Рэпетытарства: развагі «дылетанта»

14.08.2013

Вадзім Жылко

Праблему рэпетытарства ўжо не аднойчы абмяркоўвалі прафесійныя педагогі, да якіх аўтар гэтых радкоў сябе не адносіць: нягледзячы на адпаведную адукацыю, у жыцці больш даводзілася займацца іншымі справамі. Але журналіст, як і кожны чалавек, жыве ў грамадстве, пастаянна сутыкаецца з ацэнкамі тых ці іншых з’яў, чуе ад суразмоўцаў довады як «за», так і «супраць». У тым ліку за і супраць рэпетытарства. У выніку гэты матэрыял я вырашыў падзяліць на дзве умоўныя часткі: спачатку выкласці ў абагуленым выглядзе меркаванні на карысць рэпетытарства, а потым – наадварот. Такі вось атрымаўся «ўмоўны дыялог». А тое, што прыводзяцца разважанні не прафесіяналаў, а бацькоў ды іншых «дылетантаў», можа, і да лепшага, бо часам асобныя аспекты праблемы лягчэй разгледзець збоку…


I



Рэпетытарства – гэта не вынаходніцтва сённяшняга часу. Пачытайце творы класікаў, дзе згадваецца, як гадоў сто ці дзвесце назад юныя гімназісты-рэалісты і іншыя дваранскія сыны карысталіся паслугамі прадстаўнікоў гэтага шаноўнага рамяства, каб падрыхтавацца, скажам, да паступлення ва ўніверсітэт. Вядома, у тыя часы рэпетытары маглі называцца інакш – «хатні настаўнік», «гувернёр» і да т.п., але сутнасці справы гэта не мяняе. І не толькі багатыя сям’і набіралі рэпетытараў для сваіх дзяцей... Выхадцы з бедных слаёў, што імкнуліся да ведаў, але ў якіх не было сродкаў для наведвання школы, таксама стараліся знайсці сабе настаўніка-надомніка. Гэтым жа рамяством, дарэчы, часцяком зараблялі на жыццё небагатыя студэнты, ніколькі не саромеючыся падобнага занятку...



У наш час рэпетытарства таксама папулярнае. Падатковыя службы нават увялі для рэпетытараў спрошчаны парадак рэгістрацыі – без неабходнасці станавіцца на ўлік у якасці ІП. Хтосьці так і паступіў, хтосьці працуе «нелегальна», праз знаёмых, але сутнасць справы ў тым, што дадзены рынак паслуг пастаянна запатрабаваны.



А як жа інакш? Цяперашнія школьныя праграмы непараўнальныя нават з тымі, што былі ўсяго 10–20 гадоў таму. Надышла інфармацыйная эпоха, і нічога тут не паробіш. А здольнасці ж у кожнага дзіцяці розныя, і шмат каму вельмі няпроста засвойваць веды без дадатковых заняткаў. Асабліва ўзрастаюць «стаўкі», калі не за гарамі паступленне ў ВНУ. Паглядзіце на ўзровень тых жа тэстаў ЦТ: самі педагогі далёка не заўсёды здольныя набраць неабходную колькасць балаў! Таму ў любым выпадку неабходна па магчымасці забяспечыць свайму дзіцяці надзейны «тыл», зрабіць усё, што ад вас залежыць, каб сын ці дачка здолелі рэалізаваць сваю мару. Інакш кажучы, не варта аддаваць справу на волю выпадку.



Заняткі з рэпетытарам спрыяюць больш поўнаму засваенню і паўтору ведаў, іх сістэматызацыі, да таго ж дадаткова дысцыплінуюць будучага абітурыента. Вядома, шмат што залежыць ад яго жадання і працаздольнасці, але справа гонару для бацькоў – забяспечыць яму рэпетытара, калі такая патрэба ёсць. А як паказвае вопыт, яна ёсць у пераважнай большасці выпадкаў. Што рабіць, калі сярэдні ўзровень нашай адукацыі ў сілу розных прычын не занадта высокі? Але ж жыццё ў вашага дзіцяці адно, і трэба дапамагчы яму пражыць яго паўнавартасна…



II



Зірнем на «адваротны бок» праблемы…



«Маёй дачцэ або сыну патрэбны рэпетытар», – часта кажуць бацькі. Прычым гэтая неабходнасць, аказваецца, узнікае нават у пачатковай школе (!).



Яшчэ бацькоўскі довад: «У школе нічому не вучаць, настаўнікам абы час адбыць». Аднак, выступаючы супроць сябе ж, гэтых «не настаўнікаў» чамусьці просяць асобна займацца з дзецьмі. Дзе ж логіка?



Самі бацькі навязваюць сваё меркаванне дзецям: пра няпаўнавартаснасць школьнага навучання, пра цяжкасці праграмы, пра тое, што паступленне магчыма толькі пасля дадатковых заняткаў, прычым платных. Такія паводзіны можна растлумачыць жаданнем бацькоў чарговы раз дагадзіць дзіцяці і выказаць свой клопат і любоў. І, вядома, адыгрывае ролю залежнасць ад меркавання навакольных, у некаторых выпадках – даніна своеасаблівай модзе.



Між тым шмат хто слушна лічыць, што ў пачатковай школе пры падрыхтоўцы ўрокаў цалкам дастаткова дапамогі мамы ці таты. Патрабуецца толькі аддаць дзіцяці больш часу, растлумачыць важнасць урокаў і заданняў, а не стымуляваць сваё дзіця за іх выкананне грашыма ці іншымі падарункамі альбо ўскладаць ўсе абавязкі на рэпетытара.



У старэйшых класах рашэнне пра колькасць заняткаў і пра ўзровень падрыхтоўкі ўжо можа прымаць сам школьнік. Толькі ён ведае, у які час яму лепш вучыць матэрыял, як зручней запамінаць інфармацыю, як выпрацаваць для сябе ўласную «сістэму». З рэпетытарам жа школьнік вымушаны займацца строга па графіку педагога.



Атрымліваецца, што бацькі вольна або міжволі прыніжаюць самаацэнку дзіцяці: маўляў, сам нічога не зможаш зрабіць, табе дапаможа толькі рэпетытар. Але ж у юныя гады так неабходна падбадзёрванне і маральнае заахвочванне з боку блізкіх людзей! Калі ж дзіця проста лянуецца, то ніякае колькасць рэпетытараў яму не дапаможа.



Акрамя таго, наяўнасць рэпетытараў мае псіхалагічны фактар, які ўплывае над дзяцей. Пасля няўдачы на ўступных іспытах яны абавязкова пачуюць ад бацькоў некалькі фраз пра час, выдаткаваны марна, пра страчаныя сродкі і, вядома, зноў-такі пра некампетэнтнасць настаўнікаў – для апраўдання саміх сябе.



Наш час дыктуе свае ўмовы. Развіваецца не толькі ўсе вакол, але і мы. Вучыцца добра нішто не перашкаджае. Наадварот, колькасць інфармацыйных патокаў бязмежна: Інтэрнэт з шматлікімі электроннымі бібліятэкамі, навучальныя дыскі, разнастайнасць і даступнасць літаратуры, падручнікаў. Такі што ўсё ў вашых руках, толькі адважцеся!