27—28 снежня ў сталіцы пройдзе VІІ Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. Ініцыятыва яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.
Кожны год у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў фестывалю аказваецца тэма, якая бачыцца ўсім найбольш актуальнай. Сёлета яго дэвіз «Досвед найлепшых — здабытак кожнага». Папулярнасць гэтага абсалютна добраахвотнага мерапрыемства сярод педагогаў проста «вірусная». Летась рэгістрацыя для ўдзелу ў фестывалі завяршылася на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ўсяго праз два дні: за гэты час амаль чатыры з паловай сотні педагогаў запоўнілі ўсе вакантныя месцы. Сёлета рэгістрацыя распачнецца 11 снежня. Колькасць удзельнікаў фестывалю абмежаваная, таму, каб трапіць у кола шчасліўчыкаў, трэба трымаць руку на пульсе...
А напярэдадні адказнай падзеі члены Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь «Імкненне» арганізавалі мазгавы штурм, прадумваючы, што яны могуць прапанаваць сваім калегам.
Званне, якому трэба адпавядаць
— Вельмі хочацца верыць, што людзі, якія тут сабраліся, не спыняцца ў сваім развіцці. Рухаць наперад школу і ствараць перадумовы для яе развіцця можа толькі неабыякавы чалавек, — падкрэслівае начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала СЕМЯНОВІЧ. — Таму трэба быць неабыякавымі да ўсяго вакол, а не толькі да таго, што адбываецца ў канкрэтнай установе адукацыі.
Як вядома, пастановай Міністэрства адукацыі паўгода таму былі ўнесены важныя змяненні ў Інструкцыю аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў. У прыватнасці, быў адменены экзамен на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і катэгорыі «настаўнік-метадыст». Раней планавалася, што найвышэйшы пілатаж у прафесіі давядзецца пацвярджаць раз на пяць гадоў, але нечакана "ўмовы гульні" змяніліся. Праўда, як высвятляецца, не ўсе настаўнікі-метадысты ўзрадаваліся такой палёгцы. Таму прапанову — "А давайце на добраахвотнай аснове арганізуем самі для сябе перапацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі "настаўнік-метадыст", створым камісіі і будзем прадстаўляць адно аднаму свае напрацоўкі!" — у зале сустрэлі апладысментамі і смехам.
— Ці можам мы сёння казаць, што катэгорыя «настаўнік-метадыст» — гэта брэнд? — разважае Інэса ЗУБРЫЛІНА, кіраўнік Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», пераможца рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства «Настаўнік года — 2011», старшы выкладчык Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўнік англійскай мовы мінскай гімназіі №24. — Мы даўно заўважылі, што настаўнікаў прыцягвае нават не тэма майстар-класа, а імя педагога, які яго праводзіць. І з году ў год з адной і той жа папкай у аўдыторыю да калег ты не пойдзеш. Для нас гэта моцны матыватар да пастаяннага развіцця і прафесійнага росту. Несумненна, мы будзем дзяліцца на фестывалі ўласным досведам, але спыняцца толькі на сваім развіцці нам яшчэ ранавата. Не толькі нашы вучні павінны быць канкурэнтаздольныя, але і мы з вамі. Нягледзячы на нашы «пагоны», мы павінны развівацца ў рэчышчы тых сусветных адукацыйных трэндаў, якія сёння ўваходзяць у першую дзясятку, і весці ўсіх за сабой.
Пра складанае — даступна і проста
Якія ж ідэі сёння знаходзяцца ў цэнтры ўвагі педагогаў ва ўсім свеце?
Перакуленае навучанне. Уяўляе сабой адну з формаў змешанага навучання. Замест хатняга задання навучэнцы глядзяць кароткія відэалекцыі ў сеціве, самастойна праходзяць дома тэарэтычны матэрыял, а ўвесь аўдыторны час, калі побач знаходзіцца настаўнік ці выкладчык, выкарыстоўваецца для сумеснага выканання практычных заданняў.
Сторытэлінг (storytellіng) — спосаб данясення да аўдыторыі інфармацыі праз расказ гісторый з рэальнымі ці выдуманымі персанажамі. Мы ўсе любім, калі пра складанае расказваюць проста. Але як гэта зрабіць? З дапамогай канкрэтнага прыкладу, займальнай гісторыі. Па-першае, гісторыі павінны перасякацца з жыццёвым вопытам. Па-другое, любая гісторыя павінна мець лагічнае завяршэнне, якое падштурхне вучняў да высновы. Расказаныя гісторыі матывуюць і падахвочваюць да дзеяння. Сторытэлінг — напрамак, які цяпер вельмі моцна раскручваецца, як і гейміфікацыя адукацыі.
Гейміфікацыя — моцны інструмент для павелічэння індэкса ўцягнутасці ў адукацыйны працэс (гэта можа быць, напрыклад, навучанне з дапамогай мабільнага тэлефона або вэб-квэсту).
Супрацоўніцтва і сацыяльнае навучанне — працэс фарміравання ведаў, уменняў і навыкаў канструктыўнага ўзаемадзеяння з людзьмі, накіраваны на дасягненне агульных мэт. Фактычна гэта навучанне ў іншых. Галоўным элементам гэтага метаду з'яўляецца ўзаемадзеянне навучэнцаў. Сумеснае абмеркаванне матэрыялу спрыяе лепшаму яго засваенню, а таксама дапамагае фарміраваць сувязі ўнутры калектыву.
Мікранавучанне (mіcrolearnіng) — навучанне невялікаму аб'ёму матэрыялу за кароткі прамежак часу. Як кажуць, слана трэба есці па кавалачках. Mіcrolearnіng — атрыманне навучэнцамі маленькіх кавалачкаў навучальнага матэрыялу. Гэта могуць быць інтэрактыўныя відэа, падкасты, віктарыны і многае іншае. Іх працягласць з'яўляецца ключавым фактарам. Разбіваючы вялікую тэму на некалькі кароткіх відэа, якія тлумачаць толькі нейкі адзін са складнікаў, можна паспрыяць лепшаму яе «пераварванню».
Дынамічнае ці фарміруючае ацэньванне. У Беларусі прыняты тэрмін «актыўная ацэнка». Пад ім маецца на ўвазе самастойнасць у вызначэнні вучэбных задач, у выбары спосабу іх рашэння і наогул — у арганізацыі сваёй вучобы. Фарміруючае ацэньванне накіравана на тое, каб чалавек сам мог ацаніць свае навучальныя дасягненні, выявіць у сябе слабыя месцы, а самае галоўнае — мог вызначыць, што і як трэба рабіць, каб прасунуцца далей, каб палепшыць уласныя вынікі. Навучальныя мэты адкрытыя і зразумелыя дзецям. Вучні ведаюць, што яны робяць, для чаго і да чаго павінны прыйсці. Другі прынцып — крытэрыі ацэньвання абмяркоўваюцца разам з дзецьмі і зразумелыя ім. Трэці прынцып — забеспячэнне пастаяннай зваротнай сувязі ад настаўніка да вучня і ад вучня да настаўніка, каб вучань ведаў, што ў яго атрымліваецца, якія цяжкасці ўзнікаюць і як ён можа з імі справіцца...
Чытацкая адукаванасць + медыяадукаванасць. Чытацкая адукаванасць — гэта здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя друкаваныя і электронныя тэксты, разважаць пра іх змест, займацца чытаннем для таго, каб дасягаць сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці ўдзелу ў сацыяльным жыцці. А медыяадукацыя — працэс навучання тэорыі і авалодвання практычнымі ўменнямі для аналізу і выкарыстання сучасных масмедыя. У 2018 годзе падчас міжнароднага даследавання РІSА будуць правярацца як чытацкая, так і медыяадукаванасць.
Кола, якое не працуе
Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагог-метадыст найвышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ прапанавала правесці ў рамках фестывалю майстар-клас для бацькоў, напрыклад, на тэму, як дамагчы дзіцяці выканаць хатняе заданне па англійскай мове, ці даследчую работу.
— Чаму апошнім часам непаразуменні паміж школай і сям'ёй нарастаюць? Мне здаецца, што прычына адна — неразуменне бацькамі таго, што робіць школа, — падзялілася сваім бачаннем праблемы педагог. — Яны не разумеюць ні праграм, ні патрабаванняў, ні крытэрыяў, ні нас, настаўнікаў, ні той сітуацыі, у кой мы працуем, не разумеюць нават сваіх дзяцей. Бацькі чакаюць ад дзіцяці тое, што яму не дадзена прыродай. Калі ў сістэме не працуе ўсяго адно кола, то сістэма або дрэнна працуе, або ўвогуле не працуе. Бацькі — гэта тое кола, якое не працуе ў нашай сістэме. Таму іх трэба актывізаваць, зрабіць магутным рэсурсам для школы і тым самым аблегчыць і нашу працу. Але ў тое, што мы робім прафесійна, яны не павінны ўмешвацца, не павінны нам замінаць і тармазіць працэс. Трэба іх навучыць разумець сваіх дзяцей, школу, настаўніка, патрабаванні часу і растлумачыць, чаму сямейнае выхаванне ніхто і ніколі не заменіць дзіцяці.
Даведка «Звязды»:
Катэгорыю «настаўнік-метадыст» за ўсе гады атрымалі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі толькі 235 педагогаў.
Абавязковай умовай для атрымання гэтай катэгорыі з'яўляецца наяўнасць у педагога аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета або ўласнага досведу, які быў абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі настаўнікамі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, публікацый у навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і інфармацыйных тэхналогій і выкарыстання эфектыўных педагагічных формаў, метадаў і сродкаў навучання.
Сярод настаўнікаў-метадыстаў 24 прадстаўнікі пачатковай школы, 16 настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, па 14 настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, 12 настаўнікаў замежнай мовы, па 10 настаўнікаў інфарматыкі, фізікі, хіміі, па 8 — геаграфіі і біялогіі і г. д.
Надзея НІКАЛАЕВА