Пацвярджаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і катэгорыю “настаўнік-метадыст” кожныя пяць гадоў педагогам больш не давядзецца. Пастановай Міністэрства адукацыі ўнесены важныя змяненні ў Інструкцыю аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў. Новы дакумент прайшоў юрыдычную экспертызу і быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Пастанова ўступіла ў сілу 31 мая, а гэта значыць, што тыя педагогі, якія планавалі здаваць экзамен на пацвярджэнне сваёй катэгорыі, могуць расслабіцца.
Не проста імідж
Нагадаем, што “Днём iсцiны” для ўсіх педагогаў, якiя атрымалi вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю пяць i больш гадоў таму, павінна было стаць 1 верасня 2017 года. І тыя з iх, хто да гэтага часу не знайшоў часу і сіл, каб пацвердзiць перад кваліфікацыйнай камiсiяй свой “вышэйшы пiлатаж” у прафесii, або проста не палiчыў неабходным гэта рабiць, маглі быць “разжалаваныя” — да першай квалiфiкацыйнай катэгорыi. У 2012 годзе, калі змяняліся падыходы да атэстацыі, выказваліся апасенні, што большасць педагогаў будуць адмаўляцца ад пацвярджэння вышэйшай катэгорыі, улічваючы мізэрную розніцу ў аплаце. Асабліва былі пакрыўджаны педагогі, якія мелі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ўжо 20-25 гадоў, педагогі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту: для таго, каб і далей атрымліваць даплату за вышэйшую катэгорыю, настаўнікам-пенсіянерам таксама трэба было яе пацвярджаць. “Прычына не ў тым, што няма што паказаць ці расказаць, -- казалі яны. -- Сучасны настаўнік павінен самаўдасканальвацца, цікавіцца новымі педагагічнымі тэхналогіямі, але трэба ўдасканальваць і саму сістэму пацвярджэння. Калі настаўнік мае станоўчыя вынікі па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ, перамогі на алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, калі ён друкуе свае метадычныя набыткі на старонках прадметных часопісаў — гэта і ёсць пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, дэманстрацыя яго вопыту. Стымул для працы і адначасова зберажэнне часу і нерваў”.
Выступаючы летась на жнівеньскай гарадской педагагічнай канферэнцыі, старшыня Камітэта па адукацыі Міхаіл МІРОНЧЫКканстатаваў трывожную тэндэнцыю зніжэння актыўнасці педагогаў у пытаннях павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі: “Нежаданне прайсці працэдуру атэстацыі азначае, што педагог не ўпэўнены ў сабе, што ў яго заніжана самаацэнка. Значыць, і ва ўстанове адукацыі не створаны ўмовы для дэманстрацыі педагогамі свайго творчага патэнцыялу. Многімі кіраўнікамі недаацэньваецца атэстацыя як адзін з рычагоў павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў, а значыць, і ўзроўню іх заробкаў”
Старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Аляксандр БОЙКА ўпэўнены, што атэстацыя педагогаў з'яўляецца неад'емнай умовай павышэння якасцi адукацыi, але квалiфiкацыйная катэгорыя павiнна быць не проста часткай iмiджу педагога, а гарантаваць яму адпаведны ўзровень заробкаў. Педагогі павінны быць самі зацікаўлены ў павышэнні кваліфікацыі, але для гэтага неабходна задзейнічаць у тым ліку і фінансавыя стымулы. “Менавіта таму, калі пераглядаўся парадак атэстацыі педагагічных работнікаў, мы настойвалі на дыферэнцыяваным павелічэнні памераў надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі – каб заробак напрамую залежаў ад кваліфікацыі педагога і каб у апошняга быў стымул для прафесійнага росту. Гэта пазіцыя была падтрымана Міністэрствам адукацыі: надбаўка за другую кваліфікацыйную катэгорыю павялічылася з 15 да 30 працэнтаў, за першую – з 20 да 55%, за вышэйшую – з 30 да 90%, а за катэгорыю “настаўнік-метадыст” – з 40 да 120%”.
Без згоды міністра
Што ж, у рэшце рэшт, змянілася для педагогаў у атэстацыі, нам расказала галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Міністэрства адукацыі Вольга ДЗМІТРЫЕВА:
-- Па-першае, пастановай выключана неабходнасць пацвярджаць прысвоеную педагогам больш як пяць гадоў таму вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Паводле Інструкцыі, кіраўнік установы адукацыі або індывідуальны прадпрымальнік, якому прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, можа ініцыяваць (са згоды педагагічнага савета ці савета ўстановы адукацыі) пацвярджэнне работнікам кваліфікацыйнай катэгорыі толькі ў выпадках, калі педагагічны работнік знізіў узровень сваёй працы альбо не займаў педагагічныя пасады больш як два гады.
Па-другое, пашыраны пералік педагагічных работнікаў, якія дапускаюцца да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы на пасадзе. У прыватнасці, да іх адносяцца асобы, якія атрымалі дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыi і вышэйшай адукацыі з адзнакай, дыплом магістра або даследчыка. Раней уладальнікі дыплома аб вышэйшай адукацыі з адзнакай, выпускнікі магістратуры і аспірантуры дапускаліся да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі пры наяўнасці стажу працы адзін год.
Па-трэцяе, педагагічным работнікам, якім кваліфікацыйная катэгорыя прысвоена ў замежнай дзяржаве, прадастаўлена права прэтэндаваць на прысваенне той жа кваліфікацыйнай катэгорыі, без уліку стажу работы на пасадзе.
Новай інструкцыяй таксама пашыраны паўнамоцтвы начальнікаў упраўленняў адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў і старшыні камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта). Ім прадастаўлена права даваць згоду на допуск педагагічных работнікаў да атэстацыі на прысваенне ім вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі або стажу работы на пасадзе. (Да гэтага патрабавалася згода міністра.)
Змяненні ў інструкцыі закранулі і работу кваліфікацыйных камісій. Так, кваліфікацыйныя камісіі абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі атрымалі права праводзіць кваліфікацыйны экзамен пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. У адрозненне ад раней дзеючага парадку, склады камісій, якія прымаюць кваліфікацыйны экзамен, будуць зацвярджацца кіраўнікамі устаноў, у якіх яны ствараюцца.
На Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі ўскладзена функцыя па метадычным забеспячэнні атэстацыі на прысваенне (пацвярджэнне) кваліфікацыйных катэгорый.
З новага дакумента таксама знік тэрмін (да 31 мая 2017 года), які абмяжоўвае падачу работнікам заявы аб атэстацыі на прысваенне яму кваліфікацыйнай катэгорыі.
Чаму нельга спачываць на лаўрах?
Так што ж у рэшце рэшт змянілася за няпоўныя пяць гадоў? Чаму мы зноў вяртаемся да вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі як да пажыццёвай узнагароды? І ці ўсе педагогі падтрымліваюць гэты крок? Як высвятляецца, меркаванні падзяліліся. Хтосьці насамрэч шчыра радуецца таму, што цяпер няма неабходнасці кожныя пяць гадоў збірацца з думкамі і сіламі, каб пацвердзіць свой высокі прафесіяналізм у прафесіі. Але далёка не ўсе. Прывядзем толькі некалькі з пачутых меркаванняў.
“Настаўнік, які атрымаў вышэйшую катэгорыю, не павінен спачываць на лаўрах. Але я б карэнным чынам змяніла падыходы да яе пацвярджэння”.
“Ведаю людзей, якім далі вышэйшую катэгорыю за выслугу гадоў, а яны потым ніяк увогуле сябе не праяўлялі і лічаць, што прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі – гэта як грамата міністэрства “за шматгадовую і добрасумленную працу”, а болей яны нікому нічога не вінаватыя. Гэтыя, між іншым, найбольш актыўна выступалі супраць пацвярджэння. Я б выключэнне зрабіла толькі для пенсіянераў і тых, хто хутка пойдзе на пенсію. Астатнім жа для пацвярджэння ўвяла сістэму назапашвання балаў (бонусаў) за апошнія 5 гадоў іх прафесійнай дзейнасці…"
“У нас ва ўсім фармальны падыход. Школьная камісія дае накіраванне на здачу экзамену ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі або Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Значыць, школа вылучае самых вопытных, здольных і таленавітых педагогаў. Але, як сведчыць практыка, накіраванне даюць усім: і тым, хто хоча, і тым, хто не хоча. Здавалася б, школы павінны даражыць сваёй рэпутацыяй, але чамусьці не даражаць.
Узнікае пытанне, чаму? А таму, што якасць адукацыі і высокая кваліфікацыя спецыялістаў вызначаюцца не вынікамі іх працы, а рэйтынгамі ўстановы. Прыязджаюць педагогі на платныя курсы па абагульненні вопыту, для здачы на вышэйшую катэгорыю. Я прашу падняць руку тых, хто па ўласным жаданні будзе здаваць экзамен. З 25-30 чалавек толькі два—тры паднімаюць руку. Цікаўлюся ў астатніх, а што яны тут робяць? Адказваюць: “Адміністрацыя адправіла на здачу экзамену. Пагражаюць не працягнуць кантракт”. Але навошта гэта патрэбна адміністрацыі? Высвятляецца, што ўсе ўстановы адукацыі ўдзельнічаюць у рэйтынгу, дзе адзін з крытэрыяў — колькасць у педагагічным калектыве настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй. Гэта вельмі важны паказчык ў справаздачах не толькі школ, але і аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі. Атрымліваецца, што нікога не хвалюе змест і якасць, а толькі знешні лоск і колькасць? Таму, упэўнены, што патрабуецца іншы механізм, які будзе стымуляваць настаўніка рухацца наперад і развівацца...Сістэма загнала ўсю адукацыйную прадукцыйнасць у справаздачы і адпіскі За 25 гадоў мы іх навучыліся пісаць нават з закрытымі вачыма. Вось і атрымліваецца па справаздачах, што ва ўстановах адукацыі працуюць высокакваліфікаваныя кадры. А ў рэчаіснасці што мы маем?”
“А я бы ўскладніла здачу на вышэйшую катэгорыю, хоць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі яна і так была няпростая, з сур’ёзным падыходам. Не хацелася, каб яна спускалася на тармазах у мясцовых інстытутах развіцця адукацыі. Таму што абагульненне педагагічнага досведу — рэч вельмі важная. Ты выходзіш з зоны камфорту і пачынаеш “капаць”, вывучаць, даследаваць. У метадычным плане абагульненне разам з кансультацыямі спецыялістаў мне шмат дало. Я адчула свой рост у метадычным плане”.
“Пацвярджала вышэйшую катэгорыю яшчэ ў першы год. Збіралася рабіць гэта зноў у 2018 годзе. У плане прафесійнага росту экзамен стымулюе. Не сакрэт, што абсалютная большасць педагогаў, якія маюць вышэйшую катэгорыю, не напружваюцца. І для настаўніка, які насамрэч стараецца адпавядаць крытэрыям вышэйшай катэгорыі, гэта крыўдна. Лепш бы ўвогуле не было ніякіх катэгорый. Або можна пераняць сістэму, што практыкуецца ў нефармальнай адукацыі. Кожны год зрабі, калі ласка, справаздачу, як ты расцеш. Пакажы, як навучыў усіх дзяцей. І не трэба чапляцца за дасягненні таленавітых выхаванцаў. Гэта заслуга прыроды, а не ваша. А ты паспрабуй навучыць нематываваных і тых, каму не дадзена ад прыроды. А ў нас некаторыя педагогі ўсімі праўдамі і няпраўдамі выбіваюць дыпломы і носяцца з імі гадамі, як з флагам, а над сабой не працуюць “.
“Калі ўвогуле адмяніць экзамен на катэгорыю, то ніякага маяку наперадзе не будзе, які б сігналіў — старайся, не расслабляйся! Вышэйшая кваліфікацыя — гэта як знак якасці адукацыі, які не павінен прысвойвацца аўтаматычна”.
Надзея НІКАЛАЕВА
Даведка “Звязды”
Катэгорыю “настаўнік-метадыст” за ўсе гады атрымалі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі толькі 226 педагогаў.
Абавязковай умовай для атрымання гэтай катэгорыі з'яўляецца наяўнасць у педагога аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета або ўласнага досведу, які быў абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі настаўнікамі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, публікацый у навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і інфармацыйных тэхналогій і выкарыстання эфектыўных педагагічных формаў, метадаў і сродкаў навучання.