Уладзімір Колас пра ліцэй: «Мы – эксклюзіў, мы – далёка не стандартныя»

15.01.2015

 

15 студзеня 1990 году ў Беларусі паўстала ўнікальная навучальная ўстанова — Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

У 2003 годзе ліцэй страціў свой афіцыйны статус, але пазнавальнасьць брэнду «Коласаўскі ліцэй» захавалася. Атрымаўшы адукацыю ў падпольлі, ліцэісты пасьпяхова паступаюць у ВНУ ў Беларусі і за яе межамі.

Чаму «ліцэй — гэта дыягназ» і як яго заснавальнікі выстаялі ўжо 25 гадоў, распавёў дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас.

— Ліцэй старэйшы, чым рэжым, які пануе ў Беларусі. Як вы выстаялі гэтыя 25 гадоў?

— Шчыра кажучы, я і сам задаю сабе гэтае пытаньне. І адказваць на яго мне нават страшна. Выстаяў таму, што гэта трэба не асабіста спадару Коласу, а значна большай колькасьці людзей — краіне, народу і дзяржаве. Таму што тыя ідэі і каштоўнасьці, якія мы мелі падчас стварэньня ліцэю, знаходзілі водгук шмат у каго. Прычым ня толькі сярод апазыцыі, але і сярод намэнклятуры і супрацоўнікаў савецкіх уладных структураў. Гэтыя праблемы і пытаньні застаюцца актуальнымі і сёньня, што і прымушае нас рабіць сваю справу. А галоўнае для нас — рабіць ліцэй пры любых умовах. Незалежна ад таго, ці мы на Кірава, 21, ці ў іншых месцах.

— Вы кажаце, што ліцэй патрэбны дзяржаве. Дык чаму дзяржава афіцыйна не прызнаецца ў гэтым і ня верне ліцэю статус?

— Гэта пытаньне да дзяржавы. Існуе аб’ектыўная каньюнктура — і гэта праблема ня толькі наша, гэта агульначалавечая праблема. Цяпер ня вельмі выгадна абазначаць прыхільнасьць да каштоўнасьцяў, на якіх стаіць ліцэй, — да беларускай мовы і нацыянальнай тоеснасьці. Цяпер, калі дзяржавай узяты курс на здабываньне рэсурсаў і крэдытаў з Расеі, кіраўніцтва якой займае выразна імпэрскія пазыцыі, ідэалы ліцэю не сустракаюць разуменьня і падтрымкі. Але на нашым вяку мы перажылі шмат самых фантастычных пераменаў. Няма нічога вечнага. Сытуацыя мяняецца, а вечнымі могуць быць толькі маральныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасьці. Я лічу, што нашы каштоўнасьці ўрэшце перамогуць. Мы на гэтым павінны стаяць.

— Коласаўскі ліцэй — пазнавальны брэнд. У першую чаргу дзякуючы выбітным асобам выкладчыкаў. Ці можна казаць, што пасьля страты афіцыйнага статусу такая тэндэнцыя захавалася і што яшчэ больш знакамітых людзей спрычыніліся да адукацыйнага працэсу, стаўшы ліцэйскімі выкладчыкамі ці лектарамі?

— Ліцэй быў брэндам ад самага пачатку. І цяпер застаецца вядомым брэндам. Нашай мэтай заўсёды было даказаць, што беларуская адукацыя можа быць самай прэстыжнай, перадавой і пэрспэктыўнай, а Беларусь — гэта не этнаграфічнае калгаснае гета, якое не дае аніякіх шанцаў у жыцьці. Мы гэтага дасягнулі. І дасягнуць гэтага было ня так і складана, бо вельмі сур’ёзныя людзі сабраліся пад нашы харугвы. Ідэя ліцэю прыцягвае людзей, знаходзіць водгук. І цяпер мы можам разьлічваць на любую выбітную асобу ў краіне ў якасьці запрошанага лектара. Такія людзі з задавальненьнем да нас прыходзяць. Мы працягваем выкарыстоўваць такі спосаб выхаваньня нашых студэнтаў, як сустрэчы з выбітнымі асобамі. Зразумела, што гэта мае вельмі вялікі ўплыў на разьвіцьцё ліцэістаў, бо яны маюць эксклюзіўныя магчымасьці ў параўнаньні са школьнымі вучнямі. Мы імкнемся знайсьці станоўчыя бакі і ў тым не зусім зручным становішчы, у якім цяпер існуем. Сустрэцца зь Лехам Валэнсам ці эўрапейскімі міністрамі ня кожнаму падлетку і ў Эўропе выпадае. А беларускія ліцэісты маюць такую магчымасьць. Мы — эксклюзіў, мы — далёка не стандартныя. Хоць наша мэта цяпер — зрабіць ліцэй шараговай навучальнай установай, якая не мімікрыруе пад асяродзьдзе, а наадварот — падымае навакольны сьвет да ліцэйскага ўзроўню.

— Выпускнікі мінулых гадоў часта паўтараюць, што ліцэй — гэта дыягназ, маючы на ўвазе ня так асаблівасьці адукацыйнага працэсу, колькі сяброўскія сувязі паміж навучэнцамі і цікавае пазакляснае жыцьцё, якому прысьвячалі ўвесь вольны час. І цяпер ліцэй — гэта дыягназ?

— Безумоўна, ліцэй — гэта дыягназ. І ня толькі ў студэнтаў, але і ў выкладчыкаў. Які гэта дыягназ? У нас ёсьць свая аўра, у якую мы ўсе трапляем, у якой нам вельмі добра. Аўра гэтая адрозьніваецца ад усяго іншага, яна вабіць, выходзіць зь яе ня хочацца. Гэта таксама адна з прычынаў таго, што ліцэй захаваўся. У аснове ня толькі высокія ідэі і каштоўнасьці, а і тое, што ліцэй вельмі падабаецца і дае карысьць нашым дзецям. Нашы студэнты хочуць ісьці ў ліцэй, яны хочуць вучыцца. І ў гэтым адрозьненьне ад сярэдняй школы, у якую трэба заганяць ледзь не сілком. Менавіта таму за ліцэй трымаюцца і ліцэй бароняць.

— Ці прызвычаілася ліцэйская супольнасьць да падпольнага існаваньня? Ці марыць вярнуцца ў свой гістарычны будынак на Кірава, 21?

— Безумоўна, на гэта ёсьць спадзяваньні. Але ёсьць і цьвярозае разуменьне, што ліцэй — гэта мэтафара стану ўсяго таго, што мы называем нацыянальна-культурнымі каштоўнасьцямі. Калі яны шанаваліся, ліцэй меў афіцыйны статус, быў у прэстыжным месцы ў цэнтры Менску і нават быў пілётнай школай — трансьляваў свае веды і досьвед на ўсю краіну. Калі дзяржаўнае стаўленьне памянялася да гэтых каштоўнасьцяў, ліцэй вярнуўся на тую пазыцыю, зь якой пачынаў — у падпольле, са статусам неафіцыйнай грамадзкай ініцыятывы.

— Што вы жадаеце студэнтам, выкладчыкам і выпускнікам ліцэю ў сувязі зь юбілеем?

— Найперш жадаю асабістага шчасьця. А таксама дабрабыту, зьдзяйсьненьня ўсіх мараў і плянаў. Каб тыя веды, што набылі ў ліцэі, дапамагалі ў асабістым жыцьці, а таксама каб мары і пляны мелі дачыненьне да станоўчых пераменаў у нашай краіне. Каб яны не забываліся, дзеля чаго мы стварылі і падтрымліваем ліцэй, і каб працягвалі нашу справу.