«А на фіга нам тая дзяржаўная школа?»

26.08.2014

Калі дзяржава не хоча нашых дзяцей, то нам не патрэбная яе адукацыя, якая да таго ж больш калечыць, чым лечыць.

Было мала надзей, што для дачкі берасцейскіх журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Леўчука зробяць беларускамоўны клас. Адзін для статыстыкі ўжо ёсць, і ніхто не збіраўся дапамагаць бацькам арганізоўваць новы. Не набралі 5 чалавек? Вольныя – прыходзьце ды перапісвайце заяву з беларускага на рускае навучанне. Тая ж гісторыя адбываецца ў Гародні.

Выходзіць, дзяржаве беларускамоўныя дзеці не патрэбныя, куды зручней прапускаць кожнага маладога грамадзяніна праз рускую школу. Бабулі з Крошына, што заспелі яшчэ польскія часы, расказвалі, што Саветы рабілі падобным чынам, калі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе. Вучняў польскамоўных школ яны ці пакідалі ў адным класе на два гады, ці ўвогуле адкідвалі на год назад. Атрымлівалася, што дзеці перавучвалі школьную праграму занава, але ўжо па-руску.

Вось я і кажу: навошта нам такая школа, якая ніяк не павернецца тварам да асобы? Даўно пара вучыць дзяцей хоць бы да 5 класа ці па індывідуальных планах, ці аб’ядноўваючыся ў групы, каб можна было аплочваць паслугі рэпетытараў. Так, нязручна і нятанна, але хіба можа быць таннай сапраўды якасная адукацыя і развіццё дзіцяці? Яшчэ адзін агромністы плюс, што мы пазбягаем згубнага ўздзеяння вайскова-школьнай сістэмы, усялякіх акцябрат-піянераў, і закладаем у наступнае пакаленне асновы беларускасці. Гурткі ж можна наведваць і ў цэнтрах пазашкольнай працы.

У рэшце рэшт такая адукацыя можа быць і бізнэсам. Пакрысе ў нас жа з’яўляюцца прыватныя дзіцячыя садкі, па такой жа мадэлі могуць існаваць і беларускамоўныя адукацыйныя ўстановы.

Сяброўка, што працуе ў школе, час ад часу паведамляе сумныя навіны: самыя лепшыя настаўнікі збягаюць, з універсітэтаў прыходзяць былыя школьныя двоечнікі, у міністэрскіх планах зноў задума павялічыць гадзінную норму для настаўнікаў і мінімальную колькасць вучняў у класе. А гэта новыя аргументы для стварэння адукацыйнай прасторы ў трэцім сектары. Незадавальненне ад якасці адукацыі і ад формы яе падачы будзе непазбежна расці, і найбольш адказныя бацькі гэтак жа непазбежна будуць шукаць, дзе давучыць-падвучыць сваё дзіцятка. Калі беларускамоўная прыватная школка будзе мець добры імідж, то чаму б не аддаць туды?

Праўда, у Берасці гэта ўсё выглядае пакуль марамі, у адрозненні ад Менска, дзе нашмат больш актыўных беларускамоўных бацькоў. Але ўсё з мары і пачынаецца. Глядзі на Месяц – і плот дакладна пераскочыш.

Іна Хоміч