Ева Гiлевіч — рэпетытар па англійскай і беларускай мовах цэнтра «100 балаў» . Скончыла МДЛУ, валанцёр на курсах беларускай мовы «Мова Нанова».
«Сонечка, якія замежныя мовы ты вывучаеш у школе?» — «Англійскую і беларускую». Такі абсалютна рэальны і сумны дыялог мне нядаўна давялося чуць у транспарце. Чаму сённяшнія школьнікі ўспрымаюць беларускую мову як замежную і што з гэтым рабіць?
Адносна прычын усё дастаткова проста. Паводле перапісу насельніцтва за 2009 год, па-беларуску дома размаўляюць 23,43% беларусаў. Адпаведна, роўна столькі ж маленькіх грамадзян нашай краіны могуць пачуць беларускую мову да школы. Бо пачуць яе ў дзіцячым садку — таксама складана. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на сённяшні момант 90% дашкольнікаў ходзяць у рускамоўныя дзіцячыя садкі. Гэта не значыць, што ў кожным раёне маладым бацькам прапаноўваюцца дзве групы на выбар з рознымі мовамі навучання для дзетак. І ўсе свядома робяць выбар на карысць рускай. Сапраўдныя беларускамоўныя групы па Мінску можна пералічыць па пальцах. Таму калі бацькі хочуць аддаць сваіх парасткаў у беларускамоўную групу, яны мусяць альбо вазіць дзіця ў іншы канец горада, альбо збіраць каманду такіх жа бацькоў-энтузіястаў і дамагацца стварэння беларускамоўнай групы на месцы. Хаця афіцыйна, на паперках, амаль кожны садок — з беларускамоўнай групай. Бо такой лічыцца група, дзе адзін раз на тыдзень праводзіцца «беларускамоўны дзень». Вось якая арыфметыка.
Школа. Расклад першакласніка па дзвюх дзяржаўных мовах выглядае наступным чынам. Панядзелак: руская мова, руская літаратура. Аўторак: руская мова, руская літаратура. Чацвер: руская мова. Пятніца: руская літаратура. Для беларускай мовы (без літаратуры) вылучаны адзіны дзень — серада.
Далей — весялей. Ніякі іншы прадмет у звычайнай школе з рускай мовай навучання не выкладаецца па-беларуску. Нават гісторыя Беларусі — цяпер таксама па-руску. Магчымасць выбару, на якой мове вывучаць прадмет, існуе толькі ўмоўна. Бо пасля замены падручнікаў на рускую версію, унутры школы робіцца ўсё магчымае, каб і вывучэнне гісторыі было пагалоўна па-руску. Матывуецца гэта тым, што дзецям і настаўнікам так прасцей. Канешне, калі яны больш нідзе беларускай мовы не чуюць. Увогуле дзіўна, што пакуль не зрабілі само выкладанне беларускай на занятках праз рускую і падручнікі па-руску, як для замежнікаў. А што, так жа прасцей.
Што тычыцца дадатковай літаратуры па-беларуску, то тут можна зусім пачынаць рыдаць. Бо ў параўнанні з разнастайнасцю рускамоўных выданняў, пачынаючы ад кніжак для самых маленькіх, беларускамоўныя трэба шукаць днём з агнём, як і кнігарні, якія іх прадаюць. Пра якое моўнае раўнапраўе можа ісці гаворка, калі маленькі чытач папросту не мае выбару, на якой мове знаёміцца з навінкамі кніжнага свету? Тое ж самае тычыцца і літаратуры для падлеткаў, бо знайсці папулярнае фэнтэзі па-беларуску — гэта, сапраўды, фэнтэзі.
Таму, канешне, калі чалавек усе свае свядомыя 14 год чуе беларускую мову толькі ў транспарце, на чыгуначным вакзале і ў музеі (каму пашчасціла), то ці можа быць рэакцыя на яе іншай? Ды беларуская мова для сённяшніх школьнікаў не проста замежная, яна — мёртвая.
Але не ўсё так безнадзейна. Толькі кожнаму з нас трэба ўсвядоміць адказнасць за тую сітуацыю, якую мы ўсе з вамі сёння маем.
Па-першае, варта не апускаць рукі і настойліва ствараць попыт на беларускамоўныя групы ў садках. Прычым гэта тычыцца не толькі беларускамоўных мам і татаў, але і рускамоўных. Бо чым раней вашае дзіця пачуе беларускую мову, тым меней для яго пасля будзе стрэсу, а для вас — праблем. Калі вы лянуецеся дома хаця б часткова размаўляць па-беларуску, дайце сваім дзецям шанец рабіць гэта ў дзіцячым садку. І не трэба баяцца таго, што напачатку дзіця будзе мяшаць беларускія і рускія словы. Гэта адбываецца толькі кароткі час, пасля чаго ўсё становіцца на свае месцы і дзве мовы пачынаюць суіснаваць раўнапраўна. Ну а карысць ад білінгвізму ўжо даўно з’яўляецца фактам.
Па-другое, у старэйшай школе трэба адстойваць правы сваіх дзяцей вывучаць па-беларуску хаця б гісторыю Беларусі. Бо пасля заявы міністра адукацыі пра намер вярнуць беларускамоўнае выкладанне гісторыі і геаграфіі, варта паказаць попыт на такую прапанову. А там, магчыма, і яшчэ якія агульнаадукацыйныя прадметы будуць прапанаваны да вывучэння па-беларуску. Бо дзе яшчэ сённяшнія падлеткі знойдуць магчымасць пагаварыць па-беларуску, як не ў школе?
Такім чынам, сваім прыкладам бацькі навучаць дзяцей быць адказнымі за той выбар, які даводзіцца рабіць на працягу ўсяго жыцця, — і не толькі адносна моўнага пытання. Бо дзеці вырастуць у студэнтаў, якія ўжо самі змогуць адстойваць сваё права праходзіць навучанне на беларускай мове. А са студэнтаў — у маладых спецыялістаў, якія будуць ужо прапаноўваць беларускую мову сваім вучням, а хутка — і ўласным дзецям. Для гэтага трэба толькі зрабіць першы крок кожнаму з нас.