Матывацыя — у актуальным вучэбным асяроддзі

15.07.2019

Праца з натхненнем прыносіць задавальненне. А калі гэта праца педагога, то задавальненне настаўніка перадаецца дзецям. Урокі настаўніка-метадыста, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко Галіны Руціч ніколі не бываюць сумнымі. У яе метадычнай скарбонцы шмат розных метадаў і прыёмаў, якія развіваюць вучэбны патэнцыял кожнага вучня. Галіна Міхайлаўна заўсёды новая, таму здольна ствараць актуальнае вучэбнае асяроддзе. Яна моцны настаўнік-прадметнік, які вырас, абапіраючыся на прафесійныя традыцыі педагогаў сваёй школы: адказнасць, працавітасць, сумленнасць.

 

Дарэчы, Галіна Міхайлаўна — выпускніца першай бярозаўскай школы. І яе дагэтуль натхняюць былыя настаўнікі Валянціна Антонаўна Галоціна (выкладала сусветную мастацкую культуру так, што школьніца Галіна памятае і сёння сваё захапленне), Іван Сцяпанавіч Грынкевіч (на сваіх уроках гісторыі і грамадазнаў­ства заўсёды вучыў разважаць, фарміра­ваць уласнае меркаванне). Трымае высокую метадычную планку і цяперашні дырэктар школы Мікалай Васільевіч Жуковіч. Такім чынам, развівацца і рухацца наперад у любімай прафесіі для маёй гераіні — унутраная патрэба. Сёння Галіна Міхайлаўна з задавальненнем дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі.

Тэхналогія шасцівугольнага навучання (гексаганальнага, ці проста гекса) спрыяе фарміраванню ў вучняў умення праца­ваць, як правіла, з тэкставай інфармацыяй: знаходзіць вядучую ідэю, вылу­чаць ключавое слова (паняцце, гістарычную асобу), агульнае і прыватнае, затым з выяўленай інфармацыі вызначаць, што з’яўляецца прыярытэтным, а што — другарадным, умець класіфікаваць, знаходзіць узаемасувязі.

Ёсць некалькі варыянтаў выкарыстання гэтай тэхналогіі.

1. Можна ўпісаць вучэбны матэрыял (ключавыя паняцці, тэзісы; асобы, даты) у шасцівугольнік, разрэзаць на часткі і прапанаваць вучням сабраць мазаіку.

2. Шасцівугольнікі можна пакінуць пустымі для запаўнення, каб вучні маглі выказаць сваё стаўленне да тэмы, якая разглядаецца. У гэтым выпадку яны самастойна знаёмяцца з вучэбным тэкстам, паглыбляюцца ў праблему, шукаюць сувязі, робяць высновы, тлумачаць логіку сваіх разваг і выбудаваных камбінацый. Дарэчы, у гэтым і заключаецца мэта шасцівугольнага навучання (вучні яшчэ называюць яго сотамі — так ім зручней выказвацца).

3. Гэты метад навучання дазваляе арганізоўваць работу ў групах, кожная з якіх запаўняе свае шасцівугольнікі. Затым групы абменьваюцца вынікамі работы, каменціруюць пабудаваныя сувязі.

4. Зручна наглядна выкарыстоўваць маркіраваныя шасцівугольнікі. У такім выпадку колер вызначае пэўны напрамак, від мастацтва, сферу дзейнасці — вучэбны матэрыял размяркоўваецца па відавых прыметах. Задача вучняў — злучыць шасцівугольнікі, прычым можа быць шмат спосабаў, розных сувязей. Як правіла, заўсёды ёсць нешта ключавое, што аб’ядноўвае ўсю кагнітыўную мадэль.

5. У шасцівугольніках магчыма выкарыстанне не толькі тэксту, але і малюнкаў (партрэтаў, выяў помнікаў мастацтва, вокладак кніг, афіш).

 

Такім чынам, дзеці, аналізуючы вучэбны матэрыял, атрымліваюць магчымасць выбару прыярытэтаў, уласнай класіфікацыі і ўстаноўкі сувязей, вызначэння доказаў. Пры арганізацыі работы ў парах вучні абгрунтоўваюць свае ўяўленні па пастаўленай вучэбнай задачы”, — адзначыла настаўнік-метадыст.

Шасцівугольнае навучанне лёгка прымяняць на ўроках гісторыі, а пры вывучэнні шэрага тэм, па меркаванні Галіны Міхайлаўны, яно проста неабходна. Напрыклад, у рамках тэмы “Англійская буржуазная рэвалюцыя” ў 7 класе настаўніца прапанавала пачаць чытаць новы параграф, на дошцы знаходзіліся гексы “Абсалютызм”, “Цюдоры”, “Сцюарты”, і навучэнцы павінны былі растлумачыць, што гэта. Астатнія гексы з тэкстам размяшчаліся на дошцы хаатычна. На працягу ўрока дзеці разам с настаўніцай працавалі з параграфам і выбудоўвалі соты, тлумачылі сувязі. У трох класах вынік такой работы аказаўся розным.

Пры вывучэнні тэмы “Еўрапейская літаратура і мастацтва XVII—XVIII стагоддзяў” у 7 класе на дош­цы зноў хаатычна размяшчаліся розныя гексы. У цэнтры гекса былі “Асветніцтва”, “Барока” і “Класіцызм”. “Спачатку я патлумачыла сувязь эпохі Асветніцтва з узнікненнем архітэктурна-мастацкіх стыляў барока і класіцызм. Задачай вучняў было, выкарыстаўшы тэкст параграфа, знайсці асаблівасці барока і класіцызму. Яны чыталі параграф, потым самастойна падымаліся са сваіх месцаў і выбудоўвалі гексы каля гексаў “Барока” або “Класіцызм”.

Пасля выканання задання дзеці высвятлялі, ці ўсё правільна атрымалася, адзначалі асаблівасці барока і класіцызму, замацавалі вывучаны матэрыял на прыкладах шэдэўраў Л.Берніні, Д.Веласкеса, П.Рубенса і г.д.

Варта адзначыць, што такая мадэль навучання дазваляе ўсё рабіць хутка. Да дошкі выходзяць вучні, якіх складана зацікавіць традыцыйным адукацыйным працэсам. У класе працуюць усе. Вучэбны матэрыял чытаецца на ўроку, звяртаецца ўвага на важныя дэталі і моманты.

Дзеці думаюць, каменціруюць, аналізуюць, куды лепш размясціць гекс. Пасля таго як усе гексы на месцах, глядзім, што атрымалася. Так, адзін з трох класаў сказаў, што гэта ментальная карта, астатнія спрабавалі ўбачыць пэўную фігуру. У кожным класе канчатковы вынік будзе адрознівацца ад папярэдняга, што таксама з’яўляецца асаблівасцю шасцівугольнага навучання.

Вучні з задавальненнем фатаграфуюць на тэлефоны прадукт сумеснай работы. Яны запэўніваюць, што такім чынам лёгка паўта­раць вучэбны матэрыял. Дзеці пачынаюць разумець, што, напрыклад,  лепш “выбудоўваць” мастакоў каля мастакоў, асаблівасці выяўленчага мастацтва каля архітэктурнага стылю, спачатку — І.Баха, а потым — В.Моцарта. Шасцівугольнае навучанне вельмі падабаецца вучням, яны праяўляюць актыў­насць на ўроках, да дошкі выхо­дзяць па тры чалавекі. Хачу адзначыць, што шасцівугольнае навучанне на дыстанцыйных курсах па медыяадукацыі паўплывала на ўсю маю педагагічную дзейнасць. Я пачала думаць іншымі катэгорыямі і стараюся гэтаму вучыць іншых”,— расказала настаўніца.

Адзначыла Галіна Міхайлаўна і медыяадукацыйныя магчымасці паштоўкі, якая нясе ў сабе схаваны змест эпохі, праз стагоддзі расказвае пра густы, прыхільнасці, эстэтыку, тэхналогіі, дзяржаўны лад.

“Звярнуцца да паштоўкі можна пры вывучэнні падзей Першай су­светнай вайны на беларускіх землях. Напрыклад, прапанаваць навучэнцам уважліва разгледзець паштоўку і адказаць на пытанні:

1. Якому святу прысвечана паштоўка?

2. Што на ёй намалявана?

3. Дакажыце, што гэта салдаты арміі Расійскай імперыі.

4. Чаму ў надпісах выкарыстаны цвёрды знак? Да якога года захоўвалася такая арфаграфічная асаблівасць рускай мовы?

5. Пра што сведчыць надпіс на палотнішчы сцяга? Да чаго ён заклікае?

6. Які настрой перадае паштоўка?

Не лішнім будзе звярнуць увагу на даты Вялікай Айчыннай вайны і суаднесці іх з ведамі навучэнцаў пра час Першай сусветнай вайны. Неабходна адказваць на пытанне, чаму вайну назвалі Айчыннай.

У выпадку ўзнікнення ў вучняў цяжкасцей варта ім нагадаць, што першапачаткова вайна выклікала хвалю патрыятызму практычна ва ўсіх краінах, якія ваявалі. Ніхто не думаў, што вайна зацягнецца на доўгія чатыры гады. Царскі ўрад арганізоўваў шматлікія “патрыя­тычныя” маніфестацыі і малебны за перамогу славянскай зброі, збор грошай на абарону Айчыны. Менавіта гэты настрой намаляваны на паштоўцы.

Папрацаваўшы з тэкстам вучэбнага дапаможніка на старонках 124—125 (Гісторыя Беларусі, канец XVIII — пачатак XX стагоддзя: Вучэбны дапаможнік для 8 кл. / С.В.Паноў, С.В.Марозава, У.А.Сас­но. — Мінск: Выдавецкі Цэнтр БДУ, 2018 ) і картай “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны” на старонцы 126, навучэнцы прый­дуць да высновы, што патрыятычныя настроі неўзабаве зменяцца расчараваннем, бо да пачатку ка­стрычніка 1915 года Заходняя Беларусь бу­дзе акупавана нямецкімі войскамі, а фронт усталюецца па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск.

Малюнак салдат на паштоўцы дарэчы будзе параўнаць з выявай салдат на скульптурнай кампазіцыі “Салдаты Першай сусветнай вайны” ў Смаргоні (старонка 125 вучэбнага дапаможніка). Можна спытаць у вучняў, ці змяніўся настрой салдат увосень 1915 года; чаму менавіта ў Смаргоні ўсталявана такая кампазіцыя. Можна папрасіць знайсці пацвярджэнне ў тэксце навучальнага дапаможніка на старонцы 125”, — падзялілася сваім вопытам звароту да паштоўкі Галіна Міхайлаўна.

Коміксы на ўроках гісторыі дадаюць цікавасці і інтрыгі, але, як заўважыла настаўніца, дзеці не адразу ўспрынялі такі жанр як від вучэбнай дзейнасці. Здавалася б, гэта актуальна для вучняў, але адна справа — чытаць коміксы, і зусім іншая — ствараць іх самастойна. “Калі я прапанавала пяцікласнікам разабраць новы матэрыял з дапамогай коміксаў, яны сказалі, што я адлюстравала гісторыю ў малюнках. Коміксы складаю паслядоўна, дастаткова лаканічна, структуравана. Не магу сказаць, што з самага пачатку яны былі лёгкімі для дзяцей. Неабходна было ўключаць кемлівасць, тлумачыць, чаму персанаж гаворыць менавіта так, а не інакш, суадносіць тэкст комікса з тэкстам вучэбнага дапаможніка. Для пяцікласнікаў гэта быў новы від дзейнасці, які яны прынялі з вялікім энтузіязмам. Такая форма навучання павышае пазнавальную цікавасць да матэрыялу, да чытання тэксту вучэбнага дапаможніка, стымулюе да камунікацыі ў пары або групе.

Дзякуючы сціснутай форме інфармацыі, вучню неабходна дадумаць і аб’яднаць асобныя фрагменты, стварыць цэлае ўяўленне аб вывучаемай з’яве. У сваёй практыцы мы з навучэнцамі выкарыстоўвалі рэальна-гістарычныя коміксы і коміксы-аўтабіяграфіі (інтэрв’ю з П.А.Сталыпіным — гісторыя Беларусі, 8 клас). У кожным коміксе ёсць заданне: напрыклад, неабходна дапісаць дату або фразу; выкары­стоўваюцца прыёмы “лаві памылку”, “хто гэта сказаў?”, “хто намаляваны?”, “дай назву карцінцы”.

Складана, але цікава было працаваць з элементамі комікса, які быў разрэзаны на асобныя пазлы. Перад навучэнцамі стаяла задача расставіць рымскіх імператараў у храналагічнай паслядоўнасці іх кіравання і побач з кожным імператарам размясціць карцінку, якая адлюстроўвала б яго кіраванне. Натуральна, што прамога тэксту, як у падручніку, у коміксе не размесціш. Разам з тым навучэнцы захоплена адказвалі на пытанні і заданні герояў комікса. Так, яны вызначалі, каму спачувае аўтар комікса: рымлянам або пунійцам. Адказвалі на пытанне, чаму побач з Тарквініем Ганаровым намаляваны чамадан і стаіць дата 510 г. да н.э. Гэта была групавая форма работы, прымяняліся веды кожнага. Комплекс заданняў і пытанняў дазваляе навучэнцам больш эфектыўна засвойваць вучэбны матэрыял, спрыяе фарміраванню ўменняў вылучаць ключавыя моманты падзей і з’яў, выяўляць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы, творча перапрацоўваць інфармацыю.

 

Вялікае ўражанне пакінуў у дзяцей урок па тэме “Рабаўладальніцтва ў Рыме”. З дапамогай комікса мы даведаліся аб сродках маніпуляцыі людзьмі з мэтай продажу свайго тавару, пра тое, што паўстанне Спартака — гэта зусім не паўстанне цукерак і што кандытарская фабрыка “Спартак” размешчана ў Гомелі. У канцы наступнага ўрока дзеці атрымалі ад мяне карамелькі. Я, назіраючы за тым, як спрытна яны іх разгортвалі, спытала: “Дзеці, чаму сёння я раздала вам цукеркі?” “Мы добра працавалі”, — адказалі вучні. Але знайшліся і тыя, хто адразу адказаў, што артыманыя карамелькі — фабрыкі “Спартак”.

 

Апошняя ілюстрацыя комікса прымусіла дзяцей задумацца. Перад імі стаяла пытанне: “А цяпер рабства ёсць?” Нехта, не задумваючыся, выкрыкваў, што не. Я ж прапанавала вучням знайсці адказ на гэтае пытанне да наступнага ўрока, выкарыстаўшы гаджэты”, — па­дзялілася Галіна Міхайлаўна.

Педагог стварыла комплекс коміксаў па тэме “Старажытны Рым” (выключэннем стала тэма “Хрысціянства ў Рымскай імперыі”), якім з задавальненнем дзялілася з калегамі ў сацыяльных сетках. “Гэтаму нас навучыла Венера Міхайлаўна Варановіч, метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, наш натхняльнік, стваральнік рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Вельмі ўдзячна калегам, якія выкарыстоўвалі коміксы і ад якіх я атрымлівала зваротную сувязь.Так мы сумесна выпрацоўваем уласную методыку і стыль, спосабы прымянення інавацыйных ідэй, якія дапамагаюць нам рабіць нашы ўрокі сучаснымі, актуальнымі і пазнавальнымі ва ўмовах кампетэнтнаснага падыходу, дазва­ляюць атрымліваць асалоду ад працы і творчай дзейнасці з вучнямі і калегамі”, — рэзюмавала Галіна Руціч.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ

Арыгінал артыкула па спасылцы