Пяць задач для міністра адукацыі

15.10.2015

АРЦЁМ МАРТЫНОВІЧ

Перад Новым годам Аляксандр Лукашэнка прызначае новага, сучаснага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Былога прарэктара БДУ, навукоўца, доктара навук многія адразу назвалі нетыповым для беларускага чынавенства.

"Ніколі не быў у вертыкалі ўлады і, можа, нешта зменіць у адукацыі", ― выказваліся тады меркаванні. Праз 9 месяцаў падбіваем вынікі працы новага міністра.

1. Праз месяц пасля ўступлення на пасаду падчас онлайн-канферэнцыі на БелТа міністр абяцае:

"Будзем клапаціцца, каб у яго  было адпаведнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, якое адпавядае жыццю людзей у нашым грамадстве".

На той момант заробак у настаўнікаў быў амаль 5, 7 мільёна, па звестках Белстат. У жніўні ён стаў 5,5 мільёна. Гэта на 3 мільёны менш, чым зарабляюць у будаўніцтве, на 2 менш, чым на транспарце і ў сувязі і на 4 мільёны менш, чым у медыцыне.

2. Ідзем далей. Прэс-канферэнцыя ў студзені:

"Ёсць пэўны пералік прадметаў, якія, несумненна, неабходна выкладаць на беларускай мове. Таму што трэба разумець родную мову, і казаць пра гісторыю Беларусі на іншай мове ― няправільна. Такое наша меркаванне, і мы гэта ўвядзём".

З новага навучальнага года ў школе выкладаюць на роднай мове толькі беларускую мову і літаратуру, за выключэннем гімназій і школ з беларускай мовай навучання. У першаклашак у звычайных школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень.

3. Ужо пасля уступлення "з агаворкамі" у Балонскі працэс Міхаіл Жураўкоў абяцае небывалую для беларускай адукацыі дэмакратыю ― выбары рэктараў ва ўніверсітэтах ужо з восені!

"Кандыдат у рэктары павінен будзе прадставіць у Савет універсітэта сваю праграму дзеянняў. Затым Савет універсітэта будзе разглядаць дадзеную праграму, а таксама ўсе прадстаўленыя праграмы кандыдатаў, лепшыя з якіх будуць зацвярджацца саветам і падавацца ў Міністэрства адукацыі. Натуральна, кандыдаты павінны распрацаваць праграму, якая будзе спрыяць развіццю ўніверсітэта ва ўсіх сферах, у тым ліку, адукацыйнай, матэрыяльна-тэхнічнай, навуковай", ― заяўляюць у Мінадукацыі 13 ліпеня са спасылкай на словы міністра.

Сярэдзіна кастрычніка ― ні пра выбары рэктараў, ні нават пра кандыдатаў не чуваць. А ў суседзяў? Рэктараў ужо даўно абіраюць ва Украіне, Польшчы, Літве і часткова ў Расіі.

4. Міхаіл Жураўкоў 26 лютага на пасяджэнні грамадскага студэнцкага савета пры Мінадукацыі:

"Нашы апаненты сцвярджаюць, што ў ВНУ не дастаткова развітае студэнцкае самакіраванне. Кажуць, што студэнтаў не чуюць ні на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ, ні на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Я перакананы, што гэта не так. Мы хочам даць вам пляцоўку для пошуку адказаў на глабальныя задачы адукацыі. Вызначце самі, якія задачы ва ўніверсітэце вы хацелі б выконваць і на што хацелі б уплываць".

Найбольш студэнты паўплывалі на датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта. Да 69% студэнтаў прагаласавала да выбараў на участку, напрыклад, у Тэхналагічным універсітэце ў Мінску, 73,9% ― на участку ва ўніверсітэце імя Скарыны ў Гомелі. А студэнты "паліталогіі" з БДУ баяліся абмяркоўваць выбары з журналістамі.

"Мне праблемы не патрэбныя", ― адказвалі будучыя палітолагі.

Ва ўніверсітэтах не зарэгістравана ніводнай сапраўды свабоднай арганізацыі. У Савеце ўніверсітэтаў ― актывісты праўладнага БРСМ і прафсаюзаў.

5. З дасягненняў новага міністра ― уступленне ў Балонскі працэс з "агаворкамі": абяцаннямі правесці рэформы, каб адпавядаць еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. І пакуль пра гэтыя рэформы не чуваць.

Фота: edu.gov.by