Настаўнікі згадзяцца, што семінары, якія праводзіць Настаўнік info, заўсёды глыбокія па змесце, цікавыя і вельмі карысныя. На гэты раз грамадская арганізацыя Таварыства беларускай школы аб’ядналася з РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” і Реnal Reform Int., і гэта дало сінергетычны эфект, калі 1+1=3.
Тэма семінара “Фарміраванне сацыяльна-значных каштоўнасцей жыцця ў школьнікаў сродкамі развіцця крытычнага мыслення і актыўнай ацэнкі” разглядалася адначасова з тэмай “Несмяротнае пакаранне…Таму што мы людзі”. За два дні (25-26 кастрычніка) настаўнікі засвоілі праграму з тэарэтычных і практычных заняткаў у аб’ёме 16 акадэмічных гадзін.
Абыякавым не застаўся ніхто, бо ўсе разумеюць, што і самім настаўнікам, і школьнікам трэба навучыцца бачыць не толькі падзеі, якія ляжаць на паверхні, але імкнуцца раскрыць нябачныя корні падзей і з’яваў, знайсці самыя тонкія лагічныя і філасофскія сувязі. Кожны чалавек разумее падзеі па-свойму і трактоўкі часам дыяметральна супрацьлеглыя, таму настаўнікі павінны супрацоўнічаць з вучнямі, верыць у іх і вучыцца разам з імі. Вядома, што эфектыўнасць навучальнага працэсу павялічваецца за кошт актыўнага ўключэння навучэнцаў у калектыўны пошук ісціны і калі настаўнік пачынае дзяліцца адказнасцю з вучнямі.
Разбурэнне асобы – гэта вялікая небяспека, якая падпільноўвае наша грамадства сёння. Дзяцей адрознівае эмацыйная, валявая і духоўная няспеласць, яны маюць скажонае разуменне справядлівасці, грамадзянскасці і патрыятызма. Таму грамадству і дзяржаве патрабуюцца адукацыйныя мадэлі, якія забяспечваюць выхаванне думаючай асобы, адказнай не толькі за сваё жыццё, але і за захаванне мовы, развіццё гістарычных і культурных традыцый свайго народа . Выхаванне такай асобы магчыма сродкамі развіцця крытычнага мыслення і актыўнай ацэнкі і толькі сумеснымі высілкамі сям'і, адукацыйнай установы і дзяржавы.
Лагічнай для такога семінара бачыцца дыскусія пра каштоўнасць чалавечага жыцця і поглядаў. Дзякуючы такім таленавітым адукатарам, як Міхась Кудзейка, Наталля Ільініч, Тамара Мацкевіч, Алена Палейка, Юлія Хлашчанкова і Сяргей Шымавалос, удзельнікі семінара ўдасканалілі веды пра актыўную ацэнку і тэхналогію крытычнага мыслення, даведаліся пра гісторыю і сучасны стан смяротнага пакарання ў свеце і Беларусі, павысілі ўзровень медыяграматнасці.
Як бачна, семінар атрымаўся шматбаковы, а для ўдзельнікаў - гэта толькі пачатак працы са школьнікамі па-новаму.
Наталля Пракаповіч, г. Паставы