Адукацыя для жыцця

25.05.2015

Яна пачынаецца ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах.

У час глабальнага развіцця інтэрнэту і камп’ютарных тэхналогій заваяваць, а тым больш утрымаць увагу дзяцей і падлеткаў, даволі складана. Таму многія ўстановы дадатковай адукацыі спрабуюць пераасэнсаваць свае месца і ролю ў новай сістэме каардынат. Між іншым педагогам, якія працуюць у аб’яднаннях па інтарэсах, не вельмі падабаецца сам тэрмін «дадатковая адукацыя»: маўляў, не правільна разглядаць гэтую сферу як нейкі дадатак да асноўнай адукацыі. Таму яны пазіцыянуюць сваю галіну як… адукацыю для жыцця.

Надзея НІКАЛАЕВА, zviazda.by
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

21-1

Хтосьці лічыць заняткі ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах не больш чым хобі або проста баўленнем часу, але для многіх яны вызначылі прафесійны выбар на ўсё жыццё: прыкладна 15 працэнтаў студэнтаў ВНУ выбіраюць свае тэхнічныя спецыяльнасці менавіта пад уплывам заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах. На нядаўняй калегіі ў Міністэрстве адукацыі, прысвечанай самым надзённым праблемам сістэмы, было агучана шмат цікавых фактаў і лічбаў.

Скарачаць… А можа, захоўваць?

Сёння сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны прадстаўляюць 318 устаноў (3 рэспубліканскія і 315 рэгіянальных), што на 16 устаноў менш у параўнанні з 2013 годам. Пры гэтым назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — зараз такіх ужо 58%. Сярод аднапрофільных устаноў — 4 цэнтры (палацы) мастацкай творчасці, 17 цэнтраў тэхнічнага профілю, 24 цэнтры экалагічнага профілю, 62 цэнтры турысцка-краязнаўчага профілю і 20 цэнтраў фізкультурна-спартыўнага профілю.

— Усяго ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх тыпаў займаецца больш як 382,5 тысячы навучэнцаў, — адзначае намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. — Аб’яднанні па інтарэсах наведвае фактычна кожны трэці навучэнец, аднак у параўнанні з 2013 годам іх агульная колькасць зменшылася на 10,3 тысячы. Дадзены факт можна растлумачыць шэрагам прычын. Па-першае, за апошнія 5 гадоў колькасць навучэнцаў зменшылася ў краіне на 60 тысяч.

Па-другое, асобныя рэгіёны падышлі да пытання аптымізацыі ўстаноў дадатковай адукацыі без уліку прагназавання развіцця рэгіянальнай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Адбылося скарачэнне найбольш запатрабаваных дзецьмі ўстаноў дадатковай адукацыі і аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага і турысцка-краязнаўчага профіляў. Былі перапрафіляваны аб’яднанні па інтарэсах, не запатрабаваныя навучэнцамі, і рэарганізаваны ўстановы дадатковай адукацыі са слабай матэрыяльна-тэхнічнай базай. У выніку аптымізацыі колькасць аб’яднанняў па інтарэсах скарацілася на 150 адзінак.

Намеснік міністра адукацыі лічыць неабходным і далей працягваць рэарганізацыю тых цэнтраў і турыстычных баз, якія не забяспечваюць адукацыйны працэс на належным узроўні. «Але трэба выключыць выпадкі неабгрунтаванай аптымізацыі, у выніку якой страчваюцца запатрабаваныя кірункі дзейнасці і значная частка мэтавай аўдыторыі», — папярэдзіў Віктар Якжык.

Праца для апантаных

Ні для каго не сакрэт, што паміж школьным настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі існуе прынцыповая розніца. Калі першага дзеці не выбіраюць, а хадзіць у школу па веды — гэта іх, так бы мовіць, галоўная жыццёвая задача і нават абавязак, то прымусіць дзяцей наведваць гурток ці секцыю проста немагчыма, калі ім там нецікава. Педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх яны займаюцца сваёй любімай справай, дзеці выбіраюць сабе самастойна. Яны вельмі тонка адчуваюць фармалізм і не даруюць абыякавасці дарослым. Найважнейшы аспект у дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — прыцягненне таленавітых педагогаў, якія любяць і ўмеюць працаваць з дзецьмі.

— Нельга адмаўляць, што сёння існуе шэраг праблем у кадравым забеспячэнні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — прызнаецца Віктар Якжык. — Гэта недахоп педагогаў, задзейнічаных у аб’яднаннях тэхнічнага, турысцка-краязнаўчага і эколага-біялагічнага профіляў, цякучасць кадраў, узровень кваліфікацыі педагагічных работнікаў — рэзкае амаладжэнне кадравага саставу і адсутнасць вопыту работы ў маладых спецыялістаў,

Пэўную долю педагогаў сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі складаюць работнікі ва ўзросце ад 45 гадоў і больш, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Даводзіцца канстатаваць, што вышэйшая і першая катэгорыя — гэта своеасаблівы знак якасці працы педагога, а ўдзельная вага такіх педагогаў у сістэме дадатковай адукацыі сёння недапушчальна нізкая. Найбольшы працэнт работнікаў устаноў дадатковай адукацыі складаюць педагогі ўвогуле без кваліфікацыйнай катэгорыі — 41,9% ад агульнай колькасці. З прычыны адсутнасці профільнай адукацыі маладыя спецыялісты проста пазбаўлены магчымасці прэтэндаваць на катэгорыю. У іх няма матывацыі для самаразвіцця і павышэння сваёй кваліфікацыі. Адсутнасць катэгорыі адбіваецца і на памеры заробкаў…

Як правіла, у сістэме дадатковай адукацыі застаюцца працаваць толькі вельмі апантаныя і ўлюбёныя ў сваю працу людзі. Педагогі ад Бога, сапраўдныя энтузіясты. Многія з іх самі з’яўляюцца выхаванцамі гэтых устаноў. І менавіта да такіх педагогаў выстройваюцца чэргі з тых, хто жадае ў іх навучацца.

21-2

— Захаваць прэстыж устаноў дадатковай адукацыі ў маладзёжным асяродку без прыцягнення маладых кадраў немагчыма, — падкрэслівае Віктар Якжык. — Як немагчыма адкрываць без маладых педагогаў новыя, запатрабаваныя ў падлеткаў аб’яднанні па інтарэсах, у тым ліку ў сферы ІT-тэхналогій і робататэхнікі.

З уступленнем у дзеянне Кодэкса аб адукацыі меркавалася, што педагог дадатковай адукацыі стане раўнапраўным членам у агульнай педагагічнай сям’і. Аднак пакуль што ад перайменавання пасады педагогі дадатковай адукацыі нічога не атрымалі, хіба толькі маральнае задавальненне, бо «кіраўнік гуртка» гучыць больш сціпла, чым «педагог дадатковай адукацыі». Перайменаванне пасады не пацягнула змяненняў ва ўмовах і парадку аплаты іх працы, у працягласці працоўнага адпачынку. Гэта яшчэ адна праблема, якая не вырашаецца колькі гадоў. Раней у кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах было 42 дні адпачынку, а цяпер — толькі 24.

Ёсць «Кантакт»!

Дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне аднаго навучэнца ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў 2014 годзе склалі 1 млн 980 тысяч рублёў у год.

— Вымушаны канстатаваць, што бюджэтных сродкаў не хапае ў поўным аб’ёме на ўсе артыкулы выдаткаў. У гэтай сувязі па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне развіцця пазабюджэтнай дзейнасці саміх устаноў дадатковай адукацыі, — падкрэслівае Віктар Якжык. — Найбольш эфектыўным спосабам папаўнення бюджэту з’яўляюцца платныя адукацыйныя паслугі, культурна-масавыя мерапрыемствы, продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кірмашы, пракат касцюмаў, канцэртная дзейнасць, збор і здача другаснай сыравіны, сельскагаспадарчыя работы, запіс фанаграм, відэаздымкі і г.д.

Сярод платных аб’яднанняў па інтарэсах асаблівай папулярнасцю карыстаюцца такія, як «Школа ранняга развіцця дзіцяці», «Цырульніцкае мастацтва», «Школа юнага мадэльера» і іншыя. Нярэдка самі бацькі падказваюць ідэі новых кірункаў.

Яшчэ адзін праблемны блок — матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Карціна тут маласуцяшальная: знос большасці будынкаў, у якіх размешчаны ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, складае 60-70%. Сродкі на іх капітальны рамонт выдзяляюцца ў недастатковым аб’ёме. Высокім застаецца таксама знос вучэбнага абсталявання, інструментаў і інвентару.

Але ёсць і станоўчыя прыклады. Так, у Мінску у Цэнтральным раёне па спецпраекце пабудавана ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт». У Шчучыне вядуцца работы па рэстаўрацыі гістарычнага будынка, у якім будзе размяшчацца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Даведка

Колькасць вучняў у аб’яднаннях па інтарэсах розных напрамкаў:

* мастацкай накіраванасці — 165 419 чалавек (43,2%);

* фізкультурна-спартыўнай накіраванасці — 52 243 чалавекі (13,7%);

* тэхнічнай і спартыўна-тэхнічнай накіраванасці — 36 873 чалавекі (9,6%);

* турысцка-краязнаўчай накіраванасці — 37 719 чалавек (9,9%);

* эколага-біялагічнай накіраванасці — 32 053 чалавекі (8,4%);

* у іншых аб’яднаннях па інтарэсах (інтэлектуальнага, ваенна-патрыятычнага, псіхалагічнага, сацыяльна-педагагічнага, культурна-забаўляльнага напрамкаў і інш.) — 58 266 чалавек (15,2%).

Будзь у курсе!

Псіхолагі лічаць, што бацькі ні ў якім разе не павінны аказваць ціск на сваё дзіця пры выбары таго ці іншага гуртка, клуба або секцыі. Толькі занятак па душы можа прынесці рэальную карысць. А вызначыцца з выбарам адразу могуць не ўсе. Знаходзіцца ў працэсе пошуку — гэта нармальны стан любога дзіцяці, якое жадае самарэалізавацца. Бацькі могуць яму ў гэтым дапамагчы, штосьці падказаць, параіць, але іх меркаванні і жыццёвы вопыт не павіны быць вырашальнымі пры ажыццяўленні выбару…