Нават, лагодна кажучы, няпоўныя зьвесткі перапісаў могуць служыць беларускамоўным падставаю для абароны сваіх правоў. Так выглядае перакуленая піраміда функцыянальна неўраўнаважанага двумоўя ў Рэспубліцы Беларусі (зьвесткі 2011–2012 гг.).
Ведаю з досьведу: іншаземцаў уражвае. Але з агульнанацыянальнага пяройдзем на лякальны ровень: горад Маладэчна, колішні (пра што там памятаюць) абласны цэнтар, насельніцтва 94 тысячы чалавек. Паводле перапісу 2009 году, роднаю моваю тут прызнаюць беларускую 65005 чалавек, або 68,9%.
Прызналіся, што гавораць дома па-беларуску, 27515 жыхароў Маладэчна, або 29,2%. Сярод іх ня толькі «яшчэ тыя» міжваенныя дзяды — такіх фізычна гэтулькі не набярэцца — але і эканамічна актыўнае насельніцтва, сем’і зь дзецьмі. У горадзе 6524 вучні. Калі зь іх трэць, або хай сабе чвэрць або пятая частка, належыць да беларускамоўнае грамады Маладэчна, гэта ад 1200 да 2100 школьнікаў. Магчымасцяў вучыцца для іх няма зусім, 0%.
Сям’я з запамінальным прозьвішчам Брыль, дзе трое дзяцей-школьнікаў рознага ўзросту, спрабавала ў школе № 1 — імя Янкі Купалы! — дамагчыся вучобы па-беларуску. Пагатоў Статут школы кажа:
4.1. Обучение в Школе ведется на белорусском и русском языках с учетом пожеланий родителей и в зависимости от форм и методов обучения учащихся.
Праўда, ня надта зразумелы і не падмацоўваецца ніякім законам выраз «в зависимости от форм и методов обучения учащихся» — ці гэта значыць, што ёсьць формы і мэтады, якімі вучыць па-беларуску проціпаказана? Інакш не магу патлумачыць адмову школы вучыць дзяцей Брылёў па-беларуску, а таксама абразьлівую прапанову вазіць дзяцей у вясковую школу ў Выверах.
Наагул кажучы, і збор моўных зьвестак, і рэальная моўная палітыка дзяржавы залежаць ад стратэгіі: ці плянуецца інтэнсіўная тэрапія, ці нехта ўжо рыхтуе патолягаанатамічнае заключэньне — пры жывых і маладых носьбітаў ніяк не ўміручага вірусу беларушчыны.
Вінцук Вячорка