Агульныя тэндэнцыі пры правядзенні дзяржаўных уступных экзаменаў (аналагаў ЦТ)

12.01.2015

Тамара Мацкевіч

Гэты артыкул пачаў пісацца ў 2012 годзе пасля серыі судовых справаў, якія распачаў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) супраць настаўнікаў, якія змясцілі заданні рэпетэцыйнага тэставання на сваіх блогах. Настаўнікі дапамагалі дзецям разабрацца з заданнямі і нібыта парушылі аўтарскія правы РІКВ. У 2015 годзе РІКВ зноў пачаў судовую справу, на гэты раз супраць настаўніка, які не выкладаў нават умоваў заданняў РТ, а толькі свае рашэнні. У сувязі з тым, што РІКВ працягвае практыку забароны карыстання тэстамі РТ і распачынае новыя судовыя справы, прапануем абноўлены агляд, як нашыя краіны-суседкі вырашаюць праблемы даступнасці тэставых заданняў і рашэнняў да іх. Агляд будзе карысным для пашырэння кругагляду беларускім настаўнікам, чыноўнікам ад адукацыі а таксама судовым установам, які разглядаюць такога кшталту справы.

Для аналізу былі выбраны 5 краінаў: Эстонія, Расія, Польшча, Украіна, Грузія.

Чаму гэтыя краіны?

- Эстонія – паводле даследаванняў PISA па ўсіх параметрах уваходзіць у пяцёрку найлепшых па якасці адукацыі краін у Еўропе, і займае 6 – 11 месца ў свеце.
- Расія – суседка, хаця і з’яўляецца адукацыйным аўтсайдэрам у свеце (34 – 41 месца), але Беларусь на яе традыцыйна раўняецца.
- Польшча – суседка, якая мае самыя вялікія за гісторыю даследаванняў тэмпы развіцця адукацыі, займае 3 – 6 месца ў Еуропе, 9 – 14 ў свеце.
- Украіна – суседка, даследаванні якасці адукацыі PISA не праводзіліся, сярэдняя адукацыя, як і ў нас, яшчэ не пераведзена на сучасныя рэйкі (рэформа плануецца ў 2015 годзе), таму мае шмат агульнага з Беларуссю, але Украіна мае больш свабоды, таму адкрыта для аналізу.
- Грузія – постсавецкая краіна, якая цалкам змяніла адукацыю на заходні манер.

Аналагі ЦТ у іх называюцца, адпаведна: АЭ, ЕГЭ, матура, ЗНО, АНЭ (Scills).

Якія падабенствы і адрозненні беларускіх ЦТ і РТ і адпаведных экзаменаў у іншых кранах?

1. Усе 5 краінаў перайшлі на новую сістэму ацэнкі – шляхам незалежнага вонкавага ацэньвання, г. зн. сістэмы дзяржаўных экзаменаў (тэстаў). Гэта стварае магчымасць справядлівай ацэнкі ведаў і ўменняў вучня, зніжае (а ў невялікіх краінах цалкам ліквідуе) карупцыю ў адукацыйнай сферы.

2. Ва ўсіх прааналізаваных краінах настаўнікі і вучні маюць доступ да ЎСІХ заданняў незалежнага вонкавага ацэньвання і могуць іх выкарыстоўваць адразу пасля яго правядзення. Тэсты разам з адказамі вывешваюцца на афіцыйных сайтах у свабодным доступе ў Польшчы, Расіі, Украіне. У Эстоніі тэсты абароненыя аўтарскім правам, аднак яно не распаўсюджваецца на настаўнікаў і вучняў, якія бясплатна атрымліваюць усю інфармацыю пра АНЭ. Ва ўсіх пяці краінах настаўнікаў заахвочваюць карыстацца ўзорамі тэстаў для падрыхтоўкі вучняў, бо яны задаюць стандарт адукацыі.

3. Удасканаленне тэстаў: увага звяртаецца на ацэнку ўменняў (кампетэнцый), а не толькі ўзроўню ведаў. Напрыклад, у Грузіі, якая рэфармавала сваю сістэму адукацыі на ўзор Вялікабрытаніі і ЗША, можна паглядзець узор тэста на рускай мове тут: http://echo.msk.ru/blog/echomsk/914488-echo. Сучасны падыход да складання тэстаў, калі правяраюцца кампетэнцыі, логіка, уменні аналізаваць інфармацыю і сінтэзаваць новыя веды,  вырашае не толькі праблему адбору здольных вучняў для ВНУ, але – аўтаматычна – праблему спісвання. Прыклад з матэматыкі: заданне патрабуе, каб вучань не толькі рашаў ураўненні, але і ўмеў самастойна скласці ўраўненне зададзенага тыпу – як бы для таго, каб яго рашылі іншыя. Тэсты ў Эстоніі, Польшчы (дзве  найбольш паспяховыя ў Еўропе краіны ў развіцці сярэдняй адукацыі) складзеныя так, каб праверыць у вучняў найперш базавыя кампетэнцыі. Тэсты дзяржаўных экзаменаў складаюцца з улікам досведу тэстаў PISA. “Муштраваць на тэсты” і хаваць ад настаўнікаў і вучняў заданні наогул губляе сэнс, бо яны маюць безліч варыянтаў. Можна, прыкладам, паглядзець заданні і крытэры ацэнкі польскіх тэстаў па ўсіх прадметах на старонцы дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі http://www.cke.edu.pl.

4. Адзіныя крытэры ацэнкі даюць магчымасць эфектыўна кантраляваць дыдактычны працэс і пры неабходнасці карэктаваць яго арганізацыйна, праграмна і метадычна. Г. зн., тэсты не столькі для таго, каб “ранжыраваць” – а каб мець зваротную інфармацыю, як і чаму трэба вучыць. Менавіта таму яны і адрасаваны настаўнікам – а не хаваюцца ад іх.

5. Вынікі незалежных дзяржаўных экзаменаў (АЭ, ЕГЭ, матура, ЗНО, Skills) прымаюцца ўсімі альбо абсалютнай большасцю вышэйшых навучальных установаў краіны, дзе яны праводзяцца. Сертыфікаты аналагаў ЦТ многіх краін прымаюцца ў якасці ўступных у большасці еўрапейскіх краін. Прыкладам, эстонцы могуць паступіць хоць у Оксфард, даслаўшы сертыфікат свайго “ЦТ” электроннай поштай, бо Эстонія далучаная да Балонскай сістэмы. Грузія нават плоціць дзяржаўныя стыпендыі студэнтам і магістрантам, якія паступілі ў найбольш прэстыжныя ВНУ за мяжой (Гарвард, Оксфард...), бо зацікаўленая ў кваліфікаваных кадрах.

6. Паўсюль вучань мае магчымасць праглядзець сваю работу пасля ацэнкі і падаць апеляцыю.

7. Незалежнае тэставанне школьнікаў і выпускнікоў сярэдніх навучальных устаноў паўсюль праводзіцца бясплатна. У Эстоніі паўторны экзамен платны, але не для школьнікаў і выпускнікоў. Плата за адзін экзамен 4,47 еўра.

8. РТ (спробнае тэставанне) праводзіцца не паўсюль. У Расіі РТ цэнтралізавана не праводзіцца, бывае ў рэгіёнах. У Маскве ў 2012 г. праводзілі абавязковае бясплатнае РТ па матэматыцы. У Расіі шмат РТ праводзіцца камерцыйнымі структурамі, якія складаюць свае тэсты на ўзор дзяржаўных. Ва Украіне РТ платнае, каштуе 89 грывень (каля 5 долараў). Вучань адразу пасля РТ атрымлівае на рукі бюлетэнь з адказамі і правярае сваю работу сам. Праз некалькі тыдняў на сайце можна паглядзець табліцу ранжыравання, каб палічыць свае балы ў 200-бальнай шкале. (Ва Украіне мінімальны бал 100, максімальны – 200). Анлайнавае РТ бясплатнае, даступна для ўсіх настаўнікаў і вучняў на афіцыйным сайце Міністэрства http://osvita.ua/test/44015/

Дадатковая інфармацыя і спасылкі на крыніцы:

1. Эстонія, АЭ.
Дзяржаўныя і выпускныя экзамены  з 2012 г. праводзіць некамерцыйны цэнтр INNOVE: http://www.innove.ee/ru/obse/vopusknie-eksameni
Лічыцца, што экзамен здадзены, пачынаючы з 20 балаў. Заданні па фізіцы з адказам 2012 г., базавы узровень (на рускай мове): http://www.ekk.edu.ee/vvfiles/0/fyysika_p6hikooli_l6pueksami_hindamisjuh...
SAIS – служба, з дапамогай якой можна падаць заяву праз інтэрнэт у любое ВНУ і паступіць у любы універсітэт, які ўваходзіць у сістэму SAIS: https://www.sais.ee/index_ru.html

2. Расія, ЕГЭ.
Сайт: http://www.ege.edu
Дэманстрацыйныя варыянты ЕГЭ на афіцыйным сайце: http://www.ege.edu.ru/ru/main/demovers/

3. Украіна, ЗНО.
“Знешнее незалежнае ацэньванне” бывае базавага і паглыбленага узроўню. Яго правядзеннем кіруе Український центр оцінювання якості освіти (УЦОЯО), які мае рэгіянальныя цэнтры. Сайт: http://osvita.ua
Адказы на ўсе ЗНО папярэдніх гадоў: http://osvita.ua/test/answers/
Трэнінгавыя бесплатныя анлайн тэсты, зробленыя на аснове ЗНО і адказы на іх: http://osvita.ua/test/44015/

4. Польшча, матура.
Аналаг РІКВ – Цэнтральная экзаменацыйная камісія: http://www.cke.edu.pl
Матура – выпускныя экзамены са школы, якія выведзены з-пад кампетэнцыі школы і праводзяцца Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіяй. Матура з’яўляецца адначасова і ўступным экзаменам у ВНУ.
Абавязковымі з’яўляюцца 3 экзамены: матэматыка, замежная мова і польская мова. Гэта аснова, якая ўлічваецца пры паступленні. У залежнасці ад патрабавання навучальнай установы (універсітэта), куды збіраецца паступаць выпускнік, ён выбірае яшчэ дадатковыя матуральныя экзамены, прычым на базавым ці пашыраным узроўні. Можа выбраць колькі захоча дадатковых.
Узоры тэставых лістоў матуры па пэўным прадмеце вывешваюцца адразу пасля яго здачы разам з адказамі і крытэрыямі ацэнкі па кожным заданні. У дзень здачы кожны вучань зможа сам паглядзець свае задачы і адказы і прыблізна палічыць свае балы. Заданні, адказы і крытэрыі ацэнкі: http://www.cke.edu.pl/index.php/2014-em

5. Грузія, АНЭ (Skills).
Сайт: http://newsland.com/news/detail/id/1395067/
Паступленне ва ўніверсітэты адбываецца на падставе адзіных агульнанацыянальных экзаменаў, зробленых на ўзор амерыканскіх GRE ці GMAT, дзе правяраюцца  базавыя кампетэнцыі, уменні, логіка. Можна параўнаць змест нашага ЦТ і грузінскай Scills - “логікі”. Тэкст на рускай мове: http://echo.msk.ru/blog/echomsk/914488-echo/