Што робяць птушкі, калі няма моцы на доўгі палёт? Збіраюцца ў стаі і лятуць туды, куды трэба. І заўсёды вяртаюцца, каб з новымі сіламі выкарміць птушанят, паставіць іх на крыло.
Тое самае і беларускія настаўнікі!
10 год укаранення актыўнай ацэнкі ў Беларусі – шлях не малы. Сілаў забраў шмат. Здаецца, ужо ніхто не сумняецца, што мы робім карысную справу, што менавіта гэта тэхналогія дае добрыя навучальныя вынікі, вяртае самапавагу настаўнікам, будуе новую сучасную школу. Аднак 10 год праграма трымаецца на энтузіястах. І хоць каманда наша моцна павялічылася, непаваротлівая сістэма адукацыі не хоча браць на ўзбраенне распрацаваны настаўнікамі-наватарамі курс, укараняць тэхналогію сістэмна. То мы крыху стаміліся. А дзе ўзяць энергіі? Ляцім у вырай!
Ментары актыўнай ацэнкі маюць шмат сяброў у розных краінах: нашы выхаванцы працуюць у школах Украіны, Расіі, Польшчы. Але выбралі мы беларускае Падляшша і паехалі да Аліны Ваўранюк, якая выкладае беларускую мову ў 4-й школе Беластоку. Гэта і недалёка, і перакладчыка не трэба, і краіна дэмакратычная, дзе беларусам як нацыянальнай меншасці не перашкаджаюць будаваць сваю адукацыю, падтрымліваць тоеснасць. Карацей, паехалі мы да сваіх, каб абмяняцца досведам, разам падумаць, як нам працягваць праграму ну і глынуць вольнага паветра.
АБ-БА
Сустрэла нас АБ-БА. Гэта не тое, што вы падумалі. (Хаця і ў Швецыі ў нашых актыўнаацэншчыкаў ёсць свае людзі). АБ-БА – гэта грамадская арганізацыя беларусаў Палдяшша – таварыства на карысць бацькоў і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову. На беласточчыне жывуць сотні тысяч этнічных беларусаў. Яны не страцілі сваю ідэнтычнасць, вучаць сваю мову, хаця межы за 100 год перасоўваліся так, што яны памянялі мо 5 дзяржаваў, не пакідаючы сваіх вёсак-мястэчкаў. Там было каму намі паапекавацца: Бася Пякарская – сямейны доктар - нам дапамагла знайсці якаснае і таннае жытло. Рэжысёр тэлебачання Коля Ваўранюк склаў нам цудоўны маршрут і нават правёў сам экскурсію па Супраслі, бізнесовец Мірык Пякарскі вазіў нас на сваёй машыне, трымаў 19 месцаў, каб мы маглі паесці-адпачыць у атмасферным месцы каля самай ратушы. Гісторык і журналіст Генік Вапа паказаў нам рэдакцыю, распавёў пра медыя-кухню, што нашым медыяадукатам было вельмі даспадобы. Мы нават паспрабавалі сябе ў прамым эфіры і запісалі некалькі падкастаў. Пра нас даведалася і радыё Беласток і прыслала да нас свайго карэспандэнта. Нават з Варшавы па наш досвед АА прыехала дзяўчына. Яе прыслалі нашы сябры-адукатары Данута Стэрна і Агнешка Свечка. Усім цікава было, як мы развіваем актыўную ацэнку і куды ідзе наша адукацыя. Напрыканцы візіту Аляксей Трубкін паказаў нам беларускія мясціны Беластоку. Усе АБ-БА-ўцы вельмі стараліся, каб толькі нам было добра і камфортна. Няпраўда, што беларусы – несалідарныя.
Алена Радзевіч дае каментар Радыё Беласток
Эла Якубоўская дае каментар для Радыё Беласток
СКЛЕП З КУЛЬТУРАЙ
Адразу па прыездзе нас запрасілі у “склеп з культурай”. Гэта сядзіба АБ-БЫ, дзе мы мелі і залю для заняткаў, і месца для абмену адукацыйнымі ідэямі. Вядома, пачалі з экскурсіі па сядзібе. Ой, чаго там толькі няма! І фотавыстава з вандровак, дзіцячых спектакляў, летнікаў, канцэртаў. І рыштунак для тэатру, лялькі для лялечных спектакляў, батлейка, вышыванкі, кнігі… Здаецца АБ-БАўцы ведаюць пра гістарычныя мясціны Беларусі больш за нас.
Сустрэча ў Склепе з культурай
Сустрэча ў Склепе з культурай
Нам падарылі дыскі і кнігі, якія выдала АБ-БА. Гэта кнігі вершаў, прозы, нумары часопіса “Беларускі настаўнік”, дыскі песен з фанаграмамі для вывучэння беларускай мовы ў 1-м, 2-м і 3-м класах, дзіцячыя музычныя запісы, відэазапіс спектаклю “Ой, даўно, даўно..”, дзе маленькія акторы-школьнікі распавядаюць гісторыі, пачутыя ад сваіх бабуляў і дзядоў на сваіх дыялектных гаворках. Так АБ-БА клапоціцца аб захаванні культурнай спадчыны.
ШКОЛА
Ну і вядома ж – цвік праграмы – наведванне заняткаў. Нам пашчасціла пабыць у гасцях на ўроках у 5-м і 7-м класах 4-й школы Беластока. Аліна Ваўранюк паказала, што актыўная ацэнка – гэта найперш атмасфера свабоды, узаемапавагі і арыентацыі на вынік працы. У яе на занятках беларускай мовы няма забаронаў і абмежаванняў: дзеці спяваюць, малююць, могуць вольна перасоўвацца, рабіць, што хочуць, абы толькі вучыліся з ахвотай і ім не было нудна.
Але нуда і Аліна – гэта несумяшчальныя паняцці. Яна і беларускіх настаўнікаў не пакінула назіральнікамі, а ўключыла іх у працэс навучання. Яны працавалі разам з дзецьмі. Было цікава і карысна. Паглядзіце, як выглядае клас, як адчуваюць сябе вучні. Не дзіва, што ў школу з беларускай мовай навучання імкнуцца патрапіць і палякі, і татары, і украінцы.
Настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк
Цікава, што ў школе няма вахцёра, які спыняе наведнікаў. Затое ёсць месца, дзе дзеці могуць прынесці з дому непатрэбныя рэчы, каб аддаць іх таму, каму яны трэба. Такі зялёны фры-маркет. Навучанне экалогіі і дабрачыннасці без словаў. На сценах шмат дзіцячых малюнкаў, фота, дыпломаў… Ніякага афіцыёзу ні у афармленні, ні ў адзенні, ні ў зносінах.
ЧЫМ МОЖАМ ПАДЗЯЛІЦЦА МЫ
Ад кожнага з нашых настаўнікаў нашы падляшскія сябры знайшлі што пераняць. Напрыклад, ад Галі Сухавай – ідэі, як зацікаваіць беларускай літаратурай, асабліва класікай, якая дзецям не заўсёды зразумелая. Вольга Жыткая захапіла ідэяй сумесных заняткаў на адлегласці. Сучасныя медыясродкі дазваляюць не толькі праводзіць сумесныя ўрокі праз скайп, а нават спяваць разам. Света Локіс адразу знайшла агульную мову з вучнямі, з якімі яна працавала ў групе – яны развівалі крэатыўнасць. Часу, каб абмяняцца ўсім назапашаным, настаўнікам не хапіла. Таму ў нас наперадзе новыя падарожжы з майстар-класамі.
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА
Шкада, што такая ідэя – паехаць на Падляшша да сваіх не прыйшла раней. Мы планавалі адукацыйны візіт даўно. Знайшлі на яго фінансавую падтрымку, аднак “родная” дзяржава выстраіла такі бюракратычны мур, што мы вымушаныя былі адмовіцца ад фінансаў. (Мала хто ведае, што існуе Указ прэзідэнта №300, які дазваляе юрыдычным асобам і прадпрымальнікамі дабрачынныя ахвяраванні на спорт, але не дазваляе падтрымліваць адукацыю).
Засталося спадзявацца толькі на сябе саміх і беларускую салідарнасць. Мы ўбачылі, што беларусаў у свеце – шмат, яны згуртаваныя. Мы – нармальная нацыя, гатовая на самаарганізацыю і на самадапамогу. І калі мы аб’ядноўваемся, то ідэі і магчымасці іх рэалізацыі павялічваюцца ў сотні разоў. І як бы нас ні раздзялялі межамі, ні труцілі ідэалогіямі, ні прыніжалі непад’ёмнымі па коштах візамі і чэргамі за імі, ні запалохвалі бюракратычнымі працэдурамі, мы будзем разам. Проста таму, што дабро заўсёды перамагае. Так нам кажа наш фальклор - народная мудрасць беларусаў.
Тамара Мацкевіч
Фота Анастасія Пугач