Папера супраць настаўнікаў

10.10.2014

Зміцер Макарчук, EDU.topia – 2

На другім тыдні свайго існавання настаўнікам я ўпершыню сам-насам сутыкнуўся з тымі страшнымі паперамі, праз якія, як кажуць, шмат хто сыходзіць з прафесіі. Гэтыя паперы наступныя:

Каляндарна-тэматычныя планаванні ці КТП (такая табліца на год, дзе пазначаецца нумар урока, дата, тэма, змест і дамашняе заданне). Такіх КТП трэба рабіць на кожны прадмет, які выкладаеш, і для кожнага класа, у якім выкладаеш. У маім выпадку гэта мова і літаратура ў 4 класах, то бок 8 КТП.

Дакументацыя па факультатывах (тлумачальная запіска, мэты-задачы, КТП). Факультатываў у мяне 2.

Дакументацыя па гуртках (тое самае, што і па факультатывах, але плюс журнал). Гурток 1.

Уласна класныя журналы. Запаўняць трэба журналы 4 класаў.

КТП работы ў кабінеце (памятаеце, той, з Нілам Гілевічам?)

Самаадукацыя. Гэта такі зборнік паперак, дзе трэба пазначаць… Карацей, трэба нешта пазначаць.

Я не ўяўляю, колькі маладому настаўніку трэба змарнаваць часу і паперы, каб усё гэта самастойна зрабіць. Каб вы таксама не ўяўлялі, прывяду прыклад.

Скласці КТП для 5 класа па беларускай мове – гэта значыць прыблізна прыкінуць, што ты будзеш рабіць з дзецьмі на кожным са 105 урокаў навучальнага года. Няхай сабе ў старэйшых класах адведзена менш гадзін на мову, але агулам мне патрэбна “прыкінуць” амаль 550 урокаў! Нават калі я буду сядзець над кожным урокам 10 хвілін, мне спатрэбіцца чацвёра сутак не есці, не спаць, а толькі сядзець і складаць КТП. Дзе ўзяць гэты час, калі ты 29 жніўня ўладкаваўся на новае месца?

Але, як ні дзіўна, беларуская методыка і дыдактыка не стаяць на месцы, і, дзякуючы майму калегу Сяргею Сяргеевічу, я займеў падрыхтаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі зборнікі прыкладных КТП па маіх прадметах для усіх неабходных класаў. З дапамогай прынтара і вокладкі з катэгорыі прыкладных яны пераходзяць у катэгорыю рабочых.

Перш чым перайсці да дакументацыі па факультатывах, хачу вось на што звярнуць увагу. Каб адкрыць факультатыў для таго ці іншага класа, патрэбна жаданне мінімум трох вучняў яго наведваць. Жаданне, канешне, у пісьмовай форме і ад імя бацькоў. Гэта значыць, што цягам тыдня я мусіў хадзіць за кожным вучнем і нагадваць, каб ён прынёс мне запаветную заяву. Адпаведна, каб распачаць факультатыў у 7 класе, мне спатрэбілася жаданне ўсяго класа. Ці будуць яны ўсе да мяне прыходзіць, гэта ўжо іншае пытанне, якое нікога не хвалюе.

Цяпер што тычыцца паперак. Трэба распісаць, каму і навошта будзе гэты факультатыў, якія мэты ставяцца і якімі сродкамі іх дасягнуць, і абавязкова скласці КТП (на 35 гадзін), то бок падрыхтаваць яшчэ 70 урокаў. На шчасце, уся гэтая інфармацыя ёсць на сайце Міністэрства адукацыі. Застаецца толькі яе спампаваць, змяніць назву ўстановы адукацыі і раздрукаваць.

Далей у нас гурткі ці, па-афіцыйнаму, аб’яднанні па інтарэсах. Тут сітуацыя больш складаная, бо патрэбна мінімум 15 удзельнікаў. Калі ўся школа – 50 чалавек, то ахоп аб’яднання мусіць быць не менш за 30%, а калі гурток разлічаны на 5-11 класы, то, у нашым выпадку, ахоп складае ўсе 50%! І зноў заявы (але ўжо не 3, а 15), тлумачальная запіска, мэты-задачы, выхаваўчая і метадычная работа, КТП. З-за таго што гурток мусіць працаваць ажно да чэрвеня, трэба рыхтаваць яшчэ недзе 40 урокаў. Інфармацыю па гуртках таксама няцяжка знайсці ў інтэрнэце, правільна яе скампіляваць і раздрукаваць.

Злева спіс вучняў, адзнакі і наведванне ў клетачку, справа – тэма ўрокаў і д/з у лінеечку – вось і ўсё, што я ведаў пра класныя журналы да гэтае пары. Не мяняць стрыжань на працягу года, сачыць, каб даты злева і справа супадалі, каб супадалі тэмы ўрокаў у журнале і КТП, – вось пра што я даведаўся пра журналы на гэтым тыдні. Я не класны кіраўнік, таму праблем з журналам у мяне няма: дастаткова знайсці вольную гадзінку за тыдзень, каб перапісаць усе неабходныя літаркі з адной кніжкі ў іншую.

Пра планаванне работы кабінета і “самаадукацыю” мне распавялі ў некалькіх словах, імі я яшчэ не займаўся, але ўжо не ведаю навошта.

З асаблівасцей вучобы – 5 клас. Ёсць сур’ёзныя праблемы з чытаннем і ўспрыманнем тэкстаў, таму развіваем увагу і ў дадатак творчасць – складаем з літар вялікіх словаў (“характарыстыка”, “электрычнасць”) маленькія. Па адным працаваць цяжка – 2, максімум 3 словы – калектыўным розумам збіраем за 20 словаў. З такім матэрыялам ім відавочна цікавей працаваць, чым з падручнікам і практыкаваннямі.

Да 5 ж класа адносяцца і першыя мае памылкі па недасведчанасці. Па аўторках у нас з імі два урокі. Я падрыхтаваў шмат інфармацыі, напланаваў практыкаванняў, але не ўлічыў, што мае ўрокі ў іх першыя, а вучні ў 5 класе яшчэ не надта здольныя кантраляваць сваю энергію і памяць, таму дзеці яшчэ не прачнуліся. Адпаведна, 15 хвілін урока спатрэбілася, каб разварушыцца і пагуляць, і мы паспелі зрабіць далёка не ўсё. Тое самае тычыцца апошніх урокаў (пятага і шостага): дзеці ўжо стаміліся, таму з імі не атрымалася прадуктыўна папрацаваць.

Выснова гэтага тыдня наступная: педагагічная навука (і вузы, якія яе распаўсюджваюць) не вучыць бегаць за вучнямі з заявамі на факультатывы і гурткі, складаць хоць якія планаванні і запаўняць розныя журналы, пры падрыхтоўцы да заняткаў звяртаць увагу на працаздольнасць вучняў напачатку і напрыканцы дня.