Бацькоўскім камітэтам ва ўстановах адукацыі афіцыйна забаранілі збіраць грошы. Міністэрства адукацыі апублікавала дзве пастановы, якія размяжоўваюць функцыі папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта школы. З іх вынікае, што наяўныя сродкі цяпер знаходзяцца па-за законам. Пункт, у якім пералічваюцца кампетэнцыі бацькоўскага камітэта ўстановы адукацыі, быў дапоўнены фразай «за выключэннем пытанняў, якія датычацца прыцягнення грашовых сродкаў для забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі».
У галоўным адукацыйным ведамстве тлумачаць: калі бацькі пажадаюць пералічыць сродкі школе, яны могуць зрабіць гэта добраахвотна і толькі праз банк. Трэба заўважыць, што гэта ўжо не першая спроба спыніць хвалю абурэння з боку бацькоў, у якіх нават згадванне пра чарговую порцыю добраахвотна-прымусовых ахвяраванняў на патрэбы класа ці школы выклікае лёгкую істэрыку. Невыпадкова па сеціве гуляе шмат анекдотаў на гэту тэму накшталт: «У дзіцяці ў школе першы бацькоўскі сход. Усіх папрасілі абавязкова ўзяць з сабой пашпарт. Напэўна, будуць адразу афармляць крэдыт на другі клас...»
Бацькоўская праўда
— Больш не магу пра гэта чуць, — прызнаецца мне маці шасцікласніцы, якая чатыры гады ўзначальвала бацькоўскі камітэт у класе. — Цэлы год пасля таго, як выйшла з бацькоўскага камітэта, захоўвала ўсе квітанцыі і чэкі, каб у любы момант адказаць на пытанні, якія маглі ўзнікнуць у іншых бацькоў. Сама настойвала на тым, каб усе мае фінансавыя аперацыі кантраляваліся. У пэўным сэнсе нам пашанцавала: паколькі школа — новая, грошай на сур'ёзны рамонт ці замену вокнаў збіраць не даводзілася. З апошніх агучаных патрэб, якія бацькі павінны закрыць за ўласныя сродкі, — набыццё ў кабінет тэлевізара (па 30 рублёў з вучня), замена свяцільнікаў, якія занадта хутка перагараюць, і ахоўных экранаў на батарэі — быццам бы гэта патрабаванне санстанцыі. Але калі былі ўведзены новыя санітарныя нормы, то, напэўна, іх выкананне — усё ж такі галаўны боль школы ці ўпраўлення адукацыі, а не бацькоў. Мы так настаўніцы і заявілі. Акрамя таго, з кожнага вучня ў школе збіраюць па 2 рублі на азеляненне школы. Прашу заўважыць, што збіраюць кожны год! Але батанічнага сада вакол школы мы не назіраем.
— Перад нашым бацькоўскім камітэтам паставілі задачу — адрамантаваць у канцы навучальнага года клас, — расказвае маці вучаніцы мінскай гімназіі. — Заявілі, што шпалеры — гэта ўжо ўчарашні дзень, цяпер сцены фарбуюць (зверху — адным колерам, знізу — іншым). Прычым ніжнюю частку сцяны трэба будзе пакрыць яшчэ і лакам, каб дзеці фарбу нагамі не сціралі. Бацькі павінны паклапаціцца і пра тое, каб наняць брыгаду прафесіяналаў. Але самае дзіўнае, што ў наступным навучальным годзе нашы дзеці павінны перайсці ў іншы класны пакой. На лагічнае пытанне, а для каго ў такім разе мы будзем рабіць рамонт, пачулі ў адказ: «Не хвалюйцеся, тое памяшканне адрамантуюць іншыя бацькі...» Спадзяёмся, што пасля ўвядзення новага парадку прыцягнення сродкаў на патрэбы школы хоць бы пошукам будаўнічай брыгады нам займацца ўжо не давядзецца.
— Для мяне тэма пабораў вельмі непрыемная. Не магу пра гэта казаць спакойна, — адразу папярэджвае чарговы суразмоўнік. — Грошы я амаль ніколі не здаю. Аднак рабіў рамонт, фатаграфаваў дзяцей на карту вучня, вешаў тэлевізар, раблю выпускны альбом. Калі прапаноўвалі апошні раз здаць грошы на рамонт (матэрыялы плюс работа), прапанаваў зрабіць яго ўласнымі сіламі. І ў выніку зрабіў. Ніхто мне не дапамагаў. На тэлевізар, як вы ўжо зразумелі, грошы ў класе таксама збіралі. Відаць па ўсім, гэта абавязковы для ўсіх бацькоў і ўстаноў адукацыі «пункт праграмы»...
— Сумняваюся, што хтосьці адменіць у нашай гімназіі прымусова-добраахвотныя ахвяраванні ў памеры адной базавай чатыры разы на год, — кажа яшчэ адна прадстаўніца бацькоўскай грамадскасці. — Калі пералічэнні і насамрэч добраахвотныя, то навошта мы прадстаўляем класнаму кіраўніку квітанцыі аб пералічаных грашах? Прычым дакладна ведаю, што не ўсе бацькі пералічваюць сродкі ў папячыцельскі савет. Ці адбіваецца гэта нейкім чынам на іх дзецях? Шчыра скажу, што не заўважала. А вось калі мы ў класе вырашылі сабраць грошы, каб памяняць у кабінеце вокны на шклопакеты, бо ўсе дарослыя стаміліся іх кожную восень заклейваць, то ніхто не адмовіўся, бо было зразумела, што гэта мы робім для сваіх дзяцей. А куды ідуць сродкі, пералічаныя ў папячыцельскі савет, нам не паведамляюць...
На іншым баку барыкады
У настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі — свая праўда. Галоўны аргумент — мы да сабраных грошай не дакранаемся. Бацькі могуць вырашыць што пажадаюць — іх не спыніш. Падарункі дзецям, салодкія сталы, збор грошай на дарагія экскурсіі, выпускныя вечары, фотаальбомы, відэаздымкі... І заўсёды знойдзецца якая-небудзь незадаволеная маці, якая паскардзіцца ва ўпраўленне адукацыі, міністэрства (ці, яшчэ горш, — у газету) на паборы...
— Бацькоўскі камітэт павінен займацца не ўмацаваннем матэрыяльнай базы, а прафарыентацыйнай работай, дапамагаць педагогам арганізоўваць выхаваўчыя мерапрыемствы, а тое, што якая-небудзь Мар'я Пятроўна няправільна зразумела ці перавысіла свае паўнамоцтвы, гэта недапрацоўка класнага кіраўніка, — давялося пачуць ад прадстаўніка адміністрацыі школы. — Збіраюць грошы ў школе? Яны ж не настаўніку іх збіраюць... Праблема ў тым, што некаторыя з бацькоў нярэдка занадта настойліва гэта робяць па прынцыпе «я здаў, і ты павінен».
А яшчэ «някемліваму журналісту» даходліва растлумачылі, што фонд папячыцельскага савета школы фарміруецца... са спонсарскіх сродкаў. Цікаўлюся: «А хто выступае ў ролі спонсара гімназіі ці школы? Можа, нейкія прадпрыемствы ці арганізацыі?» Высвятляецца, што знайсці заможных шэфаў нават у сталіцы праблематычна, не кажучы ўжо пра рэгіёны. Таму асноўная крыніца спонсарскай дапамогі — даходы бацькоў.
Абмяркоўваць збор грошай на рамонты ў школе, набыццё жалюзі, новых дзвярэй, сантэхнікі, штогадовае абнаўленне навагодняга інтэр'ера (штучныя ёлкі, гірлянды, ёлачныя ўпрыгажэнні), азеляненне тэрыторыі, усталяванне электронных прапускных сістэм і г. д., і да т. п. педагогі і кіраўнікі не настроеныя. Ніхто не хоча прызнаваць і той факт, што перад бацькамі новаспечаных пяцікласнікаў-гімназістаў адразу ставяць (будзем спадзявацца, што гэта ўжо ў мінулым часе) шэраг задач па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы, быццам бы падкрэсліваючы такім чынам сваю «элітарнасць». «Калі ў гімназіі ствараюцца ўсе ўмовы для навучання, то нам гэтых грошай не шкада, — канстатавала адна сям'я. — Калі ж фінансы не дазваляюць, то бацькі шукаюць гімназію з меншым «прэйскурантам» або аддаюць дзіця ў звычайную школу. Мы цудоўна разумелі, калі рабілі выбар на карысць гімназіі, чаго ад нас чакае кіраўніцтва. Педагогі — толькі іх рупар...»
Ніякага прымусу?
А вось тут вельмі хочацца паспрачацца. Як здарылася, што адным з крытэрыяў адбору ў гімназіі стала заможнасць бацькоў, а дакладней іх гатоўнасць аказваць спонсарскую дапамогу? Пра якую ўсеагульную даступнасць адукацыі і справядлівасць конкурснага адбору можа ісці ў такім выпадку размова? Прычым усе добра ведаюць: праблема школьных пабораў у найбольшай ступені актуальная для сем'яў мінскіх школьнікаў. Можа, таму што і гімназіі ў сталіцы апошнімі гадамі раслі як грыбы пасля дажджу, а вось звычайную школу побач з домам яшчэ трэба пашукаць? Дарэчы, з рэгіёнаў скаргі даносяцца значна радзей.
—У нас заўсёды грошы збіраў бацькоўскі камітэт школы, у які ўваходзілі каля 40 чалавек — па прадстаўніку ад кожнага класа, — канстатуе дырэктар адной са школ у раённым цэнтры. — Разам з адміністрацыяй мы штогод складалі план падрыхтоўкі да наступнага навучальнага года і падлічвалі, якія будаўнічыя матэрыялы могуць спатрэбіцца. Выносілі прапановы на абмеркаванне бацькоўскага камітэта школы. Усё зноў падлічвалася плюс закладвалася пэўная сума на паперу, пітную ваду, вадкае мыла на ўсіх. Потым сума дзялілася з разліку на аднаго вучня. Адразу скажу, што палку мы не перагіналі. Вокны за бацькоўскія грошы не мянялі, камп'ютары не набывалі — толькі тое-сёе падфарбаваць, паклеіць, адрамантаваць. Далей бацькоўскі камітэт збіраў грошы і пералічваў іх на дабрачынны рахунак з пазнакай «на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння школы». Летась гэта сума склала 80 тысяч рублёў (старымі грашыма) на чалавека на год. І нам хапала! Мне прыносілі толькі квітанцыі з банка, каб прасцей было арыентавацца, колькі ўжо ёсць сродкаў і што можна на іх закупіць. Як правіла, мы заказваем усё оптам у аднаго пастаўшчыка, каб было больш танна. Потым усё набытае ставіцца на ўлік, а пасля спісваецца па меры выкарыстання з афармленнем адпаведных актаў. «Жывых» грошай у абароце няма — толькі безнаяўныя. Цяпер нам кажуць, што ўсе функцыі трэба перадаваць папячыцельскім саветам. Добра, калі дзе-небудзь у іх увойдуць насамрэч заможныя людзі, тады і ў бацькоў не давядзецца грошы прасіць. Але гэта наўрад ці...
***
І ўсё ж такі што зменіцца і ці зменіцца ўвогуле для бацькоў школьнікаў у святле апошніх падзей? Міністэрства адукацыі і мясцовыя органы кіравання адукацыяй і раней неаднойчы публічна выступалі супраць таго, каб у школах і садках бацькі збіралі грошы. Згадванне «пабораў» усіх раздражняла і калола вочы. Цяпер да пабораў афіцыйна аднеслі наяўныя грошы. Атрымліваецца, што пералічэнні на рахунак папячыцельскага савета — гэта ўжо не паборы, а выключна добраахвотныя ахвяраванні? Да таго ж бацькі цалкам справядліва хвалююцца: няўжо на кожную дробязь у класе давядзецца прасіць грошы ў папячыцельскага савета? Ці ўсё ж такі будзем, як і раней, набываць усе расходныя матэрыялы (паперу для прынтара і ксеракса, мыючыя і гігіенічныя сродкі, картрыджы) за ўласныя сродкі, але пад страхам, што цябе схопяць за руку і абвінавацяць... Вось толькі ў чым?
— Бацькі могуць пайсці ў банк і пералічыць пэўную суму на рахунак самой установы, — тлумачыць прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія БАРАДУН. — У школе не маюць права патрабаваць унесці сродкі ў фонд папячыцельскага савета, як не маюць права патрабаваць ад бацькоў прадставіць фінансавы дакумент аб пералічэнні грошай. Усе акумуляваныя сродкі будуць выкарыстоўвацца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем папячыцельскага савета, якое ўзгадняецца з кіраўніком і бацькоўскім камітэтам установы адукацыі (пры яго наяўнасці).
А мне чамусьці прыгадалася грамадская дыскусія ў 2014 годзе, калі сістэма адукацыі была комплексна прааналізавана адразу некалькімі камісіямі. Праблема бацькоўскіх капіталаўкладанняў у сістэму адукацыі абмяркоўвалася і тады, і, каб не дапускаць непрыгожыя сітуацыі ў будучыні, прагучала прапанова пераняць досвед краін, дзе практыкуюцца першапачатковыя ўзносы пры паступленні дзіцяці ў садок. Прапаноўвалася таксама ўвесці фіксаваную суму штогадовага ўнёску на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўстановы адукацыі... Магчыма, гэта было б больш шчырым у адносінах да бацькоў? Ва ўсялякім выпадку, чуткі пра тое, што «ў суседнім дзіцячым садку прапанавалі аплаціць нацяжныя столі ў групах», сярод бацькоў бы ўжо не хадзілі. Між іншым, яны і самі ў гутарцы прызнавалі, што прасцей было б адразу вызначыцца з сумай бацькоўскіх узносаў на патрэбы школы, а не збіраць грошы ўвесь навучальны год. Вось толькі каб «апетыты» ў кіраўнікоў устаноў не выходзілі за межы разумнага...
Надзея НІКАЛАЕВА, zvіаzdа.bу