Аптымізацыя школ — працэс, які вельмі балюча ўспрымаецца сельскімі жыхарамі. Многія лічаць, што без школы ў населенага пункта няма будучыні, і маладыя сем'і тут не затрымаюцца. І хоць асноўная хваля закрыцця малакамплектных школ ужо прайшла, кожны год сетка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі скарачаецца яшчэ на некалькі дзясяткаў. Так, у 2018 годзе па рашэнні мясцовых органаў улады былі закрытыя 25 і рэарганізаваныя 49 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Як правіла, агульнаадукацыйныя сярэднія школы рэарганізуюцца ў базавыя, базавыя — у пачатковыя, а дашкольныя ўстановы ўключаюцца ў педагагічны комплекс «дзіцячы сад — школа».
На дарогу — не больш як 30 хвілін
— Кожны навучэнец, незалежна ад таго, у якой школе ён вучыцца (гарадской ці вясковай, вялікай ці маленькай), мае права на атрыманне якаснай агульнай сярэдняй адукацыі, — падкрэслівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Таму, калі мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб немэтазгоднасці захавання ўстановы адукацыі ў канкрэтным населеным пункце, яны павінны кіравацца не толькі эканамічнымі падлікамі. Працэс рэструктурызацыі заўсёды вымагае прадуманых і ўзважаных рашэнняў. Трэба ўважліва ўнікаць у кожную сітуацыю, а не гнацца за ўяўнай эканоміяй, трэба гутарыць з насельніцтвам, тлумачыць свае дзеянні і пераконваць.
У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі, упраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама да 1 снежня падаюць у Міністэрства адукацыі інфармацыю аб школах, якія ў наступным навучальным годзе плануецца закрыць або рэарганізаваць. Калі праводзіць работу пазней, будзе недастаткова часу для вырашэння ўсіх спрэчных пытанняў, правядзення тлумачальнай работы з бацькамі. Усё ж такая важная інфармацыя не можа агучвацца ў апошнія дні перад летнімі канікуламі, да таго ж і педагогі павінны мець гарантыі свайго будучага працаўладкавання.
— Мы вельмі адказна ставімся да гэтай працы і скрупулёзна аналізуем інфармацыю літаральна па кожнай установе адукацыі, якую мясцовыя ўлады плануюць закрыць, — запэўнівае Ірына Каржова. — Абавязкова ў даведцы, што трапляе да нас, павінны ўказвацца колькасць вучняў на сённяшні дзень, дэмаграфічныя перспектывы рэгіёна (наяўнасць дзяцей дашкольнага ўзросту), як будзе арганізаваны падвоз навучэнцаў, у якія ўстановы адукацыі, ці будуць працаўладкаваныя педагагічныя і тэхнічныя работнікі са школы, якая ліквідуецца, ці была праведзена з бацькамі вучняў інфармацыйна-тлумачальная работа. Усё гэта мы вывучаем і толькі на падставе ўсебаковага аналізу вырашаем, што рабіць: або ўзгадніць рашэнне мясцовых органаў кіравання адукацыяй, або дадаткова прапрацаваць пытанне па канкрэтных установах адукацыі.
Напрыклад, згодна з санітарнымі нормамі і правіламі ў выпадку арганізацыі падвозу вучняў у гарадах і сельскіх населеных пунктах радыус транспартнай даступнасці ўстаноў адукацыі не павінен па часе перавышаць 30 хвілін. А здараецца, што ў інфармацыі па запланаваным закрыцці школ фігуруюць зусім іншыя лічбы — 40, 45 і нават 50 хвілін. Канешне, мы на такое ніколі згоду не дадзім. Калісьці дзейнічала абмежаванне ў 30 кіламетраў. Але і дарогі могуць быць розныя, і дзяцей возяць не толькі па шашы. І не толькі на школьных аўтобусах. Для падвозу выкарыстоўваюцца і маршрутныя аўтобусы (у гэтым выпадку расклад іх руху ўзгадняецца з раскладам школьных заняткаў), і прыгарадныя, і мясцовыя цягнікі, і транспарт сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.
Можа, дзесьці ўжо не патрабуецца захаванне сярэдняй і базавай школы, дык пакіньце там пачатковую і не вазіце малечу за 15—20 кіламетраў ад дому. А калі ў вёсцы ёсць яшчэ і дашкольнікі, і мы ведаем, што праз год-два там будуць сем-восем першакласнікаў... Бацькоў таксама можна зразумець, каму спадабаецца, калі малое будзе штодня ў дарозе да адной гадзіны... А для дашкольнікаў увогуле лепш за ўсё знаходзіцца ва ўстанове адукацыі па месцы пражывання. Калі няма магчымасці ўтрымліваць маленькі дзіцячы садок і маленькую школу, выйсце ёсць — яны аб'ядноўваюцца ў вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад — пачатковая школа» ці «дзіцячы сад — базавая школа».
Пяць вучняў у класе — гэта крытычна?
У бягучым навучальным годзе ў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца падвоз 72,3 тысячы навучэнцаў і для гэтых мэт выкарыстоўваюцца каля 1590 школьных аўтобусаў. У адпаведнасці з нашай інструкцыяй пры арганізацыі падвозу школьнікаў у аўтобусе абавязкова павінен прысутнічаць педагагічны работнік, які кантралюе, каб дзіця села ў транспартны сродак, даехала, перайшло дарогу пад наглядам дарослага і зайшло ў школу. У абавязковым парадку прыпынкі грамадскага транспарту, дзе вучняў збірае школьны аўтобус, павінны быць абсталяваныя, каб дзеці маглі схавацца ад снегу, сонца і дажджу. З 1 студзеня педагагічным работнікам устанаўліваюцца надбаўкі, якія ўлічваюць галіновыя асаблівасці педагагічнай дзейнасці. У пералік відаў работ, за выкананне якіх кіраўніком установы адукацыі могуць устанаўлівацца надбаўкі, увайшло і суправаджэнне навучэнцаў пры арганізацыі іх падвозу ва ўстановы адукацыі: за гэту работу памер надбаўкі можа дасягаць 150 % ад тарыфнай стаўкі першага разраду.
У Міністэрстве адукацыі канстатуюць, што ў апошнія гады шмат школ было закрыта ў Віцебскай вобласці, таму што там шмат хутарскіх пасяленняў і, адпаведна, невялікіх школ...
«А якую ўстанову адукацыі можна лічыць малакамплектнай? Што разумець пад малой напаўняльнасцю класа? І колькі ўвогуле вучняў павінна быць у 10 і 11 класах, каб старшую ступень школы можна было захаваць?» — пацікавіліся мы ў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.
— У нашым заканадаўстве няма дакладнага азначэння, што такое малакамплектная школа, — тлумачыць Ірына Каржова. — Да таго ж колькасць навучэнцаў — не адзіны фактар, які становіцца прычынай закрыцця ўстановы адукацыі. Калі, напрыклад, школа знаходзіцца ў аварыйным стане ды яшчэ і ў прыстасаваным будынку, то пралічваецца, што больш эканамічна мэтазгодна — адрамантаваць яго ці арганізаваць падвоз у бліжнюю школу. Ці дастаткова ў аддзела адукацыі транспарту або трэба будзе дадаткова закупляць школьныя аўтобусы, якія таксама трэба ўтрымліваць і выплачваць заробак кіроўцам? Ёсць школы, дзе адсутнічае спартыўная зала ці яна сумешчана з актавай. Дзе няма ўмоў для арганізацыі паўнавартаснага харчавання навучэнцаў. Канкрэтных лічбавых крытэрыяў, з якой колькасцю навучэнцаў школа можа быць закрыта, няма.
Усё вырашаецца ў кожным канкрэтным выпадку. Але калі ў дзясятым класе налічваецца менш як пяць вучняў, то, хутчэй за ўсё, захоўваць старшую ступень не будуць. Прычым зроблена гэта будзе не ў мэтах эканоміі, а для забеспячэння якасных умоў для атрымання адукацыі. Увогуле, калі на месцах праводзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа з бацькамі, іх увагу трэба засяроджваць не на тым, наколькі даражэй дзяржаве абыходзіцца ўтрыманне навучэнца ў невялікай сельскай школе, а на якасці адукацыйнага працэсу. Ці можна яе забяспечыць? Менавіта гэта акалічнасць для нас галоўная.
Трэба разумець, што выніковасць навучання залежыць ад многіх фактараў: і ад прафесійнага ўзроўню педагогаў (а ў малакамплектных школах нярэдка адзін настаўнік вымушаны выкладаць адразу некалькі дысцыплін), і ад матэрыяльна-тэхнічнай базы (наяўнасці адпаведнага вучэбнага абсталявання, магчымасці выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы і гэтак далей), і ад асяроддзя.
У апошнія гады ў рамках дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» ажыццяўляецца цэнтралізаваная пастаўка вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Таксама школы аснашчаюцца мультымедыйнымі дошкамі. Давайце будзем шчырымі, наколькі мэтазгодна пастаўляць сучаснае нятаннае абсталяванне ў малакамплектную школу, размешчаную ў населеным пункце, у якога няма перспектыў? Не варта забывацца і пра важнасць сацыялізацыі, стварэння ў класе канкурэнтнага асяроддзя, пра матываванасць на вучобу і поспех саміх дзяцей.
Даведка
У 2018/2019 навучальным годзе агульная колькасць школьнікаў упершыню за апошнія дзесяць гадоў перавысіла мільён чалавек. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаюцца 1 мільён 10 тысяч 400 вучняў (на 15,9 тысячы больш, чым у папярэднім годзе), у тым ліку 110 тысяч першакласнікаў. Усяго ў краіне дзейнічаюць 3038 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку тры новыя школы, адкрыццё якіх адбылося напярэдадні 1 верасня: у Мінску (на 1020 месцаў), вёсцы Лескаўка Мінскага раёна (на 720 месцаў) і ў Бабруйску (таксама на 1020 месцаў).
Трэба ўмець кантактаваць з равеснікамі. Наяўнасць дзіцячага калектыву, грамадскай арганізацыі, удзел у грамадскім жыцці школы — усё гэта абавязковыя складнікі паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў. Усе школьнікі маюць права вучыцца ў добра абсталяваных кабінетах, набываць навыкі работы ў камандзе — у парах ці групах, займацца ў спартыўнай зале, а не ў прыстасаваным пад урокі фізічнай культуры памяшканні і гэтак далей. Таму, калі мы закрываем малакамплектныя школы, робіцца гэта з улікам інтарэсаў дзяцей.
Калі бацькі выратавалі школу...
Ірына Каржова канстатуе, што практычна кожны год у Міністэрства адукацыі звяртаюцца бацькі вучняў школ, якія мясцовыя ўлады плануюць рэарганізаваць або закрыць. І гэта лакмусавая паперка няякасна праведзенай на месцах тлумачальнай работы. Хвалююцца і педагогі, няўпэўненыя ў тым, што з 1 верасня яны не застануцца без працы. Хоць пры ліквідацыі ўстановы адукацыі ў абавязковым парадку павінен выконвацца пункт, у якім прапісваецца абавязак аддзела адукацыі вырашыць пытанне з працаўладкаваннем кадраў.
Кампетэнтна
Ігар Карпенка, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь:
«Звяртаю ўвагу кіраўнікоў упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама на неабходнасць не толькі прадстаўляць у міністэрства планы па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, але і прытрымлівацца іх — падкрэсліў міністр на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі. — Такія рашэнні павінны прымацца абгрунтавана, з улікам перспектыў развіцця рэгіёна. Пры гэтым трэба загадзя вырашыць усе пытанні з падвозам навучэнцаў да месца вучобы і назад, на 100 працэнтаў арганізаваць іх бяспеку».
Здараецца, што дзякуючы актыўнасці бацькоў школу ўсё ж такі ўдаецца захаваць ці адкласці рашэнне з яе закрыццём, пакуль не будуць вырашаны прынцыповыя пытанні, напрыклад з тым жа падвозам школьнікаў. Літаральна ў студзені ў Міністэрства адукацыі паступіў сігнал з Круглянскага раёна, дзе мясцовыя органы ўлады разглядаюць магчымасць закрыцця ВПК «Шапялевіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа». Там ёсць пытанні і з падвозам навучэнцаў, і з працаўладкаваннем кадраў. А ці проста ў сельскай мясцовасці знайсці сабе працу? Пакуль Міністэрства адукацыі не ўзгадніла рашэнне аб яго закрыцці.
— Яшчэ раз падкрэсліваю, што ўсе рашэнні аб закрыцці і рэарганізацыі школ павінны прымацца выключна па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. Аптымізацыя сеткі навучальных устаноў знаходзіцца на самым высокім кантролі ва ўрадзе. І на першым месцы павінна быць зусім не эканомія, а якасць адукацыі, стварэнне адпаведных умоў для яе атрымання, — звяртае ўвагу Ірына Каржова. — І дзейнічаць трэба выключна ў інтарэсах вучняў. Усё прадумаць, узважыць і растлумачыць. А ў бацькоў не павінна застацца ўражання, што на іх дзецях вырашылі сэканоміць...
Надзея НІКАЛАЕВА
Арыгінал артыкула па спасылцы