Гомельскія ўлады парэкамэндавалі пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ў садках і школах вобласьці

22.01.2019

Галоўнае ўпраўленьне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму накіравала ў падначаленыя структуры інфармацыю аб пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў садках і школах рэгіёну — «для разгляду і выкарыстаньня ў дзейнасьці».

Свабодзе стаў вядомы зьмест гэтага дакумэнту. Журналісты дазналіся, чыя гэта ініцыятыва і ці будзе яна мець хоць які працяг.

У лісьце прыводзяцца зьвесткі пра стан беларускамоўнай адукацыі, сабраныя абласным інстытутам разьвіцьця адукацыі.

Што зь беларускай мовай у дзіцячых садках Гомельшчыны

  • У вобласьці 664 дзіцячыя садкі, 209 зь іх (31,5%) — зь беларускай мовай навучаньня. Аднак у абсалютных лічбах на беларускай мове выхоўваюцца толькі 6,8% дашкольнікаў. Гэта можа тлумачыцца малымі групамі дзяцей у вясковых садках і вялікімі — у райцэнтрах.
  • У параўнаньні з 2015/2016 навучальным годам сёлета на 6 зьменшылася колькасьць садкоў зь беларускай мовай навучаньня і колькасьць выхаванцаў у гэтых установах (-279). Значнае зьніжэньне колькасьці выхаванцаў беларускамоўных групаў адзначана ў Брагінскім (-12%) і Кармянскім (-10,4%) раёнах.
  • Пры аднолькавай колькасьці ўстаноў зь беларускай мовай навучаньня ў 2015/2016 і 2018/2019 навучальных гадах назіраецца зьніжэньне колькасьці выхаванцаў, для якіх навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове, ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Добрускага.
  • Новая ўстанова дашкольнай адукацыі зь беларускай мовай навучаньня адкрыта ў Гомлі. Цяпер тут два беларускамоўныя садкі са 127. Колькасьць выхаванцаў садкоў зь беларускай мовай навучаньня павялічылася на 0,1%.

 

 

Што зь беларускай мовай у школах Гомельшчыны

  • У вобласьці 529 школ, у 231 з іх (43,6%) навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове. Аднак у абсалютных лічбах па-беларуску вучацца толькі 11,03% дзяцей.
  • У параўнаньні з 2015/2016 навучальным годам колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня зьменшылася на 12, колькасьць вучняў у іх — на 2624 чалавекі.
  • Зьніжэньне колькасьці вучняў ва ўстановах зь беларускай мовай навучаньня назіраецца ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Калінкавіцкага.
  • Пры адсутнасьці ў Гомлі ўстаноў зь беларускай мовай навучаньня ў гімназіі № 36 імя Мележа існуюць тры беларускамоўныя клясы (першая, другая і трэцяя) з 63 вучнямі.

 

Чаму «Гісторыю Беларусі» выкладаюць па-расейску і што з гэтым рабіць?

  • Колькасьць настаўнікаў, якія выкладаюць «Геаграфію Беларусі» на беларускай мове, павялічылася з 22% у 2016 годзе да 39% у 2018-м.
  • Колькасьць настаўнікаў, якія выкладаюць «Гісторыю Беларусі» на беларускай мове, у параўнаньні з 2016 годам паменшылася ўдвая (з 65,5% да 31,5%).
  • У школах Гомля не вывучаюць гэтыя прадметы на роднай мове.

Чаму ж «Гісторыю Беларусі» ў асноўным выкладаюць па-расейску? Па выніках апытаньня настаўнікаў гісторыі і мэтадыстаў раённых аддзелаў адукацыі ўлады вызначылі наступныя прычыны:

  • нізкі ўзровень валоданьня беларускай мовай настаўнікамі-прадметнікамі;
  • адсутнасьць ва ўстановах падручнікаў на беларускай мове;
  • недастатковы ўзровень слоўнікавага запасу вучняў, які не дазваляе ў поўнай меры засвойваць вучэбны матэрыял;
  • недахоп вучэбных дапаможнікаў, вучэбных выданьняў на беларускай мове для работы ў пазаўрочны час па вучэбным прадмеце.

У інфармацыйным лісьце Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму паведамляецца, што летась абласны інстытут адукацыі арганізаваў павышэньне кваліфікацыі настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі з правядзеньнем заняткаў па-беларуску. У 2019 годзе «праз адсутнасьць заявак» такое павышэньне кваліфікацыі не заплянаванае.

Беларускую мову настаўнікі выкарыстоўваюць выключна на ўроках

Афіцыйнае дасьледаваньне паказала, што ў большасьці ўстаноў з расейскай мовай навучаньня беларуская мова выкарыстоўваецца толькі пры правядзеньні вучэбных і дадатковых заняткаў.

  • На перапынках, пры арганізацыі выхаваўчай работы настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваецца расейская мова.
  • Мерапрыемствы па мове, гісторыі і традыцыях беларусаў праводзяцца ў асноўным у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры, міжнароднага Дня роднай мовы.
  • Структура і зьмест урокаў беларускай мовы і літаратуры не адпавядае сучасным патрабаваньням: адсутнічаюць тэкстацэнтрычны, лінгвакультуралягічны падыходы, не выкарыстоўваюцца прынцыпы дыфэрэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучаньня, кантрольна-ацэначная дзейнасьць зводзіцца да выстаўленьня адзнак без камэнтарыяў.

Што інстытут разьвіцьця адукацыі рэкамэндуе аддзелам адукацыі?

  • Забясьпечыць пераемнасьць мовы навучаньня пры аптымізацыі ўстаноў дашкольнай і агульнай адукацыі і пераводзе навучэнцаў у іншыя ўстановы.
  • Спрыяць фармаваньню беларускамоўных групаў пры адкрыцьці груп, устаноў дашкольнай адукацыі.
  • Разгледзець пытаньне адкрыцьця беларускамоўных групаў у садках для забесьпячэньня падрыхтоўкі і пераемнасьці пры паступленьні дзяцей у першыя клясы школаў зь беларускай мовай навучаньня.
  • Прадугледжваць улік колькасьці падручнікаў і дапаможнікаў, якія ёсьць у раёне, пры пераходзе ўстаноў на другую мову навучаньня.
  • Стварыць умовы для ўдасканаленьня прафэсійнага майстэрства настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі, якія выкладаюць прадметы на беларускай мове.
  • Арганізаваць навучаньне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры спосабам выкарыстаньня абласнога віртуальнага рэсурсу на беларускай мове «Белы ветразь».
  • Забясьпечыць слоўнікамі школы ў колькасьці, неабходнай для якаснай работы.

 

  Можа, ёсьць нешта добрае?

 

  • У параўнаньні з 2016 годам на 70 павялічылася колькасьць устаноў, дзе на беларускай мове аформлена стэндавая інфармацыя, створаны этнаграфічныя куткі і музэйныя пакоі.
  • З 49 у 2016 годзе да 129 у 2018 павялічылася колькасьць устаноў, у якіх дакумэнтацыя і стэндавая інфармацыя аформлены і вядуцца на беларускай мове ў поўным аб’ёме.
  • 56 устаноў адукацыі (у 2016 годзе — 6) вядуць сайты на беларускай мове.

Поўны тэкст артыкула па спасылцы