Richard Garner, Хельсінкі, 20 сакавіка 2015 г.
independent.co.uk, пераклад Nastaunik.info
На працягу многіх гадоў само слова «Фінляндыя» асацыюецца з паспяховай сістэмай адукацыі, фіны традыцыйна знаходзяцца ў верхняй частцы міжнародных рэйтынгаў па грамаце і дакладных навуках. Толькі некалькі ўсходніх краінаў, такіх як Сінгапур і Кітай, апярэдзілі Паўночную нацыю ва ўплывовым даследаванні Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA). Палітыкі і эксперты ў галіне адукацыі з усяго свету - у тым ліку з Вялікабрытаніі - здзейснілі паломніцтва ў Хельсінкі ў спадзеве выявіць сакрэт поспеху і яго тыражавання.
Асабліва варта адзначыць, што Фінляндыя збіраецца распачаць адну з самых радыкальных рэформаў адукацыі, што калі-небудзь былі зроблены, – скасаваць традыцыйнае «навучанне па прадметах» на карысць «навучання па тэмах».
«Гэта будуць вялікія змены ў адукацыі Фінляндыі, якія мы толькі пачынаем», - кажа Ліза Пагялайнен (Liisa Pohjolainen), адказная за адукацыю моладзі і дарослых у Хельсінкі – сталіца месціцца ў першым шэрагу на шляху рэформаў».
Пасві Сіландэр (Pasi Silander), менеджар па развіцці горада, патлумачыў: «Нам цяпер патрэбны іншы тып адукацыі для падрыхтоўкі людзей да працоўнага жыцця. Маладыя людзі выкарыстоўваюць вельмі сучасныя камп’ютары. Прайшоў час, калі банкі мелі шмат клеркаў, якія запаўнялі паперы з лічбамі, цяпер гэта цалкам змянілася. Таму мы павінны ўнесці ў адукацыю змены, якіх патрабуе прамысловасць і сучаснае грамадства».
Прадметныя заняткі - гадзіна гісторыі ў першай палове дня, гадзіна геаграфіі ў другой – паступова скарачаюцца для 16-гадовых навучэнцаў старэйшых класаў горада. Яны замяняюцца тым, што фіны называюць «вывучэнне з’яваў» - ці «навучанне па тэмах». Напрыклад, падлетак, які праходзіць прафесійны курс «грамадскае харчаванне», будзе вучыць элементы матэматыкі, замежных моваў (каб абслужыць замежных кліентаў), навыкі пісьма і камунікатыўныя навыкі.
У межах акадэмічнага навучання вучні будуць вывучаць міжпрадметныя тэмы, такія як Еўрапейскі саюз. Гэтая тэма спалучае веды з эканомікі, гісторыі (краін-удзельніц), замежных моваў і геаграфіі.
Ёсць і іншыя змены, якія таксама закранаюць традыцыйны фармат, калі вучні сядзяць пасіўна ў шэрагах перад сваім настаўнікам, слухаюць, пішуць ці чакаюць, калі настаўнік іх апытае. Замест гэтага будзе кааператыўнае навучанне, калі вучні працуюць у невялікіх групах над вырашэннем праблемаў, паляпшаючы свае навыкі зносін.
Mар’ё Кілланен (Marjo Kyllonen), менеджар адукацыі Хельсінкі, якая будзе прадстаўляць свой план зменаў у канцы гэтага месяца ў Радзе, сказала: «Змены закрануць не толькі Хельсінкі, але ўсю Фінляндыю. Нам сапраўды трэба пераасэнсаваць адукацыю і перапраектаваць нашую сістэму для падрыхтоўкі дзяцей для будучыні, даць ім навыкі, неабходныя для сённяшняга і заўтрашняга дня. Ёсць школы, што выкладаюць у старамодным стылі, які больш падыходзіць для XX стагоддзя, але ў наш час запыты змяніліся, нам трэба нешта такое, што будзе адпавядаць XXI стагоддзю».
«Рэформы адлюстроўваюць растучыя запыты і ў Вялікабрытаніі, - зазаначыў адукацыйны сакратар Канфедэрацыі брытанскай прамысловасці і працы Трыстрам Хант (Tristram Hunt) – адукацыя павінна спрыяць станаўленню асобы, забяспечваць яе ўстойлівасць і камунікатыўныя навыкі, а не проста быць фабрыкай, якая «прапускае дзяцей праз экзамен».
Аднак, у Вялікабрытаніі не назіраецца вялікага жадання скасаваць традыцыйныя прадметы. Нават у Фінляндыі рэформы сустрэлі пярэчанні з боку настаўнікаў і кіраўнікоў, многія з якіх правялі сваё жыццё, выкладаючы адзін прадмет.
Спн. Кіланен выступае за супрацоўніцтва настаўнікаў-прадметнікаў пры планаванні заняткаў. Настаўнікі, якія прымуць новую сістэму, могуць разлічваць на невялікую надбаўку да заробку.
Па словах сп. Сіландэра, сёння каля 70 працэнтаў сталічных настаўнікаў старэйшых класаў праходзяць навучанне новаму падыходу.
«Мы насамрэч змяняем менталітэт, - сказаў ён, - досыць складана пераканаць настаўніка зрабіць першы крок, але настаўнікі, якія паспрабавалі працаваць па-новаму, кажуць, што не могуць вярнуцца назад».
Папярэднія дадзеныя паказваюць, што навучэнцы таксама атрымліваюць карысць. На працягу двух гадоў, з часу, калі новыя метады навучання пачалі ўкараняюцца, вучнёўскія «вынікі» (яны аддаюць перавагу гэтаму слову, замест слова «адзнакі») палепшыліся.
Фінскія школы абавязаны правесці перыяд навучання «па тэмах» ці «з’явах» як мінімум адзін раз на год. Гэты перыяд можа доўжыцца некалькі тыдняў. У Хельсінкі рэформы ідуць хутчэйшымі тэмпамі, каб натхніць астатнія школы, там рэкамендуецца правесці па два перыяды з новым падыходам на працягу года. Праект спн. Кіланен, які будзе апублікаваны на працягу месяца, прадугледжвае, што рэформа закране ўсе школы Фінляндыі да 2020 года.
Тым часам, дашкольнае навучанне таксама зазнае змены ў рамках новага праекта Цэнтра навучання праз гульню (Playful Learning Centre), які вядзе перамовы з індустрыяй камп’ютарных гульняў, каб увесці больш «гульнявы» падыход пры навучанні дзяцей малодшага ўзросту.
«Мы хацелі б, каб Фінляндыя стала вядучай краінай у навучанні праз гульню», - кажа кіраўнік праекта Олаві Ментанен (Olavi Mentanen).
Вочы адукатараў усяго свету засяроджаны на Фінляндыі, якая робіць выбар на карысць зменаў: ці зможа яна захаваць ці палепшыць свае паказчыкі ў табелі аб рангах PISA?
Калі зможа, то як на гэта адрэагуе астатні адукацыйны свет?
Вучні пачатковай школы Сільтамакі чытаюць рэп у межах вывучэння «тэмы». Фота: Jussi Helttunen
Прыклад фінскага падыходу
Урок англійскай мовы, але на дошцы - мапа кантынентальнай Еўропы. Дзеці павінны аб’яднаць краіны з аднолькавым надвор’ем. Напрыклад, сёння сонечна ў Фінляндыі, але у Даніі – туман. Дзеці вучаць геаграфію і аглійскую мову адначасова.
Запрашаем у пачатковую школу Siltamaki ў Хельсінкі – школу, дзе вучацца 240 дзяцей ад 7 да 12 год, - якія засвоілі новы стыль навучання Фінляндыі. Яе дырэктарка, Эн-Мары Ятынэн, тлумачыць філасофію школы: «Мы хочам, каб дзеці вучыліся ў бяспечнай, шчаслівай, спакойнай і натхняльнай атмасферы».
Мы напаткалі дзяцей, якія гуляюць у шахматы на калідоры, а таксама сустракаем дзяцей, захопленых гульнёй, у якой трэба рухацца па школе, каб сабраць інфармацыю пра розныя часкі Афрыкі. Дырэктарка апісвае тое, што адбываецца, як «навучанне з задавальненнем». Яна хоча, каб дзеці больш супрацоўнічалі і ўзаемадзейнічалі між сабой, бо гэта спрыяе развіццю навыкаў творчага мыслення.