Настаўнік года: "Пошук новых прыёмаў, метадаў навучання прывёў мяне да стратэгіі актыўнай ацэнкі"

20.11.2017

Настаўніцкая газета - бадай адзіная крыніца, якая распавяла пра тэмы, што падымалі настаўнікі на рэспубліканскім семінары “Інавацыйнае развіццё — стратэгічны вектар адукацыі” .

Вось пра што сказала пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года Беларусі - 2017" Святлана РУМЯНЦАВА: 
 
"Маё прафесійнае жыццё — гэта пастаянны пошук у супрацоўніцтве з вучнямі. Пошук новых прыёмаў, метадаў навучання прывёў мяне да стратэгіі актыўнай ацэнкі. Актыўная ацэнка — тэхналогія навучання, заснаваная на якаснай зваротнай сувязі. Яна прызнана найлепшай для паляпшэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне." 
 
Святлане Румянцавай у час семінара былі ўручаны Хрустальны журавель і ключы ад аўтамабіля - галоўныя прызы пераможцы. 
 
Фота Белта 
 
Падобна, што настаўнікі-беларусісты і тыя, хто разумее, што галоўная задача беларускай школы - фармаванне беларускай нацыі былі самымі актыўнымі выступоўцамі.
 
Настаўніцкая газета падае скарочаны выступ Галіны  СУХАВАЙ, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, настаўніка-метадыста гімназіі № 5 Віцебска, якая  засяродзіла ўвагу на падручніку XXI стагоддзя:

“Адным з кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне мадэрнізацыі зместу адукацыі з’яўляецца абнаўленне вучэбнага зместу ў логіцы кампетэнтнаснага падыходу, што патрабуе напісання новых школьных падручнікаў. Адна з асноўных задач, якія с­таяць перад аўтарамі падручнікаў, — падручнік павінен быць арыентаваны на развіццё ўменняў вучняў прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя ўменні не толькі па гэтым вучэбным прадмеце, але і па іншых прадметах і ў рэальным жыцці. Звернемся да падручніка па беларускай літаратуры, адным з суаўтараў якога я з’яўляюся. Пастараюся акцэнтаваць увагу на тым, як са зменай зместу мяняецца змест і характар дзейнасці настаўніка.

Новы падручнік па беларускай літаратуры для 7 класа напісаны на ідэях кампетэнтнаснага падыходу, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў. Рэалізацыя такога падыходу прадугле­джана падручнікам ва ўзмацненні метадычнага апарату, у з’яўленні прынцыпова новай лінейкі заданняў і пытанняў для вучняў пры вывучэнні тэкстаў мастацкіх твораў. Галоўнае, да чаго мы імкнуліся,— стварыць умовы для развіцця пазнавальнай цікавасці сямікласнікаў, выхавання мастацка-эстэтычнага густу і фарміравання цэласнага светапогляду пры навучанні беларускай літаратуры.

Як вы разумееце, інавацыйнасць нашага падручніка заключана ў прынцыпова новай лінейцы прыёмаў метадычнага апарату падручніка. Літаратурны матэрыял у падручніку для 7 класа падаецца асобнымі цыкламі-блокамі, якія аб’ядноўваюць творы, падобныя па сваіх ідэйна-тэматычных і мастацкіх якасцях, выяўляюць пэўныя спецыфічныя асаблівасці літаратуры.

Калі раней настаўнік добра валодаў зместам падручніка, то яго задача зво­дзілася да паведамлення звестак. Для эфектыўнага выкарыстання новага падручніка літаратуры настаўніку мала быць добрым і цікавым апавядальнікам, трэба вало­даць інфармацыйнымі ўменнямі, каб самому арыентавацца ў навігацыйным апараце падручніка і дапамагчы ў гэтым вучням. Падручнік цесна “супрацоўнічае” з Нацыянальным адукацыйным парталам. Мы, выкарыстоўваючы спецыяльныя ўмоўныя знакі, падказваем настаўнікам і вучням электронныя вучэбныя рэсурсы, якія змяшчаюць партрэты і кароткія звесткі пра аўтараў мастацкіх твораў, кароткі аналіз мастацкага твора, спасылкі на заданні і коды для праверкі ведаў пры дапамозе смартфона ці планшэта.

Да сур’ёзных здабыткаў новага падручніка можна аднесці артыкулы, якія знаёмяць сямікласнікаў з асноўнымі паняццямі тэорыі літаратуры. Яшчэ адным здабыткам падручніка з’яўляецца шматгалоссе: пастаяннае запрашэнне чытачоў да абмеркавання праблемных пытанняў, да дыскусіі. Унікальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца рубрыка “Абмяркоўваем разам”. Каб эфектыўна выкарыстаць на ўроку такі метадычны інструмент падручніка, настаўніку неабходна валодаць спосабам арганізацыі парнай і групавой работы, навучыць дзяцей так званым мяккім уменням супрацоўніцтва, рабоце ў парах пастаяннага і зменнага складу, засвоіць правілы правядзення вучэбных дэбатаў і дыскусій.

Падручнік — інструмент для навучання. Ніхто не спрачаецца з тым, што прафесія настаўніка — адна з самых складаных. Але яна ж і адна з самых цікавых і творчых. Хіба не? Любы падручнік не будзе перашка­джаць творчаму настаўніку нават тады, калі будзе выконваць толькі функцыю зборніка мастацкіх твораў. Самы наватарскі падручнік будзе зламаным інструментам у арсенале настаўніка, які слаба падрыхтаваны для яго выкарыстання”. (Заўвага: Nastaunik.info не змог адшукаць электронную версію гэтага падручніка на партале adu.by)

Пытанні пра фармаванне беларускай свядомасці і важнасць падрыхтоўкі педагогаў на роднай мове падымалі і іншыя настаўнікі, у прыватнасці, намеснік старшыні ТБШ, настаўнік 30-й мінскай школы Алесь Сядзяка. Аднак іх змест прэса, якая была дапушчана для асвятлення падзеі, відаць, не палічыла важным для грамадства.