Харватыі, перасёкшы палову Еўропы. Даверылася тэхніцы, што называецца…
Жарты жартамі, а мы вырашылі больш сур’ёзна паразважаць аб становішчы геаграфіі ў беларускіх школах з педагогам, які аддаў выкладанню гэтага прадмета трыццаць гадоў жыцця. Мой суразмоўца – выкладчык сярэдняй школы №2 горада Лунінца (Брэсцкая вобласць) Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў. Дарэчы, ён уваходзіць у склад творчай абласной групы настаўнікаў геаграфіі, якая пару гадоў таму стварыла «Атлас Брэсцкай вобласці», распрацоўвае разнастайныя практычныя і алімпіядныя заданні. Як кажуць, праблему ведае з усіх бакоў.
- Аляксандр Пятровіч, давайце спачатку нагадаем, у якіх класах выкладаецца цяпер геаграфія.
- З шостага па адзінаццаты. У шостым і сёмым класах выкладаюць, так бы мовіць, пачатковы курс, даюць у тым ліку агульныя веды па картаграфіі, па абалонках планеты (атмасферы, літасферы, гідрасферы і г.д.), распавядаюць пра гісторыю геаграфічных адкрыццяў. У 8–9 класах вывучаецца гісторыя матэрыкоў, тут ў аснову пакладзены краіназнаўчы прынцып. У 10 класе вучні вывучаюць геаграфію Беларусі, а 11 клас адведзены пад агульны курс, які фактычна ўяўляе сабой паўтарэнне раней пройдзенага. Дарэчы, я б пры магчымасці падзяліў курс 11-га класа на тры накірункі: эканамічны, экалагічны і ўласна паўтарэнне.
У асноўным пад геаграфію адводзіцца адна гадзіна ў тыдзень (у восьмым і дзясятым класах – па дзве гадзіны). Дадам яшчэ, што ў пятым класе вывучаецца прадмет «Чалавек і свет», які распавядае пра разнастайныя аспекты прыроды. Мне даводзіцца выкладаць і яго: прадмет вельмі цікавы, але патрабуе ад настаўніка шмат працы.
- Чаму геаграфія, скажам прама, адносіцца цяпер да «непрэстыжных» прадметаў? Ці шмат хто абірае яе для здачы на выпускных экзаменах або на ЦТ?
- У маёй практыцы – пару чалавек, і то не кожны год. Геаграфію ўлічваюць мала ў якіх ВНУ, апрача досыць спецыфічных (геаграфічныя факультэты, прафесіі, звязаныя з геадэзіяй, геалогіяй і г.д.). З іншага боку, цяпер пашыраецца колькасць ВНУ, дзе рыхтуюць спецыялістаў па турызме, па міжнародных адносінах, а там жа без геаграфіі немагчыма.
- Ці ёсць зацікаўленасць прадметам у вучняў у больш раннім узросце, калі яны яшчэ не думаюць пра паступленне ды пра ЦТ?
- Так. Шостыя-восьмыя класы звычайна цікавяцца геаграфіяй. Я на занятках імкнуся скарыстоўваць або рэкамендаваць для самастойнага знаёмства прыгодніцкую мастацкую літаратуру, фільмы. Напрыклад, ідзе гаворка пра амерыканскіх індзейцаў – як тут не згадаць творы Фенімора Купера або Майн Рыда? Ці пра Карыбскае мора – вось вам і тыя ж кінастужкі пра піратаў... Канешне, не ўсе, але ёсць такія вучні, хто з цікавасцю чытае прапанаваныя кнігі. Я распрацаваў шэраг гульняў і віктарын, якія таксама скарыстоўваю ў працы.
Пазней, на жаль, інтарэс ў многіх вучняў губляецца. Цікава, што калі ў дзясятым класе геаграфію Беларусі выкладаю па-беларуску, дык некаторыя нават просяць перакласці на рускую мову. Маўляў, не разумеем.
Колькасць гадзін на тыя ці іншыя тэмы не заўжды прадуманая. На вывучэнне нашай Брэсцкай вобласці адведзена ўсяго гадзіна, а матэрыялаў у мяне сабрана на 7–8 гадзін. Даводзіцца браць час ад іншых тэм.
- А родны край, свой раён вучні вывучаюць?
- Так, вывучаюць. Ёсць нават практычная работа па вывучэнню прыроды і гаспадарчай дзейнасці Лунінеччыны. З родным краем знаёмім вучняў увесь час. Напрыклад, у канцы шостага класа выходзім на экскурсію на водны аб’ект. Ды і ўвогуле часта ходзім з вучнямі, найперш пятых-шостых класаў, на экскурсіі ў лес, на прыроду.
- І на мясцовасці вучыцеся арыентавацца?
- На тапаграфію ў школьным курсе адведзена вельмі няшмат часу ў шостым і адзінаццатым класах. Дарэчы, я заўсёды арыентую вучняў на веданне карты, вучань павінен паказаць тыя геаграфічныя аб’екты, пра якія ідзе гаворка. Раней ў шостым класе на картаграфію адводзілася каля 15 гадзін, цяпер ўдвая меней. У свой час каардынаты і маштабы вывучалі спачатку на ўроках матэматыцы, а ужо потым – геаграфіі. Цяпер, на жаль, наадварот. У нас на гэта гадзіна, а на матэматыцы – 6–7 гадзін. І настаўнікі матэматыкі часам папракаюць: чаму ж яны там навучыліся ў вас, калі на маіх уроках даводзіцца зноўку ўсё пачынаць?!
- У геаграфіі хапае ж міжпрадметных сувязяў?
- На мой погляд, як ў ніводнага іншага прадмета. Ад хіміі і матэматыкі з астраноміяй да гісторыі. Астраномію звычайна часцей выкладаюць фізікі, але мне даводзілася выкладаць і яе. Дадам яшчэ, што геаграфія па меры магчымасцяў дапамагае фарміраваць у вучня правільнае стаўленне, напрыклад, да экалагічных праблем, да міжнацыянальных і міжрасавых адносін…
- Якія, так бы мовіць, «накірункі» ў геаграфіі даюцца дзецям цяжэй?
- З цікавасцю і даволі лёгка разумеюць тэмы пра насельніцтва краін, пра прыродныя зоны. Цяжэй даюцца эканоміка, клімат, геалогія…
- А экалогія?
- Я імкнуся яе звязваць з практыкай. Удзельнічаем ў розных экалагічных праектах, супрацоўнічаем з грамадскім аб’яднаннем «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У мінулым годзе летам вучні 9–10 класаў вывучылі і апісалі стан каля 200 калодзежаў у Лунінцы. З навучэнцамі мы ачысцілі ад бруду адзін з мясцовых вадаёмаў.
- У свой час Вы доўга працавалі ў сельскай школе. Як адрозніваюцца вясковыя і гарадскія школьнікі?
- Вяскоўцы ўсё ж больш старанныя, звыклыя да працы. У мяне ніколі не было праблем, каб падрыхтаваць нейкае пазакласнае мерапрыемства. У гарадской школе вучняў больш, але і праблем таксама…
- Вы з аптымізмам ці з песімізмам глядзіце на будучае геаграфіі ў школе?
- Мне пашчасціла працаваць разам з вельмі творчымі і крэатыўнымі калегамі, і я лічу, што геаграфія ўсё ж будзе займаць належнае месца між іншымі дысцыплінамі. Дарэчы, на настаўніках геаграфіі ў школе часта «трымаюцца» турысцкія паходы, розныя экскурсіі і паездкі. Нярэдка гэтыя педагогі вядуць краязнаўчыя і фотагурткі. Некаторыя выкладаюць яшчэ і біялогію, таму дагледжваюць школьныя кветнікі. У геаграфіі, па маіх падліках, дастаткова вялікі працэнт педагогаў-мужчын. Калі сыйдуць яны са школы, тая шмат што страціць. Хаця, на жаль, маладыя педагогі не заўжды затрымліваюцца тут. Не належная аплата працы, не той энтузіязм, што быў калісьці. Але адданых «патрыётаў» свайго прадмету ўсё ж яшчэ хапае.
- Што ж, поспехаў. Навігатары навігатарамі, а без геаграфіі нам будзе цяжка…
Геаграфія ў часы навігатараў
01.08.2013



