Паводле агляду прэсы
Параўноўваем дзяржаўныя выдаткі 2008 і 2018 году.
Напрыканцы 2007 года, калі парламент зацвярджаў бюджэт на будучы, 2008 год, сярэдні заробак у Беларусі складаў 369 даляраў у эквіваленце, а за адзінку амерыканскай валюты давалі 2154 беларускія рублі. Праз дзесяць гадоў курс даляра — крыху больш за 2 рублі (з улікам дэнамінацыі — 20 тысяч), а сярэдні заробак — 420 даляраў.
Выдаткі на сельскую гаспадарку знізіліся амаль у шэсць разоў
«Раскідацца грашыма нельга. Грошы ніхто не друкуе. Тое фінансаванне, і ўзровень, і аб’ёмы, якія былі, — пра іх трэба забыць адназначна, але задачы застаюцца. Таму за меншую цану трэба рабіць тое, што было намечана. Гэта прынцыпова і канцэптуальна. Спыніцца — значыць загубіць усё тое, што пачалі 7 гадоў таму. Гэтага дапусціць нельга», — казаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы саўгас у Горках у 2011 годзе.
Лічбы бюджэту на 2018 год пацвярджаюць абяцанне кіраўніка краіны зменшыць выдаткі на фінансаванне сельскай гаспадаркі. Бюджэт Мінсельгасхарчу — каля 255 мільёнаў даляраў у эквіваленце. Дзесяць гадоў таму было амаль у шэсць разоў больш — 1,4 мільярда.
Мінадукацыі, Мінкульт і Дзяржтэлерадыё — на чвэрць менш
Таксама за дзесяць апошніх гадоў на чвэрць знізілася фінансаванне Міністэрства культуры — з 76 мільёнаў даляраў у 2008 годзе да 56,6 мільёна ў 2018-м. Прыкладна такія ж страты ў Міністэрства адукацыі. Выдаткі на дзейнасць гэтага ведамства скараціліся з 347 мільёнаў у 2008 годзе да 254 у 2018-м (-27%).
Аналагічна з Дзяржтэлерадыёкампаніяй. Калі ў 2008 годзе яе структуры атрымлівалі з дзяржаўнага бюджэту агулам больш за 53 мільёны даляраў, то ў наступным атрымаюць толькі 38,5. Такім чынам, за дзесяць апошніх гадоў фінансаванне дзяржаўнага медыяхолдынгу скарацілася на 27%.
Мінспорту, МУС і Мінздароўя — рост ад 11% да 18%
Дзяржаўныя выдаткі на фінансаванне Міністэрства спорту за дзесяць гадоў падраслі на 14% — з 80,3 мільёна даляраў да 91,5 мільёна. Крыху менш у працэнтных суадносінах (але значна больш у абсалютных лічбах) выраслі выдаткі на дзейнасць Міністэрства ўнутраных спраў. У 2008 годзе на праваахоўныя органы дзяржава выдзяляла 331 мільён, у 2018-м плануе выдзеліць 367,5 мільёна даляраў — на 36,5 мільёна больш, амаль поўны гадавы бюджэт БТ.
Выраслі за дзесяць гадоў і выдаткі Міністэрства аховы здароўя, прычым на цэлых 18% — з 356 мільёнаў у 2008 годзе да 421 мільёна ў 2018-м.
Стабільнасьць Мінабароны і Службы бяспекі прэзідэнта, значны мінус у КДБ
На фоне агучаных вышэй лічбаў стабільнасьць (у даляравым эквіваленце) дэманструюць Міністэрства абароны і Служба аховы прэзідэнта. Выдаткі першых за дзесяць гадоў амаль не зьмяніліся (—1,3%, бюджэт на 2018 год крыху перавышае 610 мільёнаў даляраў), другіх — знізіліся на 3%: з 12,4 мільёна ў 2008-м да 12 мільёнаў у 2018-м.
А вось фінансаванне дзейнасці Камітэту дзяржаўнай бяспекі зьніжаецца. Дзесяць гадоў таму КДБ мог разьлічваць на 88,5 мільёна даляраў. У наступным годзе яму заплянавана выдзеліць 81 мільён (—8,5%).
Адміністрацыя прэзідэнта — мінус 19%.
Так, згодна з афіцыйна апублікаванымі Міністэрствам фінансаў дадзенымі, фінансаванне дзейнасці Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дзесяць апошніх гадоў скарацілася з 15 мільёнаў у 2008 годзе да 12,2 мільёна ў 2018-м (—19%).
І ўрэшце пра сам бюджэт. У 2008 годзе ён складаў 18,7 мільярда даляраў у эквіваленце. Бюджэт Беларусі на 2018 год запланаваны ў памеры 9,9 мільярда даляраў. Гэта амаль напалову менш.