З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

24.06.2017

Надзея Нікалаева, Звязда
У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет, на якім плануецца канчаткова вызначыцца з асноўнымі напрамкамі развіцця сістэмы адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. Пра гэта падчас VІ пленума ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі паведаміў намеснік міністра адукацыі Сяргей РУДЫ. Ён паабяцаў, што да гэтай падзеі будзе прынятае і прынцыповае рашэнне па атэстацыі выхавальнікаў дашкольных устаноў, якія не маюць адукацыі па профілі «педагогіка дзяцінства». «Ці задаволіць яно ўсіх, пакуль цяжка сказаць, але пра ўсе прамежкавыя рашэнні галіновы прафсаюз будзе праінфармаваны», — дадаў Сяргей Руды.


Выхавальнікі на вагу золата

Трэба нагадаць, што праблема з атэстацыяй педагогаў дашкольных устаноў мае вельмі доўгую гісторыю. Па прычыне нізкіх заробкаў дэфіцыт кадраў у сістэме дашкольнай адукацыі набыў хранічны характар, а ўведзены ў 2012 годзе новы парадак атэстацыі праблему толькі абвастрыў. Цяпер абавязковай умовай допуску педагагічнага работніка да атэстацыі на прысваенне яму кваліфікацыйнай катэгорыі з'яўляецца адпаведнасць атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням. Але ні для кога не сакрэт, што ў дашкольныя ўстановы масава размяркоўваюцца выпускнікі філалагічнага, гістарычнага факультэта і іншых няпрофільных педагагічных спецыяльнасцяў.

Сітуацыя парадаксальная. Калі настаўнік з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй прыйдзе працаваць у дзіцячы садок, ён пазбавіцца даплаты за сваю кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за тое, ён не зможа прэтэндаваць нават на другую кваліфікацыйную катэгорыю, таму што не мае адукацыі па профілі «педагогіка дзяцінства». А вось калі педагог з дашкольнай установы прыйдзе працаваць у школу, то яго катэгорыя за ім захаваецца. Між іншым, для таго каб ліквідаваць гэты парадокс, ніякіх дадатковых фінансавых сродкаў не патрабуецца.

— У Брэсцкай вобласці больш за 62 працэнты выхавальнікаў, якія працуюць, не маюць магчымасці атрымаць ці павысіць кваліфікацыйную катэгорыю па прычыне адсутнасці спецыяльнай дашкольнай адукацыі, хоць працуюць не горш, а можа, нават і лепш, чым іх калегі з адпаведнай адукацыяй, — падкрэсліла ў сваім выступленні на пленуме намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра ДРАПЕЙ. — Пры гэтым колькасць выхавальнікаў без спецыяльнай адукацыі штогод павялічваецца...

Моладзь прыходзіць у садок толькі на два гады работы па размеркаванні, а далей маладыя спецыялісты пакідаюць сістэму дашкольнай адукацыі.

Умовы для росту

Падтрымаў калегу і дырэктар сталічнай сярэдняй школы №26 Алег ЖУК: «Просім спецыялістаў Міністэрства адукацыі яшчэ раз вярнуцца да Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі ў частцы, якая датычыцца работнікаў дашкольных устаноў. Таксама, на мой погляд, важнай тэмай з'яўляецца і кваліфікацыйны ўзровень кіраўнікоў устаноў адукацыі. Іх трэба атэстоўваць не па спецыяльнасці «настаўнік», а па пасадзе «кіраўнік установы адукацыі» (як гэта практыкуецца ў сістэме аховы здароўя)».

Дырэктар школы канстатаваў, што сёння трэба думаць не толькі над тым, як прыцягнуць у школу адукаваных маладых спецыялістаў, але і, што больш важна, пра тое, як іх там утрымаць. Пытанняў, якія трэба вырашаць, вельмі шмат: гэта і адаптацыя навічкоў у калектыве, і маральная падтрымка, стварэнне эмацыянальна спрыяльнай атмасферы, заахвочванне, пытанні метадычнай падрыхтоўкі спецыяліста, а таксама ўмоў для яго творчага росту.

— Упэўнены, што ўсё гэта цалкам магчыма вырашыць у сценах школы. У нашай установе адукацыі для арганізацыі работы з маладымі спецыялістамі ўведзена сістэма настаўніцтва, — расказаў Алег Жук. — Моладзь замацоўваецца для стажыроўкі за сталымі педагогамі, паміж настаўнікам-куратарам і педагогам-пачаткоўцам заключаецца пагадненне аб супрацоўніцтве, распрацоўваюцца сумесна з куратарам індывідуальныя планы, якія зацвярджаюцца дырэктарам школы. Да таго ж з мэтай прафесійнага росту маладога педагога на працягу некалькіх гадоў у школе працуе педагагічная майстэрня «Прыступкі поспеху».

Натуральна, што і грашовае пытанне для моладзі стаіць ці не на першым месцы. У Брэсцкай вобласці, дзякуючы галіноваму пагадненню, маладым спецыялістам устанаўліваецца даплата за работу па кантракце не меншая за 20 працэнтаў ад стаўкі (акладу) і надбаўка за складанасць, напружанасць працы ў памеры не меншым за 10 працэнтаў ад стаўкі (акладу).

Сэканомілі, але для каго?

— Мы неаднаразова адзначалі, што выплаты заработнай платы ў нашай галіне гарантаваныя і стабільныя, аднак апошняе павышэнне заработнай платы на галіновым узроўні адбылося ў верасні 2014 года шляхам павелічэння памераў надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі, — заўважыў у сваім выступленні старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — За студзень — красавік гэтага года памер сярэднямесячнай заработнай платы ў галіне склаў 532,9 рубля (або 286 долараў ЗША). Для таго каб да канца 2017 года сярэдняя заработная плата павялічылася да 1000 рублёў, у бюджэтных галінах патрабуецца значнае павелічэнне тарыфнай стаўкі першага разраду, якая ў цяперашні момант складае 31 рубель (у доларавым эквіваленце гэта 17 долараў). Для параўнання: у 2010 годзе тарыфная стаўка першага разраду складала 20 долараў у эквіваленце.

На працягу шэрагу гадоў у галіне праводзіцца штогадовая аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Аднак на заканадаўчым узроўні па сённяшні дзень не вызначаны механізм накіравання фінансавых сродкаў, што вызваляюцца ад яе правядзення, у адукацыйную галіну. «Для сістэмы адукацыі гэтае пытанне з'яўляецца актуальным, паколькі сэканомленыя сродкі не заўсёды накіроўваюцца на патрэбы ўстаноў адукацыі, а выкарыстоўваюцца на мэты іншых галін», — падкрэслівае старшыня ЦК прафсаюза.

Кантракт без заахвочвання?

Расказаў Аляксандр Бойка і пра вынікі маніторынгу прымянення кантрактнай формы найму. За апошнія гады арганізацыйнымі структурамі прафсаюза, органамі кіравання адукацыяй у цесным супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі ўдалося за кошт мясцовых бюджэтаў дабіцца ўключэння ў кантракты, заключаныя з работнікамі, дадатковых мер стымулявання працы. Так, дадатковы заахвочвальны водпуск прадугледжаны ў 94,7% заключаных кантрактаў, а дадатковыя меры матэрыяльнага стымулявання — у 91,8%.

Але даплаты па кантракце могуць моцна адрознівацца не толькі ў розных рэгіёнах, але ў межах адной вобласці. Нават у раёнах, што мяжуюць паміж сабой: у адным — сярэдні памер даплат па кантракце складае ўсяго 7%, а ў суседнім — 40%.

— Мы лічым, што там, дзе адсутнічае магчымасць для выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №29 у поўным аб'ёме, было б справядліва заключаць з работнікамі працоўныя дагаворы на нявызначаны тэрмін — з мэтай выканання заканадаўства аб працы, — агучыў пазіцыю прафсаюза Аляксандр Бойка. — Нас не можа не хваляваць і той факт, што па-ранейшаму застаецца высокім працэнт кантрактаў, заключаных тэрмінам на адзін год (25,8% ад агульнай колькасці), што стварае пэўную напружанасць у калектывах у сувязі з няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні.

Сярод нявырашаных праблем і аплата працы педагогаў па падвозе дзяцей у школы. Дзейным заканадаўствам аплата суправаджэння дзяцей не прадугледжана. Знайсці рэзерв, каб аплаціць гэту работу, — добрая воля кіраўніка, а не яго абавязак.

Па сённяшні дзень не прыняты і дакумент, які рэгламентуе накіраванне педагогаў на работу ў летнія аздараўленчыя лагеры (у перыяд, які не супадае з іх працоўным водпускам) і аплату іх працы.