Адукацыйны візіт у Эстонію – 2013

04.09.2013

Алена Палейка

У жніўні 2013 года адбыўся другі адукацыйны візіт беларускіх настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў неўрадавых адукацыйных арганізацый у Эстонію па праграме «Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў адукацыі». Пра першы візіт па гэтай праграме ў мінулым годзе вельмі цікава і змястоўна расказала мая калега і сяброўка Наталля Ільініч у серыі артыкулаў «Эстонская адукацыя вачыма беларускага настаўніка». Яна зрабіла вельмі грунтоўнае даследаванне, якое, спадзяёмся, яшчэ зацікавіць наша Міністэрства адукацыі… Дарэчы, калегі, калі вы гэта не чыталі… Вы не ў трэндзе сучасных падыходаў да адукацыі! Вельмі рэкамендую. Я буду рабіць спасылкі на адпаведныя матэрыялы Наталлі, каб не паўтарацца.


Беларуская дэлегацыя ў Таліне каля Нацыянальнай бібліятэкі Эстоніі, дзе знаходзіцца офіс Акадэміі электроннага кіравання. Менавіта адсюль пачалася наша праграма адукацыйнага візіту ў Эстонію.

Што новага адбылося за гэты год?

За 2013 год як у эстонскай, так і ў беларускай адукацыі адбылося шмат значных падзей. У Беларусі вярнуліся да профільнага навучання ў агульнаадукацыйнай школе, распачалі аптымізацыю сістэмы адукацыі (закрыццё вячэрніх і малакамплектных сельскіх школ, павышэнне напаўняльнасці класаў, тарыфных ставак настаўнікам устаноў адукацыі на 25% і нагрузкі з 18 да 20 гадзін, скарачэнне тэрміну навучання на асобных спецыяльнасцях ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і міністэрскага апарату, перагляд функцый навукова-метадычных устаноў, аб’яднанне ў адзін аддзелаў адукацыі, спорту і турызму ў раённых адміністрацыях). За мінулы год мы так і не вярнуліся да выкладання ў сярэдняй школе гісторыі Беларусі на беларускай мове, але (ёсць і добрыя навіны!) адкрылі 10 інавацыйных пляцовак па ўкараненні сучаснай cтратэгіі актыўнага навучання пад назвай «Актыўная Ацэнка» і пашырылі эксперымент па выкарыстанні электроннага журнала ў школе на дзясятак навучальных устаноў. Летам 2013 г. была прынятая Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі Беларусі. Дарэчы, на гэты дакумент яшчэ не вельмі звяртаюць увагу, больш гавораць і пішуць аб аптымізацыі. Насамрэч, прыняцце Канцэпцыі – вельмі наспелы крок, і мы зоймемся яе аналізам у наступных публікацыях.

Змены ў эстонскай адукацыі за 2013 год:

1. Па пытанні мовы: з восені 2013 г. уся вышэйшая адукацыя на эстонскай мове ў краіне стала бясплатнай.

2. Па профілях: з 1 верасня 2013 г. усе гімназіі павінны прапаноўваць навучанне па 3 профілях (адбываецца далейшае паглыбленне і пашырэнне профільнага навучання). Напрыклад, у сталічнай гімназіі Лілекюла з першага класа прапануюцца спорт, мастацтва, тэхналогія, з 10 класа – эканоміка і медыя ў гуманітарнай сферы, прадметы на выбар: медыя, відэа, фатаграфія, робататэхніка. У 11 класе ёсць электронны курс «Вывучэнне блогаў». (Глядзі тут: http://www.lillekyla.edu.ee/index.php/media1/meedia-e-kursus .)

3. Канцэптуальна: прынятая новая стратэгія развіцця адукацыі на 2014 – 2020 гг., у якой адным з галоўных кірункаў з’яўляецца лічбавая культура ў адукацыі (доступ да лічбавай інфраструктуры, інтэграцыя адукацыйных паслуг у іншыя лічбавыя паслугі, лічбавыя кампетэнцыі ды інш.).

4. Методыкі: так званае «актыўнае навучанне» стала абавязковым ва ўсіх навучальных установах краіны.

5. Аптымізацыя па-эстонску: з мая 2013 г. працуе створаны з трох арганізацый новы мэтавы Фонд інфатэхналогій у адукацыі. Раней арганізацыі паасобку займаліся інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыі: адна – у сярэдняй школе, другая – ва ўніверсітэце, трэцяя – забяспечвала якасную электронную інфраструктуру (падключэнне да інтэрнэту, служба бяспекі). Гэта аб’яднанне зроблена для комплекснага бачання адукацыйнага працэсу ад пачатковай школы да ўніверсітэцкіх праграм і, адпаведна, лепшай каардынацыі праектнай дзейнасці ў сферы адукацыі.

Свае ўражанні ад гэтай паездкі я запісала ў выглядзе адказаў на пытанні рэфлексіўнай анкеты для ўдзельнікаў, якую нам прапанавалі арганізатары візіту.

Пытанне анкеты: Ці спраўдзіліся вашыя чаканні ад адукацыйнага візіта ў Эстонію?

Нягледзячы на маю інфармацыйную падрыхтаванасць да візіту, убачанае пераўзышло ўсе мае чаканні. Вельмі маленькая, небагатая на прыродныя рэсурсы халодная паўночная краіна за дваццаць гадоў незалежнасці пасля выхаду са складу СССР стварыла мадэль электроннага грамадства і ператварылася ў экспарцёра інавацыйных тэхналогій. Як гісторыку мне было вельмі цікава даведацца: Чаму менавіта ў Эстоніі адбыўся «інфармацыйны цуд»? І мне здаецца, найперш таму, што гэтыя пав-о-о-о-льныя эстонцы (эх, стэрэатыпы, стэрэатыпы!) больш робяць, чым гавораць. А зрабілі яны нямала! Яны вельмі ганарацца тым, што сталі першай у свеце краінай, дзе: далучылі ўсе школы да інтэрнэту (2005); пачалі выкарыстоўваюць сістэму інтэрнэт-галасавання на агульнанацыянальных выбарах (2005); з 2000 г. функцыянуе электронны ўрад і пасяджэнні кабінета міністраў адбываюцца на беспапяровай аснове. Глядзі і чытай, што такое э-Эстоніяія (электронная Эстонія) тут: http://e-estonia.com, https://nastaunik.eu/news/?id=7044 .


Cябра Рады праўлення Акадэміі электроннага кіравання Івар Тало распавядае пра «празрыстую» (дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям) дзейнасць урада і сапраўдную «электронную дэмакратыю». Фота з русурсу ega.ee .

Пытанне анкеты: Што вас здзівіла больш за ўсё?

Па-першае, што пачаўся ўвесь гэты эстонскі «інфармацыйны цуд» менавіта… са школы. Вельмі ўражвае прагматычны і дальнабачны падыход эліты краіны, якая магла б пачаць… з сябе любай. Уявіце сабе, што яшчэ ў 1996 г. была абвешчана праграма камп’ютарызацыі школ Эстоніі пад амбіцыйнай назвай «Скок тыгра». Колькі ў той час каштаваў камп’ютар? 1000 $! Якая ў той час была зарплата настаўніка? 100 $!!! Камп’ютары прапанавалі настаўнікам у лізінг. Банкі падтрымалі праграму і атрымалі самых дысцыплінаваных платнікаў – настаўнікаў, а настаўнікі (найперш бацькі, у якіх былі свае дзеці) атрымалі камп’ютары. Першыя 4000 разышліся вельмі хутка, і настаўнікі запатрабавалі яшчэ. неабходна было навучыць настаўнікаў (і не толькі іх) карыстацца камп’ютарнымі тэхналогіямі. Дзяржава выдаткавала грошы на інфраструктуру і курсы і атрымала падрыхтаваных да інфармацыйнай рэвалюцыі настаўнікаў. ІТ-кампаніі (у асноўным, прыватны бізнес) стварылі праграмнае забяспячэнне і неабходную інфраструктуру. А далей былі наступныя крокі амбіцыйнага «Тыгра», які працягваў вучыцца, вучыцца і яшчэ раз… Пра праграмы інфарматызацыі Эстоніі можна пачытаць тут: http://www.ega.ee, https://nastaunik.eu/news/?id=7044 .


Настаўніца англійскайй мовы і IT-спецыяліст гімназіі Лілекюла ў Таліне Мэры Сілд знаёміць нас з досведам інфарматызацыі гімназіі з дапамогай прэзентацыі.

Па-другое, здзівіла адсутнасць пачуцця постсавецкасці ў Эстоніі. У любой краіне былога сацыялістычнага лагера яна неяк няўлоўна адчуваецца ў паводзінах, адзенні ды інтанацыях людзей, у архітэктурным абліччы гарадоў і вёсак, марках аўтамабіляў. Склалася ўражанне, што Эстонія не жыве бясконцым вяртаннем да мінулага, асабліва савецкага, яна скіравана ў будучыню. Пры гэтым новая э-Эстонія вельмі гарманічна спалучаецца з традыцыйнай! Мілыя сэрцу старадаўнія Талін і Тарту, дзе подых стагоддзяў на вузкіх, утульных вулачках неяк аддае… Wi-Fi. Шмат людзей на роварах. Старыя актыўна гуляюць, сядзяць у кавярнях… Усе вельмі прыязна рэагуюць на пытанні «руса-турыста», ніякай моўнай дыскрымінацыі мы не адчулі. Моладзь актыўна імкнулася адказваць нам на англійскай мове, сталыя людзі даволі добра на рускай. Увогуле, трэба адзначыць, што свабодна англійскай мовай з нашай дэлегацыі валодаў толькі адзін чалавек – прадстаўніца недзяржаўнай арганізацыі, у адрозненне ад эстонскіх адукацыйных спецыялістаў-паліглотаў. Гэта таксама інфармацыя для роздуму.


Ультрасучасны будынак Талінскага ўніверсітэта.


Сучасна абсталяваная хімічная лабараторыя-клас, дзе будучыя настаўнікі хіміі з гэтага года будуць вучыцца весці ўрокі (Талінскі ўніверсітэт).


Галоўны корпус Тартускага ўніверсітэта, у якім спалучаюцца акадэмічныя традыцыі з інавацыйнымі падыходамі. Цікава, а чый гэта ровар там у адзіноце чакае гаспадара: прафесарскі ці студэнцкі?


У Інстытуце інфарматыкі Тартускага ўніверсітэта лектарка Ане Вілемс актывізуе нас з дапамогай клікераў – электронных прылад для імгненнай зваротнай сувязі падчас міні-курса па праграмаванні. Актыўнае навучанне ў дзеянні! Фота з рэсурсу ega.ee .

Па-трэцяе,здзіўляе адкрытасць эстонцаў. Дзе б мы ні былі: у Міністэрстве адукацыі і навукі, універсітэце ці школе, з намі шчыра дзяліліся сваімі меркаваннямі аб праблемных аспектах інфарматызацыі. А як вам наступныя педагагічныя «пэрліны» з вуснаў міністэрскіх чыноўнікаў: «Навошта прымушаць вучняў сядзець у школе па правілах на ўроку 45 хвілін?», «Школа працуе добра, а палітыкі – дрэнна!», «Як трэба вучыць з першага класа дзіця, якое з пялюшак у інтэрнэце?» і «Што рабіць, калі камп’ютарныя класы ў школе занятыя ўрокамі інфарматыкі?» Гэта нейкі іншы стыль міністэрскага мыслення, які, дарэчы, вельмі імпануе!

IT-саветнік Міністэрства адукацыі і навукі Іаак Антон адзначыў наспелую патрэбу выбудоўвання індывідуальнай траекторыі навучання кожнага вучня, і вылучыў як умовы паспяховасці якасць і мабільнасць адукацыі. Грамадства змянілася, школе трэба таксама мяняцца. Спадар Антон сам фізік па адукацыі, раней займаўся навуковымі даследваннямі космасу, а пасля заканчэння фінансавання праграм фундаментальнай навукі пайшоў у бізнес, стварыў IT-каледж. Саветнік міністэрства лічыць, што больш перспектыўнымі з’яўляюцца невялікія дынамічныя сістэмы, якія прасцей змяніць, у адрозненні ад буйных сістэм. І таму неабходна стварэнне мэтавых фондаў, працуючых па праектнай схеме на прасоўванне новых ідэй. Галоўнае – добрая ідэя, а грошы заўсёды знайдуцца! Тое, што адукацыя павінна разглядацца як вялікі бізнес, нас ужо не вельмі здзівіла, бо ўсюды мы чулі аб партнёрстве дзяржавы, прыватнага бізнесу і няўрадавых арганізацый і бачылі паспяхова зрэалізаваныя праекты.


Сціплы будынак Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі ў Таліне. Дарэчы,у сталіцы знаходзіцца філіял міністэрства, а галоўны офіс змяшчаецца ў Тарту.

Па-чацвёртае, эстонская адукацыя пабудавана на даверы прафесіяналам. Аб гэтым яскрава сведчыць яе антыбюракратычная скіраванасць, бо інфарматызацыя значна спрасціла і зрабіла больш празрыстай не толькі сістэму кіравання школай, але і забяспечыла моцную зваротную сувязь паміж дзецьмі, настаўнікамі, бацькамі, адміністрацыяй. Увогуле, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ўсё больш спрыяюць не іерархічным сістэмам, а сеткавым мадэлям узаемадзеяння, умацоўваюць партнёрскія адносіны, супрацоўніцтва роўных. Пра інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў эстонскай школе можна пачытаць тут: https://nastaunik.eu/news/?id=7133 . Калі ж спытацца пра прынцып адносін да настаўнікаў у нашай краіне «давярай ці правярай?» адказ, вядома ж, будзе – «правярай». Пра гэта кажуць нам інструктыўна-метадычныя лісты, абяцанні розных аўдытаў-праверак з патрабаваннямі павышэння выканаўчай дысцыпліны на фоне павышэння настаўніцкай нагрузкі. Годзе, спадарства, правяраць, трэба давяраць! Бо як можа чалавек, дзейнасць якога рэгламентаваная да самых дробязяў, навучыць іншага чалавека быць самастойным?

Пытанне анкеты: Якая карысць можа быць для вас ад гэтай паездкі?

Па-першае, гэта прыклады паспяховай і гарманічнай кар’еры ў адукацыйнай сферы, бо апошнім часам шмат гавораць пра крызіс у адукацыі, сыход прафесіяналаў у іншыя вобласці і сферы дзейнасці…


Март Лаанперэ пачынаў кар’еру як вясковы настаўнік матэматыкі. Сёлета дырэктар Центра адукацыйных тэхналогій Талінскага ўніверсітэта абараняе доктарскую дысертацыю па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі.

Па-другое, больш «прасунутыя» эстонцы сфармулявалі шмат цікавых адказаў на выклікі новай інфармацыйнай цывілізацыі. Гэта прыклады вырашэння праблем, якія ўжо грукаюць і ў нашыя дзверы: «кліпавае мысленне» і «футурашок», інфармацыйная бяспека ды інтэрнэт-гігіена, абарона аўтарскіх правоў і незаконнае пампаванне дадзеных з інтэрнэту ды іншае. Мы з вамі, у першую чаргу, будзем знаёміцца з цікавым для настаўнікаў досведам, змешчаным у свабодным доступе. Чакайце на адукацыйных сайтах публікацыі пра выжыванне ў медыя-сферы. Паглядзець цікавую інфармацыю можна тут: http://howmediaismade.com/resources.php .

Па-трэцяе, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі робяць настаўніка больш свабодным. Сеткавыя нефармальныя аб’яднанні адукатараў: настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, выхавацелей і студэнтаў працуюць больш эфектыўна, а сеткавыя сервісы кардынальна змяняюць школу.

I
Настаўніца матэматыкі і ІТ-спецыяліст Кесклінаскай Рускай гімназіі Таліна, сертыфікаваны Google-настаўнік Людміла Раждзественская. Фантастычныя рэчы, аб якіх распавядала спадарыня Раждзественская, могуць стаць рэальнасцю. Усё залежыць толькі ад вас. Завітайце ў яе лабараторыю трэнера http://ljudmillar.blogspot.com , а даведацца аб Google-настаўніках можна тут: http://googlerussiablog.blogspot.ru/2012/11/google.html . Фота з рэсурсу ega.ee .

На развітанне: заўсёды карысна паглядзець, як працуюць калегі, і ўбачыць сябе як бы звонку, іншымі вачыма.

Да сустрэчы, сябры. Добрага вам навучальнага года 2013 – 2014!