Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны і Аргкамітэт Універсітэта Альбарутэнія запрашаюць да ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі "Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі".
Канферэнцыя адбудзецца 25-26 лістапада 2017 года ў Мінску. Пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў: 9.00, 25 лістапада. Месца правядзення: Гатэль "Crowne Plaza", вул. Кірава, 13.
Якім павінен быць нацыянальны універсітэт сёння? У чым яго прызначэнне? Якім чынам нацыянальная ідэнтычнасць і сучасныя нацыянальныя мовы спалучаюцца з выклікам інтэрнацыяналізацыі ў вышэйшай адукацыі? Як арганізаваць навуковыя даследаванні і прымяняць сучасныя дыдактычныя тэхналогіі? Як рэалізаваць прынцыпы універсітэцкай аўтаноміі ў сучаснай Беларусі. І, галоўнае, калі ж насамрэч паўстане нацыянальны ўніверсітэт? Знайсці адказы на гэтыя і шмат якія іншыя пытанні ёсць мэтай канферэнцыі "Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі".
Пытанні для абмеркавання:
· Місія нацыянальнага ўніверсітэта ў 21-ым стагоддзі: case Беларусі
· Мова, ідэнтычнасць і вышэйшая адукацыя ў сучаснай Беларусі
· Інтэрнацыяналізацыя і нацыянальны ўніверсітэт: пазітыўны досвед Польшчы, Украіны ды іншых краін
· Нацыянальны ўніверсітэт як даследчыцкі ўніверсітэт
· Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і Балонскі працэс: каштоўнасці і інструменты
· Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і найноўшыя навучальныя тэхналогіі
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца беларускія і міжнародныя эксперты ў сферы адукацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і афіцыйных структур, ініцыятыўныя студэнты, выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі, усе, хто зацікаўлены ў стварэнні ў Беларусі сучаснага нацыянальнага ўніверсітэта.
Кожнаму ўдзельніку даецца магчымасць прадставіць даклад або паведамленне па вышэйазначаных праблемах. Для ўдзелу ў адборы дакладаў неабходна запоўніць фармуляр рэгістрацыі. Аргкамітэт мае абмежаваную магчымасць кампенсаваць замежным і іншагароднім аўтарам адабраных дакладаў выдаткі, звязаныя з удзелам у канферэнцыі.
Заяўкі для ўдзелу ў канферэнцыі прымаюцца да 18 лістапада 2017 па электронным адрасе: siadziba@gmail.com (з пазнакай: канферэнцыя)
Для гэтага неабходна запоўніць заяўку, а таксама даслаць кароткі тэкст анатацыі паведамлення, памерам не больш за 200 словаў.