Ігар Сасімовіч: Фізічныя законы не такія і складаныя

25.09.2013

З распрацоўкамі Ігара Сасімовіча можна пазнаёміцца на сайце Nastaunik.info ў раздзелах: Фізіка, Інфарматыка, Астраномія, а таксама на старонках яго аўтарскага блогу Настаўнік.

Для Ігара Яўгенавіча Сасімовіча педагогіка – гэта стан душы. Ён увесь час з дзецьмі. Спачатку на ўроках, пасля на факультатывах і дапаўняльных занятках, а затым у віртуальнай прасторы. Ігар Яўгенавіч добрасумленна адказвае на ўсе пытанні сваіх падапечных у межах свайго блога, нават калі проста пытаюцца пра дамашняе заданне. І вось наступае чарговая раніца. Настаўнік спяшаецца ў сваю сярэднюю школу № 3 Глыбокага, каб патлумачыць чарговую фізічную з’яву, праверыць алгарытм па інфарматыцы і паназіраць за актыўнай дзейнасцю сваіх вучняў на ўроку астраноміі. І так на працягу трыццаці гадоў.

Прырода педагагічнай актыўнасці

Нядзіўна, што ў такім напружаным працоўным графіку ледзь знайшлася невялікая “фортка” для размовы з карэспандэнтам Настаўніцкай газеты (мае тэлефонныя званкі ўвесь час заставалі педагога на занятках). Меркавалася, што гаворка пойдзе пра відэапрэзентацыі па фізічным эксперыменце, якія Ігар Яўгенавіч робіць для сваіх навучэнцаў. Але настаўнік аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам, таму гутарка ў выніку атрымалася насычанай і шматграннай.

Пачнём з таго, што прафесіянальнае партфоліа ў Ігара Яўгенавіча ўнушальнае: ён працуе па ўласнай дыдактычнай сістэме, з’яўляецца ўдзельнікам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, на яго рахунку шматлікія перамогі выхаванцаў на розных конкурсах, канферэнцыях і алімпіядах. Акрамя таго, Ігар Яўгенавіч – педагог актыўны і сучасны, таму ўсе дасягненні інфармацыйных тэхналогій выкарыстоўвае ў сваёй жыццёва-педагагічнай дзейнасці.

А прырода такой педагагічнай актыўнасці ў свой час была закладзена бацькамі, якія таксама абралі педагагічны шлях. Яўгеній Паўлавіч Сасімовіч – матэматык, Мая Барысаўна Міцкевіч – фізік і астраном. Дарэчы, брат Ігара Яўгенавіча, Святаслаў Яўгенавіч, таксама настаўнік–фізік. Ды і далей жыццё складвалася так, што ўвесь час трапляліся такія педагогі, якія толькі падагравалі цікавасць да сваёй дзейнасці. Універсітэцкія выкладчыкі – Уладзімір Аляксандравіч Голубеў, Ігар Мікалаевіч Патапаў – помняцца дасюль. Але настаўнік – гэта тая прафесія, якая патрабуе пастаяннага абнаўлення. Пэўны ўплыў на агульнапедагагічныя падыходы і прынцыпы Ігара Яўгенавіча ў свой час аказаў Мікалай Іванавіч Запрудскі.

Цяпер жа, калі за плячыма шмат гадоў працы, няўдачы і поспехі, Ігар Яўгенавіч дзеліцца ўласнымі поглядамі на падыходы і прынцыпы сучаснага навучання.

– З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я шукаў магчымасць знайсці кампраміс: дамагчыся засваення вучнямі абавязковага праграмнага матэрыялу, але пры гэтым не вельмі выходзіць за межы вучэбнага часу. Як аказалася, выкарыстанне розных форм навучання і кантролю разнастайвае і крыху зніжае вастрыню праблемы, але не вырашае яе. Асноўнае значэнне мае толькі ўзровень асэнсавання і ўспрымання вучнямі праграмнага матэрыялу.

Зыходзячы з уласнага вопыту і вопыту калег, пераканаўся, што неправамернае зніжэнне ўзроўню праграмных патрабаванняў да вучня звычайна суправаджаецца цяжкасцямі (часам – катастрафічнымі) пры далейшым яго навучанні. На жаль, пакуль гэта распаўсюджаная ў нас практыка. Развагі тыпу “Ну пастаўце вы яму/ёй тры/чатыры…! Ёй (яму) ваша фізіка/астраномія/інфарматыка больш не спатрэбіцца” даводзілася чуць не толькі ад бацькоў вучняў, але і ад калег. З іншага боку, калі былыя вучні (як мае, так і не мае) пасля звярталіся да мяне па дапамогу з элементарнымі задачамі, калі даводзілася чуць выказванні бацькоў накшталт “Маё дзіця ў школе нічому не навучылі. Ставілі добрыя адзнакі проста так! А цяпер як яму вучыцца?”, то ўзнікала жаданне сумясціць, здавалася б, несумяшчальнае. Сапраўды, няўжо большасць вучняў не здольна засвоіць няхай і няпросты, але абавязковы вучэбны матэрыял?!

Пошук прычын вучэбных няўдач маіх вучняў прывёў да думкі, што важнае значэнне мае настрой самога настаўніка. Калі настаўнік верыць у магчымасці вучня і настроены на давядзенне яго да поспеху, тады і вучань пачынае верыць у сябе і ўсведамляць, што поспех цалкам магчымы. Вядома, адной веры і настрою недастаткова. Патрэбны сур’ёзныя даследаванні, станоўчыя факты і заканамернасці”, – падзяліўся Ігар Яўгенавіч.

Мой суразмоўца не стаў чакаць, пакуль гэта зробяць навукоўцы. Ён, працуючы над уласнай дыдактычнай сістэмай, заняўся гэтым сам. Калі гаварыць коратка і схематычна, то спачатку трэба пазнаёміць вучняў з крытэрыямі засваення матэрыялу, бо кожны вучань мае права ведаць крытэрыі, якімі кіруецца настаўнік пры ацэньванні яго ведаў і ўменняў. Затым неабходна забяспечыць (для кожнага вучня) магчымасць росту па меры дасягнення пэўнага ўзроўню навучанасці. Безумоўна, тут не ідзе гаворка пра тое, што ўсе ў класе змогуць засвоіць матэрыял на максімальна высокім узроўні, але кожны павінен адчуць, што рухаецца наперад. Для поўнага засваення ведаў і развіцця асобы вучня патрабуецца падрыхтоўка адпаведнай сістэмы вучэбных заданняў (тэстаў, практычных і лабараторных работ, творчых праектаў).

– А наогул пры мэтапаляганні педагагічнай дзейнасці настаўніку вынаходзіць нічога не трэба. Дастаткова толькі пазнаёміцца з вынікамі даследаванняў І.Я.Лернера і М.М.Скаткіна, якія ўстанавілі, што пры навучанні падрастаючага пакалення неабходна прадугледзець перадачу наступных чатырох відаў вопыту:

– веды аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, пра мысленне і спосабы дзейнасці;

– уменне ажыццяўляць вядомыя віды дзейнасці;

– уменне ажыццяўляць творчую, пошукавую дзейнасць, якая патрабуе самастойнага прымянення ранейшых ведаў у незнаёмых сітуацыях, фарміравання новых спосабаў дзейнасці на аснове раней асвоеных;

– каштоўнасныя адносіны да аб’ектаў навакольнага свету і сродкаў дзейнасці чалавека (культурнага досведу чалавецтва.

Матэрыяльная адукацыя

Ігар Яўгенавіч – прыхільнік матэрыяльнай адукацыі, якая ў нашай краіне і развіваецца. Але, напрыклад, выкладанне інфарматыкі выклікае ў яго занепакоенасць, бо яна, на яго думку, занадта спрошчаная.

– Мы ў школе вывучаем вельмі простую інфарматыку. Дзеці яе добра засвойваюць, бо арыентуюцца ў сучасных дэвайсах і лёгка могуць імі карыстацца. А вось што да алгарытмізацыі, то тут – тупік. Навукова-тэхнічны прагрэс палегчыў наша жыццё, але, разам з тым, ён адвучыў дзяцей думаць, супастаўляць, аналізаваць, рабіць высновы. Сёння чалавеку непатрэбны алгарытмічныя навыкі. Усё адбываецца на ўзроўні пэўных дзеянняў. Але ёсць спадзяванне, што сітуацыя палепшыцца, бо трапляюцца вучні, якіх цікавіць сам працэс. Сёлета нават сярод сваіх васьмікласнікаў я заўважыў цікавасць да алгарытмізацыі. Канечне, мяне гэта як настаўніка натхняе.

І, зыходзячы са зместу адукацыі, я, як і кожны педагог, распрацоўваю стратэгію і тактыку заняткаў. Пры гэтым імкнуся выкарыстаць вялізны развіццёвы патэнцыял самога зместу адукацыі. Падчас урока навучэнцаў варта спрабаваць уключаць у розныя віды дзейнасці: і моўную, і практычную; і кіруемую, і вядучую; і рэпрадуктыўную, і творчую. Гэта дазваляе ўплываць на развіццё і разумовых (кагнітыўных), і афектыўных (пачуццёвых), і псіхаматорных якасцяў асобы.

Па магчымасці варта ўзмацняць нагляднасць новага матэрыялу (доследамі, эксперыментамі, мадэляваннем і г.д.). Чым больш форм інфармацыі пра вывучаемы аб’ект выкарыстоўваецца, тым вышэй верагоднасць таго, што вучань трапіць на больш высокі ўзровень засваення матэрыялу, – працягваў Ігар Яўгенавіч.

Адной з самых запатрабаваных форм інфармацыі сярод вучняў І.Я.Сасімовіча з’яўляюцца відэапрэзентацыі фізічных эксперыментаў, анімацыі. Як адзначыў сам педагог, сёння такія сродкі навучання для яго з’яўляюцца аднымі з самых даступных (не ўлічваючы падручнікаў, канечне).

– Не магу сказаць, што выкладанне фізікі за гады маёй працы карэнным чынам змянілася. Адзінае, цяпер мы актыўна звяртаемся да тэхнічных сродкаў навучання, што на пачатку маёй педагагічнай дзейнасці нават уявіць было цяжка. На жаль, мы пакуль не дачакаліся абяцаных сучасных кабінетаў фізікі. І цяпер я працую практычна ў тых жа ўмовах, што і 20 гадоў назад. Умовы гэтыя не радуюць. Але ж хочацца, каб твае вучні мелі ўяўленне пра фізічныя з’явы, таму нешта раблю сам. Раблю прэзентацыі фізічных эсперыментаў, потым пераводжу іх у відэа, каб дзецям лягчэй іх было глядзець. Нешта выкладваю ў сваім блогу. Вучні нават на мабільніках могуць іх паглядзець (калі ёсць доступ у інтэрнэт), але каб усё запрацавала ў поўным аб’ёме (была добрая якасць прагляду, гук), патрэбны час і зноў-такі – дапамога.

У такіх умовах і роля камп’ютарных мадэлей узрастае. У працы я выкарыстоўваю адпаведныя праграмныя прадукты розных аўтараў. Напрыклад, незаменны пры вывучэнні астраноміі – комплекс RedShift. Часта даводзіцца распрацоўваць свае анімацыі, дэманстрацыі. Прыкладам такой распрацоўкі служыць комплекс для вывучэння фізікі ў 7 класе. Асаблівую ролю пры гэтым адыгрываюць аніміраваныя дэманстрацыі з узорамі рашэння найбольш складаных задач з падручніка (своеасаблівы рашэбнік). Падобныя комплексы ўсталёўваюцца на РМУ ў камп’ютарным класе і суправаджаюцца вэб-інтэрфейсам. Гэта дазваляе кожнаму вучню падчас заняткаў у камп’ютарным класе выкарыстоўваць мае распрацоўкі. Прыкладам такога комплексу з’яўляецца папка EUroki7Fiz (фізіка, 7 клас).

А мэта такой дзейнасці адна – паказаць дзецям, што фізіка – навука даступная і разабрацца з ёй можа любы. Было б толькі жаданне. Фізічныя законы не такія і складаныя, а вучні не могуць гэта ўсвядоміць з-за недахопу ведаў па матэматыцы. Асабліва цяжка ў 8–9 класах, таму што на ўроку фізікі даводзіцца даваць матэматычныя веды, вучыць пераўтвараць алгебраічныя выразы. І так адбываецца таму, што сёння няма належнага знешняга кантролю якасці ведаў вучня, – заўважыў Ігар Яўгенавіч.

Сучасная класіка

Але для доступу ўсіх навучэнцаў да патрэбных інфармацыйных прадуктаў магчымасцей камп’ютарнага класа школы недастаткова. Менавіта для павелічэння аўдыторыі навучэнцаў, якія маглі б выкарыстоўваць инфармацыйныя прадукты, настаўнік у свой час пачаў весці блог.

– Каб паменшыць затраты вучняў пры доступе да яго з хатніх камп’ютараў, выкарыстоўваю платформу вядомага ў нас у Беларусі інфармацыйнага партала TUT.BY. Блог нядрэнна структураваны, абнаўляецца некалькі разоў на тыдзень, забяспечвае кожнаму вучню, яго бацькам магчымасць пісьмова задаць пытанне настаўніку і атрымаць адказ. Выкарыстоўваючы адрас http://sie3.blog.tut.by/ , многія навучэнцы маюць доступ і да электронных падручнікаў, могуць дыстанцыйна атрымліваць, выконваць і здаваць свае працы на праверку. Цікава і прыемна, што ў шэрагу выпадкаў маімі матэрыяламі карыстаюцца вучні з іншых рэгіёнаў Беларусі, з іншых краін, – расказаў педагог.

У сваёй штодзённай педагагічнай дзейнасці Ігар Яўгенавіч з’яўляецца прыхільнікам класічнага ўрока, падчас якога абавязкова звяртаецца да разумовай размінкі і паўтарэння. Разам з размінкай, паўтарэнне дазваляе актуалізаваць неабходныя для паспяховай дзейнасці навучэнцаў веды і ўменні. Акрамя таго, паўтарэнне можна сумясціць з карэкцыйнай дзейнасцю, даўшы вучню шанц прадэманстраваць рост узроўню засваення ім матэрыялу ў параўнанні з мінулым урокам. А пры знаёмстве вучняў з новым матэрыялам, па меркаванні Ігара Яўгенавіча, педагогу трэба старацца выкарыстоўваць на ўроку розныя метады, аднак, не ператвараць гэты этап у феерверк прыёмаў. Дастаткова 2–4 прыёмаў.

Разам з тым ёсць у Ігара Яўгенавіча і свае фішкі. Пры кантролі ведаў і ўменняў вучняў і для карэкцыйнай работы ён выкарыстоўвае ўласныя тэставыя праграмы. Яны аказаліся запатрабаванымі ў сярэднім і старшым звёнах сярэдняй школы, калі вучні на ўроках інфарматыкі ўжо асвоілі асноўныя прыёмы працы з камп’ютарам.

– Як аказалася, адэкватныя камп’ютарныя формы праверкі ведаў значна аптымізуюць навучальны працэс, асабліва, калі іх спалучаць з традыцыйнымі формамі кантролю. Вядома, узрастае нагрузка на вучняў у час урока, але і іх працаздольнасць у большасці выпадкаў таксама павышаецца. Растлумачыць гэта магу эмацыянальным узрушэннем, вучэбным азартам, якія суправаджаюць амаль пазбаўленую суб’ектыўнасці аператыўную камп’ютарную праверку ведаў. Да таго ж, змена відаў дзейнасці на такім уроку адбываецца натуральным чынам, а калі ўлічыць, што звычайна здымаецца і забарона на выкарыстанне рабочых сшыткаў, а часам – і падручнікаў, атрыманне ацэнкі ператвараецца ў адмысловую дыдактычную гульню. Гэта асабліва актуальна ў сярэднім звяне школы. Для старшакласнікаў немалаважным вынікам такога падыходу з’яўляецца і псіхалагічная падрыхтоўка да ЦТ, – адзначыў Ігар Яўгенавіч.

Вольга Дубоўская, nastgaz.by