Дырэктар РІКВ: У нас дзейнічае свая служба бяспекі

23.06.2014

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

У Расіі адзіны дзяржаўны экзамен выйшаў на фінішную прамую. Калі сталі вядомыя вынікі ўдзельнікаў АДЭ па рускай мове і матэматыцы, Федэральная служба па наглядзе ў сферы адукацыі была вымушана знізіць парогавы мінімум па гэтых прадметах: па рускай мове з 36 да 24 балаў, а па матэматыцы — з 24 да 20 балаў. Інакш бы без школьных атэстатаў засталася вялікая колькасць выпускнікоў… Асноўнай прычынай змяншэння колькасці балаў у гэтым годзе называюць спадзяванні школьнікаў і настаўнікаў на тое, што экзамен удасца спісаць — таксама, як і летась. Многія спадзяваліся, арыентуючыся на папярэдні год, што ў інтэрнэце можна будзе знайсці сапраўдныя адказы. На ўцечку інфармацыі спадзяваліся цэлыя рэгіёны. Хтосьці чакаў, што зможа ўзяць мабільны тэлефон, патэлефанаваць і атрымаць адказы… Дарэчы, колькасць работ, напісаных на высокія балы, зменшылася ў нашых суседзяў у дзясяткі разоў: абсалютны вынік (100 балаў) па матэматыцы змаглі набраць толькі 64 выпускнікі (летась такіх было 500 чалавек). А па некаторых прадметах колькасць стабальнікаў скарацілася ў 50 (!) разоў. Прадстаўнікі Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі сцвярджаюць, што ўпершыню Адзіны дзяржаўны экзамен прайшоў максімальна празрыста і аб’ектыўна і паказаў рэальную карціну ведаў выпускнікоў. Таму розніцу паміж сёлетнімі і мінулагоднімі ацэнкамі на Адзіным дзяржаўным экзамене можна лічыць індыкатарам махлярства і карупцыі, якія суправаджалі АДЭ ў папярэднія гады.

— Звычайна настаўнікі і бацькі выпускнікоў праводзяць аналогіі паміж нашым цэнтралізаваным тэсціраваннем і Адзіным дзяржаўным экзаменам у Расіі. Таму мы заўсёды ўважліва сочым за падзеямі ў суседняй краіне, дзе Адзіны дзяржаўны экзамен пакуль не змог заваяваць давер у грамадскасці, і тут жа праецыруем іх падзеі на нас, — расказаў журналісту «Звязды» дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Скажам, калі ў нашых суседзяў пайшла мода выкладваць у інтэрнэт матэрыялы экзаменацыйных заданняў, ёсць верагоднасць, што гэты «вірус» можа закрануць і нас. Значыць, мы павінны працаваць на папярэджанне… Упэўнены, што любы факт выкладвання падчас ЦТ у інтэрнэце зместу экзаменацыйнага тэста будзе ўспрыняты і грамадскасцю, і дзяржаўнай камісіяй як надзвычайнае здарэнне, нават нягледзячы на тую акалічнасць, што скарыстацца выкладзенай у сусветным павуцінні інфармацыяй ніхто не паспее. Таму мы і не можам дапусціць такі прэцэдэнт.

— Але ў Расіі ў гэтым годзе было прынята шмат новых захадаў, каб папярэдзіць магчымыя ўцечкі інфармацыі з экзаменацыйных аўдыторый: на ўваходах устанаўліваліся металічныя рамкі, на экзамене вялося відэаназіранне; быў уведзены нават інстытут анлайн-назіральнікаў, якія сачылі за парадкам у аўдыторыях праз інтэрнэт і маглі перадаць свае заўвагі ў гарадскія і рэгіянальныя экзаменацыйныя камісіі…

— Устаноўка металадэтэктараў, безумоўна, добры сродак для кантролю за тым, што абітурыенты праносяць у аўдыторыі, аднак ён вымагае істотных матэрыяльных укладанняў і ўсё роўна не дае стапрацэнтнай гарантыі. Мы даўно пераканаліся, што самы дзейсны спосаб папярэдзіць магчымыя парушэнні ў аўдыторыі — гэта няўхільна выконваць усе нормы «Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання». Паверце, што кожны радок, кожная ўнесеная ў гэты дакумент карэкціроўка і дапаўненне з’явіліся там у выніку нашай шматгадовай практыкі правядзення цэнтралізаваных іспытаў. І для таго, каб не дапусціць уцечкі зместу тэстаў з экзаменацыйнай аўдыторыі, дастаткова, каб у аўдыторыі прысутнічалі адказныя арганізатары. Праносіць, а таксама выкарыстоўваць у аўдыторыях, дзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, любыя прадметы, акрамя пашпарта, пропуска і ручкі з чарнілам чорнага колеру, забараняецца. З’яўленне любога іншага прадмета на стале — падстава для адхілення абітурыента ад здачы экзамену. У нас ёсць пункты правядзення ЦТ, дзе заўсёды ёсць адхіленыя ад здачы экзамену: і зусім не таму, што ўсе парушальнікі сабраліся менавіта ў гэтай аўдыторыі, а таму, што арганізатары ў аўдыторыі — прынцыповыя і адказныя.

У Расіі сёння спрабуюць змагацца з мабільнымі тэлефонамі на экзамене. А на цэнтралізаваным тэсціраванні выяўленне мабільнага тэлефона ў экзаменацыйнай аўдыторыі заўсёды азначала толькі адно — адхіленне ад далейшага ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і выдаленне з аўдыторыі. Прычым для нас не мае значэння: званіў тэлефон ці не, карыстаўся абітурыент сваім мабільнікам падчас экзамену ці проста трымаў яго ў сваёй кішэні. Былі выпадкі, калі мабільны тэлефон званіў пасля таго, як абітурыент здаў сваю тэставую работу, але не паспеў выйсці з аўдыторыі. Усё адно — тэставая работа ў гэтым выпадку анулюецца без права пераздачы тэсціравання ў рэзервовы дзень.

— А чаму вы забараняеце праносіць мабільныя тэлефоны на рэпетыцыйнае тэсціраванне?

— З аднаго боку, у атрыманні аб’ектыўнага выніку падчас «рэпетыцыі» экзамену зацікаўлены, галоўным чынам, сам абітурыент. Таму наўрад ці хтосьці стане выкарыстоўваць мабільны тэлефон для таго, каб атрымаць на «рэпетыцыі» больш высокі бал. Але некаторыя ўдзельнікі рэпетыцыйнага тэсціравання фатаграфуюць экзаменацыйныя тэсты, каб потым выкласці іх змест у інтэрнэт. І гэтая тэндэнцыя нас вельмі трывожыць. Акрамя таго, што ў такой сітуацыі парушаюцца нашы аўтарскія правы, Рэспубліканскаму інстытуту кантролю ведаў, калі не спыніць такую «самадзейнасць», давядзецца хутка выстаўляць новыя варыянты тэстаў ужо не толькі на кожны з трох раўндаў рэпетыцыйнага тэсціравання, а значна часцей. Таму мабільныя тэлефоны знаходзяцца ў нас пад забаронай і на рэпетыцыйным тэсціраванні.

Але мы глядзім яшчэ далей: наша задача — не дапусціць нематываваны выкід матэрыялаў ЦТ у сацыяльныя сеткі. Нават калі б такое адбылося, то за час здачы экзамену наўрад ці хтосьці паспее выкласці ў інтэрнэт правільныя адказы, а абітурыенты наўрад ці паспеюць імі скарыстацца, аднак непрыемны асадак пасля гэтага ўсё роўна застаўся б. Мы хочам давесці працэс да аўтаматызму: як толькі абітурыент уваходзіць у экзаменацыйную аўдыторыю, не мае значэння, якое тэсціраванне там праводзіцца (репетыцыйнае або цэнтралізаванае), пры ім не павінна быць ніякіх іншых старонніх прадметаў.

Больш за тое, мы пайшлі яшчэ далей і забаранілі мець пры сабе ў экзаменацыйных аўдыторыях мабільныя тэлефоны не толькі абітурыентам, але і педагогам-арганізатарам, якія сочаць падчас выпрабаванняў за парадкам у аўдыторыях. Ім нельга мець з сабой таксама ручкі чорнага колеру, каб ніхто іх ні ў чым нават не западозрыў. І «профіль» падрыхтоўкі педагога не павінен супадаць з профілем экзаменацыйнай дысцыпліны: скажам, філолагі прысутнічаюць на ЦТ па матэматыцы, а біёлагі — на гісторыі Беларусі.

Прызнаюся, што супрацоўнікі нашага інстытута пастаянна адсочваюць правядзенне ўступных выпрабаванняў у іншых краінах як на прадмет іх арганізацыі, так і на прадмет выяўлення «слабых месцаў». Лепш вучыцца на чужых памылках, чым на сваіх.

Тым, як супрацьстаяць выкарыстанню тэхнічных сродкаў на экзаменах, заклапочаны абсалютна ўсе краіны. Пра шпаргалкі на нагах усе добра ведаюць, але, напрыклад, у адной кітайскай правінцыі дзяўчатам на экзаменах забаранілі нашэнне аднаго з прадметаў ніжняй бялізны, якое некаторыя прыгажуні выкарыстоўваюць для захоўвання там шпаргалак. У той жа Расіі на якія толькі хітрыкі абітурыенты не ідуць, бо тэхнічны прагрэс на месцы не стаіць, і нават звычайныя на першы погляд упрыгажэнні могуць служыць прыёмнай антэнай, а ў гадзінніку на руцэ можа хавацца прыстасаванне для захоўвання інфармацыі.

— Летась нашы суседзі ўсур’ёз абмяркоўвалі выкарыстанне «глушылак», каб удзельнікі экзамену не маглі «выйсці на сувязь» з экзаменацыйнай аўдыторыі…

— Далей абмеркавання справа не пайшла, паколькі частата з’яўляецца чыёйсьці ўласнасцю. Тэхнічна гэта можна зрабіць, а як гэта зрабіць юрыдычна, без парушэння чужых інтарэсаў? Трэба дамаўляцца з мабільнымі аператарамі, сілавымі структурамі, структурамі, якія ажыццяўляюць паветраныя перавозкі пасажыраў, ці як? Таму я па-ранейшаму настойваю на тым, што ўсё залежыць ад арганізатараў у аўдыторыі: сфатаграфаваць, перадаць і атрымаць інфармацыю незаўважна немагчыма, калі, вядома, арганізатары сумленна падыходзяць да сваіх абавязкаў. І каб выявіць парушальнікаў, зусім не абавязкова ўстанаўліваць відэакамеры: з аднаго боку, гэта, безумоўна, дысцыплінуе ўдзельнікаў экзамену, але цікава, што можна разгледзець, калі ў аб’ектыў камеры трапляе толькі нахіленая галава абітурыента і раскладзеныя перад ім лісты паперы? Я чытаў у расійскіх СМІ, што па інтэрнэце гуляе запіс, на якім юнак сядзіць на экзамене чамусьці збоку за сталом, але што ён робіць, убачыць немагчыма, бо не ўсё трапляе ў поле зроку камеры.

— А яшчэ ў Расіі была арганізавана служба маніторынгу, спецыялісты якой пад выглядам выпускнікоў кантактуюць ва ўсіх групах і суполках, дзе абмяркоўваюцца пытанні АДЭ…

— У нашым інстытуце ёсць свая служба бяспекі, якая ажыццяўляе кантроль за ўсімі электроннымі сродкамі, што выкарыстоўваюць несумленныя абітурыенты або рэпетытары, якія прыходзяць на тэсціраванне. Усё, што тычыцца тэсціравання, адсочваецца ў інтэрнэце. Так званымі «адказамі» да тэстаў у нас ужо не гандлююць, бо ўсе пераканаліся, што здабыць іх да экзамену немагчыма. І калі ў інтэрнэце з’явяцца прапановы «купіць» правільныя адказы, гэта будзе адназначна махлярствам. Але вось, напрыклад, быў выпадак, калі падчас рэпетыцыйнага тэсціравання па фізіцы ў інтэрнэце з’явіліся адразу восем фатаграфій тэстаў. Нашы спецыялісты вылічылі і ўстанову адукацыі, і экзаменацыйную аўдыторыю, і чалавека, які зрабіў фатаграфіі, яшчэ да заканчэння рэпетыцыйнага экзамену.

Прызнаюся, што заваяваць давер да ЦТ з боку абітурыентаў, іх бацькоў, педагагічнай грамадскасці было вельмі няпроста. Таму мы вельмі даражым сваёй рэпутацыяй…

— Мікалай Сцяпанавіч, не магу абмінуць яшчэ адну вельмі «папулярную» ў абітурыенцкім асяродку тэму — магчымасць угадвання на ЦТ правільных адказаў. Ці насамрэч гэта магчыма?

— Самым распаўсюджаным міфам з’яўляецца меркаванне, што можна быць абсалютна недасведчаным у пэўнай галіне ведаў і, разам з тым, на тэсціраванні «натыкаць» на мінімальны прахадны бал. Перш за ўсё адзначу, што выраз «угадаць» не зусім да месца, калі мы маем на ўвазе адказы абітурыента на пытанні тэставых заданняў падчас запаўнення бланкаў. Угадаць можна, які нумар аўтобуса на гарадскім маршруце першы пад’едзе да прыпынку ці колькі пешаходаў зможа перайсці вуліцу на зялёнае святло святлафора.

Пры хаатычным запаўненні бланка адказаў магчымасць атрымаць тэставы бал, які б гарантаваў абітурыенту залічэнне ва ўніверсітэт, вельмі мізэрная. Адпаведныя разлікі і аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання пераконваюць, што нават слаба падрыхтаваныя абітурыенты спрабуюць выконваць заданні, а не выбіраюць мудрагелістыя схемы запаўнення бланкаў.

Хачу дадаць, што заданні з выбарам адказу з ліку некалькіх прапанаваных варыянтаў выкарыстоўваюцца ва ўсіх краінах, дзе экзамены праводзяцца ў тэставай форме. Многія краіны, каб максімальна аўтаматызаваць працэс апрацоўкі тэставых матэрыялаў, прапануюць на экзамены заданні толькі з выбарам варыянту адказаў. Напрыклад, Лонданская школа эканомікі і палітычных навук на ўступных экзаменах па матэматыцы прапануе на працягу адной гадзіны выканаць 30 заданняў з множным выбарам. У нашых калег ва Украіне пры знешнім незалежным ацэньванні (аналаг ЦТ) усе тэсты камбінаваныя: па большасці прадметаў 90% заданняў на выбар варыянтаў адказаў (частка А) і толькі 10% — адкрытага тыпу (частка В).

Мы таксама аналізавалі, як спраўляюцца абітурыенты з вобласцю А і В, і пераканаліся, што карэляцыя іх паспяховасці ў рабоце над адкрытымі і закрытымі заданнямі вельмі высокая. Дарэчы, у Расіі, дзе на Адзіным дзяржаўным экзамене выкарыстоўваюцца яшчэ і заданні вобласці С (з разгорнутым варыянтам адказу), канстатуюць, што да іх прыступае ўсяго 10-15 працэнтаў ад агульнай колькасці абітурыентаў. Таму мы адмаўляцца ад адкрытых заданняў з варыянтамі адказаў не збіраемся…

Будзь у курсе!

За нецэнзурныя словы або за розныя іншыя надпісы, якія не маюць дачынення да зместу тэста і якія абітурыенты пакідаюць у бланках ЦТ, цяпер караюць. Фактычна гэта азначае адхіленне ад далейшага ўдзелу ў прыёмнай кампаніі — сертыфікаты такім абітурыентам не выдаюцца. Гэты пункт увайшоў у «Палажэнне аб арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання».