Грошы пойдуць за вучнем... на ўмовах міністэрства

06.01.2016

Пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе пашыраны. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 30 снежня 2015 года №1109. Праект накіраваны на ўдасканаленне механізмаў бюджэтнага фінансавання ў сістэме адукацыі. У рамках эксперымента аб'ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, «прывязваюцца» да колькасці навучэнцаў.

Нагадаем, што ў 2015 годзе эксперыментам былі ахоплены ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада Баранавічы: 5 гімназій, 1 ліцэй і 15 сярэдніх школ. У 2016 годзе ў эксперымент будуць уключаны таксама ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Жодзіна, Магілёва, Скідаля, Наваполацка; установы агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаныя ў Лідскім раёне, Савецкім раёне горада Гомеля, у Першамайскім раёне сталіцы, і асобныя ўстановы, якія вызначыць Міністэрства адукацыі.

Новы механізм прадугледжвае фарміраванне бюджэту ўстановы на падставе сярэднегадавых паказчыкаў колькасці навучэнцаў розных катэгорый (па ступенях навучання, колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і колькасці вучняў, якія наведваюць групы падоўжанага дня), нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў і карэктуючых каэфіцыентаў. Аб'ём бюджэтных сродкаў, якія накіруюць на рэалізацыю пілотнага праекта, будзе разлічвацца, зыходзячы з базавага нарматыву, вызначанага ўрадам для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2016 годзе базавы нарматыў на аднаго навучэнца складае 12 929 800 рублёў для гарадскіх школ і 28 177 100 рублёў — для школ, размешчаных у сельскай мясцовасці. Пры гэтым уводзяцца наступныя карэктуючыя каэфіцыенты: напрыклад, для навучэнца сярэдняй школы на І ступені навучання і 1-4 класаў гімназіі каэфіцыент роўны 0,803, для навучэнца з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які навучаецца ў спецыяльным класе, — 0,997 і г.д.

Мяркуецца, што новы механізм забяспечыць больш рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, што ў выніку адаб'ецца і на заробках педагогаў. Таксама чакаецца, што будзе створана здаровая канкурэнцыя паміж установамі адукацыі за кожнага вучня, што павінна адбіцца і на якасці іх навучання.

Педагагічным работнікам школ, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце, па рашэнні мясцовых улад могуць устанаўлівацца галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) на ўмовах і ў памерах, вызначаных Міністэрствам адукацыі. Справаздача аб рэалізацыі пілотнага праекта павінна паступіць у Савет Міністраў да 1 лютага 2017 года

Надзея НІКАЛАЕВА, zviazda.by