«Прывесьці да ладу». Як рэфармавалі адукацыю

17.01.2019

Якія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра адукацыю прыводзілі да рэформаў і што з гэтага атрымалася за апошнія 10 гадоў.

 

Залішне складаная матэматыка ў школе

Падчас нядаўняга прызначэньня Міхаіла Лусьцянкова рэктарам Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў складанасьць школьных праграм па матэматыцы і фізыцы за 8-ю і 9-ю клясы.

«Для школаў і ВНУ праграмы трэба рэанімаваць і прывесьці ў нармальны выгляд. У нас часам ужо ў восьмай-дзявятай клясе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыцьцё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністар гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністар», — сказаў Лукашэнка.

Глядзім, што яшчэ ў беларускай адукацыі зьмянілася з падачы Лукашэнкі.

 

Былі гімназіі — сталі школы

Адмысловым указам Аляксандар Лукашэнка адмяніў уступныя экзамэны ў 5-я клясы гімназіі. 2018 год стаў першым, калі гімназіі набіралі вучняў не паволе ўзроўню ведаў, а зыходзячы з прапіскі.

Што ў выніку. Гімназіі цяпер адрозьніваюцца ад школы толькі назвай і працуюць па аднолькавых навучальных праграмах.

Пра гімназіі пры гэтым Лукашэнка не выказваўся, але ня раз казаў, што «ўсе дзеці мусяць быць роўныя». Пасьля такіх заяваў у школах увялі «дзелавы стыль адзеньня».

 

«Дзеці не высыпаюцца»

У кастрычніку 2016 году Лукашэнка ўпершыню загаварыў пра занадта раньні пачатак заняткаў у школах. На яго думку, хадзіць у школу дзеці мусяць к 9 гадзінам раніцы. Пасьля тагачасны міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў ініцыяваў маніторынг. Высьветлілася, што толькі ў 30% школах заняткі пачынаюцца а 8:00.

У 2017 годзе, ужо новаму міністру адукацыі Ігару Карпенку, Лукашэнка зноў гаварыў пра пачатак заняткаў.

«Гадзіна раніцай дзіцяці паспаць — гэта чаго каштуе? І мяне ўсё пераконваюць, што гэта нармальна. Ну добра ўжо ў 10-11-й клясе, але малым гэтым, куды ж мы іх? Яны ўсё роўна раней 11-12 ня лягуць спаць», — казаў тады Лукашэнка.

Што ў выніку. У верасьні 2018 году большасьць школ ужо пачынала заняткі з 9 раніцы, хоць паводле дакумэнтаў школы могуць самі вызначаць, калі пачынаць заняткі. Рэформы ў сярэдняй адукацыі Лукашэнка ініцыюе апошнія тры гады (у 2011-м ягоны малодшы сын Мікалай пайшоў у школу).

 

 «Перапісаць падручнікі»

У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка загадаў перапісаць падручнікі па гісторыі, каб «зрабіць іх зразумелымі».

«Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, дакладна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытаньні разьвіцьця нашай гісторыі», — пералічваў Лукашэнка патрабаваньні да падручнікаў.

Да 2018 году падручнікі сапраўды перапісалі. На думку рэпэтытара па гісторыі і грамадазнаўстве Аляксандра Луцэвіча, падручнікі сталі прыгожымі, але не без факталягічных праблем.

Што ў выніку. «У падручніках зьявілася шмат карцінак, яны сталі прыгожымі, як урокі на Youtube, але, напрыклад, вайна з Напалеонам называецца „Айчыннай“, а гэта расейская гістарыяграфія. Пакуль яшчэ ня выйшлі новыя падручнікі за 10-11 клясы, там будзе відаць, як расьпішуць тэму 1990-х», — кажа Аляксандар.

 

Адмена 12-гадовага навучаньня

У 2008 годзе ў Беларусі зьліквідавалі 12-гадовую сыстэму адукацыі (канцэпцыя 12-гадовай адукацыі пачала паступова ўводзіцца да 1996 году).

«Сучасная школа павінна захаваць усё лепшае, што зроблена за апошнія гады, і ў той жа час пазбавіцца ад непатрэбных напластаваньняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрыманьня ведаў і не ўплываюць на якасьць адукацыі», — казаў Лукашэнка пасьля падпісаньня ўказу, які фіксаваў гэтыя зьмены.Таксама ў школе ўводзілася 5-дзённы працоўны тыдзень, а шосты дзень, субота, мусіў быць прысьвечаны фізкультуры і спорту. Тады ж зьліквідавалі профільныя клясы.

Што ў выніку. «Тады былі закрытыя ўсе профільныя клясы, і толькі цяпер у той ці іншай форме іх пачалі абнаўляць. А наогул, прыгадаць пазытыўныя зьмены ў нашай школьнай адукацыі складана. Добра, што дазволілі здаваць тэсты па чатырох прадметах, зрабілі тры рэзэрвовыя дні для праходжаньня тэставаньня, але налета мяняюць сыстэму падліку на тэставаньні, і вось гэта нівэлюе ўсе пазытыўныя зьмены», — падсумоўвае стваральнік цэнтру «100 балаў» рэпэтытар Яўген Лівянт.

 

Замест 5 гадоў у ВНУ стала 4

З 2012 году беларускія ўнівэрсытэты сталі часткова пераводзіць свае праграмы з 5-гадовага на 4-гадовы тэрмін навучаньня. Для пераходу выбралі больш за 200 спэцыяльнасьцяў. Такую задачу Аляксандар Лукашэнка паставіў на рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе ў 2011 годзе. Пераход на 4 гады навучаньня ў многіх ВНУ адбыўся за кошт скарачэньня няпрофільных гуманітарных дысцыплінаў.

 

Разьмеркаваньне — пакінуць

Абавязковую адпрацоўку 2 гадоў па разьмеркаваньні Аляксандар Лукашэнка адмяняць не захацеў. Ён неаднойчы выказваўся, што гэтага «патрабуе эканоміка».

«Прапаноўвалі адмовіцца: хай моладзь, скончыўшы ВНУ, сама вызначаецца ў жыцьці. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасьць працаўладкавацца, пайсьці на працу, астатняе — за вамі», — казаў Аляксандар Лукашэнка.

Пры гэтым, выпускнікі ВНУ найчасьцей самі сабе шукаюць будучае месца працы, каб пайсьці на адпрацоўку, бо апошнія два гады заявак на выпускнікоў у шэрагу ВНУ прыходзіць менш, чым маецца выпускнікоў.

Што ў выніку. Самай галоўнай зьменай у вышэйшай адукацыі сябра грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімір Дунаеў называе ўступленьне Беларусі ў Балёнскі працэс у 2015 годзе. Гэта пацягнула пазытыўныя рэформы, але адбываюцца яны вельмі павольна.

 

«Зьмены адбываюцца, але мы зь імі ўжо спазьніліся, гэта трэба было рабіць даўно. Я маю на ўвазе зьмены, якія прадугледжвае дарожная мапа для Беларусі ў межах Балёнскага працэсу. Напрыклад, у нас цяпер унівэрсытэты на 50-55% могуць самі вызначаць зьмест навучальных праграмаў, а раней было толькі 30%», — кажа Ўладзімір Дунаеў.

 

Арыгінал тэксту па спасылцы