Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда
Галіна павінна больш плаціць за кваліфікацыйны ўзровень, каб педагог імкнуўся да павышэння сваёй кваліфікацыі. Памер заробкаў павінен залежаць ад якасці працы. Гэтыя думкі неаднаразова агучваліся ў самых розных аўдыторыях і з самых розных трыбун. З 1 верасня гэтага года памер надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі, нарэшце, быў перагледжаны ў бок павышэння. Надбаўка за вышэйшую катэгорыю ў педагогаў вырасла ўтрая — з 30% да 90% тарыфнага акладу (стаўкі). За першую катэгорыю цяпер даплачваюць 55% ад тарыфнага акладу (стаўкі) замест 20%. За другую катэгорыю — 30% замест 15%. А за катэгорыю «настаўнік-метадыст» — 120% замест 40%.
Пра тое, што змянілася для работнікаў галіны пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю аб атэстацыі педагагічных работнікаў, мы гутарым з намеснікам старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раманам ДАПІРАМ:
Павышаць катэгорыю ці не?
— Паколькі атэстацыя педагагічных работнікаў перастала быць проста іх правам, а стала яшчэ і абавязкам, першае пытанне, якое паставіў галіновы прафсаюз перад Міністэрствам адукацыі, якое з’яўляецца нашым сацыяльным партнёрам, датычылася павелічэння аплаты за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі. Тым больш што атрыманне і пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі пераўтварылася ў сур’ёзную працэдуру.
Наша пазіцыя была наступнай: памер даплаты павінен стымуляваць педагога да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню і прысваення яму больш высокай кваліфікацыйнай катэгорыі. З 1 верасня даплата перастала быць сімвалічнай. Надбаўка для настаўніка з вышэйшай катэгорыяй складае зараз каля 1 мільёна рублёў, а ў настаўніка-метадыста — каля 1,5 мільёна рублёў.
— Вы лічыце, што гэтыя сумы дапамогуць утрымаць у галіне вопытных педагогаў?
— Да перагляду даплат у многіх узнікалі сур’ёзныя сумненні: а ці шмат знойдзецца ахвотных пацвярджаць сваю вышэйшую катэгорыю за мінімальную прыбаўку да заробку? Першапачаткова на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі педагогам адводзіўся тэрмін да 1 верасня 2014 года, але педагогі не спяшаліся рабіць гэта ў масавым парадку. Затым Міністэрства адукацыі вырашыла перанесці тэрмін пацвярджэння вышэйшай катэгорыі на 1 верасня 2017 года. Фактычна галоўнае адукацыйнае ведамства расцягнула пераходны перыяд амаль на пяць гадоў з часу ўступлення ў сілу інструкцыі, каб можна было якасна і без спешкі правесці кваліфікацыйныя экзамены.
Прызнаюся, што сёння мы больш аптымістычна глядзім на сітуацыю. Мяркую, што калі перад педагогам паўстане дылема (павышаць катэгорыю ці не павышаць, пайсці на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі ці не), то ён зробіць свой выбар на карысць павышэння і пацвярджэння. Усё ж такі ў сістэме каардынат аплаты работнікаў бюджэтнай сферы педагогі атрымалі дастаткова адчувальную даплату. Таму не пацвярджаць вышэйшую катэгорыю і такім чынам пагаджацца на зніжэнне сваёй кваліфікацыі да першай катэгорыі будуць нямногія. Але гэта цалкам магчыма ў выпадку з работнікамі ўстаноў адукацыі, якія падпадаюць пад закрыццё, з работнікамі, з якімі наймальнікі не плануюць прадаўжаць працоўныя адносіны, ці з работнікамі, якія самі жадаюць пакінуць галіну. Застаюцца і пытанні па педагогах перадпенсійнага ўзросту: па тых, хто ўжо стаіць на парозе пенсіі сёння ці будзе стаяць на парозе выхаду на пенсію ў 2017 годзе… Наколькі яны могуць быць зацікаўлены ў пацвярджэнні вышэйшай катэгорыі? Ці захочуць праходзіць сур’ёзны кваліфікацыйны экзамен? У тым выпадку, калі педагог-пенсіянер адмовіцца ад пацвярджэння, яго кваліфікацыйная катэгорыя будзе зніжана да першай.
Тым не менш, падчас правядзення «прамых ліній» да нас сталі звяртацца педагогі са стажам, якія пакінулі сістэму адукацыі, але цяпер задумаліся над сваім вяртаннем. Мяркую, гэта красамоўнае сведчанне таго, што калі пачаць вырашаць пытанні з аплатай працы, то можна спадзявацца на тое, што ў сістэму адукацыі стане магчыма вярнуць кваліфікаваныя кадры, якія некалі пакінулі галіну.
Атэстацыя і аптымізацыя
— Інструкцыя аб парадку правядзення атэстацыі выклікала ў педагогаў шмат пытанняў…
— Менавіта таму напрыканцы сакавіка і ў лістападзе гэтага года Міністэрства адукацыі ўнесла ў інструкцыю важныя карэктывы. У асноўным гэтыя змяненні і дапаўненні былі доўгачаканымі для педагагічнай грамадскасці. На многіх карэктывах прынцыпова настойваў галіновы прафсаюз.
Бадай што самым праблемным у новай інструкцыі стаў 20‑ы пункт, паводле якога педагог, які пераходзіў з адной пасады на іншую, з адной установы адукацыі ў іншую, мог пазбавіцца сваёй кваліфікацыйнай катэгорыі. Пэўныя карэктывы ўносіў запіс аб «пераводзе» работніка на новую пасаду — толькі ў такім выпадку можна было прэтэндаваць на тую ж кваліфікацыйную катэгорыю на новай пасадзе, што і на ранейшай (без уліку тэрміну працы на новай пасадзе).
Магчыма, калі вялася работа над першым варыянтам інструкцыі, мала хто ўяўляў сабе маштабы аптымізацыі і рэарганізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, але па факце сёння многія педагогі вымушаны працаваць не па сваім профілі, а там, дзе для іх знайшлася работа. Закрылася базавая і сярэдняя школы — настаўнікі-прадметнікі вымушаны працаваць у пачатковай школе, выхавальнікамі груп падоўжанага дня або ўвогуле ісці ў сістэму дашкольнай адукацыі. Напрыклад, калі з‑за скарачэння настаўнік з вышэйшай катэгорыяй ішоў працаваць выхавальнікам у школу-інтэрнат, у групу падоўжанага дня ці ўстанову дадатковай адукацыі, ён пазбаўляўся сваёй катэгорыі і яму даводзілася пачынаць «кар’еру» фактычна з нуля…
Унясеннем змяненняў і дапаўненняў у пункт 20 інструкцыі фактычна вырашана праблема прызнання наяўнасці кваліфікацыйных катэгорый па адпаведных пасадах педагагічных работнікаў у выпадках змены імі месца працы, пасады і г. д. пры ўмове адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням. А форма пераходу на новую пасаду зараз не мае значэння. Больш за тое, значна пашыраны пералік пасад, пры змене якіх магчыма прэтэндаваць на ранейшую катэгорыю.
«Не тая» адукацыя
— Раман Восіпавіч, вы сказалі, што адна з умоў допуску да атэстацыі — гэта наяўнасць адпаведнай кваліфікацыі. Але менавіта з гэтым пунктам у педагогаў дашкольнай адукацыі ўзнікалі праблемы..
— Сапраўды, настаўнік фізікі фактычна можа выкладаць матэматыку, а настаўнік хіміі — біялогію. І ніхто яму не скажа, што ён не мае адпаведнай кваліфікацыі, калі кіраўнік установы даручыць яму выкладанне адпаведнай дысцыпліны. Зусім іншая справа — выхавальнік дашкольнай адукацыі. Гэта іншая пасада са сваёй спецыфікай. І да яе прад’яўляюцца іншыя кваліфікацыйныя патрабаванні, чым да настаўнікаў-прадметнікаў. Яны супастаўныя толькі з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да настаўнікаў пачатковых класаў, паколькі і там, і там маецца на ўвазе наяўнасць вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі па профілі «Педагогіка» (кірунак «Педагогіка дзяцінства») ці педагагічная адукацыя і перападрыхтоўка па кірунку «Педагогіка дзяцінства».
Наймальнік мае права ўзяць асобу з педагагічнай адукацыяй на працу выхавальнікам у дашкольную ўстанову без адпаведнасці гэтым кваліфікацыйным патрабаванням, але атэставаць на прадмет прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі не можа. Калі настаўнік матэматыкі з вышэйшай катэгорыяй прыходзіць на пасаду выхавальніка, ён не можа атрымаць нават другую катэгорыю. І яму трэба прайсці перападрыхтоўку па кірунку «Педагогіка дзяцінства». У той жа час калі ён пройдзе перападрыхтоўку, то зможа прэтэндаваць адразу на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ўжо на пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі. Вось чаму перападрыхтоўка па педагогіцы дзяцінства сёння вельмі запатрабаваная.
Тым не менш, трэба разумець, што бяруць ва ўстановы дашкольнай адукацыі педагогаў без адпаведнай падрыхтоўкі з‑за недахопу кадраў. І даволі часта гэтыя педагогі працуюць больш чым на стаўку, бо нават «няпрофільных» спецыялістаў у дашкольных установах не хапае. Адпаведна, вырашыць пытанне замены такіх работнікаў пры накіраванні на перападрыхтоўку таксама складана. Атрымліваецца замкнёнае кола праблем…
Варта памятаць і пра тое, што на шматлікія вакансіі ва ўстановы дашкольнай адукацыі мы размяркоўваем выпускнікоў няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў — напрыклад, філолагаў, гісторыкаў і г. д. Але атэставаць іх таксама будзе немагчыма. Прафсаюз прапаноўваў дапускаць іх да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі пры наяўнасці павышэння кваліфікацыі па пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі.
Сёння ўжо трэба вызначыцца. Калі мы такія прынцыповыя ў пытаннях атэстацыі, тады чаму ў дачыненні да дашкольнай адукацыі дапускаем размеркаванне выпускнікоў «не зусім» па спецыяльнасці? У рэшце рэшт, выпускнікі могуць ад такога размеркавання адмовіцца. Каму стане ад гэтага лепш? Таму мы мяркуем вярнуцца да вырашэння гэтай праблемы ў самы бліжэйшы час.
Дырэктар — таксама педагог
— А ці ўрэгуляванае пытанне атэстацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі? Маю на ўвазе прысваенне ці пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка…
— У новай рэдакцыі быў выключаны пункт 21, згодна з якім кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны былі пацвярджаць кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка. Зараз маецца на ўвазе, што калі кіраўнік не выконвае педагагічную работу, не мае педагагічнай нагрузкі, то і атэстацыю на пацвярджэнне яму праходзіць не трэба. Калі ж ён мае такую нагрузку і займае пасаду настаўніка, то, як і іншыя педагагічныя работнікі, праходзіць абавязковую атэстацыю на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ці на прысваенне іншай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Сёння атэстацыя кіраўнікоў арганізацый сістэмы адукацыі і іх намеснікаў на прысваенне (пацвярджэнне) кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічнага работніка магчыма толькі пры ўмове займання імі адпаведнай пасады педагагічнага работніка, гэта значыць, пры наяўнасці працоўнага дагавора па сумяшчальніцтве.
На жаль, але не ва ўсіх выпадках гэта можна рэалізаваць. Дырэктар школы, які паралельна з асноўнай работай мае 5–10 гадзін вучэбнай нагрузкі па сумяшчальніцтве, можа прайсці атэстацыю як настаўнік і атрымліваць кваліфікацыйную надбаўку, а загадчыку дзіцячага садка такую магчымасць не пакінулі. Загадчык мае права толькі працаваць на замене сваіх педагагічных работнікаў, якія часова адсутнічаюць, што ўсе і робяць. На замене загадчыкі ў гарадскіх садках адпрацоўваюць ад 30% да 50% нормы гадзін выхавацеля на стаўку, але гэта не дае ім права атэстоўвацца як выхавацелям. Між іншым, загадчыкамі дашкольных устаноў адукацыі не заўсёды становяцца выхавальнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, і ў той жа час зараз павысіць свой кваліфікацыйны ўзровень яны не могуць.
У артыкул 255 Працоўнага кодэкса былі ўнесены важныя змяненні: замест слоў «выкладчыцкая работа» там цяпер згадваецца «педагагічная дзейнасць» (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), таму кіраўнікі могуць займацца педагагічнай дзейнасцю па сумяшчальніцтве. Але ў Закон «Аб барацьбе з карупцыяй» патрэбныя змяненні не ўнеслі. Вось калі антыкарупцыйны закон будзе прыведзены ў адпаведнасць з Працоўным кодэксам, тады нашы кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі атрымаюць поўнае права на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі ў выпадку працы на пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі па сумяшчальніцтве.
Маладосць — не перашкода
— А якія правы ёсць у маладых спецыялістаў?
— Увогуле пры допуску да атэстацыі дзейнічаюць наступныя ўмовы. Першая — гэта адпаведнасць кваліфікацыйным патрабаваннямі. Другая — наяўнасць пэўнага стажу.
Інструкцыяй устаноўлена, што прэтэндаваць на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі могуць педагагічныя работнікі, якія маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, два гады. Але ёсць і выключэнні. Асобы, якія атрымалі дыплом аб вышэйшай адукацыі з адзнакай, дыплом магістра ці дыплом даследчыка, дапускаюцца да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі пры наяўнасці стажу работы адзін год. Гэта значыць, што ўжо праз год, як пачалі працаваць, яны маюць права падаваць заяву на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі.
Цікавы момант: у абавязковы стаж работы працягласцю два гады, неабходны для таго, каб прэтэндаваць на атрыманне другой кваліфікацыйнай катэгорыі, можа быць уключаны і стаж работы падчас вучобы. Не сакрэт, што многія студэнты пачынаюць працаваць яшчэ ў час атрымання педагагічнай адукацыі. І іх работа можа быць уключана ў абавязковы стаж працягласцю два гады. Прычым гэта можа быць работа з любой нагрузкай: на чвэрць, палову стаўкі і гэтак далей. Іншымі словамі, калі студэнт, напрыклад, на працягу двух апошніх курсаў працаваў у школе па сваёй спецыяльнасці, добра зарэкамендаваў сябе, а пасля заканчэння ВНУ ўладкаваўся на работу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, то ён можа прэтэндаваць на атрыманне другой кваліфікацыйнай катэгорыі фактычна адразу пасля таго, як прыступіў да працы.
Акрамя таго, дзякуючы апошнім змяненням у інструкцыі, маладыя спецыялісты, якія атрымаюць другую кваліфікацыйную катэгорыю, у аналагічным «паскораным» рэжыме, змогуць прэтэндаваць на прысваенне першай катэгорыі ўжо праз два гады пасля прысваення другой. Раней гэты тэрмін расцягваўся на тры гады.
— Ці засталіся ў сферы атэстацыі пытанні, якія яшчэ патрабуюць свайго вырашэння?
— Асноўнай задачай для прафсаюза лічу вырашэнне кола пытанняў атэстацыі педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. Таксама застаецца нявырашаным пытанне атэстацыі кіраўнікоў фізічнага выхавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Яны ў нас не катэгарыруюцца, у адрозненне ад настаўнікаў фізічнага выхавання, таму гэты прабел таксама трэба ліквідаваць.
Мабыць, надышоў час і для прапрацоўкі пытання прадастаўлення права на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі, якія не маюць вучоных ступеняў і званняў… Увогуле шмат найбольш праблемных пытанняў ужо зняты. Прычым яны вырашыліся на карысць педагогаў, але практыка заўсёды ставіць перад намі новыя праблемныя задачы… Таму працэс удасканалення нарматыўнай базы будзе працягвацца…