Надзея Нікалаева, газета "Звязда"
Унікальнае культурна-спартыўнае свята адбудзецца 13 мая ў сталіцы на стадыёне БДПУ — 9 камандаў, якія прадстаўляюць усе раёны Мінска, збяруцца, каб вызначыць самага хуткага, самага дужага, самага спрытнага і самага кемлівага ў... народных гульнях. Спартыўна-адукацыйны праект «Беларусіяда» выходзіць на гарадскі ўзровень. Пра тое, як нарадзілася ідэя аб'яднаць людзей вакол беларускіх народных гульняў, нам расказаў яе аўтар, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры БДПУ Анатоль ДРЫГІН.
Медзведзяня Тосік — пастаянны талісман «Беларусіяды».
І трэнер, і фалькларыст
— Першай «іскрынкай», якая мяне «запаліла», стала інфармацыя, якую я, тады яшчэ студэнт факультэта народнай культуры БДПУ, пачуў на лекцыі, прысвечанай гульнявым традыцыям народаў Еўропы, — прызнаўся Анатоль. — Наш выкладчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алесь Лозка расказаў, што іспанцы хочуць, каб стральбу з рагаткі ўключылі ў праграму алімпійскіх гульняў. «Прабачце, а чаму менавіта іспанцы вырашылі «запатэнтаваць» рагатку? Чаму не мы? Напэўна, усе хлопцы майго ўзросту ў дзяцінстве прайшлі праз аналагічнае захапленне...» — прыкладна так падумаў я і пачаў даследаваць гульнявыя традыцыі беларусаў. Паехаў на Гомельшчыну, на Магілёўшчыну, каб паразмаўляць з бабулямі і дзядулямі, у тым ліку і са сваімі сваякамі, даведацца, у што яны гулялі. Звярнуўся да шматлікіх друкаваных і літаратурных крыніц. Менавіта гэта тэма лягла ў аснову майго дыпломнага праекта, а пазней народныя гульні сталі аб'ектам даследавання і ў час напісання навуковай працы ў аспірантуры. Алесь Лозка выступіў маім навуковым кіраўніком. Але я вырашыў не спыняцца і другую вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, дзе спецыялізаваўся на турысцка-аздараўленчай дзейнасці. БДПУ скончыў як выкладчык сусветнай і айчыннай культуры, кіраўнік фальклорнага калектыву, а другі дыплом у мяне — менеджара-метадыста.
«Перацяжкі» — сілавыя спаборніцтвы з традыцыйнымі правіламі.
Анатоль з сумам канстатуе, што такому важнаму аспекту, як масавыя народныя гулянні і спартыўныя традыцыі мінулага, пакуль што не ўдзяляецца належнай увагі. Між іншым, гульні, забавы, ігрышчы — цікавы і непаўторны момант у традыцыйнай культуры беларусаў. Гульня адлюстроўвае характар нашага народа, яго старажытныя звычаі, цесна звязана з адпачынкам, бытам і працоўнай дзейнасцю, прыродным асяроддзем краіны. Тыя ж «выбівалы» некалі былі формай фізічнай падрыхтоўкі воінаў: калі паспееш ухіліцца ад варожай зброі, значыць, застанешся падчас бою жывым. Гульня «Пекар» — гэта гульня-стратэгія, у якой да таго ж прасочваецца і пэўная, традыцыйная для беларусаў, іерархія па меры прасоўвання гульцоў наперад: пешка, кавалер, пані, кароль. Перамагае той удзельнік, хто апошні застаецца ў гульні ці займае ўзровень «кароль».
Беларусамі гульня не ўспрымалася асобна, яна пранікала ва ўсе сферы жыцця: была арганічна звязана як з абраднасцю, так і з паўсядзённасцю. Прычым у народнай культуры гульня мае больш шырокае і разнастайнае значэнне. Такія з'явы, як вечарыны, скокі, забавы, ігрышчы, карагоды, свавольствы, таксама называліся «гульнямі».
У гульні «Пальчатка» галоўнае — прыдумаць стратэгію, каб перайграць саперніка.
Статут для «Беларусіяды»
Ідэя адраджэння і папулярызацыі беларускай гульнявой спадчыны моцна захапіла нашага суразмоўцу. Паступова яна ўвасобілася ў канцэпцыю спартыўна-культурнага свята «Беларусіяда». Натуральна, што эксперыментальнай пляцоўкай для правядзенння «Беларусіяды» ў 2005 годзе стаў факультэт народнай культуры БДПУ, дзе былі аб'яднаныя фалькларысты, харэографы, спартсмены, мастакі... У яе аснову былі пакладзены найбольш адметныя беларускія народныя гульні, адабраныя па прынцыпе іх распаўсюджанасці, відовішчнасці і скіраванасці на развіццё разнастайных спартыўных якасцяў. Для прыкладу, «Лапта» ўяўляе сабой актыўную і захапляльную гульню на спрытнасць і кіданне ў цэль. «Два агні» — рухальная забава з мячом, заснаваная на прынцыпе «выбівалаў». «Рыбакі» — спаборніцтвы на хуткасць. «Пацяг» і «Перацяжкі» — сілавыя спаборніцтвы з традыцыйнымі правіламі. Плюс, вядома, «Стральба» з рагаткі.
Народныя гульні — гэта каласальная энергетыка.
— Раней як гулялі? Так, як дамаўляліся ў пэўнай мясцовасці ці ў пэўнай вёсцы. Калі ўзяць тую ж «Лапту», то на Віцебшчыне і Магілёўшчыне гэта зусім розныя гульні, — падкрэслівае Анатоль Дрыгін. — На Беларусі можна сустрэць 5—6 відаў «Лапты». Таму для дзевяці гульняў, уключаных у праграму «Беларусіяды», мы распрацавалі дакладную сістэму правіл: колькасць і пол удзельнікаў, узроставыя абмежаванні, памеры пляцоўкі, спартыўны рыштунак, сістэму правядзення спаборніцтваў, парадак і паслядоўнасць удзелу індывідуальных гульцоў і камандаў, прынцып выяўлення пераможцаў і гэтак далей. Для арганізацыі і правядзення «Беларусіяды» быў складзены Статут, які дакладна вызначае ўсе яе палажэнні.
Спартыўна-культурнае шоу
Праграма «Беларусіяды» абавязкова складаецца з двух блокаў: культурнага і спартыўнага. Першая частка праграмы ўключае ў сябе абавязковы паказ невялікай фальклорнай праграмы, заснаванай на традыцыйнай беларускай культуры, якая ў нечым нагадвае сабой кірмаш, дзе размяшчаюцца разнастайныя атракцыёны, адбываюцца выступленні артыстаў, паказальныя спаборніцтвы. Другая частка свята — спартыўная.
«Гэта правіла будзе вытрымана і падчас правядзення агульнагарадскіх спаборніцтваў сярод школьнікаў. Беларускі кірмаш быў не толькі месцам куплі-продажу, але і падзеяй, дзе просты народ меў магчымасць «адвесці душу» ў розных гульнях, спаборніцтвах, забавах на прызы, танцах, тэатры, паглядзець выступленні скамарохаў...Таму і ў нас будзе прадстаўлены і горад майстроў, і вясёлыя забавы, атракцыёны, — абяцае аўтар і ідэйны натхняльнік праекта. — А паралельна будуць адбывацца спартыўныя спаборніцтвы, падчас якіх школьнікі пазмагаюцца за выхад у фінал, а потым і за званне пераможцы. З улікам узросту гульцоў камандаў (а гэта будуць васьмікласнікі), спыніліся на чатырох гульнях: «Лапта», «Дзень-ноч», «Пальчатка» і «Перацяжкі». Каманды камбінаваныя: складаюцца з хлопцаў і дзяўчат».
У гульні «Дзень-ноч» гуляюць дзве каманды: «Дзень» і «Ноч». На цэнтральнай лініі знаходзіцца суддзя, які гучна вымаўляе слова «Дзень» або «Ноч». І гульцы гэтай каманды даганяюць сваіх сапернікаў, імкнуцца дакрануцца да іх рукой.
Дарэчы, на падлетках «Беларусіяду» ўжо паспяхова «абкаталі». У аздараўленчым летніку «Змена», што ў Смалявіцкім раёне, педагагічны атрад «Кантакт» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка Марыі Бабчанок, арганізаваў, так бы мовіць, беларускія алімпійскія гульні. На цэлую змену летнік ператварыўся ў алімпійскую вёску, атрады — у краіны, а адпачывальнікі — у спартсменаў і артыстаў, якія ўдзельнічалі ў культурна-спартыўным свяце. Яно ўяўляла сабой правядзенне спаборніцтваў па народных гульнях, такіх як «Лапта», «Два агні», «Рыбакі», «Пацяг», «Перацяжкі», «Стральба» з рагаткі, а таксама арганізацыю Дзён культуры таго ці іншага атрада краіны... Для назірання за правядзеннем спартыўных гульняў было створана спецыяльнае інфармацыйнае табло, на якім адлюстроўваліся ўсе вынікі спаборніцтваў, а персанал летніка меў нават сваю ўніформу з сімволікай «Беларусіяды».
За межамі краіны «Беларусіяда» таксама прайшла. Дазвол на арганізацыю спартыўна-культурнага свята ў Балгарыі атрымала адміністрацыя Міжнароднага маладзёжнага цэнтра «Валко», у анімацыйнай групе якога працавалі выпускнікі БДПУ. Летам 2010 года ў гэтым летніку адпачывала моладзь з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы, Літвы і Балгарыі — усе яны сталі ўдзельнікамі ўжо міжнародных спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях: «Лапта», «Два агні», «Перацяжкі» і «Стральба» з рагаткі.
Затым спаборніцтвы па беларускіх народных гульнях прайшлі ў Швейцарыі, дзе разам адпачывалі нашы дзеці і дзеці з гэтай краіны.
А ў 2011 годзе ў праекта «Беларусіяда» з'явіўся новы пастаянны талісман — медзведзяня Тосік.
І ніякага інтэрнэту!
— Народныя гульні — гэта каласальная энергетыка, магчымасць аб'яднаць людзей, зацікавіць іх спартыўнай спадчынай свайго народа. Гуляючы, чалавек лёгка і непрыкметна засвойвае вобразы і сімволіку народнай эстэтыкі, — упэўнены Анатоль Дрыгін. — Досвед іншых краін паказвае, як беражліва іх народы ставяцца да сваіх нацыянальных традыцый у фізічнай культуры. Напрыклад, у Кіргізіі летась прайшлі грандыёзныя Гульні качэўнікаў. Можа, і нам трэба запачаткаваць нацыянальны спартыўна-культурны рух? Калі мы прыйшлі ва ўстановы адукацыі, каб расказаць пра наш праект, пра будучыя спаборніцтвы, — нідзе не сустрэлі непаразумення. Хутчэй, наадварот... Для трэнераў і настаўнікаў фізічнай культуры гэта выдатны спосаб папоўніць свой запас гульняў і забаў, якія можна выкарыстоўваць у паўсядзённай рабоце з дзецьмі. Ну а падлеткам заўсёды цікава паўдзельнічаць у чымсьці новым, плюс ім уласцівыя спартыўная канкурэнцыя і азарт. Мы ж спадзяёмся, што ўсе ўдзельнікі панясуць свае веды далей. Падчас летняга адпачынку яны падзеляцца імі з равеснікамі ў аздараўленчых летніках, у вёсцы, у сваім двары... І народныя гульні прымусяць дзяцей нарэшце адарвацца ад інтэрнэту!
Надзея НІКАЛАЕВА