Сацыяльны статус настаўніка сёння на парадку дня! І тое, што сітуацыю трэба карэнным чынам змяняць, разумеюць ужо не толькі педагогі.
Ёсць меркаванне, што кожнаму настаўніку трэба найперш самому паклапаціцца пра сваё добрае імя. І гэта справядліва, бо павага да педагога фарміруецца на кожным уроку. Гэта і яго стаўленне да вучняў, і валоданне прадметам, і ўменне знайсці выйсце з самых складаных сітуацый, яго знешні выгляд, асабістыя якасці... Многае, безумоўна, залежыць ад саміх настаўнікаў.
Але на дзіця ўплывае і тое, што яно бачыць па тэлевізары, чуе на кухні ў размовах бацькоў, знаходзіць у сетцы Інтэрнэт. Між іншым, калі паслухаць размовы («кухонныя» альбо з экрана тэлевізара), атрымліваецца, што роля настаўніка стала даволі нікчэмнай. Мала каго кранае гісторыя сельскай настаўніцы, якая штодня праводзіць урокі з пяццю падлеткамі ў сваім уласным доме, або гісторыя настаўніка-пенсіянера, які застаўся без даху над галавой. Куды цікавей, на жаль, абмеркаваць, як настаўнік пабіўся з вучнем або як настаўніца прымушала дзяцей пісаць даносы адзін на аднаго. Але ж такія выпадкі — рэдкія выключэнні...
Вось асабіста вы (толькі шчыра!) дазваляеце сабе ў прысутнасці дзяцей крытыкаваць настаўнікаў, казаць пра іх зняважліва? А дзеці ж усё матаюць на вус і робяць адпаведныя высновы...
Настаўнік перастаў быць бясспрэчным аўтарытэтам і паважаным чалавекам. Безумоўна, як і ў любой іншай прафесіі, і сярод педагогаў ёсць выпадковыя людзі, але большасць з іх усё ж адданыя сваёй справе і дзецям прафесіяналы. Вось толькі некаторыя з бацькоў ставяцца да іх прыкладна, як да гувернантак або пакаёвак, прасцей кажучы, як да абслуговага персаналу: «Вы не маеце права павышаць голас, ставіць «двойкі», рабіць заўвагі... Вы АБАВЯЗАНЫ вучыць, сачыць, апекаваць, засцерагаць...»
Вядома, абавязкаў у педагогаў — цэлы воз! Але хіба іх няма ў вучняў?
Напрыклад, з павагай ставіцца да старэйшых, быць стараннымі, ветлівымі. І чаму толькі настаўнік павінен вучыць і выхоўваць? Няўжо бацькам дастаткова дзіця толькі нарадзіць?
Прааналізаваўшы артыкулы, апублікаваныя ў рэспубліканскіх непедагагічных выданнях за два апошнія гады, у загалоўках якіх згадвалася слова «настаўнік», пераканалася, што яны пераважна былі прысвечаны профільнаму навучанню, вынікам ЦТ і павышэнню заробкаў педагагічным работнікам. Асаблівую ўвагу прыцягнулі менавіта меркаванні аб статусе прафесіі настаўніка. Часта выкладзеная ў артыкулах інфармацыя была негатыўнай, больш за тое, неправеранай і няправільна інтэрпрэтаванай. Напрыклад, была агучана думка, што настаўнікі патрабуюць да сябе занадта шмат увагі, хаця самі не выконваюць свае непасрэдныя абавязкі.
Некаторыя аўтары бачылі вырашэнне праблем у павышэнні заробку. З аднаго боку, з гэтым нельга не пагадзіцца, але ўсё ж прэстыж прафесіі настаўніка не з'яўляецца прама прапарцыянальным яго заробку.
Было б выдатна, калі б у сродках масавай інфармацыі змяшчалася больш матэрыялаў аб штодзённай працы педагогаў і іх дасягненнях. А замест гэтага мы бачым толькі брудныя каментарыі да скандальных гісторый і танныя пошлыя серыялы, якія выклікаюць негатыўнае стаўленне да прафесіі педагога. Настаўнікі падаюцца ў вельмі непрывабным выглядзе: беднасць, прагнасць, запраграмаванасць, неінтэлігентнасць... А гэта зусім не так! У школе такіх людзей сёння няма! Убачыць і паверыць у гэта магчыма, калі зрабіць працу настаўніка празрыстай. Чаму б не арганізаваць шырокую кампанію ў СМІ, падрабязна асвятляць ініцыятывы настаўнікаў, запусціць праграмы пра адукацыю на самых папулярных радыё- і тэлеканалах, праводзіць сустрэчы з настаўнікамі і старшакласнікамі, якія абралі прафесію педагога.
Прыкладам падобнай ініцыятывы, якая дэманструе неардынарнасць беларускіх настаўнікаў, можа стаць традыцыйны «Калядны фэст педагагічнага майстэрства», які штогод праводзіцца на зімовых канікулах у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску і збірае больш за трыста настаўнікаў з усёй краіны. Для гэтых людзей паняцце «педагагічнае майстэрства» — не пусты гук. Яно ўспрымаецца імі як найважнейшая прафесійная якасць асобы настаўніка, як патрэба пастаянна ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі...
Сёлета, напрыклад, асноўнымі тэмамі V Каляднага фэсту педагагічнага майстэрства сталі выхаваўчы патэнцыял урока і кампетэнтны падыход. Падчас работы прадметных секцый не адзін раз гучала думка пра тое, што ад прафесіяналізму настаўніка, яго кампетэнтнасці залежаць не толькі поспехі вучняў на ўроку, але і іх паспяховасць у дарослым жыцці. Таму ў рабоце настаўніка павінны аптымальна спалучацца сучасныя формы, метады, сродкі навучання, пры якіх развіваецца асоба кожнага вучня.
Настаўнік практычна існуе ў рэжыме эксперыменту ў кожную хвіліну ўрока, таму што асноўным прадметам яго даследчай дзейнасці з'яўляецца навучальны працэс.
V Калядны фэст педагагічнага майстэрства яшчэ раз даказаў, што прафесія настаўніка шматгранная, яна не зводзіцца толькі да ведання прадмета і любові да дзяцей. Як бы ні быў прафесійна падрыхтаваны настаўнік, ён проста абавязаны пастаянна ўдасканальваць свае асабістыя якасці і павышаць прафесійны ўзровень. Прыкладам падобнага прафесійнага развіцця для многіх удзельнікаў фэсту сталі члены клуба «Крыштальны журавель» і асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», якія выступалі ў ролі аўтараў і каардынатараў майстар-класаў і шчодра дзяліліся з удзельнікамі фэсту сваім вопытам, ідэямі і матэрыяламі.
Павышэнне статусу педагога — пытанне складанае. Сэнс яго — у разуменні як агульных, так і індывідуальных задач, у размежаванні, калі так можна сказаць, «паўнамоцтваў» і ў вызначэнні вектараў супрацоўніцтва. Але каб такое супрацоўніцтва адбылося, неабходна не толькі няспынна ўмацоўваць давер да настаўніка пры падтрымцы СМІ, але і ставіцца да сваёй працы з адданасцю ў любой сітуацыі. Чалавека, які ўмее паважаць сябе сам, паважаюць і іншыя. Пагадзіцеся, што той, хто саромеецца сваёй прафесіі, міжволі правакуе негатыўнае стаўленне і да сябе, і да працы, якую выконвае...
Шчасце педагога складаецца з вучнёўскіх перамог, і ад таго, як працуе настаўнік, залежыць, якім стане вучань, ці рэалізуе сябе, ці зможа адаптавацца ў сучасным грамадстве.
Школа без настаўніка не мае будучыні, як не мае яго і краіна без школы.
Інэса ЗУБРЫЛІНА, старшы выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўнік англійскай мовы мінскай гімназіі № 24, пераможца Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года — 2011», уладальнік нацыянальнай прэміі «Гонар нацыі»
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА