«Ключавая праблема – асоба настаўніка»

06.09.2013

Вадзім Жылко

Мая сённяшняя суразмоўніца – Лілія Гоман. Вось ужо амаль два дзясяцігоддзі Лілія Канстанцінаўна выкладае гісторыю ў сярэдняй школе №4 горада Лунінца, якую калісьці сама скончыла. Потым была вучоба на гістарычным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, накіраванне ў родны горад. Настаўніца мае вышэйшую катэгорыю, яе навучэнцы не аднойчы былі прызёрамі і пераможцамі раённых і абласных прадметных алімпіяд. Напрыклад, летась заваявалі дыплом першай ступені на абласной алімпіядзе па асновах прававых ведаў і трэцяй ступені – па гісторыі…

Лунінец – не надта вялікі горад, многіх педагогаў тут ведаюць, так бы мовіць, у твар. Таму не аднойчы чуў водгукі і пра Лілію Гоман як пра педагога творчага, таленавітага. Тым больш цікава было спытаць у настаўніцы, як ацэньвае яна сучасны стан гісторыі ў школе? Кожны дзень Лілія Канстанцінаўна мае справу са сваім прадметам, як кажуць, на практыцы, непасрэдна ля школьнай дошкі. Якой бачыцца ёй сітуацыя?

- Пачну з трохі правакацыйнага пытання, аналаг якога не так даўно задаваў вашаму калегу-географу: а ці патрэбна гісторыя цяперашнім вучням?

- Ведаеце, я адкажу вам прыкладам з жыцця. Мая нядаўняя вучаніца Юля некалькі гадоў на абласных алімпіядах па гісторыі займала прызавыя месцы, а ў адзінаццатым класе ўвогуле перамагла і атрымала дыплом першай ступені. Як вядома, гэта пры паступленні адпавядае вышэйшаму балу на ЦТ. Але Юля падарыла дыплом на памяць мне, а на ЦТ паехала здаваць матэматыку ды фізіку – тое, што неабходна было ёй для паступлення ў ВНУ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Дзяўчына выдатна ведала гісторыю (як, дарэчы, і іншыя прадметы), ёй падабаліся ўрокі, у нас з ёю былі добрыя адносіны. І яна проста па-чалавечы не магла мне адмовіць, каб не ўдзельнічаць у раённай, а потым у абласной алімпіядах. Але яна ведала, што пры паступленні гісторыя ёй не спатрэбіцца… Гэта, вядома ж, канкрэтная жыццёвая сітуацыя, але, з іншага боку, дастаткова красамоўная.

- Дазвольце маленькую рэмарку: я як гісторык са свайго не надта багатага педагагічнага вопыту зрабіў калісьці выснову, што ў гуманітарных дысцыплінах больш здатныя вучні, якія займаліся, напрыклад, на фізіка-матэматычным ці хіміка-біялагічным профілях, чым «чыстыя гуманітарыі», тыя ж філолагі. Вы згодныя з такой высновай? Вось жа і ваша Юля добра ведала не толькі гісторыю, але і матэматыку з фізікай…

- Цалкам згодная. Даўно прыкмечана, што поспехі ў дакладных навуках дазваляюць вучню добра арыентавацца і ў гісторыі. Тут жа таксама ёсць свае факты, лічбы, логіка, сувязі паміж падзеямі. І высновы ў гісторыі робяцца таксама дакладныя, а не прыблізныя. Прынамсі, так павінна быць.

- Даводзілася нярэдка чуць ад ужо дарослых людзей, што яны ў школе не любілі гісторыю. Маўляў, трэба было запамінаць шмат дат, фактаў… Ці насамрэч усё цяперашняе выкладанне гісторыі можна звесці да гэтага?

- Выкажу асабістае меркаванне. Каб зразумець сутнасць любой навукі, патрэбна валодаць пэўным наборам базавых паняццяў, тэрмінаў.

- Ведаць «фактуру», так бы мовіць.

- Канешне. Інакш проста нерэальна арыентавацца ў той жа гісторыі. Няма асновы, «базы» – і ўсё нібыта кудысьці «распаўзаецца». Я імкнуся вучыць канкрэтыцы, калі можна так сказаць. Ёсць трохі жартаўлівы выраз: «Вызубры, а потым асэнсуеш». Але, вядома, гэта толькі адзін бок медаля. Патрэбна не проста механічнае запамінанне, а асэнсаванне, разуменне.

- Як змяняецца стаўленне вучняў да гісторыі на працягу школьных гадоў?

- Бачу, што найбольш цікавяцца ёю пяці-сямікласнікі, у восьмым і дзявятым класах цікавасць паніжаецца, у тым ліку з-за агульных узроставых зменаў ў падлетках, а ў дзясятым і адзінаццатым гісторыя мала каму цікавая і патрэбная. Арыентуюцца будучыя абітурыенты на матэматыку, фізіку, у меншай ступені – на мовы, хімію… А гісторыя, як і геаграфія, застаюцца падчаркамі. У лепшым выпадку вучню важная добрая адзнака, каб не знізіць сярэдні бал. А вось яшчэ красамоўны прыклад стаўлення да гісторыі, але ўжо не з вучнёўскага боку. Яшчэ тры гады назад у кожным класе на тыдзень было дзве гадзіны сусветнай гісторыі і адна – гісторыі Беларусі. Цяпер жа ў першым паўгоддзі па дзве гадзіны на тыдзень адведзена на сусветную гісторыю, у другім паўгоддзі столькі ж – на беларускую. Атрымоўваецца, што гадзіны на гісторыю Беларусі захаваліся, а на сусветную зменшыліся ўдвая. Гэта і страты ў гадзінах для настаўніка-прадметніка, і страты ў плане магчымасці нечаму навучыць… Увогуле ж, на мой погляд, сітуацыя са становішчам гісторыі ў школе вельмі далёкая ад аптымістычнай. Хаця ў той ці іншай ступені гэта можна сказаць амаль пра кожны прадмет. На жаль, мы вельмі многае страцілі ў сферы адукацыі. А ў гісторыі гэта назіраецца найбольш відавочна яшчэ і таму, што навуку гэтую ўжо не аднойчы перапісвалі пад нечыя патрэбы.

- Стаўленне грамадства і дзяржавы да гуманітарных навук, вядома ж, вельмі наглядна характарызуе тую ці іншую краіну… Але вернемся да нашай школьнай канкрэтыкі. Лілія Канстанцінаўна, а як Вы ставіцеся да цэнтралізаванага тэставання? Зразумела, што позна спрачацца аб яго патрэбнасці, ды ўсё ж: наколькі магчыма «загнаць» усё гістарычнае багацце ў варыянты тэстаў?

- Загнаць можна, але ці можна праз ЦТ паўнавартасна праверыць веды вучняў? У мяне вялікія сумневы на гэты конт. А яшчэ трэба ж улічваць існаванне розных канцэпцый, розных падручнікаў, калі і высновы могуць быць розныя.

- Чым можна зацікавіць сучасных вучняў? Як павысіць іх матывацыю? Ці ўжываеце Вы нейкія незвычайныя формы заняткаў?

- Я перакананая, што стаўленне вучня да прадмета выпрацоўваецца найперш праз ягонае стаўленне да асобы педагога, які гэты прадмет выкладае. Сутнасць настаўніка найважнейшая і першабаковая… Што тычыцца цікавасці, то сучаснага школьніка вельмі цяжка нечым здзівіць. Напрыклад, летам частка дзяцей бывае ў замежжы, экзатычных краінах. І калі той жа вучань бачыў егіпецкія піраміды ўвачавідкі, а настаўнік сабе такога дазволіць не можа і «знаёміць» клас з імі па малюнках або фільмах, то такая сітуацыя шмат аб чым сведчыць, пагадзіцеся.

- Ці не залішне перанасычаныя школьныя праграмы па гісторыі?

- Тут трэба гаварыць канкрэтна па класах і па гістарычных перыядах. Бывае і пэўны дысбаланс. Напрыклад, раней у шостым класе вывучалі ўсё сярэднявечча, цяпер жа – ранняе і высокае, а ўвесь сёмы клас «заняты» толькі познім сярэднявеччам, гэта нейкія сто гадоў! Яшчэ зазначу, што арыентавацца ў праграмах няпроста, а падручнікі мяняюцца ці не штогод. Часам бачу ў кабінетах, колькі там стаіць «старых» падручнікаў. Навошта такая паспешлівасць? Мабыць, пытанне рытарычнае.

- А якая якасць падручнікаў? Ці дастаткова адаптаваныя яны да дзіцячага ўспрымання?

- Падручнікі больш-менш адпавядаюць свайму прызначэнню, яны ілюстраваныя, змяшчаюць карты, хрэстаматыйныя матэрыялы… Але, паўтаруся, на маю думку, падручнік у сучасных умовах – гэта не галоўнае. Ключавая праблема – асоба настаўніка.

- А якая гісторыя найбольш цікавая дзецям: сусветная ці нацыянальная?

- Ведаеце, відаць, усё ж сусветная, хоць і сумна гэта прызнаваць.

- Ці ёсць нейкая магчымасць у курсе гісторыі Беларусі даваць звесткі пра родны рэгіён вучня? Так бы мовіць, уводзіць пэўныя краязнаўчыя веды?

- Так, у канцы чвэрці звычайна адзін з урокаў мае тэму «Наш край». Нейкія краязнаўчыя матывы маюцца і ў час правядзення турніраў юных гісторыкаў, якія штогод праходзяць у нашым раёне. Здараліся ў маёй практыцы і даследчыя працы вучняў на краязнаўчыя тэмы. Некалькі гадоў таму мы падрыхтавалі калектыўную работу, тэма якой была на мяжы з філалогіяй, – «Дыялекты Лунінецкага раёна». Праца тая стала прызёрам раённай канферэнцыі.

- А як Вы ставіцеся да розных рэфератаў, якія той жа вучань можа лёгка «спампаваць» з інтэрнэту?

- У малодшых і сярэдніх класах ёсць рэкамендацыя іх не практыкаваць, з чым я поўнасцю згодная. Хіба што вучань можа падрыхтаваць паведамленне на адну-дзве хвіліны, скажам, пра тую ці іншую гістарычную асобу. І ў такім выпадку хай карыстаецца інтэрнэтам, чаму б не? У старэйшых класах рэфераты маюць права на існаванне, але калі іх матэрыял перапрацаваны, асэнсаваны вучнем.

- Ці рэальна ўсё ж такі ўзняць інтарэс да гісторыі і іншых гуманітарных навук, павысіць іх прэстыж?

- Мяркую, што гэта немагчыма, пакуль «гуманітарыі» ў грамадстве – я кажу не толькі пра настаўнікаў – будуць адчуваць сваю фінансавую другараднасць. Матэрыяльная незалежнасць у любой прафесіі – гэта вялікая справа, і гісторыя тут не выключэнне. Увогуле ж праблема прэстыжнасці нашай гісторыі і яе выкладання выходзіць далёка за рамкі школы.