Вадзім Жылко
У свой час яшчэ Макаранка з сумам згадваў, як ягоныя незычліўцы з ліку «чынавенства ад педагогікі» катэгарычна выступалі супраць нават мінімальных грашовых заробкаў ці прэмій для выхаванцаў калоніі: маўляў, грошы – ад нячысціка, яны несумяшчальныя з выхаваннем дзіцяці, распальваюць уласніцкія інстынкты ды хцівую канкурэнцыю паміж навучэнцамі…
Часы цяпер зусім іншыя, грошы для нашага грамадства сталі ці не найгалоўнейшым сімвалам паспяховасці, але наколькі прысутнічае гэтая тэматыка ў сістэме беларускай сярэдняй адукацыі? Вось жа ў суседніх краінах (Расія, Украіна…) усё актыўней прапагандуецца і пашыраецца такі прадмет, як «Фінансавая пісьменнасць». У Беларусі ў гэтым кірунку таксама вядзецца пэўная праца. Але пра тое мы пагаворым трохі пазней, а пакуль дамо слова бацькам, якіх папросім адказаць на пытанне: ці патрэбна даваць грошы дзецям, асабліва ў малодшых класах?
* * *
Мая суразмоўца Таццяна, медык па адукацыі, маці трох дзяцей – рашучая прыхільніца «дзіцячых фінансаў»:
- Не проста патрэбна, а неабходна! Скажыце, калі ласка, вы сябе камфортна адчуваеце, не маючы ні рубля ў кашальку? Нават невялікія «кішэнныя» грошы дазваляюць нам весці сябе больш упэўнена. Выдаткі ж бываюць як планавыя, так і непрадказальныя. Тое самае – і ў нашых дзяцей. Новыя ручкі, сшыткі, маркеры, файлы ім патрэбныя напэўна! Ды і булачку таксама купіць хочацца! Вы скажаце, што канцтавары купяць бацькі, а булачку можна ўзяць з дому... Пакуль дзіця маленькае, гэты нумар яшчэ пройдзе. Але ўявіце сабе падлетка, які крочыць з мамай у краму, каб купіць новы цыркуль. Смешна? Але калі гэты падлетак вырасце, яго бацькам часам бывае не да смеху. Грошы ў яго не затрымліваюцца. Ледзь атрымаўшы заробак, бяжыць у краму, каб патраціць. Чалавек нарэшце здабыў свабоду, трымае ў руках «свае» грошы і можа купляць тое, што яму падабаецца! Але здараецца, што ашалелы ад радасці пакупнік не арыентуецца ні ў коштах, ні ў якасці тавару. А потым да наступнай зарплаты сядзіць на шыі ў бацькоў... Нас калісьці выхоўвалі на прынцыпах «Не ў грошах шчасце», «Сумленным шляхам вялікія грошы не заробіш», «Грошай павінна быць столькі, каб на хлеб хапала». А што рабіць, калі чалавек любіць бутэрброды не з маслам, а з ікрой, напрыклад?! Так што нашым дзецям пашанцавала больш. Яны разумеюць, што без грошай далёка не паедзеш. Смела давайце грошы сынам і дочкам. «Кішэнная» сума няхай залежыць як ад дабрабыту сям’і, так і ад характару дзіцяці. Калі вы ведаеце, што ваша дзіця раскідваецца грашыма, навошта даваць яму шмат? А калі дзіця разумна вядзе свой «бюджэт», можна і расшчодрыцца!
* * *
Супрацьлеглае меркаванне ў другога суразмоўцы, Віктара Пятровіча, у чыёй сям’і двое дзяцей. Уласна кажучы, ён супраць не столькі грошай для дзяцей, як «пабочных эфектаў» гэтай з’явы:
- Даваць дзецям грошы, магчыма, і варта, калі б бацькі пры гэтым мелі пачуццё меры. Але яно ў частцы тат і матуль адсутнічае поўнасцю. Яны кіруюцца не рэальнымі патрэбамі свайго дзіцяці ў «фінансах», а ўласнай ганарыстасцю, жаданнем пусціць пыл у вочы іншым бацькам і іх дзецям. Рэч не толькі ў колькасці «кішэнных» грошай, але і ў пакупцы для дачок і сыноў дарагога адзення, «наварочаных» мабільнікаў (пачынаючы ці не з дзіцячага саду) і іншых «цацак»… Вольна або міжвольна, але ў дзецях фарміруецца такім чынам пачуццё зайздрасці да больш заможных ці, наадварот, комплекс «перавагі» над астатнімі. Прыкладна тое ж часта працягваецца і пасля заканчэння школы. Паглядзіце, колькі маладых людзей, якія не зарабілі ўласнымі рукамі і галавой у жыцці яшчэ ніводнага рубля, «наразае» па вуліцах на дарагіх машынах? Адкуль у іх аўтамабілі? Бацькі з сіл выбіліся, але купілі... А вось яшчэ адна сумнеўная «вынаходка» некаторых бацькоў – плата дзецям за добрыя ацэнкі і іншыя школьныя поспехі, за дапамогу па гаспадарцы ды інш. Дзіця з малых гадоў прывучаецца да думкі, што нічога не абавязана рабіць бясплатна. Адсюль недалёка і да прамога выстаўлення прэйскуранту: за гэта вы мне заплаціце столькі, за гэта – яшчэ столькі… А што будзе далей, калі ваша дзіця стане дарослым? Ці здольнае яно будзе на бескарыслівыя ўчынкі ў адносінах да састарэлых бацькоў?
* * *
Як бачым, пытанне «Даваць дзецям грошы ці не?» можна разглядаць па-рознаму. Але калі ўсё ж такі грошы ў дзяцей ёсць, як прасцей навучыць іх правільнаму планаванню свайго «бюджэту», той самай фінансавай пісьменнасці, якую мы ўжо згадвалі? Дарэчы, спецыялісты вызначаюць фінансавую пісьменнасць як дастатковы ўзровень ведаў і навыкаў у галіне фінансаў, што дазваляе правільна ацэньваць сітуацыю на рынку і прымаць разумныя рашэнні. Быць фінансава пісьменным – значыць пісьменна кіраваць сваімі грашовымі сродкамі, весці ўлік прыбыткаў і выдаткаў, пазбягаць залішняй запазычанасці, планаваць асабісты бюджэт, ствараць зберажэнні, арыентавацца ў паслугах, прапанаваных фінансавымі інстытутамі, выкарыстоўваць назапашвальныя і страхавыя інструменты.
Гэта, так бы мовіць, тэорыя, а вось некаторыя факты з жыцця суседніх краін.
* * *
Нацыянальны банк Украіны гэтым летам праводзіў выкладанне асноў фінансавай пісьменнасці ў дзіцячых лагерах адпачынку ва ўсіх рэгіёнах краіны – у адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па павышэнню ўзроўню фінансавай пісьменнасці насельніцтва Украіны на 2013 год. Цыкл заняткаў быў распрацаваны на аснове курсаў «Фінансавая пісьменнасць» і «Фінансавае выхаванне». У якасці выкладчыкаў выступалі пераважна валанцёры шэрагу грамадскіх арганізацый, якія атрымалі адпаведную падрыхтоўку. Дарэчы, ва ўкраінскіх школах цяпер выкладаюцца эксперыментальны курс «Фінансавая пісьменнасць» (у 10 класах) і факультатыўны курса «Фінансавае выхаванне» (у 7–8 класах). Частка асветніцкіх праектаў ахоплівае і дарослых. Напрыклад, да канца года будуць праведзены Усеўкраінскі тыдзень фінансавай пісьменнасці і Сусветны дзень зберажэнняў у Украіне.
У Расіі ў эксперыментальным рэжыме школьнікі пяці рэгіёнаў пачынаюць вывучаць новы прадмет «Фінансавая пісьменнасць». Праект рэалізуецца па ініцыятыве Міністэрства фінансаў Расіі для 1–11 класаў. Як сведчаць расійскія СМІ, у рамках курсу школьнікаў навучаць, у прыватнасці, планаваць бюджэт: спачатку ў гульнявой форме, а затым пры дапамозе лекцый. Плануецца правесці апрабацыю 30 відаў падручнікаў і курсаў.
Абавязковым школьным прадметам «Фінансавая пісьменнасць» можа стаць у 2018 годзе.
Калі прааналізаваць выказванні на гэтую тэму, то лёгка заўважыць, што «Фінансавая пісьменнасць» настойліва «піярыцца» і лабіруецца найперш банкамі і іншымі фінансавымі арганізацыямі – як расійскімі, так і міжнароднымі. Прычым не столькі нават «банкірамі-практыкамі», колькі навукоўцамі ды іншымі «экспертамі» ў дадзенай галіне. Тон аргументаў часта безапеляцыйны. Вось што заявіў, напрыклад, віцэ-прэзідэнт банка «Стройкредит» Раман Марозаў: «Урокі фінансавай пісьменнасці нашмат больш карысныя, чым шэраг іншых прадметаў з дзеючай школьнай праграмы. Узяць хоць бы «Навакольны свет», які набіў аскоміну многім бацькам. Адназначна, у школьнай праграме шмат «бескарысных» гадзін, якія можна аддаць на карысць фінансавай пісьменнасці».
Што праўда, нават апалагеты новай школьнай дысцыпліны прызнаюць наяўнасць праблем з кадрамі выкладчыкаў. Вядома ж, прафесійныя фінансісты займацца такой працай бясплатна або за настаўніцкую зарплату не пойдуць. Таму арганізатары збіраюцца навучыць выкладанню частку школьных настаўнікаў, устанавіўшы ім пэўную надбаўку да заробку, а таксама падрыхтаваць спецыяльных выкладчыкаў за кошт рэгіянальных і федэральнага бюджэтаў.
Апаненты абавязковага выкладання «Фінансавай пісьменнасці» ў расійскіх школах сцвярджаюць, што прадмет гэты штучны і наўрад ці патрэбны вучням усіх 1–11 класаў. Але, відаць, з новага праекта могуць добра скарыстацца распрацоўшчыкі разнастайных праграм, курсаў ды падручнікаў. Тут і гранты, і іншыя грашовыя заахвочванні. Грошы ж укідваюцца немалыя: яшчэ ў 2010 годзе Мінфін Расіі пры ўдзеле Расспажыўнагляду запусціў праект па павышэнні фінансавай пісьменнасці насельніцтва Расіі, яго кошт склаў 110 мільёнаў долараў. Пры гэтым 25 мільёнаў вылучыў Сусветны банк.
Свой унёсак у фінансавую адукацыю расійскай моладзі па тых ці іншых прычынах імкнуцца зрабіць самыя разнастайныя структуры. Напрыклад, міжнародная арганізацыя моладзевага лідарства AIESEC ужо пяць гадоў рэалізуе праект «Фінансавая пісьменнасць моладзі»: 120 замежных маладых спецыялістаў правялі больш за 100 семінараў і майстар-класаў для расійскіх школьнікаў і студэнтаў у 15 гарадах Расіі. У адукацыйную праграму для школьнікаў ўваходзілі такія тэмы, як «Значэнне грошай», «Банкаўскія паслугі: пластыкавыя карты, крэдыты, іпатэка», «Падатковая сістэма», «Пенсійнае забеспячэнне», «Зберажэнні і інвестыцыі», «Абарона правоў спажыўцоў», «Страхавая абарона», «Асабістае фінансавае планаванне». Як засведчылі арганізатары, усе заняткі праходзілі ў інтэрактыўнай форме, а выніковымі мерапрыемствамі сталі спецыяльна распрацаваныя трэнінгі і дзелавыя гульні для школьнікаў і студэнтаў таго ці іншага горада.
* * *
Што тычыцца Беларусі, то тут у мінулым навучальным годзе па ініцыятыве некамерцыйнай Міжнароднай арганізацыі фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі (Children Youth Finance International) упершыню быў праведзены Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі. Прайшоў цэлы Тыдзень фінансавай пісьменнасці. У рамках яго было запланавана шмат адкрытых урокаў, гадзін інфармавання, а таксама заняткаў з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Згодна з рэкамендацыямі Нацыянальнага банка да інфармацыйнай кампаніі падключыўся шэраг беларускіх банкаў, у тым ліку іх структуры ў рэгіёнах. Як гэта адбывалася, засведчылі рэгіянальныя і іншыя СМІ. Напрыклад: «Супрацоўнікі аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк» дапамаглі маладым людзям вывучыць правілы фінансавых паводзінаў, больш даведацца пра тое, як зарабляюцца, трацяцца і зберагаюцца грошы, якія існуюць магчымасці атрымання прыбытку, як навучыцца прымаць правільныя фінансавыя рашэнні, як разумнае стаўленне да грошай спрыяе рэалізацыі планаў і забеспячэнню фінансавай бяспекі і дабрабыту». Адчуваеце, як прыгожа гучыць? Вядома ж, банкаўскія работнікі не забыліся і пра ўласныя інтарэсы: «Акрамя прэзентацыі асноў фінансавай пісьменнасці, былі праведзены мерапрыемствы па прасоўванні такіх банкаўскіх прадуктаў, як «Дзіцячая картка», ўклад «Расці вялікі!», крэдыт «Студэнцкі», SМS-банкінг, інтэрнэт-банкінг і інш.» Зразумела, «да навучальных заняткаў праяўлялі цікавасць не толькі вучні, але і настаўнікі, і ўсім жадаючым была прадастаўлена кансультацыі».
* * *
Прыхільнікі выкладання «Фінансавай пісьменнасці» выказваюць нямала высокародных тэзісаў такога кшталту: «У доўгатэрміновай перспектыве ад агульнага ўзроўню фінансавай адукаванасці насельніцтва краіны шмат у чым залежыць яе эканамічнае развіццё. Нізкі ўзровень такіх ведаў прыводзіць да адмоўных наступстваў не толькі для спажыўцоў фінансавых паслуг, але і для дзяржавы, прыватнага сектара і грамадства ў цэлым. І менавіта таму вырашаць гэтую праблему трэба сумеснымі намаганнямі бізнесу, некамерцыйных арганізацый, органаў дзяржаўнай улады і грамадзян».
Хто б спрачаўся? Хаця жыццё паказвае, што часам за школьную парту варта было б пасадзіць не толькі дзяцей, але салідных дзядзяў ды цёцяў пры пасадах, якія таксама не вельмі добра валодаюць навукай кіравання фінансамі. Але не будзем аб сумным… Так ці інакш, але пашырэнне фінансавай адукаванасці ў нашай краіне, у тым ліку ў школьнай сістэме, непазбежнае, бо гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Якія канкрэтна формы прыме фінансавая адукацыя і як будзе спалучацца з нашымі ідэалагічна-прававымі рэаліямі, пакажа час.
Грошы ёсць? Давай «лікбез»!
21.08.2013