Надзея НІКАЛАЕВА, zviazda.by
У 2018 годзе Беларусь мае намер прыняць удзел у міжнародным даследаванні РІSА, якое дасць нам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў сістэм адукацыі іншых краін. Гэта адно з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце. Ідэя яго правядзення ўзнікла ў сярэдзіне 1990-х гадоў: менавіта тады эксперты ў галіне адукацыі прапанавалі распрацаваць універсальныя тэсты для 15-гадовых падлеткаў, якія б дазволілі правяраць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў (механічнае завучванне фактаў, законаў, формул, гістарычных падзей і г.д.), колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. 15-гадовым падлеткам прапануюцца не тыповыя задачы па фізіцы, хіміі ці матэматыцы, а блізкія да рэчаіснасці праблемныя сітуацыі, звязаныя з рознымі аспектамі нашага жыцця.
На думку экспертаў даследавання, атрыманне ў школе канкрэтных ведаў, безумоўна, вельмі важнае, але выкарыстанне гэтых ведаў у дарослым жыцці залежыць ад набытых у школьныя гады навыкаў. У жыцці канкрэтныя веды, скажам, такія як назвы раслін і жывёлін, маюць меншую каштоўнасць, чым разуменне глабальных праблем, звязаных са спажываннем энергіі, біялагічнай варыятыўнасцю і чалавечым здароўем. Не менш важныя для школьнікаў такія навыкі, як уменне ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне адаптавацца, выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі... Даследаванне па праверцы матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай і чытацкай адукаванасці праводзіцца кожныя тры гады, і толькі праз год увазе сусветнай грамадскасці прадстаўляюцца першыя вынікі.
Эканамічны эфект ад рэформ
Ніводная з 64 краін, якія ўдзельнічалі ў Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў у 2012 годзе, не змагла заявіць аб дасягненні кожным школьнікам базавага ўзроўню паспяховасці адначасова ў трох асноўных кірунках пісьменнасці — чытацкай, матэматычнай і прыродазнаўчай.
Прыблізна адзін з чатырох навучэнцаў (каля 28%) знаходзіцца ніжэй за базавы ўзровень, прынамсі ў адным з гэтых кірункаў. Самы вялікі працэнт вучняў са слабай паспяховасцю — у матэматыцы (23%). Паказчыкі чытацкай і прыродазнаўчай адукаванасці знаходзяцца на ўзроўні 18%. Нізкая паспяховасць адразу ў трох кірунках адзначана прыкладна ў 12% школьнікаў.
Праўда, у розных краінах сітуацыя істотна адрозніваецца. Так, у пятнаццаці рэгіёнах, якія ўдзельнічалі ў РІSА-2012, прынамсі адзін з двух навучэнцаў адстае па матэматыцы, у той час як у Ганконгу, Карэі, Шанхаі і Сінгапуры паказчыкі іншыя — там па матэматыцы адстае менш чым адзін навучэнец з дзесяці.
У Бразіліі, Мексіцы, Тунісе, Турцыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Партугаліі, Расіі скарацілася колькасць вучняў са слабай паспяховасцю па матэматыцы (параўноўваліся вынікі РІSА за 2003 і 2012 год). У Ізраілі, Карэі, Польшчы, Катары, Румыніі, Тайландзе, Турцыі ў 2012 годзе (у параўнанні з 2006 годам) палепшыліся вынікі ў прыродазнаўчым кірунку.
У краінах, дзе значная доля насельніцтва адчувае недахоп у асноўных уменнях і навыках, прагнозы доўгачасовага эканамічнага росту ставяцца пад пагрозу. Згодна з праведзеным на аснове РІSА даследаваннем, пры ўмове ўкаранення рэформаў, скіраваных на зніжэнне колькасці вучняў са слабай паспяховасцю, атрыманы ў доўгатэрміновай перспектыве эканамічны прыбытак для краін пакрывае большасць (калі не ўсе) выдаткі на сістэму адукацыі.
Стымуляваць на поспех
Партрэт непаспяховага вучня выглядае наступным чынам: гэта дзіця з праблемнай у сацыяльна-эканамічным плане сям'і, якое размаўляе на розных мовах дома і ў школе, пражывае ў сельскай мясцовасці, не наведвала дашкольную ўстанову адукацыі, паўторна вывучала вучэбную праграму і праходзіць прафесійнае навучанне (каля 83%).
Як паказана ў справаздачы, пол падлетка з'яўляецца ўнікальным фактарам рызыкі, здольным паўплываць на паспяховасць. Так, адзначаецца, што хлопчыкі больш адстаюць у чытанні і прыродазнаўстве, а дзяўчаты — у матэматыцы.
Эксперты РІSА ўпэўнены, што сістэма адукацыі можа спрыяць высокай матывацыі да навучання, калі яна забяспечвае стаўленне да ўсіх вучняў як да патэнцыяльна паспяховых. Толькі калі сістэма адукацыі культывуе, стымулюе і падтрымлівае веру ў тое, што ўсе вучні могуць дасягнуць больш высокіх поспехаў, тыя адчуваюць жаданне дзейнічаць і дасягаюць лепшых вынікаў. Зніжэнне колькасці вучняў са слабай паспяховасцю — дзейсны спосаб павышэння эфектыўнасці ўсёй адукацыйнай сістэмы.
На якім мы свеце?
На працягу ўсіх цыклаў даследаванняў РІSА лідарамі выступаюць краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі: Сінгапур, Тайвань, Карэя, Японія і іншыя. Амаль усе яны вызначаюцца хуткімі тэмпамі развіцця эканомікі. Абсалютным жа лідарам, паводле вынікаў даследаванняў, з'яўляецца Кітай (Шанхай, Ганконг і Макаа). Прычым кітайскія падлеткі дэманструюць аднолькава высокія вынікі і ў матэматычнай, і ў чытацкай, і ў прыродазнаўчай адукаванасці. Сярод краін Еўропы стабільна высокія паказчыкі на працягу ўсяго перыяду даследаванняў дэманструе Фінляндыя. З еўрапейскіх краін самы вялікі рывок па ўсіх кірунках зрабілі Польшча і Германія. Праўда, апошняя хоць і палепшыла свае паказчыкі, але ўсё ж значна адстае і ад Фінляндыі, і ад Польшчы.
Беларусь пакуль не ўдзельнічае ні ў якіх міжнародных маніторынгавых даследаваннях, усе разважанні пра «якасць» выпускнікоў, якая быццам бы пагаршаецца, можна спісаць на суб'ектыўнасць такіх ацэнак. Напэўна, для таго, каб канстатаваць, што дасягненні або праблемы і сапраўды маюць месца, вельмі карысна ўбачыць сябе на фоне дасягненняў і праблем сістэм адукацыі іншых краін.
Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, выступаючы ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», заявіў: «Сярэдняй школе па ўзроўні ведаў, па падрыхтоўцы настаўнікаў, па аснашчэнні я паставіў бы моцную «сямёрку» і выказаў надзею, што «праз некалькі гадоў тут будзе стаяць ужо моцная «дзявятка».
Дарэчы, заданні з кампетэнтнасным падыходам ужо прапануюцца беларускім школьнікам падчас правядзення рэспубліканскага маніторынгу якасці адукацыі, каб падрыхтаваць іх да будучых выпрабаванняў. Кампетэнтнасны падыход укараняецца і ў вучэбныя планы. У папярэднім навучальным годзе на новы змест адукацыі перайшлі першыя і пятыя класы, у наступным годзе гэта будуць ужо другія і шостыя класы і гэтак далей...
nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу