Лявон Баршчэўскі, nv-online.info
У школьнай праграме па літаратуры ад “Каласоў пад сярпом тваім” засталіся толькі ўрыўкі…
Рэфармацыйны сверб беларускіх чыноўнікаў, адказных за агульную сярэднюю адукацыю, ніяк не лечыцца. Колькі было ў апошнія гады гаворана-перагаворана, што зніжэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай сярэдняй школе да паўтары (!) на тыдзень, пасля сумнавядомай “рубінаўскай” рэформы 2009 года, нельга разглядаць іначай як свядомы здзек з нацыянальнай мовы і культуры! Але ж імпэт тутэйшых адукатараў ужо немагчыма стрымаць.
Паводле самай новай праграмы з ліку твораў для абавязковага вывучэння ў 10–11-х класах бязлітасна выкінуты: знакавы твор несавецкай сатырычнай прозы – “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, філасофскі раман Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”, шэдэўры беларускай малой прозы, апавяданні “Кветка пажоўклая” Міхася Зарэцкага і “Галя” Янкі Брыля, “На чацвёртым годзе вайны” Міхася Стральцова, “Чазенія” Уладзіміра Караткевіча, “У ціхім тумане” Івана Чыгрынава, вострасацыяльная камедыя “Пагарэльцы” Андрэя Макаёнка, гістарычная драма Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа”. Урэшце ад нацыянальнай эпапеі “Каласы пад сярпом тваім” таго ж Уладзіміра Караткевіча (калі хочаце, нашай “Вайны і міру”!) пакінутыя толькі ўрыўкі…
Пацярпелі і, як на мой густ, найлепшыя, самыя шчырыя творы Івана Шамякіна – аповесці “Гандлярка і паэт” ды “Непаўторная вясна”. Выдалены апошнія творы сусветнай літаратуры – навела “Стары і мора” Эрнэста Хемінгуэя, раман “Дом без гаспадара” Генрыха Бёля. Не ведаю, выпадкова ці не, але выдалены збольшага творы менавіта антываеннай гуманістычнай скіраванасці. Ствараецца такое ўражанне, што некаму пад гукі літаўраў ваяўнічых парадаў і пафасных слоў на адрас ветэранаў апошняй вайны (якіх у краіне засталося вобмаль) карціць звесці да мінімуму магчымасць для маладога пакалення спыніцца і задумацца над вечнымі экзістэнцыяльнымі праблемамі існавання чалавека на фоне нацыянальных і агульначалавечых трагедый. Пры гэтым, аднак, некранутымі застаюцца дзве рэчы – бязлітаснасць у выкрыванні і сапраўдных, і прыдуманых ворагаў (“Ворагі” Міхася Зарэцкага, “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы) і абагаўленне савецкасці, “партыйнай мудрасці” ў думках і ў душах падлеткаў (“Сэрца на далоні” Івана Шамякіна).
Даўно ўжо з праграм выключаны творы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, бо несавецкія ж яны! Нехта, можа, скажа: “Але ж савецкі час меў велізарны ўплыў на думкі і лёсы пакаленняў нашых землякоў, у тым ліку дзядоў і прадзедаў цяперашніх школьнікаў! Вядома, з гэтым не паспрачаешся… Але ўдумлівы беларус сёння куды больш па-мастацку выяўленай праўды пра савецкі час знойдзе ў творах згаданых Андрэя Мрыя, Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Караткевіча, а таксама ў дакументальных аповесцях “У капцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча, “Споведзь” Ларысы Геніюш, “Такія сінія снягі” Сяргея Грахоўскага, урэшце, у мастацкіх мемуарах Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”…
Да гэтага пачэснага шэрагу я залічыў бы і куды менш вядомага пісьменніка, чыім творам я б сёння аддаў перавагу, напрыклад, перад некаторымі сацрэалістычнымі практыкаваннямі таго ж Івана Шамякіна (да якога, зрэшты, таксама стаўлюся з павагай). Тут я маю на ўвазе Алеся Наўроцкага.
Лявон БАРШЧЭЎСКІ.