Памяці сябра Змітра Сідаровіча

19.05.2014

20 год ты быў побач. Мы маглі не бачыцца месяцамі, але пры сустрэчы высвятлялі, што рабілі адно і тое ж: я збірала беларускія песні для дзіцячых і школьных святаў – ты іх пісаў.  Бывала, сустракаліся ледзь ні кожны дзень, разам нешта выдумлялі. Калі прыдумалі зрабіць майстар-клас па народных танцах для настаўнікаў, ты на сваёй машыне прыехаў аж у Астравецкі раён на летнік. Прыехаў на адзін вечар, бо заўтра рана на працу. Але той вечар застаўся ў сэрцах і памяці паўсотні настаўнікаў з усіх куточкаў Беларусі. Твае песні, рамантычныя і патрыятычныя, светлыя, як ты сам, увайшлі ў нашую складанку «Гадуем Беларусаў». Іх любяць і дзеці, і дарослыя. І пакуль беларусы яшчэ не ўсвядомілі, што 23 лютага – не нашае свята, няхай вучаць гімн «А дзе ж тыя ваяры», які будуць спяваць потым у сапраўдны Дзень абаронцы айчыны. А хлопчыкі будуць з гонарам пад твае песні маршыраваць у арміі, калі армія будзе беларускай.  Дарэчы. Акрамя тваіх-камелотаўскіх  і народных песень, пакуль больш няма чаго ім прапанаваць.

У нас было шмат планаў. Быў у задумках «Альбом школьных песень – 2». Ты праз скайп мне дасылаў новыя песні і прасіў не паказваць настаўнікам, бо яны яшчэ сырыя. Як навуковец – кандыдат навук ты ведаў, што такое якасць. Але таленавіты твор немагчыма папсаваць недапрацаванай аранжыроўкай.

Пакуль іншыя скардзіліся, ты пісаў «Дзіцячыя альбомы» дома на кухні, з сынам Тамашом і яго сябрамі. Потым аддаў сваю шматгадовую працу для сайта Настаўнік.info, абы школа стала хоць на крышачку нашай, беларускай. Абы нашы дзеці праз песні маглі адчуць, хто яны і адкуль. Абы пачулі прыгажосць нашай мовы, абы не згубілі культурную спадчыну, а разам з ёй і перспектыву «людзьмі звацца».

Ты не марыў пра беларускую школу, ты рабіў усё, што можаш, для таго, каб яна была.

Мой любы дружа, як шмат ты зрабіў і як шмат ты не паспеў!

Тамара Мацкевіч