У Мінску неабходна развіваць будаўніцтва прыватных дзіцячых садоў. Аб гэтым на калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама заявіў памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Адна з самых складаных тэм для Мінска — забяспечанасць дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі. І ўчора на прыёме грамадзян, які я правёў у Маскоўскім раёне, я ў гэтым пераканаўся. Таму што маладых людзей, якія прыйшлі, у асноўным хвалявалі пытанні ўладкавання дзяцей у дашкольныя ўстановы. Вырашыць гэту праблему дапаможа будаўніцтва прыватных дзіцячых садоў. Чаму ў сталіцы не падтрымліваецца ініцыятыва па будаўніцтве прыватных дашкольных устаноў і міні-садоў у жылых дамах?»- задаў пытанне Аляксандр Якабсон.
Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык адзначыў, што ў горадзе працуе сем прыватных дзіцячых садоў, яшчэ тры — у рэгіёнах. Ён згадзіўся, што гэтай колькасці недастаткова, але будаваць сады на першых паверхах жылых дамоў жадаючых не знаходзіцца. «Прыходзяць людзі, якія хочуць аказваць гэты від паслуг насельніцтву на арэндных плошчах, але на такіх умовах праект выжыць не можа», — сказаў Міхаіл Мірончык. Акрамя таго, ён бачыць недапрацоўку ў тым, што камітэт па адукацыі не прымае ўдзел у абмеркаванні плана горадабудаўнічага развіцця Мінска.
Аляксандр Якабсон запэўніў, што акажа камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама падтрымку ў пытанні выдзялення пляцовак для будаўніцтва дзіцячых садоў, а таксама будзе хадайнічаць, каб камітэт уключылі ў работу па карэкціроўцы генплана.
У 2014 годзе ў сталіцы ўведзены ў строй адна школа, адзін вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-школа, пяць дашкольных устаноў адукацыі. З пяці пабудаваных садоў тры ўзведзены за кошт бюджэту, адзін — на сродкі інвестара, адзін перададзены з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць. Усяго за апошнія пяць гадоў у Мінску адкрыта 16 дзіцячых садоў. Нягледзячы на гэта, як падкрэсліў Міхаіл Мірончык, сітуацыя застаецца складанай. «Не сакрэт, што часткова патрэбнасць у месцах забяспечваецца праз перавышэнне нарматыўнай напаўняльнасці. У сярэднім па горадзе на пачатак 2014-2015 навучальнага года напаўняльнасць дзіцячых садоў крыху павялічылася і складае 122 працэнты», — сказаў старшыня камітэта.
Месцы ў мінскіх дашкольных установах вызваляюць за кошт вываду з іх першых класаў, а таксама шасцігадовых і сямігадовых дзяцей, якія ў гэтым узросце павінны ўжо наведваць школу. За чатыры гады з садоў вывелі 170 першых класаў, што дало магчымасць забяспечыць месцамі больш за 3,4 тыс. малышоў.
Не атрымалася пакуль вырашыць праблему прадастаўлення месц у дзіцячых садах Мінска дашкольнікам, зарэгістраваным у Мінскім раёне. У бягучым навучальным годзе сталічныя сады наведваюць амаль 3 тыс. дзяцей з раёна. Камітэт адукацыі ўнёс прапанову, каб затраты бюджэту сталіцы на ўтрыманне ў садзе дзіцяці з Мінскага раёна кампенсаваліся са сродкаў бюджэту раёна.