Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда
Змяншэнне колькасці студэнтаў і, не выключана, нават колькасці ВНУ — не такая ўжо далёкая перспектыва для нашай краіны. Усеагульная даступнасць вышэйшай адукацыі ўжо даўно падвяргалася крытыцы з боку грамадскасці, але фактычна адзіным рэгулятарам гэтага працэсу заставаўся мінімальны парог на цэнтралізаваным тэсціраванні: не пераадолеўшы яго, замахнуцца на званне студэнта было праблематычна. Але, напрыклад, сёлета падчас правядзення дадатковага набору на вакантныя бюджэтныя месцы мінімальны парог калі і быў «бар’ерам», то вельмі ўмоўным. Пагадзіцеся, што набраць тры балы са ста зусім не цяжка. На апошнім пасяджэнні рабочай групы па комплексным аналізе стану сістэмы адукацыі і Рэспубліканскага савета рэктараў, якое прайшло на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, усе яго ўдзельнікі пагадзіліся з тым, што аб’ёмы падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах трэба аптымізаваць…
Філосафы ці інжынеры?
— У бліжэйшыя гады колькасць выпускнікоў у краіне павялічвацца не будзе. А калі будуць прыняты прапановы рабочай групы па правядзенні конкурснага адбору ў 10-ты клас, то колькасць адзінаццацікласнікаў на выхадзе са школы яшчэ і зменшыцца, — патлумачыў рэктарам сітуацыю кіраўнік рабочай групы, віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Анатоль ТОЗІК. — Трэба пераразмеркаваць патокі тых, хто выбірае вышэйшую школу, і тых, хто ідзе атрымліваць адукацыю ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы.
— Праблема якасці падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй у многім звязана, на мой погляд, з залішняй масавасцю вышэйшай школы, — падзяліўся сваім поглядам старшыня прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў, рэктар БДЭУ Уладзімір ШЫМАЎ. — Але аднаго толькі жадання мець дыплом недастаткова. Для эфектыўнага засваення праграмы вышэйшай адукацыі патрабуюцца трывалыя веды па праграме агульнаадукацыйнай школы і, безумоўна, пэўныя здольнасці. Лічу, прыйшоў час для ўвядзення дакладнай рэгламентацыі колькаснага набору студэнтаў на першы курс і вызначэння аптымальнай прапорцыі ў размеркаванні студэнтаў па канкрэтных галінах навучання: гуманітарныя навукі, тэхнічныя, прыродазнаўча-навуковыя, эканамічныя і гэтак далей.
Але якой павінна быць гэта прапорцыя? Па словах Анатоля Тозіка, у Фінляндыі штогод выпускаецца на 1 тысячу насельніцтва 17,4 інжынера, у Швецыі — 17, у Сінгапуры — 16,8, а ў Беларусі — 7.
Уладзімір Шымаў упэўнены, што патрабуюцца навукова абгрунтаваныя падыходы да вызначэння тэмпаў росту падрыхтоўкі спецыялістаў па тэхнічных і прыродазнаўча-навуковых напрамках і профілях. Прычым асабліва ўважліва трэба вывучыць досвед еўрапейскіх дзяржаў з падобнай на нашу эканомікай і структурай народнай гаспадаркі, а таксама перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі як мінімум да 2030 года. Інакш можна нарабіць памылак…
На думку віцэ-прэм’ера, прагноз на падрыхтоўку кадраў павінен быць у адным пакеце з паказчыкамі па замацаванні кадраў. Бо калі пасля адпрацоўкі па размеркаванні звальняюцца ад 60 да 80 працэнтаў маладых спецыялістаў, то як увогуле можна пралічыць наперад патрэбу ў кадрах?
«Бюджэтнікі» і «платнікі»
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей АБЛАМЕЙКА папярэдзіў, што зменшыць колькасць студэнтаў, вядома, можна. Вось толькі менталітэт людзей, якія лічаць наяўнасць дыплома ВНУ абавязковым атрыбутам паспяховага чалавека, так хутка не зменіш, і калі не будзе магчымасці рэалізаваць свае жыццёвыя планы ў Беларусі, моладзь накіруецца атрымліваць вышэйшую адукацыю ў суседнія краіны. Канкурэнцыя на рынку адукацыйных паслуг усё больш абвастраецца.
— Згодна, што вышэйшая адукацыя не павінна быць масавай, але істотнае скарачэнне набору вымагае праводзіць прадуманую і сур’ёзную тлумачальную кампанію сярод насельніцтва, — падтрымала калегу рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля БАРАНАВА.
Па словах Сяргея Абламейкі, у апошнія гады ў БДУ неаднаразова пераразмяркоўваліся бюджэтныя месцы паміж рознымі профілямі, і цяперашні набор на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці можна лічыць аптымальным:
— Сёлета нам удалося запоўніць усе бюджэтныя месцы на хіміі, матэматыцы, біялогіі і іншых спецыяльнасцях. Крышачку не дацягнулі да выканання плана толькі на фізіцы. Але мы фактычна залічваем на бюджэт усіх, хто да нас прыходзіць, і прэтэндэнтаў на платныя месцы ў нас ужо не застаецца. Невялікі рэзерв ёсць толькі на інфарматыцы, што звязана з прэстыжнасцю працы ў ІТ-галіне. Таму я не бачу магчымасці павялічваць і далей колькасць бюджэтных месцаў па гэтых напрамках.
Наўрад ці перспектыва пазбавіцца студэнтаў-платнікаў узрадуе кагосьці з кіраўнікоў ВНУ. Таму тут паўстае заканамернае пытанне. Калі скарачаць набор, то як гэта правільна і акуратна зрабіць? Магчыма, трэба ўводзіць нейкую прапорцыю для бюджэтнай і платнай формы навучання? Дарэчы, нават у БДУІР сёлета засталася незапоўненай амаль тысяча платных месцаў.
— Звяртаю ўвагу рэктараў на тое, што платная форма навучання не павінна быць стратнай. Калі захоўваць падрыхтоўку «платнікаў», то студэнты павінны цалкам пакрываць выдаткі за сваё навучанне, а не так, як гэта адбываецца сёння, калі палову выдаткаў бярэ на сябе дзяржава, — акрэсліў сваю пазіцыю Анатоль Тозік. — Бо гэта ўжо можна расцэньваць як нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.
Лепш менш, ды лепш
На сённяшні дзень прыкладна два дзясяткі беларускіх ВНУ рыхтуюць студэнтаў па аналагічных спецыяльнасцях, такіх, напрыклад, як «фінансы і крэдыт», «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт» і іншых.
— На мой погляд, прыйшоў час інвентарызаваць падрыхтоўку спецыялістаў па некаторых масавых прафесіях у асобных рэгіёнах і ВНУ, кіруючыся ўзроўнем прафесарска-выкладчыцкага саставу ў канкрэтных ВНУ, іх матэрыяльна-тэхнічнай і метадычнай базай, структурай рэгіянальных эканомік і, адпаведна, патрэбамі ў падрыхтоўцы спецыялістаў у тых ці іншых галінах, — падкрэсліў Уладзімір Шымаў.
Усе ўжо прызвычаіліся, што ў апошнія гады ў Беларусі з’яўляліся новыя ВНУ. Вось і ў Баранавічах, дзе праходзіла пасяджэнне рабочай групы, 10 гадоў таму быў адкрыты Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Але ці здолее ён захавацца ў цяперашнім выглядзе?
— На нашу думку, празмерная колькасць устаноў вышэйшай адукацыі для нашай краіны, а таксама недастатковая дынаміка іх дзейнасці на міжнароднай адукацыйнай прасторы абумоўлівае неабходнасць узбуйнення ўніверсітэтаў і пераўтварэнне большасці з іх у вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы ці холдынгі. Такія ўстановы адукацыі будуць здольныя сканцэнтраваць высака-
класны прафесарска-выкладчыцкі састаў і забяспечыць падрыхтоўку кадраў на міжнародным узроўні, — патлумачыў сваю думку начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей РАМАНЮК.
Магчыма, у перспектыве ў Беларусі з’явяцца і такія новыя структуры, як даследчы ўніверсітэт, прадпрымальніцкі ўніверсітэт і іншыя…
Хто такі магістр?
Яшчэ адзін блок пытанняў тычыўся падрыхтоўкі на магістарскай ступені вышэйшай школы.
— Трэба дакладна вызначыць статус выпускнікоў другой ступені вышэйшай школы на рынку працы. У кваліфікацыйных патрабаваннях да пасад спецыялістаў і служачых не ўлічваецца ступень магістра, а размеркаванне магістраў адбываецца ў адпаведнасці з кваліфікацыяй, набытай імі на І ступені вышэйшай адукацыі, — патлумачыў сутнасць праблемы Сяргей Раманюк. — Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дало наймальнікам права працаўладкоўваць выпускнікоў магістратуры на больш высокія пасады без наяўнасці адпаведнага стажу. Аднак праблема з працаўладкаваннем магістраў, па сутнасці, усё роўна не вырашана: для гэтага павінны быць распрацаваны кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад служачых з дыферэнцыяцыяй па ўзроўнях адукацыі. Магістры не запатрабаваны і незразумелыя для працадаўцаў…
У Міністэрстве адукацыі лічаць, што трэба сфарміраваць новую канцэпцыю стыпендыяльнага забеспячэння студэнтаў і павысіць мінімальны сярэдні бал, а сродкі, што вызваляцца, накіраваць на павелічэнне дыферэнцыяцыі мінімальнага і максімальнага памеру стыпендыі. Цяпер мінімальны сярэдні бал, які дае права атрымліваць стыпендыю, складае 5, а па профілях гуманітарнай і эканамічнай адукацыі — 6. Такія балы немагчыма атрымаць хіба што толькі поўнаму гультаю. Па сутнасці, стыпендыя страціла сваё асноўнае прызначэнне…
Дактары навук на вагу золата
Катастрафічнай лічаць рэктары і сітуацыю з прафесарска-выкладчыцкім саставам (ПВС). Паводле статыстычных звестак у жніўні бягучага года сярэдняя заработная плата ПВС была 5 млн 800 тысяч рублёў, што складае толькі 90% ад сярэдняга заробку па народнай гаспадарцы. Заработная плата старшага выкладчыка ВНУ пры стажы работы ад 10 да 15 гадоў меншая за заробак выхавальніка дашкольнай установы з такім жа стажам і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй (3162,8 тыс. руб. супраць 4272,7 тыс. руб.). Прафесарска-выкладчыцкі састаў імкліва старэе, і дактары навук у ВНУ становяцца ўжо выключэннем. Лепшыя ў аспірантуру не ідуць, таму і на выхадзе няма кандыдацкіх дысертацый. А абарона доктарскіх і ўвогуле становіцца рэдкай з’явай. За 2013 год было абаронена ўсяго 39 доктарскіх дысертацый на ўсю краіну. Фактычна небяспечная рыса ўжо перасягнута…
Якія яшчэ прапановы прагучалі на пасяджэнні рабочай групы:
— перагледзець падыходы да ацэньвання работ удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання;
— удасканаліць мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў;
— прывесці класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый у адпаведнасць з патрэбамі галін эканомікі;
— адмовіцца ад дэталёвай рэгламентацыі адукацыйных праграм, замацаваных у стандартах. Да 50% зместу адукацыйнай праграмы дазволіць вызначаць установе адукацыі;
— увесці для першай ступені вышэйшай адукацыі назву «бакалаўрыят» як найбольш распаўсюджаную і добра пазнавальную на міжнароднай адукацыйнай прасторы;
— забяспечыць абавязковую ўнутраную (рэспубліканскую) і знешнюю (міждзяржаўную) мабільнасць выкладчыкаў і студэнтаў;
— прыцягваць бізнес да падрыхтоўкі кадраў;
— замацаваць нормы фінансавання дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі з улікам нарматываў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў у разліку на аднаго студэнта;
— запусціць пілотны праект па нарматыўным фінансаванні ўстаноў вышэйшай адукацыі.