Ганна Любакова
Сёлета найлепшай настаўніцай у сьвеце назвалі выкладчыцу ангельскай мовы Нэнсі Этвэл з амэрыканскага штату Мэн. У нядзелю на Глябальным форуме па пытаньнях адукацыі і павышэньня кваліфікацыі ў Дубаі прайшла цырымонія ўзнагароджваньня. Настаўніца з ЗША атрымала 1 мільён даляраў. Гэтыя грошы яна ахвяруе школе, якую заснавала ў штаце Мэн у 1990 годзе. У школе ёсьць вялікая бібліятэка, кожны вучань штогод прычытвае каля 40 кніжак. Нэнсі Этвэл — аўтарка шэрагу кніг пра навучаньне, адна зь іх выйшла накладам паўмільёна асобнікаў.
Сярод дзесяці фіналістаў конкурсу былі настаўнікі з ЗША, Кеніі, Камбоджы, Аўганістану, Індыі, Малайзіі і Вялікабрытаніі. Настаўнік з Нью-Ёрку распрацаваў праект павелічэньня вытворчасьці прадуктаў харчаваньня ў цэнтры гораду, у выніку вучні атрымліваюць здаровую ежу. Настаўніца з Камбоджы ўжо больш за чвэрць стагодзьдзя працуе са сьляпымі студэнтамі і вучыць іх мове, каб яны не пачуваліся выключанымі з сыстэмы адукацыі. Выкладчыка біялёгіі з паўночнай Англіі адзначылі за «даступнасьць і актыўнасьць выкладаньня» праз выкарыстаньне сьпеваў і танцаў. Гэтую прэмію заснаваў дабрачынны фонд «Varkey Foundation» дзеля павышэньня прэстыжу прафэсіі настаўніка.
Як узнагароджваюць беларускіх настаўнікаў?
Найлепшых настаўнікаў у Беларусі выбіраюць з 1991 году. Конкурсы адбываюцца не штогод, за ўсю гісторыю правядзеньня спаборніцтва тытул «Настаўніка году» атрымалі 12 пэдагогаў. Ня ўсе настаўнікі пасьля атрыманьня ўзнагароды застаюцца ў школе. Некаторыя сталі чыноўнікамі, хтосьці сумяшчае працу ў школе з выкладаньнем у ВНУ, а некаторыя сышлі з гэтай сфэры.
Першыя ўзнагароды атрымалі настаўнікі хіміі, музыкі і сьпеваў. Двойчы перамагалі настаўнікі біялёгіі, ангельскай мовы, а таксама гісторыі. Атрымлівалі ўзнагароду выкладчыкі інфарматыкі, геаграфіі і фізыкі. Найчасьцей прызнавалі найлепшымі настаўнікаў Берасьцейшчыны — у розныя гады перамагалі настаўнікі з Ганцавічаў, Драгічыну, з Маларыцкага раёну, двойчы з Баранавічаў. З Гарадзеншчыны пераможцамі былі выкладчыкі са Смаргоні, Ашмянаў і Дзятлава. Былі найлепшымі настаўнікі з Магілёва і Менску. Апошнім пераможцам конкурсу стаў Віктар Жук, малады настаўнік з Маладэчна. Аляксандр Лукашэнка падчас узнагароды адзначыў, што «правядзеньне конкурсу садзейнічае павышэньню прэстыжу прафэсіі настаўніка і аказвае прыкметны ўплыў на разьвіцьцё нацыянальнай сыстэмы адукацыі».
Чаму настаўнікі сыходзяць са школаў?
«Белстат» канстатуе, што за год у Беларусі установаў сярэдняй адукацыі стала на 102 меней. Нельга сказаць, што праблема ў дэмаграфіі, бо паводле статыстыкі, колькасьць навучэнцаў летась павялічылася больш як на паўтара адсотка і склала 946 тысяч чалавек. А вось колькасьць настаўнікаў паменшылася на 4400 тысяч. Цяпер у сярэдніх навучальных установах Беларусі выкладаюць 117 тысяч пэдагогаў.
Чаму прафэсія настаўніка становіцца ўсё менш папулярнай сярод моладзі, а настаўнікі са стажам сыходзяць з навучальных установаў? Адна з прычынаў — нізкія заробкі ў сфэры адукацыі. Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе, што сёлета ў студзені сярэдні заробак у сфэры адукацыі склаў 4 мільёны 439 тысяч рублёў. Сярод заробкаў у розных галінах дзейнасьці ў Беларусі адукацыя — на апошнім месцы, адразу пасьля сельскай гаспадаркі.
«Крыштальны журавель», ключы ад Geely і тэлевізар
Пра заробкі ў школах апошні пераможца конкурсу «Настаўнік году» Віктар Жук размаўляць ня хоча, бо лічыць, што, калі чалавек натхнёны сваёй працай і атрымлівае асалоду ад яе, грошы адыходзяць на другі плян:
Віктар Жук
«Для мяне гэта ня самая вырашальная справа. Мне падабаецца мая праца, а на заробак я не скарджуся. Але я і працую шмат — іду на працу а 8-й, вяртаюся пасьля 5-й. Чаму маладыя настаўнікі сыходзяць са школы? Відаць, не хапае матывацыі, сутыкаюцца зь цяжкасьцямі, ёсьць праблемы з адаптацыяй. На мой погляд, ва ўнівэрсытэтах недастаткова аддаецца ўвагі практыцы. Таму настаўнікі ня ведаюць, што іх чакае ў школе».
Пасьля перамогі ў конкурсе Віктар працягвае працаваць ў сярэдняй школе № 11 у Маладэчне. Ён стаў наймаладзейшым «настаўнікам году» — на момант атрыманьня прэміі Віктар працаваў у школе ўсяго тры гады. Атрыманы тытул, кажа ён, — гэта ня толькі прэстыжная ўзнагарода, яна накладае таксама і пэўныя абавязкі.
У Маладэчне настаўнік выкладае гісторыю Беларусі і сусьветную гісторыю. Школа расейскамоўная, таму і навучаньне па-расейску.
«Вучні і бацькі выбіраюць, на якой мове будзе выкладацца гісторыя. Усе мае вучні — расейскамоўныя і жывуць у расейскамоўным асяродзьдзі, таму гэтая мова для іх больш зразумелая і простая для камунікацыі. Але магчыма, з наступнага году будуць зьмены і гісторыю Беларусі буду выкладаць па-беларуску. Міністар адукацыі ўздымаў гэтае пытаньне. Мы праводзілі апытаньне вучняў. Хоць далёка ня ўсе пагаджаюцца, бо баяцца цяжкасьцяў, але зь іншага боку, калі не рабіць зьменаў, то ім з кожным годам усё складаней будзе разумець родную мову. Цікава, што калі мы абмяркоўваем традыцыі, культуру беларусаў, літаратуру, гучаць нейкія вершы па-беларуску, а потым пераходзім на расейскую — то ў саміх вучняў таксама ўзьнікаюць пытаньні, чаму мы гэта робім на расейскай мове?»
Віктар Жук і вучні
Паводле настаўніка гісторыка, найважнейшае ў навучаньні — гэта актыўны дыялёг з вучнем, інтэрактыўнасьць, зваротная сувязь, уменьне крытычна ацанiць, параўнаць, прааналiзаваць розныя гістарычныя падзеі. Каб разнастаіць працэс выкладаньня Віктар прыносіць на заняткi дасьпехі, бярэ вучняў у паходы і краязнаўчыя падарожжы па ваколіцах.
У якасьці ўзнагароды настаўнік атрымаў ад кіраўніка Беларусі статуэтку «Крыштальны журавель» і ключы ад кітайскага аўтамабіля Geely. Пакуль Віктар правоў ня мае, і аўтамабіль «чакае свайго часу». Яшчэ адзін прыз — тэлевізар — Віктар перадаў у сацыяльна-пэдагагічны цэнтар у Маладэчне.
«Настаўнікі, якія вучаць думаць, непатрэбныя»
Зусім інакш склалася жыцьцё ў іншай «настаўніцы году», праўда, раённага ўзроўню. Гісторык Алена Масьлюкова атрымала гэты тытул у 2013, і стала найлепшым пэдагогам у Сьветлагорскім раёне. Летась у верасьні Алену звольнілі са сьветлагорскай школы нумар 10, дзе яна выкладала гісторыю, — не працягнулі кантракту. Відавочнага канфлікту з кіраўніцтвам у настаўніцы не было, але дырэктарка ёй заявіла, што «такія людзі, як яна, робяць Майдан».
Алена Масьлюкова
«Час ад часу ў нас былі сутыкненьні, але гэта былі звычайныя дачыненьні. Я выказвала сваю думку, а аднойчы мяне паклікала ў кабінэт дырэктарка, дзе яна прымушала маладую настаўніцу падпісацца на „Настаўніцкую газэту“. Я ня вытрымала і сказала, што няма такога закону, які абавязвае яе рабіць гэтую падпіску. Мне пасьля заявілі, што калі не падабаецца працаваць у дзяржаўнай школе, то магу пайсьці ў прыватную. А пасьля далі на рукі паведамленьне, што звальняюць у сувязі са сканчэньнем тэрміну працы».
Звальненьне стала нечаканасьцю для калегаў настаўніцы, яе вучняў і іх бацькоў. У Алены быў выпускны кляс — да заканчэньня школы вучням застаўся толькі адзін год. Цяпер гісторык з 30-гадовым стажам выкладаньня, сябра партыі БНФ, былая настаўніца філіі Коласаўскага ліцэю ня можа знайсьці працы ні ў воднай школе ў Сьветлагорску.
Падзякі і дыплёмы Алены Масьлюковай
Ці можна сказаць, што настаўнікаў кантралююць і запалохваюць у школах? Алена Масьлюкова лічыць, што так — больш за тое, настаўнікі, якія вучаць дзяцей думаць, цяпер не патрэбныя ўладам:
«Я не хачу кепска казаць пра сваіх калегаў, але выкладаць гісторыю і грамадазнаўства азначае вучыць дзяцей думаць, рабіць высновы, аналізаваць. Таму гэтая катэгорыя настаўнікаў зьяўляецца небясьпечнай — і для гэтай улады найперш, і для чыноўнікаў, і для таго ж самага дырэктара. Я шмат запытвалася дзяцей пра ўкраінскія падзеі, што адбываецца, чаму так адбываецца. Што цікава, нават афіцыйныя ўлады быццам бы падтрымліваюць украінскі бок, але насамрэч мне падаецца, што тут такая прарасейшчына! Вы ж разумееце, ёсьць пэўная сацыяльная замова — калі раней патрэбныя былі адукаваныя вучні, каб яны паступалі ў ВНУ, то цяпер нам патрэбныя муляры і цесьляры».
Адзінае, што цешыць Алену, гэта тое, што дырэктарка казала пра яе як чалавека з «цьвёрда выверанай грамадзянскай пазыцыяй». Алена мяркуе, што для настаўніка сёньня гэта хутчэй мінус.
«Які сэнс заставацца ў школе — быць штатнай адзінкай?»
Рэпэтытар зь Менску Аляксей Васілеўскі рыхтуе вучняў да іспытаў па двух прадметах — фізыцы і матэматыцы. З выкладчыкам летась у школе не працягнулі кантракту. Прычынаў не тлумачылі, аднак, як кажа Аляксей, «яны ляжалі на паверхні»: настаўнік неаднаразова крытыкаваў тое, што вучняў у школе часта зрываюць з заняткаў або адмяняюць ім заняткі ўвогуле, каб дзеці наведвалі парады, музэі і канцэрты.
«Я пра гэта не маўчаў і выказваў сваю незадаволенасьць. У праграме Яўгена Лівянта казаў пра тое, што дзяцей здымаюць з заняткаў. Я ўвогуле прыйшоў да высновы, што цяпер настаўнікі сыходзяць са школы ня толькі таму што заробкі нізкія і шмат папяровай працы. А таму, што яны разумеюць, што іх праца нікому не патрэбная. Дзяцей здымаюць з заняткаў — у дзяцей адпаведнае стаўленьне да заняткаў, што іх можна прапусьціць і нічога ня здарыцца. Апошняя матывацыя настаўніка — калі тое, што ён робіць, патрэбнае дзецям. Калі яна зьнікае, то які сэнс заставацца — быць штатнай адзінкай?»
Аляксей Васілеўскі
Матэрыяльнай зацікаўленасьці ў Аляксея не было апошнія пятнаццаць гадоў — летась настаўнік працаваў на паўстаўкі і атрымліваў каля паўтара мільёнаў рублёў, раней, маючы па 30 заняткаў на тыдзень, не зарабляў у школе больш за трыста даляраў у эквіваленце. Сёньня Аляксей займаецца рэпэтытарствам шэсьць разоў на тыдзень, каб пасьпець папрацаваць з усімі ахвотнымі.
Летась на сваім сайце Аляксей Васілеўскі апублікаваў рашэньні заданьняў рэпэтыцыйнага тэставаньня, каб вучні маглі самастойна іх разабраць. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) убачыў у гэтым парушэньне маёмаснага аўтарскага права на задачы тэстаў і падаў у суд на рэпэтытара. Прадстаўнікі інстытуту даводзілі, што рэпэтытар зрабіў гэта з карысьлівых мэтаў.
«Ужо ня кажучы пра тое, што я абсалютна бясплатна выкладваў рашэньні, то яшчэ ніводзін вучань не прыйшоў да мяне і не сказаў, што ўбачыў мае рашэньні і таму захацеў са мной займацца. Больш за тое, большасьць сьцягваньняў было ня зь Менску, а з пэрыфэрыі. Гэтыя дзеці не заўсёды маюць магчымасьць паехаць у абласны цэнтар на тэст. І яшчэ адна прычына: рашэньні, якія дае РІКВ і яго прадстаўнікі, не заўсёды добрыя і поўныя. У гэтых рашэньнях ёсьць памылкі. І я маю доказы — у рашэньнях Ліцэя пры БДУ сапраўды ёсьць памылкі».
На пачатку сакавіка суд вынес канчатковае рашэньне: у дзеяньнях настаўніка ў выніку не знайшлі правапарушэньня. РІКВ плянуе гэтае рашэньне абскардзіць.
Аляксей кажа, што, напрыклад, у Расеі больш празрыстая сыстэма адзінага дзяржаўнага іспыту. Там нават умовы заданьняў тэсту ў свабодным доступе і ніхто за гэта грошай не бярэ. У Беларусі ж наадварот — дзяржаўная і некамэрцыйныя арганізацыя — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў не аказвае ніводнай бясплатнай паслугі.
«Раней настаўнік быў „гуру“. Сёньня ён стаіць з флікерам на пераходзе і абыходзіць дамы, перапісваючы дзяцей»
Маладая настаўніца Настасься Кухарэнка выкладала ў менскай школе № 60 ангельскую мову. Гэтую школу Настасься знайшла сама, бо паводле разьмеркаваньня хацела працаваць менавіта ў беларускамоўнай навучальнай установе. Пераконвала бацькоў, што вучыць замежнай мове празь беларускую не складана, галоўнае, каб гэта было цікава, асабліва ў пачатковых клясах. Настасься распавядала дзецям казкі пра дзеясловы, сьпявала правілы.
Сышла са школы, таму што расчаравалася ў адукацыйнай сыстэме, якая працуе неэфэктыўна дзеля справаздачаў і конкурсаў, а не на адукацыю і выхаваньне дзяцей.
Настасься Кухарэнка
«Было моцнае жаданьне і ў гэтых умовах даць дзецям веды, нягледзячы на тое, што «ізноў праверка, трэба хутка сёе-тое дарабіць», «дзе знайсьці яшчэ 10 кг макулятуры на кожнага вучня», «як у свой выходны завесьці клясу на хакей». Дзеці часам казалі, што хочуць стаць настаўнікамі ў будучыні. Я ўсьміхалася і казала: «Добра, падрасьцеш і яшчэ раз падумаеш».
Паводле Настасьсі, прафэсія настаўніка патрэбная, але гэта разумеюць далёка не ўсе. Прэстыж прафэсіі падае, і паніжаюць яго самі ўлады:
«Калі раней настаўнік быў для бацькоў і дзяцей тым, каго б мы назвалі „гуру“, то сёньня гэта той, хто а 7 гадзіне раніцы ў свой выходны мусіць стаяць з флікерам ля пешаходнага пераходу, абыходзіць дамы, перапісваючы дзяцей. Скажаце, „ім за гэта плацяць“. Так, праўда, але адмовіцца ад гэтага яны звычайна ня могуць. Як павінен адчуваць сябе настаўнік пры такім стаўленьні? Вось у мяне дзьве адукацыі, апроч пэдагагічнай я эканаміст банкаўскай справы».
Цяпер Настасься працуе лягістам у прыватнай кампаніі. Нягледзячы на тое, што са школы яны сышла яшчэ два гады таму, з вучнямі дагэтуль сябруе — сустракаецца зь імі на Каляды, Гуканьне вясны ці Багач.
Прэмія для найлепшых настаўнікаў у Беларусі ёсьць, а саміх настаўнікаў становіцца ўсё менш. Летась найбольш папулярнымі кірункамі ва ўнівэрсытэтах былі дызайн, праграмаваньне і права, дзе конкурс быў дзесяць чалавек на месца. А сярод непапулярных спэцыяльнасьцяў былі фізыка, прыкладная матэматыка, ахова прыроды, мэдычныя і пэдагагічныя кірункі, на якіх быў нават недабор студэнтаў. На шэраг факультэтаў, дзе засталіся бюджэтныя месцы, Міністэрства адукацыі абвясьціла дадатковы набор. А гэта значыць, што туды змаглі паступіць тыя, хто першапачаткова не прайшоў бы па выніках тэставаньня. Таму на пытаньне, ці дастаткова адной прэміі для павышэньня прэстыжу прафэсіі настаўніка, адказ выглядае відавочным. І калі з праграмістамі, дызайнэрамі ці юрыстамі праблемаў у блізкай пэрспэктыве не ўзьнікне, то хто ў будучыні будзе вучыць беларусаў — пытаньне пакуль адкрытае.