Дзевяцікласнікаў чакае знешні экзамен?

28.08.2014

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

У новым навучальным годзе на базе больш чым 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі стартуе эксперымент па апрабацыі мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў за курс базавай школы.

Як вядома, абавязковая адукацыя ў Беларусі – дзевяцігадовая базавая. Але, напрыклад, у Мінску 67–68% выпускнікоў базавай школы пераходзяць на старшую яе ступень незалежна ад сваіх здольнасцяў, памкненняў і жадання вучыцца. Менавіта таму пры абмеркаванні будучых паправак у Кодэкс аб адукацыі гучалі прапановы ўстанавіць на ўваходзе ў старшую школу пэўны бар’ер.

Варыянты прапаноўваліся розныя. Напрыклад, вырашыць праблему адбору лепшых зацвярджэннем кантрольных лічбаў прыёму ў 10-ы клас. Ці ўвесці нейкі «прахадны» бал (сярэдні бал атэстата), каб тыя, у каго вынікі вучэбнай дзейнасці за дзявяты клас будуць ніжэйшыя, задумаліся над выбарам прафесіі. Але ж самі педагогі канстатуюць, што «вага» адных і тых жа адзнак, якія выстаўляюцца ў розных школах, можа быць рознай. Адзнакі, на жаль, часта бываюць суб’ектыўнымі. І гэта не зусім правільна, што дзяцей атэстоўваюць тыя ж людзі, якія іх і навучаюць.

Між іншым, у многіх краінах свету праводзіцца знешні дзяржаўны экзамен, які з’яўляецца адным з крытэрыяў для паступлення на больш высокі ўзровень адукацыі. Магчыма, і нам трэба вырашаць далейшы лёс выпускнікоў базавай школы на падставе дзяржаўнай знешняй атэстацыі, вынікі якой не будуць залежаць ні ад настаўніка, ні ад школы, ні ад інтарэсаў таго ці іншага рэгіёна.

Да таго ж у гэтым годзе пры паступленні ў ССНУ на аснове базавай адукацыі былі адменены ўступныя іспыты і абітурыентаў прымалі па сярэднім бале дакумента аб агульнай базавай адукацыі. Такім чынам, ёсць рэальная пагроза, што ўстановы адукацыі можа захліснуць «працэнтаманія» добрых адзнак.

Міністэрства адукацыі ўжо зацвердзіла пералік інавацыйных пляцовак, на базе якіх будзе апрабіравацца незалежная знешняя атэстацыя. Між іншым, пасля пераносу вуснага экзамену па гісторыі Беларусі з базавай у сярэднюю школу задача незалежных экспертаў, безумоўна, спрасцілася.

Акрамя таго, у новым навучальным годзе на інавацыйных пляцоўках будуць праводзіцца таксама і іншыя цікавыя педагагічныя эксперыменты. Напрыклад, плануецца апрабіраваць методыкі ранняй прафарыентацыі навучэнцаў 6–9‑х класаў на аснове выяўлення ў іх прыроджаных задаткаў да тых ці іншых прафесій. Праектныя ўменні ў навучэнцаў пачатковай школы будуць фарміраваць з дапамогай выкарыстання ў вучэбным працэсе набору «Лега».

Апрабацыю пройдзе і мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння вучняў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені школы.

Таксама будуць праходзіць «абкатку» адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі. А на базе 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе ўкараняцца мадэль медыяадукацыі пры дапамозе развіцця ў вучняў крытычнага мыслення.